https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адкрыўся восьмы Усебеларускі фестываль народнага гумару


Гэта ўжо гісторыя: надоечы, восьмага ліпеня, на раздарожжы паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі адкрыўся восьмы Усебеларускі фестываль народнага гумару. Факт: яны, тыя Аўцюкі — вялікія і малыя (іх яшчэ завуць аўцючанятамі) прызнаныя восьмым цудам свету — пасля пірамід Хеопса, Александрыйскага маяка, вісячых садоў Семіраміды, статуі Зеўса...


Як Бог на небе: ёсць за што!

Вы ўжо чулі, напрыклад, што жыхары гэтых мястэчкаў (іх тут спрадвеку завуць каласкамі і калінкамі) садзяць бульбу ноччу і з рагаткі (каб жука абдурыць і зямлю не патаптаць)? Тады ведайце, што, паводле прагнозаў (у прыватнасці, нашага падпісчыка спадара Міколы Горба з Малых Аўцюкоў), у бліжэйшыя гады яе і капаць будуць ноччу, каб гаспадар не злавіў. Вы яшчэ збіраецеся адкрыць «Салон прыгажосці»? А там ужо ёсць і працуе ён пад дэвізам: «Заходзьце і вы сябе не пазнаеце!» Вы недзе чыталі, што ў тамтэйшых краях ніхто гарэлкі не гоне, але многія прадаюць? То самая лепшая — ведайце — у мясцовага ўчастковага. Вы яшчэ думаеце, як гэта пахудзець, пастрыгчыся, «намаляваць на мордзе твар» і ў што б такое прыбрацца, а там ужо вынайшлі цудоўнае люстэрка, у якое зірнуў і суцешыўся (бо на ім напісана мудрае «Іншыя не лепшыя!»). Вы толькі зайшлі ў аптэку, убачылі цэны на лекі і тут жа выйшлі? Аўцюкі ж пасля гэтага завіталі ў краму «Рытуальныя паслугі», убачылі цэны там і вярнуліся назад... у аптэку. Вы яшчэ думаеце, ці трэба мераць сем разоў, калі будзеш рэзаць праўду-матку, а там...

Там (і ўжо даўно) напісалі правілы для аўцюкоўскіх гасцей. Паводле гэтага дакумента, усе госці (колькасць насельніцтва падчас фестывалю павялічваецца прыкладна ў тры разы) маюць права свабодна швэндацца па аўцюкоўскіх вуліцах, дыхаць гаючым аўцюкоўскім паветрам, быць аблічанымі і абважанымі ў аўцюкоўскіх крамах.

Яны, тыя ж госці, абавязаны потым не раз наведваць Аўцюкі, нават калі ім гэтага не хочацца, лічыць аўцюкоўцаў самародкамі і ўслаўляць іх паўсюль, дзе толькі можна...

Гэтым, апошнім пунктам з правілаў з найбольшай прыемнасцю кіруецца бацька-заснавальнік фестывалю народнага гумару, пісьменнік Уладзімір Ліпскі, а таксама шмат хто з каманды аднадумцаў. У прыватнасці, гасцямі папярэдніх фестываляў у Аўцюках былі слынныя Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Алесь Петрашкевіч, Мікола Чарняўскі, Віктар Казько, Анатоль Кудравец, Генадзь Аўсяннікаў, Міхась Дрынеўскі і многія, многія іншыя.

Аб тым, хто прыехаў гэтым разам, і што там было — у наступных нумарах «Звязды».

Валянціна Доўнар

Фота Васіля МІНІНА



 

Кoличество переходов на страницу: 666


Комментарии