У Копысі будуць адноўлены элементы старажытных умацаванняў. Такое рашэнне прынята пасля таго, як у канцы 2016 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне добраўпарадкаваць левы бераг Дняпра — тэрыторыю насупраць Александрыі і так званы Пятроўскі вал.
Навуковым кіраўніком работ зацверджана археолаг Вольга Ляўко. Яна расказала, што канцэпцыя аднаўлення распрацавана на падставе гістарычных картаў, знойдзеных у архівах, і матэрыялаў археалагічных раскопак.
Навуковым кіраўніком работ зацверджана археолаг Вольга Ляўко. Яна расказала, што канцэпцыя аднаўлення распрацавана на падставе гістарычных картаў, знойдзеных у архівах, і матэрыялаў археалагічных раскопак.
— На гарадзішчы паставяць дзве драўляныя вежы, з боку Дняпра, — адзначае Вольга Ляўко. — Яшчэ адна вежа будзе стаяць унізе, пры спуску з гарадзішча. Акурат там, дзе праходзіла гарадская сцяна, — такім чынам візуальна пазначыцца яе кут. Дзеля таго каб атрымаць дакладнае ўяўленне пра тое, як выглядалі вежы ў той час, мы ўзялі матэрыялы віцебскіх каштарысных кніг 1665 года, якія даюць апісанне менавіта драўляных вежаў і збудаванняў у Віцебску таго ж часу. Гэта адзін рэгіён, агульная матэрыяльная культура, аднолькавыя прынцыпы будаўніцтва, таму мы ўзялі іх за аснову. Гістарычны план Копысі, які таксама датуецца 1665 годам, захаваўся і знаходзіцца ў польскім Кракаве. Мы яго атрымалі.
На археалагічных даследаваннях на тэрыторыі старажытнай Копысі даследчыкам вельмі пашанцавала. Яны знайшлі тое месца, дзе пачынаўся горад. Імі знойдзена вялікая колькасць маленькіх манет у 1—2 дынарыі — такія манеты, як правіла, адшукваліся менавіта каля ўязной брамы. Спецыялісты мяркуюць, што дробнымі манетамі расплачваліся пры ўездзе ў горад. Дарэчы, гэта ж месца пазначана і на плане. Тут плануецца зрабіць уязную арку і сімвалічны надпіс пра пачатак Копысі.
Гэта не адзіная шчаслівая знаходка археолагаў. На самім гарадзішчы ў 2003 годзе, калі ішло добраўпарадкаванне, быў раскапаны ўезд, выкладзены брукаванкай. Сёння ёсць намер аднавіць брукаванку, якая была ў XVІІ стагоддзі. Цяпер там стаіць сімвалічная драўляная брама, але яе перарабляюць з новага матэрыялу. Будзе прыведзена ў парадак сама пляцоўка гарадзішча. Абазначаць і месца размяшчэння гаспадарскага двара (яно таксама вядома не толькі па матэрыялах інвентароў, але і па выніках раскопак).
— Адметная пабудова Копысі — каплічка другой паловы XІX стагоддзя. Цяпер яна знаходзіцца на тэрыторыі вытворчага цэнтра, дзе робяць кераміку, — працягвае расказваць Вольга Ляўко. — У свой час Копысь славілася надзвычай таленавітымі майстрамі, якія рабілі кафлю. Іх вывезлі ў Расію падчас вайны 1654—1667-х гадоў. Нашы рамеснікі ўдзельнічалі ва ўпрыгожванні царскіх палат, розных храмаў на тэрыторыі Расіі. Кафлянае майстэрства было так моцна развіта ў Копысі, пачынаючы з часу сярэднявечча, што ў XVІІІ стагоддзі там працавала дзве мануфактуры па вырабе кафлі. Потым яны аб'ядналіся разам і ўтварыўся завод. На тэрыторыі завода, для рабочых, і была збудавана гэта каплічка. Гэта вельмі важная частка гісторыі. Але капліца дагэтуль не з'яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны. Я спрабавала высветліць, хто за яе адказны. Аднак мясцовыя ўлады спасылаліся на царкву. А ў царкве казалі, што ў іх падпарадкаванне каплічку не перадавалі. Яна застаецца безгаспадарнай! Варта дадаць, што мы правялі побач з ёй раскопкі і выявілі: акурат там было пахаванне.
Пры комплексным аднаўленні на шыльдзе з планам горада будзе пазначаны і так званы Пятроўскі вал — умацаванні, якія ўзводзілі ў 1707 годзе вакол Копысі і Александрыі. Пётр І спачатку пабудаваў там абарончыя ўмацаванні падчас вайны са Швецыяй, а калі давялося адступаць, Копысь спаліў.
— Копысь — гэта вельмі важны гістарычны цэнтр, вядомы з XІ стагоддзя, — тлумачыць Вольга Ляўко. — Там была памежная крэпасць Смаленскай зямлі на левым беразе Дняпра, гэтаксама як Орша была памежнай крэпасцю Полацкага княства насупраць яе на правым беразе Дняпра. А пазней — у XVІ, XVІІ і XVІІІ стагоддзях — існаваў Копыскі замак, і гэта тэрыторыя з'яўлялася прыватным уладаннем, належала Радзівілам, таму захаваліся некаторыя дакументы. У прыватнасці, план Копысі 1665 года. На ім абазначаны ўсе ўмацаванні як замкавай часткі (канструкцыі сцен і вежаў), так і ўмацаванні гарадской часткі, бо ў сярэднявечных гарадах, якія мелі пэўнае значэнне ў дзяржаве, акрамя замкавых умацаванняў, былі яшчэ ўмацаванні цэнтральнай часткі горада. Важна, каб пра такія маленькія, але лёсавызначальныя цэнтры Беларусі памяць захоўвалася і сёння.
Ніна Шчарбачэвіч
Кoличество переходов на страницу: 567
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |