— Леанід Фёдаравіч, дык якія, калі казаць у некалькіх словах, будуць наступствы для Беларусі?
— У асноўным амаль такія ж негатыўныя, як і для многіх расійскіх вытворцаў.
— Пужаеце?
— Не, проста папярэджваю. Нагадаю, далучэнне да СГА мае свае плюсы і свае мінусы. Пачнем з пазітыву. Для насельніцтва кожнай краіны, у тым ліку і Расіі, уступленне ў СГА спачатку носіць прыемны характар: зніжаюцца цэны на многія спажывецкая і харчовыя тавары. У гэтым сэнсе простага расійскага спажыўца чакае паніжэнне цэн на імпартныя лекі, электроніку, садавіну і г. д. Але гэта будуць, так бы мовіць, прыгожыя кветачкі. Потым, у выпадку неспрыяльных абставін, могуць саспець горкія ягадкі ў выглядзе стагнацыі многіх прадпрыемстваў, нават заняпаду пэўных галін прамысловасці. Гэты працэс можа скончыцца іх закрыццём і банкруцтвам, а значыць, і масавымі звальненнямі. З аднаго боку, тавары патаннеюць, а з іншага — у многіх людзей працаздольнага ўзросту ўзнікнуць праблемы з працаўладкаваннем.
Але на першым часе насельніцтва атрымае задавальненне ад патаннелых тавараў. І не толькі ў Расіі — у Беларусі таксама. Цікавыя метамарфозы ўжо адбываюцца на аўтамабільным рынку гэтых краін-саюзніц. Яшчэ параўнальна нядаўна расіяне за больш таннымі патрыманымі машынамі ехалі да нас. Памятаеце, на ветравым шкле многіх іншамарак на аўтарынках у Мінску ў Малінаўцы і Ждановічах былі і застаюцца яшчэ аб'явы: "На Расію". Беларусам жа сёння больш выгадна купляць новыя іншамаркі, скажам, заходнееўрапейскіх вытворцаў, у Маскве. Напрыклад, там "пежо" апошняй мадэлі можна набыць на 20-30% танней, чым у Мінску.
— І ўсё з-за ўступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю?
— І па гэтай прычыне таксама. Кожная краіна — член СГА бярэ на сябе абавязацельствы прытрымлівацца прынцыпаў свабоднага гандлю, не супрацьдзейнічаць імпарту звонку. Расія не выключэнне. А калі так, то на яе рынак неўзабаве хлынуць плыні разнастайнага таннага імпарту, якому, калі ўлічваць цяперашні стан яе эканомікі, будзе даволі цяжка супрацьстаяць. Я нядаўна вярнуўся з Калінінградскай вобласці, дзе на свае вочы ўбачыў цэнавыя наступствы членства ў СГА. У прыватнасці, я быў моцна здзіўлены тым, што ў вобласці польская бульба выціснула аналагічны прадукт мясцовых фермераў. У размове са мною яны казалі, што цяпер ім нявыгадна вырошчваць бульбу, бо яна атрымліваецца даражэйшай за польскую прыкладна на 20%. І гэта пры тым, што землі ў Калінінградскай вобласці (былая Усходняя Прусія) не горшыя, а можа, і лепшыя, чым у польскіх фермераў.
— А як наша бульбачка ў цэнавым аспекце выглядае?
— Ведаеце, на жаль, таксама саступае польскай канкурэнтцы па цане. Мясцовае насельніцтва па гэтай прычыне перавагу аддае бульбе і іншай агародніне з Польшчы. Яна рыхтуецца выкарыстаць на сваю карысць расійскі рынак харчовых твараў. І думаю, палякі зробяць гэта. Праўда, у цэнтральную Расію ці на Далёкі Усход ім нявыгадна будзе пастаўляць гародніну і прадукты, а вось суседнія і блізкія вобласці палякі засвояць. У Новасібірск сваю гародніну і садавіну павязуць кітайцы, якія і без СГА актыўна і не першы год засвойваюць спажывецкі і харчовы рынак неабсяжнай Расійскай Федэрацыі.
— Відаць, невыпадкова значная частка расійскага грамадства моцна супраціўлялася ўступленню ў СГА: аграрыі, прадстаўнікі аўтамабілебудавання, падшыпнікавай прамысловасці, трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, эканамісты, навукоўцы, грамадскія дзеячы, малы і сярэдні бізнэс і г. д. Мелі рацыю?
— Безумоўна, але пераважна на той час. Аргументацыя была самая разнастайная: нават прадказвалі страту Расіяй суверэнітэту і забарону з боку СГА весці ёй самастойную прамысловую палітыку. Пісалі праз знішчэнне або рэзкае скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці ў лёгкай і харчовай галінах, у выпуску лекаў, медыцынскага абсталявання, электронікі, касметыкі, шын. Асабліва пацерпяць аўтапрам, грамадзянскае авіябудаванне, аграпрамысловы комплекс. Напрыклад, навукоўцы Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук падлічылі, што пасля ўступлення ў СГА айчынны аграпрамысловы комплекс будзе губляць 4 млрд долараў штогод.
Аднак Расія, да яе гонару, у ходзе перамоў з СГА здолела пераканаць прадстаўнікоў арганізацыі ў тым, што ёй, Расіі, неабходны пэўны пераходны перыяд адаптацыі да гандлёва-імпартнай экспансіі пэўнага асартыменту тавараў на сваю тэрыторыю. Тым не менш расіяне ў рамках далучэння да арганізацыі пагадзіліся знізіць сярэднюю стаўку імпартных мытных пошлін на сельскагаспадарчую прадукцыю да 10,8% з цяперашніх 13,2%, на прамысловыя тавары — да 7,3% з 9,5%.
— Наколькі сур'ёзныя ўступкі зрабіла СГА?
— Сёння кіраўніцтва Расіі не без падстаў ганарыцца тым, што краіна ўступіла ў арганізацыю амаль на сваіх умовах, пры гэтым ёй дазволена беспрэцэдэнтная падтрымка сельскай гаспадаркі і доўгае захаванне рэжыму вытворчай зборкі. Расіянам было вельмі важна ўступіць у СГА на тых умовах, якія б давалі магчымасць многім яе галінам, у першую чаргу авіяцыйнай, аўтамабільнай і аэракасмічнай пазбегнуць моцнай атакі канкурэнтаў. Вядома, у Расіі не хочуць дапусціць разбурэння сваёй сельскай гаспадаркі пад націскам імпарту якасных і адносна танных імпартных прадуктаў харчавання. Дастаткова сказаць, што толькі адна Новая Зеландыя можа заваліць палову Расіі духмяным, смачным і недарагім сметанковым маслам.
Таксама ўдалося на пэўны перыяд закрыць доступ на расійскі рынак шэрагу назваў тавараў, канкурэнцыю якіх вытворцы расійскіх аналагаў не вытрымалі б. Разам з тым я згодны з Яўгенам Рыгоравічам Ясіным, вядомым расійскім эканамістам і грамадскім дзеячам, навуковым кіраўніком Нацыянальнага даследчага універсітэта — Вышэйшай школы эканомікі, што існуе вялікая пагроза разбурэння айчыннага аўтапраму з боку кітайскіх, японскіх, заходнееўрапейскіх вытворцаў.
— На чым заснавана ваша ўпэўненасць у тым, што ў значнай ступені аналагічныя наступствы ў перспектыве чакаюць і нашых вытворцаў?
— Такая пагроза рэальная. Гэта трэба разумець і адпаведным чынам рыхтавацца. Мы ўжо амаль знаходзімся ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі дзякуючы таму, што з Расіяй у нас няма мытнай мяжы, мы ў Мытным саюзе з Расіяй. Адтуль танная імпартная таварная маса прыйдзе да нас у велізарных аб'ёмах. Як яе супыніць? Ставіць мытныя пасты на мяжы? Адсочваць найменні сотняў тысяч тавараў? Смешна і сумна адначасова. Супрацьдзейнічаць можна і трэба толькі эканамічнымі метадамі. Невыпадкова на нядаўняй нарадзе ў прэзідэнта Беларусі па актуальных эканамічных праблемах была пастаўлена задача праверыць кожнае прадпрыемства на прадмет мадэрнізацыі, наяўнасць пэўнага плана па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі. Калі гэта задача не будзе своечасова вырашана, то трэба разумець, што нас чакаюць вялікія непрыемнасці са збытам гатовай прадукцыі. Лозунг "Купляй беларускае" не будзе спрацоўваць, калі цэны на айчынныя тавары будуць істотна вышэйшымі за аналагічныя імпартныя вырабы.
— А ў чым прычына таго, што сёлета істотна пагоршыліся разлікі з боку расійскіх партнёраў? Трэба думаць, што іх уступленне ў СГА тут ні пры чым?
— Так. Вось класічны прыклад узнікнення такой запазычанасці. Нашы вытворцы паставілі, скажам, трактар расійскім дылерам. Тыя паставілі яго на захаванне, а беларускія пастаўшчыкі ў сваёй справаздачнасці пазначылі яго як прададзены. Грошай, вядома, не атрымалі. Вось так штучна і ствараецца часам запазычанасць.
— На той жа нарадзе было падкрэслена, што нам жыццёва неабходна да 2015 года дасягнуць выручкі ў сярэднім на аднаго занятага не менш за 60 тыс. дол. ЗША. Чаму такая ўвага да гэтага паказчыка?
— Гэта вельмі своечасовая пастаноўка пытання. Паказчык выручкі дае рэальнае ўяўленне аб выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі канкрэтным прадпрыемствам. Увогуле 60 тыс. дол. ЗША на аднаго працоўнага — гэта не такая ўжо і вялікая сума. У Казахстане, напрыклад, у металургічнай прамысловасці сярэдняя выручка на аднаго занятага складае паўтара мільёна долараў! Зразумела, гэта ўнікальная вытворчасць. Думаю, для нас 60 тыс. дол. ЗША — рэальная лічба.
— А наколькі дапаможа захаваць свае пазіцыі на айчынных і замежных рынках аб'яднанне вядучых беларускіх прадпрыемстваў з расійскімі гігантамі індустрыі, скажам, МАЗа і КамАЗа, "Беларускалія" і расійскай калінай кампаніі?
— У мяне неадназначнае стаўленне да такіх злучэнняў. Так, аб'яднанне магутных патэнцыялаў МАЗа і КамАЗа надасць ім дадатковую ўстойлівасць, гэта стане настолькі магутная манаполія, што яе будзе амаль немагчыма зваліць канкурэнтам. Такія карпарацыі ёсць і на Захадзе, іх падтрымліваюць урады, з іх топ-менеджарамі сябруюць палітыкі. Яно і зразумела: на прадпрыемствах карпарацый працуюць сотні тысяч чалавек, наяўнасць работы ў якіх ці адсутнасць яе з'яўляецца фактарам палітычнай стабільнасці. Між тым вялікая манаполія аб'ектыўна не спяшаецца павышаць канкурэнтаздольнаць сваіх вырабаў. Гэта дрэнна. Але МАЗ і КамАЗ у любым выпадку захаваюць свае пазіцыі на рынках. А вось многім астатнім беларускім прадпрыемствам варта неадкладна заняцца мадэрнізацыяй вытворчасці. Інакш праз паўтара-два гады большасць з іх, паўтаруся, не ўстаяць пад націскам замежнага таннага імпарту. Гэта якраз той выпадак, калі хочаш міру, то рыхтуйся да вайны.
Гутарыў
Леанід Лахманенка
Звязда, 20 верасня 2012
Кoличество переходов на страницу: 1149
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |