Ужо 20 гадоў, як няма "вялікага і магутнага" Савецкага Саюза. Гістарычны і паліталагічны аспекты развалу гэтай дзяржавы разгледзеў падчас оn-lіnе відэабрыфінгу доктар палітычных навук, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Кізіма.
Паводле яго слоў, у дачыненні да любой буйной дзяржавы можна гаварыць пра ўнутраныя перадумовы, якія пры пэўным развіцці падзей могуць разваліць любую з іх. Узяць хоць бы Індыю з яе сістэмай федэралізму, вялікай колькасцю нацый і моў... Дастаткова ўбраць некаторыя "стрымальныя стрыжні", як гэта краіна разваліцца на працягу некалькіх гадоў. Свае фактары для распаду ёсць і ў ЗША. У Савецкім жа Саюзе распаду спрыялі, напрыклад, перагібы ў эканоміцы. Надзвычай развітым быў ваенны сектар і сацыяльная сістэма. Не было развіта прадпрымальніцтва... З іншага боку, гэта была краіна з высокакваліфікаванай рабочай сілай, добра развітай сістэмай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Мільёны людзей вынаходзілі новыя тэхналогіі, а калі не хапала нейкіх тэхналогій, адна з самых лепшых разведак свету адпраўлялася ў любую краіну, дзе гэта тэхналогія была, і здабывала яе. Штогод КДБ здабываў для Саюза сотні тэхналогій... Была ў Савецкага Саюза і магутная прыродная база, пра якую можна толькі марыць. Зараз, напрыклад, толькі адзін Казахстан валодае адной з наймагутных вытворчасцяў нафты, паскорана развівае свае газавыя радовішчы, займае першае месца па здабычы ўрану... Па-ранейшаму ўсёй табліцай Мендзялеева валодае і Расія, якая на продажы гэтых рэсурсаў атрымлівае 525 млрд долараў...
Фактычна ў Саюзе ўсё ішло досыць паспяхова. Паводле прызнання заходніх спецслужбаў, з дысідэнтамі да пачатку 80-х у СССР было практычна скончана як з арганізаванай хваляй — дысідэнты не ўяўлялі сур'ёзнай пагрозы для Саюза. Галоўнай пагрозай для яго стала тое, што "пасля смерці трох пажылых генеральных сакратароў — Брэжнева, Андропава і Чарненкі — генсакам зрабілі чалавека, які яўна не збіраўся паміраць".
Для таго, каб захаваць Савецкі Саюз, неабходна было праводзіць праграму рэформаў з улікам савецкай спецыфікі. Кітай з 1979 года пачаў вельмі паспяховыя рэформы ў аграрным сектары. Усяго за тры гады з краіны, дзе галадала частка насельніцтва, Кітай ператварыўся ў краіну-экспарцёра сельгаспрадукцыі. Аднак у СССР гэты вопыт выкарыстоўваць не хацелі, што і стала адной з прычын краху Саюза. Патрэбны былі асцярожныя, але настойлівыя рэформы ў аграрным і прамысловым сектарах па тым прыкладзе, поспех якога прадэманстравала КНР.
Асноўныя страты Савецкага Саюза былі не ў кошце вядзення вайны ў Афганістане, а ў страце прэстыжу на міжнароднай арэне. Савецкі Саюз палез у краіну, дзе яго, у прынцыпе, не павінна было быць, і "пачаў ажыццяўляць тыя акцыі, якія ўсе звязвалі з імем настырных амерыканцаў, якім нічога не варта ўварвацца ў краіну, захапіць, паставіць сваіх людзей і паехаць назад, пакінуўшы свой гарнізон".
З'яўленне 15 новых суверэнных дзяржаў прывяло заходнія краіны да новых эканамічных і палітычных магчымасцяў, да стварэння ўнікальнай сітуацыі монапалярнага свету, дзе ЗША аб'явілі сябе пераможцамі ў "халоднай" вайне і на фоне гэтага пачалі рэалізоўваць свае мэты без аглядкі на постсавецкую прастору. Разам з тым, ЗША паступова страцілі пачуццё асцярожнасці. Раней амерыканцы думалі: калі мы патрацім надта многа грошай на тое, на што траціць не трэба, а СССР патраціць на тое, што трэба, мы адстанем ад Савецкага саюза". Гэта было стрымальным фактарам. У 90-х стрымальны фактар прапаў. А "для адзінай звышдзяржавы адсутнасць стрымальнага фактару — гэта вельмі дрэнна". З іншага боку, Савецкі Саюз знік, з'явілася КНР. І зараз размова ідзе нават аб тым, што Амерыка з Кітаем будуць узаемадзейнічаць у двухбаковай сістэме, варыянце "паўхалоднай" вайны. І, магчыма, праз 20-30 гадоў Амерыка наогул стане перыферыйнай дзяржавай побач з Кітайскай імперыяй, якая будзе кантраляваць увесь свет і выступаць у ролі ЗША пачатку 90-х...
Ёсць шэраг момантаў з вопыту СССР, якія можна было б паўтарыць. Гэта сур'ёзныя дзяржаўныя праграмы, якія дапамагалі Саюзу развіваць эканоміку. "Зараз у Саюзнай дзяржаве мы абмяркоўваем развіццё абутковай прамысловасці, — тлумачыць Сяргей Кізіма. — Гэтая ідэя некалі паспяхова рэалізоўвалася і давала сур'ёзны эфект — працаўладкаванне насельніцтва, паскарэнне будаўніцтва, развіццё галін, якія раней не існавалі. Гэты сур'ёзны вопыт Кітай выкарыстоўвае на поўную катушку... Можна ўзяць і такую рэч, як інтэрнацыяналізм. Нам зараз яго вельмі нестае...".
— Неабходна імкнуцца да таго, каб у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы народы ўсіх краін адчувалі сябе ўсё больш сваяцкімі, усё больш свабоднымі, — мяркуе спадар Кізіма. — Каб Расія, як самая буйная дзяржава ў гэтай звязцы, выкарыстала спецпраграмы для таго, каб прадэманстраваць сваю добрую волю, што яна гатова аказаць пры неабходнасці дапамогу. Варта прыгадаць у гэтай сувязі хоць бы гісторыю адносін Кубы і Савецкага Саюза. Была б магчымая Куба без дапамогі СССР? Хутчэй за ўсё, не... Расія цалкам можа дазволіць сабе ў якасці дэманстрацыі добрай волі вырашыць, напрыклад, часовыя валютныя цяжкасці Беларусі. Можна было б прыдумаць нейкія меры, каб і Расія, і Беларусь атрымалі выгаду. Але мы не бачым такой праграмы. Мы бачым частковы крок на 3 млрд долараў, што па-ранейшаму пакідае Беларусь у пошуку фінансавання за межамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы...
Настальгічныя настроі па Савецкім Саюзе непазбежныя, калі ўлічыць, што сёння большасць постсавецкіх рэспублік праз дваццаць гадоў не мае таго ўзроўню ВУП на душу насельніцтва, які быў у Савецкім Саюзе да моманту краху... Мабыць, і не варта пазбягаць гэтай настальгіі, можа, ва ўсіх постсавецкіх краінах трэба будаваць больш справядлівае грамадства, больш паспяхова развіваць эканоміку, каб на аснове паспяховага развіцця эканомікі ў рамках інтэграцыйных структур з часам падысці да большай сацыяльнай справядлівасці, якая ў Савецкім Саюзе была на больш высокім узроўні, чым у большасці постсавецкіх краін... "Савецкі сіндром" у сэнсе настальгіі неабходна выкарыстоўваць пазітыўна, браць усё самае лепшае з вопыту Савецкага Саюза, каб наш з вамі быт і геапалітычныя перспектывы рабіць лепшымі з кожным годам...
Святлана Барысенка
Звязда, 21 ліпеня 2011
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |