Падтрыманыя парламентарыямі дакументы рэгулююць усе аспекты рынкавага ўзаемадзеяння. Складаюць той мінімальны прававы каркас для свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы, фінансаў, тавараў ды паслуг у межах Мытнага саюза. Што яшчэ адзіная эканамічная прастора дасць нам, апроч гэтай першачарговай мэты, дзеля якой ствараецца?
Чыста тэхнічна ратыфікацыя Беларуссю дакументаў па АЭП да пачатку наступнага года (што парламент і паспеў зрабіць літаральна ў апошнія дні сесіі) дазволіць нам налета набываць расійскую нафту бяспошлінна. Не будзе і абмежаванняў па аб'ёме.
Дэпутаты, ратыфікуючы дакументы, пацікавіліся чыста бытавым аспектам — ці патаннее налета гаручае. "Хоць бы да расійскага ўзроўню", — прапанаваў дэпутат Анатоль Глаз. Адчуваю, як вы замерлі ў чаканні, але ж адказам віцэ-прэм'ера Андрэя Кабякова змушаныя вас расчараваць:
— Маё асабістае меркаванне, што паляпшэнне ўмоў гандлю нафтай і нафтапрадуктамі не варта звязваць са змяншэннем цэн на гаручае. Гэта нашы прыбыткі бюджэту. Ён ужо сфарміраваны. У нас 3% дэфіцыт. Калі ён атрымаецца крыху меншы, гэта пойдзе толькі на карысць нашаму народу, развіццё нашай эканомікі.
Маўляў, адмова ад паніжэння цэн на бензін будзе стымуляваць да эканоміі. І гэта цалкам заканамерна, што ў нас цэны вышэйшыя, чым у буйных нафтаздабытчыкаў. Намеснік прэм'ер-міністра не прапусціў магчымасць нагадаць, што гаручае ў Беларусі каштуе менш, чым у краінах ЕС, і знаходзіцца на ўзроўні цэн ва Украіне.
Калі ўжо загаварылі пра нафту, не будзем забывацца і на газ. Прэзентуючы ў Авальнай зале пакет пагадненняў па АЭП, Андрэй Кабякоў паведаміў, што налета "Белтрансгаз" і "Газпрам" павінны падрыхтаваць кантракт, які прадугледжвае фарміраванне цэн на газ для Беларусі ў 2012—2014 гадах з улікам паэтапнага выхаду Расіі на роўнадаходныя цэны на газ з 1 студзеня 2015 года. Падпісанне пагаднення па АЭП у газавай сферы, паводле слоў віцэ-прэм'ера, дабратворна паўплывае на перамовы адносна цаны на газ у наступным годзе.
Сярод прыемнасцяў, якія абяцае афармленне АЭП — і актывізацыя перамоў па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ратыфікаваныя дакументы адпавядаюць прынцыпам і нормам СГА.
— Будзе пэўная падтрымка на базе АЭП, спадзяёмся, што актывізуецца працэс уступлення, аднак гэта не самамэта, — акцэнтуе віцэ-прэм'ер. — Галоўнае — уступіць на прымальных для Беларусі ўмовах.
Каб інтэгравацца было лягчэй, Беларусь будзе максімальна прытрымлівацца ўмоў уступлення "старэйшай сястры" — Расіі. Ужо хоць бы таму, што ў той ёсць такая неабходная на перамовах вага. "Бо, як вядома, чым меншы эканамічны патэнцыял краіны, тым менш з ёй лічацца на перамоўным працэсе", — канстатуе А. Кабякоў. Праўда, перамовы па ўступленні Расіі доўжацца ўжо апошнія 18 гадоў... Як бы там ні было, ёсць шанец, што мы пойдзем па пракладзеным шляху.
Дамоўленасці ёсць, натуральна, і ў сельскагаспадарчай сферы. Так, нам, напрыклад, давядзецца істотна скарачаць меры дзяржаўнай падтрымкі аграрнага сектара. Яна будзе лімітавацца ў працэнтных суадносінах да валавога кошту вырабленых сельскагаспадарчых тавараў.
Увогуле ж сярод ратыфікаваных парламентарыямі дакументаў — пагадненні аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы ў АЭП, адзіных правілах і прынцыпах канкурэнцыі, дзяржаўных закупках. Асобны блок датычыцца энергетычнай і транспартнай сферы, адзіныя падыходы вызначаюцца ў сферы працоўнай міграцыі. Усё ўзважана, выверана і ўжо, як бачыце, адным бокам ратыфікавана. Аднак карэктывы не выключаны:
— Мы дамовіліся, што ўсю першую палову 2011 года, пакуль ідзе ратыфікацыя ў Расіі, Казахстане, будзем пільна глядзець, як бізнэс-суполка рэагуе на гэтыя пагадненні. Не выключана, што пры неабходнасці нешта будзе рэгулявацца асобнымі пратаколамі, — удакладняе намеснік прэм'ер-міністра.
Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч распавёў пра перспектывы, якія адкрывае для Беларусі ўдзел у Мытным саюзе і АЭП. Адзначыў, што гэта стане "пунктам адліку новага этапу развіцця краіны". Дэпутат падкрэсліў высокую зацікаўленасць трэціх краін у супрацоўніцтве. Свой інтарэс ужо праявілі В'етнам, Егіпет, Новая Зеландыя, Сірыя, Іран. "І мы хочам, каб агульны рынак у 170 млн чалавек быў для іх прывабным", — запэўнівае палітык. Яшчэ б, такі прастор для гандлю: ад Польшчы да самага Кітая ніякіх перашкодў.
Падчас абмеркавання дакументаў у верхняй палаце парламента старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў канстатаваў, што завяршэнне ратыфікацыі пагадненняў па АЭП азначае ўтварэнне "новай эканамічнай, а магчыма, і палітычнай, рэальнасці". У гэтым ён бачыць адкрыццё шырокіх перспектыў не толькі для Беларусі — для ўсёй постсавецкай прасторы. Старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Вадзім Папоў звярнуў увагу на тое, што падпісанне і ратыфікацыя пагадненняў — гэта далёка не канчатковы этап развіцця, наадварот, ён азначае "наступны этап заканатворчай дзейнасці па паглыбленні інтэграцыйных працэсаў".
Зоя Варанцова
Звязда, 23 снежня 2010
Кoличество переходов на страницу: 1218
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |