https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пётр Алейнікаў: спаталенне акцёрскай смагі


У савецкім кінематографе Пётр Мартынавіч Алейнікаў пражыў век нядоўгі, але бліскучы. Ён быў, бадай, самым любімым, самым вядомым, самым доўгачаканым акцёрам перадваеннага і ваеннага кінематографа. Гледачы на памяць ведалі не толькі рэплікі яго герояў, але і жэсты, рухі, грымасы персанажаў, капіруючы яго непаўторную «ляніва-адэскую» інтанацыю голасу. Самому Алейнікаву для гэтага не трэба было звяртацца да нейкіх класічных камедыйных прыёмаў — яму дастаткова было натуральнага жыцця ў кіношным вобразе...

Цяжкі час: урокі дзеда Талаша

Пётр Алейнікаў, ураджэнец вёскі Крывель Магілёўскай вобласці, асірацеў ў 1920-м годзе: загінуў бацька, сплаўляючы лес па Дняпры. Маці засталася адна з шасцярымі дзецьмі. Пракарміць іх у галоднай вёсцы яна не магла. Было вырашана, што старэйшая дачка Каця разам з Пятром пойдуць у жабракі. Праз год сястра вярнулася дадому адна, а брат надоўга знік. У Крывялях казалі, што Пятро пайшоў бадзяжнічаць...

Ён не раз трапляў у калоніі, але пастаянна ўцякаў адтуль, яго затрымлівалі, але ён зноў уцякаў. У Шклоўскай школе-інтэрнаце пасябраваў з кінамеханікам. Навучаючыся яго рамяству, не на жарт палюбіў кіно і, нядоўга думаючы, рвануў у Маскву «паступаць на артыста». Прыйшлося, праўда, зрабіць прыпынак у працоўнай камуне імя 10-годдзя Кастрычніка, дзе будучы акцёр ззяў у самадзейных пастаноўках ім жа арганізаванага драмгуртка. Там яго і прыкмеціў рэжысёр Уладзімір Кумельскі, будучы заснавальнік Рускага тэатра ў Беларусі, заслужаны артыст БССР (хоць прыгожая легенда і сцвярджае, што параду аб тэатральнай кар'еры ў Ленінградзе падаў Алейнікаву сам Кіраў). Дзіцячая камуна дапамагла фарміраванню Алейнікава як акцёра. Жыццё ў складаным калектыве выпрацавала назіральнасць і, галоўнае, спагаду да іншых людзей, падыход да іх без прадузятасці, жаданне зразумець, перш чым вынесці той ці іншы прысуд.


Як бы там ні было, але ў 1930 годзе 16-гадовы Пётр Мартынавіч Алейнікаў апынуўся ў Ленінградзе. Прад'явіўшы ў Інстытуце сцэнічных мастацтваў рэкамендацыйны ліст з калоніі, ён паступіў на аддзяленне кіно, дзе выкладаў малады Сяргей Герасімаў. Ужо тады гэты рэжысёр дапамагаў вучням, прыцягваючы іх да работ у сваіх кінакарцінах. І так здарылася, што на здымках аднаго з ранніх фільмаў Алейнікаў без памяці закахаўся ў сваю партнёрку, 17-гадовую Тамару Макараву. Праўда, пачуццяў сваіх адкрыць не адважыўся, моўчкі пакутаваў і... «дапакутаваўся». «Першае каханне» стала жонкай... Герасімава. З гора Алейнікаў запіў і нават пакінуў здымачную групу.

Першы сапраўдны поспех прынёс яму фільм таго ж Герасімава «Сямёра смелых» (1935), дзе яго партнёркай зноў стала Макарава. Ролю «палярнага зайца» з дзівакаватым прозвішчам Малібога, які кантрабандай трапіў на зімоўку, прынесла Алейнікаву не проста вядомасць, а сапраўдную любоў гледачоў: менавіта ў гэтай кінастужцы праявіў сябе лірыка-камедыйны талент акцёра, усе ўбачылі яго рэдкае абаянне. Гэта быў фільм пра маладых палярнікаў, якія адправіліся ў экспедыцыю ў Запаляр'е, пра стойкасць і адвагу герояў у суровых умовах далёкай Поўначы. Здымачная група падчас здымак у экспедыцыі імкнулася ўзнавіць рэальнае асяроддзе падзей, якія адбываліся ў фільме. Акцёры ўздымаліся на ледавікі Эльбруса, жылі на астравах Баранцава мора, асвойвалі лыжны і парашутны спорт у Хібінах. Пётр Алейнікаў успамінаў пра здымкі ў гэтай карціне: «У 1935 годзе Сяргей Герасімаў здымаў карціну пра камсамольцаў-палярнікаў «Сямёра смелых», дзе я выканаў ролю кухара Малібогі. Першая вялікая роля. Велізарнае хваляванне, боязь кінаапарата. Зноў жа расчараванне, мукі, самабічаванне. Але як толькі фільм выйшаў на экраны — мукі і хваляванні скончыліся, пачаўся шчаслівы момант паспяхова закончанай працы».


Акцёра ахапіла радасць ад таго, што фільм добра прынялі гледачы. Па словах Георгія Жжонава, які вучыўся разам з Алейнікавым, Пётр быў на экране сапраўды такім, як у жыцці. «Пецька быў маім таварышам. Разам вучыліся, разам дурэлі, свавольнічалі, за аднымі дзяўчаткамі бегалі, у адну фортку, лазілі, адны штаны насілі... Дарэчы, адны штаны на дваіх — гэта не мастацкі вобраз. Паколькі Алейнікаў быў з беспрытульнікаў, а мне такое-сякое адзенне ад родных ўсё ж даставалася, то я ім з Пецькам дзяліўся. Час быў цяжкі — пачатак 30-х. Нас кармілі адной сачавіцай, даводзілася патроху красці, падрабляць чэкі, словам, выкручвацца на мяжы злачынства. Дарэчы сказаць, нашага адчайнага кіношнага курса ў Ленінградскім інстытуце сцэнічных мастацтваў многія баяліся, асцерагалася нават акруговая міліцыя. З нетраў інстытуцкага інтэрната зыходзіла процьма хуліганскіх паводзінаў і скандалаў. На курсе было два лідары — Ванька Кузняцоў (яго таксама ведаюць па фільмах «Сямёра смелых» і «Камсамольск») і я. А Пеця з-за сваёй вясковай нерашучасці і мяккага характару ўсё ніяк не мог выбраць, да якога з двух кланаў, што супернічалі, далучыцца. Быў ён, можна сказаць, шалапутам, сваім і тут, і там».


А вось што казаў праз шмат гадоў, стаўшы ўжо вядомым і папулярным савецкім акцёрам, пра сваё дзяцінства, пра свае першыя крокі сам Пётр Мартынавіч:

«Характар мой фарміраваўся ў Беларусі. Я рос у сялянскай сям'і. Успамінаецца мне вялікае сяло Крывель, у якім я нарадзіўся, дзе быў пастухом, служыў па найме ў багатага дзядзькі Карнея. Незабыўная прырода Беларусі. Багацце лесу, лугоў, рэк. Дняпроўскія плыты, беларускія народныя песні. Дзед Талаш, у якога я быў за падпаска, расказаў мне шмат былін, распавядаў пра вялікія гарады, у якіх ён бываў, служачы ў войску. Аднойчы, калі мяне дзядзька Карней моцна пабіў за тое, што я заснуў і не ўпільнаваў скаціну, я вырашыў бегчы. Пазнаёміўся з плытагонамі і на другі дзень быў ужо ў горадзе Быхаве, які тады на мяне зрабіў ашаламляльнае ўражанне. Там я сустрэў такіх жа хлопцаў, як я, толькі больш «вопытных», і паехаў з імі па гарадах Беларусі: Орша, Барысаў, Мінск, Гомель і г.д. Пачаліся дні беспрытульнага жыцця: дзіцячыя дамы, прыёмнікі, калоніі. У 1928 годзе з Барсукоўскай калоніі цяжкавыхоўных дзяцей быў адпраўлены ў 1-ю Беларускую працоўную камуну. Гэтая камуна сапраўды была працоўнай. Многае і многае дала яна выхаванцам яе. З вялікай радасцю я чытаю лісты маіх сяброў па камуне. Людзей з вялікай літары: Герояў Савецкага Саюза, інжынераў, вынаходнікаў і г.д. Вялікі гонар, вялікая радасць за гэтых людзей і вялікі дзякуй людзям, якія выхавалі нас. Мая запаветная мара выканаць у кіно ролю такога чалавека. Чалавека, які прайшоў цярністы шлях, чалавека з гэтым народным гумарам, чалавека таленавітага і непахіснага».


Любімы трактарыст Краіны Саветаў

Другой значнай роляй Пятра Мартынавіча стала ігра ў кінастужцы «Трактарысты» Івана Пыр'ева. Яна выйшла на экраны ў 1939-м. На здымках Пётр здабыў сябра, з якім потым не разлучаўся ўсё сваё жыццё. Гэта быў акцёр Андрэеў. Акрамя таго, ён сышоўся з Кручковым. Утварылася свайго роду трыа, любімае гледачамі. Усе яны былі вельмі рознымі, але пры гэтым сябравалі.

Легенды аб прыгодах Алейнікава і Барыса Андрэева перадаваліся з вуснаў у вусны, як паданні пра народных герояў. Расказвалі, як, добра «адпачыўшы» ў кіеўскім рэстаране, Андрэеў і Алейнікаў, хістаючыся, рухаліся па Крашчаціку ў бок гатэля, але, адчуўшы непераадольную стомленасць, заначавалі на шырокім ложку... у вітрыне мэблевага магазіна. Прычым Андрэеў са словамі: «Пеця, была каманда «адбой!» — прайшоў прама праз вітрыннае шкло. Ачуліся абодва ў міліцыі. Дзяжурны, бачачы перад сабой вядомых артыстаў, папрасіў прабачэння, але пачаў складаць пратакол. «А вось і не складзеш!» — заявіў яму Андрэеў і адным махам выпіў усю чарніліцу. Пакуль шукалі новае чарніла, у КПЗ тэрмінова прыбыў начальнік аддзела з усёй сям'ёй. Пачаўся імправізаваны творчы вечар, які плаўна перайшоў у працяг гутаркі. Саўка-трактарыст (персанаж Алейнікава) быў, як высветлілася, любімым героем начальніка, і неўзабаве ўся кампанія спявала «Здравствуй, милая моя!», забыўшыся і пра вітрыну, і пра чарніла з пратаколам.


Барыс Андрэеў на балбатню быў звычайна скупаваты, а вось Алейнікаў слоў не пазычаў. На адным з кінафестываляў ён і Мікалай Кручкоў сустракалі замежную дэлегацыю.

— Пеця, глядзі, якая карэйка прыгожанькая! — кіўнуў Кручкоў на сімпатычную раскосую акцёрку.

— Ды кінь, Коль! Карэйка яна, можа, і нічога, ды толькі грудзінкі ніякай.

Смех смехам, а дзякуючы алейнікаўскаму жарту адбылося сямейнае жыццё самога Барыса Андрэева. Неяк у тралейбусе Пётр стаў пад'юджваць прыяцеля, які загаварыў пра жаніцьбу: «Ды хто за цябе, Борка, пойдзе, за глыбу такую, за лапця вясковага?!» Андрэеў «закусіў цуглі» і заявіў, што на злосць возьме і ажэніцца з першай жа дзяўчынай, якая ўвойдзе ў тралейбус. На прыпынку ўвайшла сімпатычная асоба. Андрэеў пазнаёміўся, узяўся праводзіць і неўзабаве... ажаніўся і пражыў з жонкай Галінай Васільеўнай многія шчаслівыя гады.


З сябрамі Алейнікаў жартаваў па-добраму, але калі хтосьці яго даставаў, то былы беспрытульнік спуску не даваў. На фільме «Выпадак у вулкане» рэжысёр, на яго думку, быў поўным няздарам. Акцёра такі відавочны непрафесіяналізм моцна раздражняў. І вось у адказ на чарговы істэрычны крык: «Я — рэжысёр!» Алейнікаў спусціў штаны, павярнуўся да яго задам і са словамі: «Вось ты хто, а не рэжысёр!» — пакінуў здымачную пляцоўку.

У фільме рэжысёра Леаніда Лукава «Вялікае жыццё» Алейнікаў сыграў шахцёра Івана Курскага, чые душэўныя якасці аказаліся схаванымі пад напускной бравадай, за якой стаялі сарамлівасць і імкненне зацвердзіць сваю незалежнасць. Алейнікаў стварыў на экране тып маладога чалавека свайго часу, і яго абаяльнасць, шчырасць і заразлівая жыццярадаснасць зрабілі Алейнікава адным з самых папулярных акцёраў СССР 1930—1940-х гадоў. Але пры ўсёй папулярнасці Пятра Алейнікава кінаначальства не любіла акцёра. У яго быў няпросты характар, Алейнікаў не прызнаваў правілаў і «партыйнага палітэсу». Ён не меў ніякіх узнагарод і званняў і часта пазбаўляўся цікавых прапаноў у кіно, у той час як гледачы перажывалі з-за працяглай адсутнасці любімага акцёра на экране, і пісалі Алейнікаву велізарную колькасць лістоў, якія прыходзілі яму дадому, у рэдакцыі газет і часопісаў, на кінастудыі. «Я скажу вам асабіста, — пісаў адзін школьнік, — выдатна вы іграеце. Можа быць, часам і нязначныя ролі, але іграеце як ніхто». Ад гледачоў былі і такія радкі: «Вы — чалавек, які ўздымае дух моладзі нашага часу, усяляе бадзёрасць і ўпэўненасць».

Аказаўшыся, па сутнасці, адлучаным ад кінематографа, акцёр дзеля заробку з творчымі брыгадамі сталічных тэатраў ездзіў па краіне. На вялікі жаль, рэжысёры не ўлічылі, што акцёр пасталеў і даўно перарос той вобраз, які літаральна «прырос» да яго. Ён мог зняцца ў сур'ёзнай ролі, але яго не запрашалі. Быў, праўда, адзін фільм, дзе Алейнікаў сыграў Пушкіна, але гледачы яго ўспрымалі толькі як камедыйнага акцёра і заўсёды смяяліся, калі ён з'яўляўся ў ролі вялікага паэта на экране. Гэта быў фільм «Глінка» Арнштама. Акцёр жа лічыў гэтую, хай і невялікую, сваю ролю найлепшай.


Асабістае

У 1941 годзе рэжысёр Аляксандр Роу прапанаваў Пятру Алейнікаву выканаць ролю Іванушкі ў фільме «Канёк-Гарбунок». Выбар рэжысёра быў невыпадковы — менавіта Алейнікаў мог выдатна сыграць дурнаватага, даверлівага, душэўнага, мудрага, адважнага і вынаходлівага героя народных казак. У гэтым жа фільме з Алейнікавым сыграла яго жонка Валянціна і маленькі сыночак Тарас. Са сваёй будучай жонкай Валянцінай Лебедзевай Алейнікаў пазнаёміўся на «Ленфільме», дзе яна працавала мантажніцай. Пасля нараджэння Тараса Валянціна стала хатняй гаспадыняй, а ў 1944 годзе, падчас эвакуацыі, у Алейнікава нарадзілася дачка Арына.

Пазней рэжысёр Булат Мансураў называў Алейнікава адналюбам: «Пётр Мартынавіч быў адданы сваёй жонцы. А ўжо як ухіляўся ад пераследаванняў назойлівых паклонніц, не ведаю. Думаю, пры дапамозе ўсё той жа сваёй сарамлівасці». Але сарамлівасць Алейнікава лёгка спалучалася з прыступамі рэўнасці. Георгій Жжонаў расказваў пра сустрэчу з Алейнікавым пасля свайго першага вызвалення: «Мы выдатна сядзелі за сталом, гутарылі. Але ўзнікла далікатная тэма. Пеця быў чалавекам найвялікшай шчодрасці, і ладная доля яго ганарараў трацілася на так званых сяброў, інакш кажучы, першых сустрэчных выпівох, якія ліплі да яго ў вялікім мностве. Ну я вазьмі і скажы яму, што нядобра гэта, калі грошы сплываюць з сям'і: шкада Валянціну з дзецьмі. Трэба заўважыць, што да гэтай дзяўчынкі з Охты я вельмі добра ставіўся, а ў свой час, можна сказаць, нават блаславіў іх шлюб. Вось і дазволіў сабе выказацца. А ён зразумеў гэта па-свойму: прыраўнаваў! Ды так загарэўся, што мы ледзь не пабіліся. Прасіў прабачэння пасля, ледзь у нагах не качаўся: «Жорка, даруй! Ты ж мяне ведаеш...». Але што казаць — справа дзён мінулых».

Алейнікаў у жыцці быў сапраўдным няўрымстам, любіў падарожнічаць і ўвесь час быў у пошуку сустрэч і прыгод. Для яго не было нечым незвычайным узяць таксі, нечакана з'ехаць з Масквы ў Ленінград, там «выявіць», што забыўся грошы, і выйсці з машыны, каб папрасіць у прахожых дапамагчы заплаціць за праезд. Людзі на вуліцы душыліся, каб пазычыць грошы свайму куміру. Алейнікаў мог без цырымоніі зайсці ў аддзяленне міліцыі, каб памянціць языком з яго супрацоўнікамі. Па-за домам Пятру Мартынавічу было весялей і цікавей, але Валянціна кантралявала мужа як магла — старалася адсочваць працэс яго падарожжаў.

Што тычыцца алкагольнай залежнасці Пятра Мартынавіча, то расказы яго сяброў і знаёмых у гэтым выпадку разыходзяцца. Драматург Якаў Касцюкоўскі, і не толькі ён адзін, цвёрда мог паручыцца, што алкаголікам Алейнікаў не з'яўляўся. Як і ўсе, бываў нападпітку. Але не кожны ж дзень! Актрыса Таццяна Акунеўская, якая толькі вызваліўшыся з ГУЛАГа, сустрэла Алейнікава на Арбаце, расказвала: «Ён зусім аслупянеў, а з цудоўных, невытлумачальных яго вачэй — калі б такія вочы былі на выяве Хрыста, то вернікаў стала б на шмат мільёнаў больш — паліліся слёзы. Потым апамятаўся, пацягнуў мяне ў бліжэйшую шашлычную. «Мне, кажа, цяпер піць нельга, а ты пі і еш. Што ты хочаш?». Кліча афіцыянта і заказвае ўсё меню...».


Апошнія гады

У 1955 годзе рэжысёр Станіслаў Растоцкі запрасіў Алейнікава зняцца ў сваім фільме «Зямля і людзі». Гэта было першае з'яўленне акцёра на экране пасля пяці гадоў творчага прастою. На мяжы 50-60-х гадоў Алейнікаў зняўся ў трох эпізадычных ролях у розных фільмах і фактычна апынуўся за бортам кінематографа. Каб хоць нешта зарабіць, Алейнікаў ездзіў з творчымі брыгадамі маскоўскіх тэатраў па краіне. Часта падчас гэтых выступленняў на афішах было напісана: «Удзельнічаюць: Пётр Алейнікаў...», а далей — дробным шрыфтам прозвішчы астатніх. Калі перад выхадам артыста канферансье аб'яўляў: «А зараз — Пётр...», у зале доўга не змаўкалі апладысменты. Публіка была ў захапленні, сцэну засыпалі букетамі і падарункамі.

Але самабытнасць акцёра мала ўлічвалася рэжысёрамі ў яго апошнія гады жыцця, і Алейнікаў усё радзей з'яўляўся на экране, хоць сам акцёр не хацеў спыняцца ў сваёй кар'еры на дасягнутым і заўсёды спадзяваўся на атрыманне цікавых роляў. Алейнікаў расказваў:

«Працуючы ў кінематографе дзесяць гадоў, я сыграў каля пятнаццаці галоўных роляў, і ўсё ж такі ў кожнага акцёра ёсць таемная мара сыграць пэўнага, толькі яму зразумелага чалавека. Гэта адносіцца і да мяне. Мара мая, відавочна, збудзецца...».

Апошняй работай акцёра стала роля ў фільме «Спаталенне смагі», знятым туркменскім рэжысёрам Булатам Мансуравым у 1965 годзе, у якім Алейнікаў зняўся разам з дачкой Арынай і сынам Тарасам. У карціне Арына выканала ролю дачкі героя фільма, а Тарас — ролю маладога геолага. Падчас здымак гэтай карціны цяжка хворы Алейнікаў працаваў па дванаццаць гадзін у суткі, заражаючы сваёй працавітасцю ўсю здымачную групу. Алейнікаў сыграў старога бульдазерыста. Акцёр падчас выканання гэтай ролі сцвярджаў галоўнае — ва ўсім і заўсёды трэба быць годным чалавекам. Кажуць, што, пачуўшы выпадкова размову аб магчымай змене назвы фільма, ён узяў з рэжысёра слова не рабіць гэтага: «Гэтая карціна, — сказаў ён, — спаталенне і маёй акцёрскай смагі».

За гэтую ролю журы Усесаюзнага кінафестывалю, які праходзіў у Ленінградзе ў маі 1968 года, пасмяротна прысудзіла яму Ганаровы дыплом першай ступені. Больш узнагарод у яго жыцці не было.

«Добры дзень, наш выхавальнік пачуццяў!» — так пачынаўся адзін з лістоў да артыста Пятра Мартынавіча Алейнікава. А далей — пытанне, якое гучыць хутчэй як патрабаванне: «Адкажыце, дзе цяпер знаходзіцца артыст Алейнікаў і чаму не ўдзельнічае ў новых кінафільмах?»

Гэта не кожнаму дадзена. Не кожнаму пішуць: «Не пакідайце нас. Вы — сапраўды Народны артыст...»

Алейнікаў не толькі ўдала сыграў шмат роляў. Ён паказаў тып сучасніка — у яго галоўных рысах і ў яго разнастайнасці.

І калі ў гэтым партрэце сучасніка ёсць прабелы, то гэта не віна артыста — занадта часта яго пакідалі без новых сцэнарыяў, занадта часта прымушалі паўтарацца. А потым, калі прыйшоў іншы ўзрост, не задумаліся над працягам адкрытага акцёрам характару. Забыліся характар. А з ім і самога акцёра...

Пётр Мартынавіч памёр пасля цяжкай хваробы 9 чэрвеня 1965 года. Пасля ўскрыцця хірург Баснер сцвярджаў, што печань Алейнікава была зусім здаровай. Гэтая вестка канчаткова развеяла міф аб алкагалізме, на які нібыта пакутаваў Алейнікаў пры жыцці. Проста акцёр лёгка п'янеў з адной-дзвюх чарак, гэтым даючы падставу для чутак аб яго нібыта працяглых загулах.

Калі ўзнікла пытанне аб месцы пахавання акцёра, жонка Алейнікава не атрымала дазволу на месца на прэстыжных Новадзявочых могілках. Хоць сам Алейнікаў прасіў яго пахаваць менавіта там. Пра гэта вырашыў патурбавацца верны сябар Барыс Андрэеў. Ён, надзеўшы ўсе свае ордэны, з'явіўся на прыём да старшыні Массавета Уладзіміра Промыслава.

«Вось, — кажа, — якая справа: Пеця Алейнікаў перад смерцю мне казаў, што хоча ляжаць на Новадзявочых могілках. Дык ужо ці нельга?». — «Ніяк нельга, — адказвае яму Промыслаў, — бо на Новадзявочых паложана толькі народным артыстам СССР, ды яшчэ добра было б, каб лаўрэат Дзяржпрэміі ці Герой Сацпрацы. А Алейнікаў ваш заслужаным РСФСР толькі быў!» — «Дык любоў народная якая, дык бо акцёрышча які!» — як мага больш пераканаўча басіў Андрэеў. «Ніяк не магу, — стаяў на варце парадку «гаспадар» Масквы, — не паложана, пры ўсёй да вас, дарагі Барыс Фёдаравіч, павазе!». Тады Андрэеў, адкінуўшы цырымоніі, апусціў на вяльможны стол сваю велізарную кулачыну: «А я памру — мяне куды знясуць?». — «Вось вам, як народнаму артысту, па ўсіх правілах паложаны Новадзявочыя!» — «Значыць, так, — прагрымеў Андрэеў, — афіцыйна патрабую: пакладзіце Пецьку ў маю магілу на Новадзявочых! А мяне ўжо — хоць пад плотам!»

І пахавалі Алейнікава на самых прэстыжных савецкіх могілках. Мала хто ведае, што сам Барыс Фёдаравіч, які перажыў Пятра Мартынавіча на 17 гадоў, спачывае далёка ад магілы неразлучнага сябра — на менш вядомых Ваганькаўскіх могілках. Проста яму на Новадзявочых свайго месца ніхто не аддаў...



 

Кoличество переходов на страницу: 749


Комментарии