https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Карэспандэнты "Чырвонкі" наведалі музей сувязі


З канца мінулага года ў нашай краіне з'явілася сувязь чацвёртага пакалення, так званая 4G або LTE. Цяпер інтэрнэт у мабільных прыладах павінен стаць хутчэйшым у дзясяткі разоў, што, як мяркуюць некаторыя спецыялісты, у перспектыве дазволіць увогуле адмовіцца ад сотавай сувязі... Магчыма, ужо праз некалькі гадоў апараты, якімі мы карыстаемся, апынуцца ў гісторыка-інфармацыйным цэнтры РУП «Белтэлекам» — месцы, дзе захоўваюцца шматлікія сведчанні «безінтэрнэтных» часоў. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведалі музей сувязі і даведаліся больш аб тым, як беларусы абменьваліся інфармацыяй у «аналагавую» эпоху і чаму славутымі «барышнямі» маглі быць толькі незамужнія.

Разам з загадчыкам гісторыка-інфармацыйнага цэнтра Тамарай САЛОМКАЙ абыходзім выставу ў храналагічным парадку.

Крылы і званочак

Пачыналася ўсё, вядома, з пошты. Сярод шматлікіх спосабаў сувязі ў старажытнасці вылучаецца самы «рамантычны» — пры дапамозе птушак. У французскім Лілі нават усталяваны помнік такому «паштальёну» — голубу, які дастаўляў карэспандэнцыю ў часы войнаў. Адразу пытаемся, ці карысталіся гэтым спосабам нашы продкі. Па словах Тамары Іванаўны, дакладнай інфармацыі пра службу птушак у якасці ганцоў у зусім «барадатыя» часы няма, затое гістарычным фактам лічаць наяўнасць галубінай пошты ў Брэсцкай крэпасці ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

А ці ведаеце вы, што азначае лагатып сучаснай «Белпошты» і што ляжыць у яго аснове? Старажытныя ганцы-паштары (а паштовая служба ў Вялікім Княстве Літоўскім пачала фарміравацца ў 1557 годзе) папярэджвалі аб сваім прыбыцці пры дапамозе спецыяльнага меднага рога, так гэты прадмет і стаў асацыявацца з дастаўкай карэспандэнцыі. Пазней ён быў заменены на званочак. Адзін з такіх, датаваны 1881 годам, захоўваецца ў музеі.

Ёсць тут і цікавыя для нумізматаў рэчы — першыя маркі, якія выкарыстоўваліся ў Беларусі: расійская 1857 года з двухгаловым арлом коштам 10 капеек і, вядома, першая ўласна беларуская — 1992 года, з выявай Крыжа Ефрасінні Полацкай. Нарэшце бачу сярод экспанатаў знаёмую рэч — невялікі стол з прымацаванымі металічнымі элементамі. Гэта ж нажная швейная машына з педаллю, у маёй бабулі такая дагэтуль стаіць!

— Гэта не швейная, а пачкавязальная машына, — усміхаецца Тамара Саломка. — Ёй карысталіся для таго, каб перавязваць пасылкі шпагатам. У канцы XІX стагоддзя пошта пачала карыстацца чыгункай, вось для паскарэння працы і прыдумалі такую рэч.

Негатыў для пазітыва

Больш сучасны спосаб сувязі — тэлеграф Морзэ — прадстаўлены ў шматлікіх мадыфікацыях. Само вынаходніцтва ў Беларусі з'явілася ў сярэдзіне XІX стагоддзя, а першая тэлеграма была адпраўлена з Мінска ў Бабруйск. Найбольш стары апарат у фондах — 1940 года выпуску. Ёсць яшчэ варыянты з пашыранымі магчымасцямі: электрамагнітны тэлеграф шматразовага дзеяння, на якім можна было перадаваць у адзін бок па адным провадзе адразу да шасці паведамленняў, і так званы старт-стопны тэлеграф з перфастужкай.

Дарэчы, у 1950 годзе мінскія работнікі-рацыяналізатары распрацавалі аўтаматызаваную прыстаўку для апошняга. Вынаходніцтва прадставілі на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Мінчане атрымалі першую прэмію і навукова-тэхнічную бібліятэку ў якасці падарунка. Цікава, што «сярэбраны прызёр» выставы быў узнагароджаны... аўтамабілем «Масквіч». Вельмі яскравае адлюстраванне прыярытэтаў тагачаснага грамадства. Акрамя тэкставых паведамленняў, па спецыяльным фотатэлеграфе ва ўсе канцы СССР перадавалі газеты, дакладней, негатывы палос, якія друкаваліся ўжо «на месцы». Тэлеграф у Беларусі працуе і цяпер — па нумары 166 вы і зараз можаце прадыктаваць усе свае «ТЧК» і «ЗПТ», а аператар перадасць іх адрасату. Праўда, у якасці канала сувязі выкарыстоўваецца не провад, а сучасны інтэрнэт.

Патэлефанаваць за «двушку»

Яшчэ адзін цікавы факт даведваемся, калі пераходзім да кутка, прысвечанага тэлефоннай сувязі. Аказваецца, да 1955 года пошта, тэлеграф і тэлефон у СССР падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных спраў. Таму ўсе кандыдаты на пасаду, напрыклад тэлефаністкі, праходзілі жорсткі адбор, а форма служачых нагадвала вайсковую. Да будучых «барышань» былі свае патрабаванні: рост не меншы за 170 сантыметраў, узрост — да 25 гадоў, веданне нямецкай і французскай моў, а таксама... адсутнасць зарэгістраванага шлюбу.

— Рост патрэбен быў, каб дацягвацца да верхніх ячэек камутатараў, — тлумачыць загадчык музея. — А незамужніх бралі з той прычыны, што ад дзяўчат патрабавалася абсалютная канцэнтрацыя на сваіх абавязках. Жанчына, якая думае пра сям'ю, па меркаванні тагачасных спецыялістаў, для такой працы не падыходзіла. З гэтай жа прычыны абмяжоўваўся і ўзрост.

1896 год — час адкрыцця першай тэлефоннай станцыі ў Мінску. Яна знаходзілася на вуліцы Губернатарскай (цяпер — Леніна) у чатырохпавярховым будынку. У музеі захоўваецца так званы блэнкерны камутатар фірмы Erіcsson на 100 нумароў. Знешне прылада нагадвае звужанае разы ў тры фартэпіяна, толькі замест клавіш на панэлі знаходзяцца ячэйкі для правадоў. Праз год у сталіцы было ўсяго 68 абанентаў — неверагодна дарагую сувязь маглі сабе дазволіць толькі самыя багатыя жыхары.

Пазней у Мінску з'явіліся аўтаматычныя тэлефонныя станцыі — адна з іх займала памяшканні цяперашняга музея. Асобныя стэнды з камутатарамі нават пакінулі на ранейшых месцах, толькі што ранейшага рабочага трэску яны не ствараюць. А вось сапраўды эпахальны экспанат — тэлефонная будка. Апарат у ёй, дарэчы, працуе — закінуўшы ў прыёмнік савецкую манету, наведвальнікі музея могуць пазваніць на любы рэальна існуючы нумар.

— Многія цяпер кажуць: маўляў, навошта нам у Мінску таксафоны, ва ўсіх мабільнікі, каму гэта трэба, — распавядае Тамара Саломка. — Але нядаўна мы атрымалі цікавыя статыстычныя звесткі: за 2014 год толькі ў сталіцы было здзейснена каля двух мільёнаў званкоў з такіх апаратаў. Яны дагэтуль усталяваны ў самых розных грамадскіх установах, і людзі імі карыстаюцца. Таму пакуль што прыбіраць таксафоны не мае сэнсу.

Усё гэта — толькі маленькая частка фондаў музея. Калі вас цікавіць не толькі сувязь, але і гісторыя ўласнай краіны — варта наведаць цэнтр, каб пабачыць усё гэта на свае вочы.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 729


Комментарии