Кар: — Леанід Фёдаравіч, на чым заснавана ваша ўпэўненасць у неабходнасці пераходу ў недалёкай будучыні ад Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана да іх валютнага саюза пасля стварэння імі паўнацэннай Адзінай эканамічнай прасторы?
Л.Ф. Заіка: — На вывучэнні сусветнага досведу развіцця розных эканамічных інтэграцый. Іх гісторыя мае агульныя рысы. Кожная інтэграцыя на шляху станаўлення праходзіць некалькі фаз. Першая: зона свабоднага гандлю. Выканалі яе задачы — ідуць далей. Другая фаза: мытны саюз. Выканалі пастаўленыя мэты — рухаюцца далей. Трэцяя фаза: валютны саюз. Выкананнем гэтай задачы завяршаецца ў асноўным стварэнне інтэграцыі. Наколькі я ведаю з адкрытых крыніц інфармацыі, лідары Беларусі, Расіі і Казахстана пацвердзілі намер стварыць інтэграцыю ў поўным аб'ёме пад назвай Адзіная эканамічная прастора. А калі краіны інтэгрыруюцца, то ўзнікаюць узаемныя інтарэсы літаральна ва ўсіх сферах. Агульная валюта, мушу заўважыць, для нас, Беларусі, зусім нядрэнная перспектыва ў гэтай інтэграцыі. Бо з часам застанецца ўсяго некалькі валют, так бы мовіць, сусветнага значэння: долар ЗША, кітайскі юань, японская іена, зразумела, валюта Еўрасаюза. І швейцарскі франк у якасці выключэння з правілаў. Бадай, і ўсё. А вось для такіх краін, як Беларусь, Украіна, Арменія, Казахстан і многіх іншых пераход на агульныя інтэграцыйныя грошы стаў бы сродкам вырашэння важных валютна-фінансавых праблем.
Кар: — Што датычыць нашага Мытнага саюза, то што гэта за грошы могуць быць? Новая валюта з новай назвай ці расійскі рубель, якому Масква ўпарта імкнецца надаць статус рэгіянальнай валюты?
Л.Ф. Заіка: — Я думаю, што, хутчэй за ўсё, захаваецца гістарычная назва: "рубель". Але гэта будзе не расійскі рубель, а саюзны рубель. Магчыма, для надання значнасці новай валюце можна будзе пайсці на дэнамінацыю грашовых адзінак "тройкі". Скажам, з беларускага рубля ўбраць тры, а лепш чатыры нулі. Дэнамінаваць таксама расійскія і казахстанскія грошы, каб адзін амерыканскі долар, напрыклад, каштаваў 30 капеек новага саюзнага рубля. Такія суадносіны долара ЗША і валюты краін Мытнага саюза, які валодае вялізарнымі золата-валютнымі рэзервамі, запасамі разнастайных прыродных выкапняў, у тым ліку нафты і газу, былі б разумныя і адэкватныя. Увогуле, на мой погляд, цяперашнія суадносіны расійскага рубля і долара ЗША як 1:30 — гэта сур'ёзны пралік былых дарадцаў-эканамістаў прэзідэнта Б.М. Ельцына.
Кар: — Што трэба зрабіць, каб надаць моц будучай інтэграцыйнай валюце?
Л.Ф. Заіка: — Асноўная ўмова — новы рубель павінен мець залаты стандарт. Золата ў Расіі, Казахстана і Беларусі шмат. Залаты стандарт дапаможа ім надзейна ўтаймаваць інфляцыю. Бо ўзнікае пытанне: што гэта за інтэграцыя, краіны якой разлікі вядуць у амерыканскіх доларах? Колькі можна? Ды і на бытавым узроўні таксама трэба скарэктаваць разлікі. Працоўная міграцыя ў межах Беларусі, Расіі і Казахстана будзе і надалей пашырацца. І што, заробленыя там беларусамі немалыя грошы ў нацыянальнай валюце мяняць на долары ці еўра, а затым дома на беларускія рублі? Стратны працэс.
Так, знойдзена трывалая аснова для эфектыўнага эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі, Расіі і Казахстана — капіталы, банкі, грошы. Гэтыя складнікі інтэграцыі дазволяць сфарміраваць магутны міжнародны фінансавы цэнтр, які будзе абслугоўваць рынак свабоднага руху тавараў, капіталаў і працоўнай сілы. Палітыкі трох дзяржаў ужо разумеюць, што цэментаваць канструкцыю Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы будуць узаемныя інвестыцыі, супрацоўніцтва бізнэсу. Але і гэты працэс пойдзе хутчэй, калі гэта будзе адзіная валюта.
Кар: — Яшчэ зусім нядаўна па гістарычных мерках урад на чале з В. Кебічам, у склад якога, дарэчы, уваходзіў цяперашні кіраўнік урада, актыўна выступаў за "аб'яднанне грашовых сістэм Беларусі і Расіі". Тады гэты варыянт не прайшоў. Чаму?
Л.Ф. Заіка: — На той час не саспелі аб'ектыўныя ўмовы для такога адказнага кроку. Не была праведзена належная работа і па стварэнні зоны свабоднага гандлю, і мытнага саюза, затое ўсё больш стагналі і лілі слёзы з выпадку "разрыву па-жывому" былых гаспадарчых сувязяў, заклікалі да іх аднаўлення і г. д. Было ў гэтым больш палітычнай прапаганды, чым канкрэтнай эканамічнай інтэграцыі. Мне тая дзейнасць нагадвала спробы пачаць пабудаваць дом з даху, а не з фундамента. Зараз непараўнальна больш спрыяльныя абставіны. Эканомікі "тройкі" ўжо трывала сталі на рынкавыя рэйкі, яе краіны прайшлі складаны, а часам цярністы шлях да глыбокага асэнсавання пераваг інтэграцыі. А таму і добра, што ў шаноўных Вячаслава Францавіча Кебіча і Барыса Мікалаевіча Ельцына нічога не атрымалася з "аб'яднаннем грашовых сістэм Беларусі і Расіі". Усё роўна плёну не было б.
Кар: — Затым была эпапея па пераходзе на адзіную валюту. Меркавалася, што расійскі рубель павінен быў стаць адзіным аплатным сродкам яшчэ ў 2005 годзе. Зноў не атрымалася. Што перашкодзіла?
Л.Ф. Заіка: — Сур'ёзныя асцярогі беларускага ўрада ў верагоднай страце значнай часткі нацыянальнага суверэнітэту. Прычыны для такіх хваляванняў былі. Спрэчкі на гэтую тэму тады паставілі крыж на ўвядзенні расійскага рубля як адзінай грашовай адзінкі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.
Кар: — Не будзем паглыбляцца ў гісторыю пытання. А скажыце, дзе, на ваш погляд, мог бы размяшчацца эмісійны цэнтр агульнай валюты краін Адзінай эканамічнай прасторы?
Л.Ф. Заіка: — Спачатку трэба стварыць Інтэграцыйны банк, які б выпускаў новую грашовую адзінку, ці прасцей кажучы, друкаваў яе. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі банка сталі б Цэнтральны банк Расіі, нацыянальныя банкі Беларусі і Казахстана. Эмісійны цэнтр, дарэчы, можна было б размясціць у Мінску, каб не перагружаць інтэграцыйнымі клопатамі Маскву. А ў ёй і ў Астане адкрыць структурныя падраздзяленні Інтэграцыйнага банка.
Вы, відаць, заўважылі, што з'явіліся новыя гульцы на прасцягах Мытнага саюза, якія ўсё актыўней заяўляюць пра сябе. Я маю на ўвазе магутныя расійскія банкі: ВТБ, Ашчадны банк і іншыя. Яны ўжо здольныя фінансаваць буйныя эканамічныя праекты, укладваць значныя нават па сусветных маштабах інвестыцыі ў развіццё цэлых галін эканомікі. Сёння такія банкі самі шукаюць выгадныя праекты — тэхналагічныя, будаўнічыя, фармацэўтычныя, транспартныя, сацыяльныя — для ўкладання сродкаў. Ужо сёння Беларусі становіцца выгадней выкарыстоўваць інвестыцыйны патэнцыял расійскіх банкаў, чым замежных, — скажам, Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі. А ў будучыні гэтыя перавагі для Беларусі стануць яшчэ больш важкімі. Бо ў межах "тройкі", нагадаю, будзе існаваць вялікі рынак свабоднага руху тавараў, працоўнай сілы і капіталаў.
Кар: — Але зараз большасць насельніцтва нашай краіны па-ранейшаму заклапочана няўмольным павышэннем з 1 ліпеня г.г. цэн на патрыманыя іншамаркі. Здаецца, аўтамабільнае пытанне можа надоўга сапсаваць настрой значнай часткі насельніцтва, якое стварыла сітуацыю ажыятажнага попыту каля абменных пунктаў валюты. Няўжо нельга мінімізаваць негатыўныя наступствы росту цэн на іншамаркі?
Л.Ф. Заіка: — Мы з вамі нядаўна абмяркоўвалі гэтую тэму. Я разумею, што словамі гору патэнцыйных аўтаўладальнікаў не дапаможаш, а таму прапаноўваю не спяшацца з аднаразовым павышэннем цэн на патрыманыя іншамаркі. Можна было б паспрабаваць пайсці па шляху кваціравання імпарту такіх машын у краіны Мытнага саюза. Скажам, у першы год завезці не больш за 100 тысяч аўтамабіляў без абкладання пошлінай, у наступны 70 тысяч, а надалей паступова і зусім супыніць такі імпарт. Ёсць іншыя прапановы? Давайце абмяркоўваць. Бо ўсе акцыі з рэзкім павышэннем цэн, чым бы яны ні былі абумоўленыя, заўсёды выклікаюць моцную адмоўную рэакцыю насельніцтва. Яна ўжо негатыўна адбілася на стане беларускага рубля, бо людзі і па прычыне "аўтамабільнага пытання" таксама сталі запасацца "зялёнай" валютай. Наколькі я ведаю, нават чыноўнікі высокага рангу кінуліся здымаць свае валютныя ўклады, пераводзіць рублёвыя дэпазіты ў долары і еўра, каб набыць машыну па цяперашніх цэнах. У выніку нашы банкі застаюцца без валюты. А тут яшчэ чуткі аб маючай адбыцца дэвальвацыі. Таму, на мой погляд, ёсць сэнс кіраўнікам урадаў Беларусі, Расіі і Казахстана яшчэ раз вярнуцца да гэтага, як сёння гавораць расіяне, "чувствительного" пытання, якое было ўзнята па іх ініцыятыве. Так, расіяне абараняюць свой рынак, але чаму з-за гэтага павінна цярпець Беларусь і яе жыхары?
Кар: — У Расіі для сваіх грамадзян гэтую горкую пілюлю падсаладзілі — аб'явілі працяг кампаніі па заахвочванні здачы на ўтыль старых аўтамабіляў узамен на набыццё новага "жалезнага сябра" расійскай зборкі. Ці ёсць шанцы нейкім чынам і нам далучыцца да гэтай акцыі?
Л.Ф. Заіка: — У асноўным пакуль тэарэтычныя. Бо ў гэтай кампаніі задзейнічаны бюджэтныя сродкі Расійскай Федэрацыі. Хаця з іншага боку, можна было улічыць інтарэсы хаця б тых беларусаў, якія цяпер працуюць у Расіі і на Расію. Іх там, як нядаўна казалі мне ў Маскве расійскія эканамісты, амаль 1200 тысяч чалавек. Мне гэта лічба здаецца перабольшанай, але не ў яе памерах справа. Расія магла б пайсці насустрач, улічваючы станоўчы ўплыў на яе эканоміку беларускай працоўнай міграцыі. Увогуле, я лічу, што працоўная міграцыя ў межах Беларусі, Расіі і Казахстана будзе і надалей расці. Перспектыўнымі для нашых кваліфікаваных будаўнікоў, рабочых, інжынераў, навуковых спецыялістаў можа стаць узвядзенне трансгранічных транспартных калідораў паміж Еўропай і Азіяй, алімпійскіх аб'ектаў у Сочы, новых прамысловых прадпрыемстваў Казахстана. А таму ёсць сэнс кіраўнікам урадаў разам шукаць шляхі вырашэння складаных праблем, якія ўзнікаюць.
Леанід Лахманенка
Звязда, 1 красавіка 2011
Кoличество переходов на страницу: 1475
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |