Сёння мае вялікае значэнне, у прыватнасці, пытанне, якім чынам Кыргызстан будзе далучацца да Еўразійскай інтэграцыі. Трэба ўлічыць, што зараз у Кыргызстане складаная сітуацыя з беспрацоўем. Адначасова Кыргызстан вельмі актыўна працуе з кітайскім імпартам, асабліва тэкстыльным: там працуюць два гіганцкія кірмашы, на якіх вельмі шмат кітайскага адзення прадаецца і распаўсюджваецца па рэгіёне. У гэтай сферы занятыя сотні тысяч людзей. Таму, калі Кыргызстан далучаецца да працэсаў Еўразійскай інтэграцыі, натуральна паўстае вельмі сур'ёзнае пытанне: або гэтых людзей пераарыентаваць на іншыя віды дзейнасці, або вялізная колькасць таннага кітайскага тэкстыльнага імпарту хлыне на беларускі, расійскі і казахстанскі рынкі, што прынясе сур'ёзную шкоду спробам аднавіць у гэтых краінах тэкстыльную прамысловасць, абароненую гандлёвымі бар'ерамі.
Акрамя таго, для Кыргызстана вялікае значэнне мае тое, што гэтая краіна — член СГА (Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі), і ў свой час, калі Кыргызстан уступаў у СГА, ён пагадзіўся, што для пераважнай колькасці імпарту не будзе ўводзіць ніякія загараджальныя пошліны. У сваю чаргу Расія пры ўступленні ў СГА дамовілася аб правіле, у адпаведнасці з якім для замежных тавараў будуць пакуль што ўсталёўвацца сур'ёзныя загараджальныя пошліны, каб расійскія вытворцы маглі адаптавацца да імпарту і з часам палепшыць сваю канкурэнтаздольнасць. Гэта значыць, размова ідзе пра паступовую адмену гандлёвых бар'ераў.
Сітуацыя складаецца наступным чынам: Расія праз некалькі месяцаў стане членам СГА, а Кыргызстан, калі ўступіць у глыбокую эканамічную інтэграцыю з Расіяй, практычна парушыць свае абавязкі перад Сусветнай Гандлёвай Арганізацыяй. Тады ўзнікае пытанне: Кыргызстан павінен або выходзіць з СГА і потым зноў уступаць, або пераўзгадняць правілы з іншымі членамі Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі пра мытныя пошліны. І наўрад ці члены СГА будуць у гэтым выпадку задаволеныя, калі замест 0% мытнай пошліны, напрыклад, па імпарце таго ж тэкстылю, Кыргызстан па прыкладзе Расіі ўвядзе сур'ёзныя загараджальныя бар'еры.
Гэта перашкоды, якія маюцца толькі ў дачыненні да Кыргызстана, а гэта сёння найбольш саспелая для Еўразійскай інтэграцыі краіна на гэтай прасторы.
Калі казаць пра Таджыкістан, там таксама існуюць спрэчныя моманты. Таджыкістан зараз актыўна ўцягваецца ў розныя сумесныя з ЗША, Вялікабрытаніяй, Кітаем і іншымі краінамі праекты. Гэта — важная геапалітычная пляцоўка. Там, у прыватнасці, вялікае значэнне маюць гідраэнергетычныя рэсурсы, якія развіваюцца. Таму ў рэгіёне ёсць шэраг сіл, якія не хацелі б, каб Таджыкістан браў надта цесны ўдзел у працэсе Еўразійскай інтэграцыі.
Ёсць досыць сур'ёзныя прычыны не паскараць працэсы эканамічнай інтэграцыі і для Казахстана. Там многія прадстаўнікі палітычнай эліты занялі пазіцыю асцярожнасці: яны лічаць, што першыя крокі зроблены, цяпер трэба паглядзець, як гэта адаб'ецца на эканоміцы, на знешняй палітыцы, ці не трэба нешта паправіць. І толькі пасля гэтага яны гатовы пераходзіць да больш высокай ступені эканамічнай інтэграцыі.
Такім чынам, размова не ідзе пра паражэнне Еўразійскай інтэграцыі. Маецца неабходнасць кансалідацыі і ўзгаднення розных пазіцый наконт таго, як павінен адбывацца гэты працэс, што трэба разглядаць у першую чаргу, якія тэрміны трэба намеціць для тых або іншых аспектаў і якія ўмовы трэба прапаноўваць той або іншай краіне, што можа ўвайсці ў зону Еўразійскай інтэграцыі.
Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук
Звязда, 24 сакавіка 2012
Кoличество переходов на страницу: 1044
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |