https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чаму за балотамі наша будучыня?


Дзікае — адно з найбуйнейшых у Еўропе нізінных балот, якія захаваліся ў выглядзе блізкім да натуральнага. Яму больш за шэсць тысяч гадоў. Падобных балот у Еўропе засталося толькі чатыры. Таму гэта аб'ект унікальны не толькі для Беларусі.

Ці праўда, што тут сустракаецца расліна, сок якой у Старажытнай Грэцыі выкарыстоўвалі як атруту, і жыве птушка, якой баіцца нават мядзведзь?

Даведацца пра гэта можна было падчас палявога семінара, арганізаванага грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Спецыялісты прэзентавалі таксама вынікі даследавання пра ваўкоў Белавежскай пушчы, за якімі назіралі на працягу некалькіх гадоў.

Музей пад адкрытым небам

Дзікае ляжыць на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў і сілкуе абодва сваёй вадой. Глыбіня балота — да трох метраў, з якіх паўтара прыпадаюць на тарфяныя залежы.

Гэта месца багатае на рэдкіх раслін і птушак. Тут можна сустрэць 32 віды флоры і 49 фаўны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Напрыклад, вяртлявая чаротаўка — самая рэдкая і адзіная глабальна пагражальная вераб'інападобная птушка кантынентальнай Еўропы.

У Беларусі знаходзіцца 30 працэнтаў усіх вяртлявых чаротавак свету, таму наша краіна мае ключавое значэнне ў захаванні іх папуляцыі. Асноўныя месцы пражывання гэтых птушак — балоты Званец, Спораўскае і Дзікае. На апошнім налічваецца 170—200 самцоў гэтага віду.

Яшчэ адна птушка, што мае статус уразлівай, — вялікі арлец. У нашай краіне жыве 15—20 працэнтаў еўрапейскай папуляцыі гэтага віду. Прычым балота Дзікае і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіныя месцы, дзе іх колькасць вырасла. На Дзікім налічваецца толькі шэсць пар вялікага арляца.

Прыязджаюць сюды і для таго, каб паназіраць за барадатай кугакаўкай. Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Мікалай Чэркас заўважае, што птушка вельмі баявая — нават мядзведзь яе баіцца. У савецкай арніталогіі вядомы два выпадкі, калі навукоўцы пасля сустрэчы з кугакаўкай заставаліся без вока. Каб падабрацца да птушкі, даследчыкі нават хакейны шлем надзявалі, пакуль не вывучылі яе звычкі.

Калі хочаце палюбавацца тутэйшымі раслінамі, лепш прыязджаць у маі — чэрвені. На Дзікім расце шабельнік балотны, які мае лекавыя ўласцівасці, бабок трохлісты з экзатычнымі пушыстымі кветкамі і атрутная цыкута. Па легендзе менавіта апошняй атруціўся Сакрат. Але гэта няпраўда: цыкута ў Грэцыі не расце — асуджаным на смерць там давалі выпіць сок балігалову.

Калі воўк — вегетарыянец

На балотах можна таксама сустрэць ваўкоў. Пра іх паводзіны беларускія навукоўцы могуць шмат расказаць — папуляцыя жывёл вывучалася з 2013 года ў рамках пяцігадовай Міжнароднай прыродаахоўнай праграмы, падпісанай нацыянальным паркам «Белавежская пушча», грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія). Назіралі за ваўкамі з дапамогай GPS-ашыйнікаў: датчыкі праз кожныя дзве гадзіны здымалі каардынаты і перадавалі іх, калі драпежнік знаходзіўся ў зоне сотавай сувязі. Даследчыкі выкарыстоўвалі таксама фотапасткі і самі наведвалі месцы, дзе праходзілі жывёлы.

— Што такое воўк для запаведнай тэрыторыі? Гэта яе сёння і заўтра, бо ён стаіць на вяршыні харчовага ланцужка і рэгулюе экасістэму, — тлумачыць Мікалай Чэркас.

За дзень драпежнік прабягае каля 15 кіламетраў. Многія думаюць, што ён ходзіць, дзе захоча, але гэта не так. Насамрэч у ваўкоў ёсць канкрэтная тэрыторыя, і яны трымаюць межы. У зграі ёсць свае ахоўнікі, якія гэтыя межы патрулююць.

Упачатку даследавання часта фіксавалі выпадкі, калі польскія ваўкі прыбягалі да нас і праводзілі рэйды. Гэта можна было вылічыць па тым, што беларускія драпежнікі ўцякалі да вёсак і дарог. Зграі ў суседніх ваўкоў былі большыя (да 10 асобін), таму беларускім даводзілася адступаць. Але, калі ў пушчы ўвялі мараторый на адстрэл гэтых жывёл, такія сітуацыі сталі рэдкасцю. Нават памежнікі казалі, што падкопаў пад калючым дротам стала меней. Цяпер, праўда, мараторый ужо не дзейнічае, што ў навукоўцаў выклікае хваляванне.

Харчуюцца ваўкі ў асноўным аленямі. Так жывёлы выконваюць функцыю санітараў лесу, бо алені абгрызаюць лісце і парасткі маладых дрэў, чым перашкаджаюць натуральнаму ўзнаўленню лесу. Некаторыя зграі спецыялізуюцца на здабычы ласёў. А адзін з ваўкоў, за якім вялі назіранне, наогул аказаўся амаль вегетарыянцам: у яго рацыёне былі ў асноўным яблыкі, грушы і палёўкі.

Ці часта драпежнікі забягаюць у вёскі? Падчас назірання адна зграя наведала 10 населеных пунктаў, а вось воўк-адзіночка — 36. Але небяспекі няма, бо ў самі вёскі жывёлы не заходзяць — глядзяць здалёк. Лёжкі драпежнікаў часта знаходзяцца за 100—150 метраў ад дарог, але людзі іх не бачаць.

— У ваколіцах Белавежскай пушчы ніводнага выпадку нападу ваўка на чалавека не зафіксавана. А ўсе выпадкі нападу на свойскіх жывёл, пра якія даведваліся са слоў жыхароў, мы пераправяралі, і яны не пацвярджаліся, — дзеліцца Мікалай Чэркас.

Навошта тут касіць?

Пытанне, якое цяпер стаіць перад даследчыкамі, — як захаваць балота для наступных пакаленняў? З-за меліярацыі 40 працэнтаў тэрыторыі Дзікага адчувае асушальнае ўздзеянне. Да таго ж балота зарастае травой і кустоўем.

Адна з прапаноў — праводзіць тут кашэнне. Дзмітрый Грумо, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, расказаў пра эксперымент, які ставілі на балоце. На адным з участкаў зрабілі разавае кашэнне.

У першыя гады пасля гэтага павялічылася відавое багацце флоры і фаўны, палепшылася захаванне водна-балотных відаў. Але праз два-тры гады станоўчы эфект знікае. На другім участку, дзе арганізавалі рэгулярнае кашэнне (кожнае лета), відавое багацце наадварот пачало скарачацца, рэзка павялічвалася колькасць кустоўя.

Таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што кашэнне варта паспрабаваць праводзіць раз на тры гады. Выкарыстоўвацца для гэтага будзе сучасная тэхніка: яна не прыводзіць да глыбокіх механічных пашкоджанняў глебы. Сена гатовы забіраць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Некалі, дарэчы, балота касілі ўручную мясцовыя жыхары. Дырэктар Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Ала Ганчарэвіч успамінае, як у дзяцінстве яны класа з сёмага хадзілі на Дзікае па сена.

— Гэта пякельная праца! Каб дабрацца да свайго ўчастка, трэба было 10 кіламетраў праехаць па дарозе — і не па асфальце — і потым гадзіну, а то і болей, ісці па балоце. Вада стаяла па калена. Касілі асаку сантыметраў на 10—15 вышэй ад вады. Калі трава падсыхала, у цэнтры ўчастка рабілі насціл (секлі для гэтага вольху ці бярозу) і складалі стог. І ўжо ўзімку, калі балота замерзне, вывозілі сена на санях. На Дзікае прыязджалі не толькі з Новага Двара, а практычна з усяго раёна — і з Гарнастаевіч, і са Свіслачы.

Цяпер да гэтага, вядома, ніхто не вернецца. У нас раней 50 кароў было толькі на адной вуліцы, а цяпер шэсць на ўсю вёску, таму сена і так дастаткова.

У планах таксама — аднаўленне гідралагічнага рэжыму тэрыторыі. Навукоўцы прапануюць усталяваць дамбу з паўднёвага боку балота, каб абмежаваць уплыў на яго меліярацыйнай сістэмы.

Ёсць тут і перспектыва для развіцця экалагічнага турызму. Успамінаюць выпадак, калі жанчына са Швейцарыі адмыслова прыязджала на беларускае балота: у яе былі праблемы з пазваночнікам, і доктар раіў ёй хадзіць па зыбкай паверхні. Так што экскурсіі могуць быць не толькі пазнавальныя, але і лячэбныя.

Аўтар: Наталля Лубнеўская
Звязда, 4 кастрычніка 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 513