https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У пятніцу адкрые заслону міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа»


Колькі разоў яму прадказвалі то хуткае, то паступовае згасанне, а ён жыве! Насуперак усім скептычным прагнозам. І ўжо цяжка ўявіць брэсцкую восень без свята тэатральнага мастацтва, без яркага шэсця ў дзень адкрыцця, без цікавых вулічных спектакляў, без аншлагавых пастановак у вялікай зале тэатра.

Можна сцвярджаць, што за два дзесяцігоддзі фестываль выхаваў свайго гледача. Гэта адзначалі шматлікія тэатразнаўцы з многіх краін свету. Ды і без іх кампетэнтнага вердыкту можна зрабіць такую выснову, калі пахадзіць па фае тэатра перад спектаклем. Людзі сустракаюцца, вітаюцца, нібы сваякі, якія не бачыліся год. Так і ёсць, многія ўжо лічаць сябе знаёмымі, бо бачацца менавіта падчас фэстывалю. Неяк у прыватнай гутарцы кіраўнік брэсцкага тэатра і арганізатар фэсту сказаў, што на фестывальныя спектаклі не ходзяць багатыя людзі, а ходзіць гарадская інтэлігенцыя — настаўнікі, урачы, службоўцы. Прыходзіць шмат пенсіянераў, якім, каб трапіць на пастаноўку прыезджых артыстаў, даводзіцца адкладваць грошы некалькі месяцаў. Але ж у невялікім 300-тысячным Брэсце па-ранейшаму білеты разыходзяцца, людзі ідуць на спектаклі, а значыць, фестываль запатрабаваны. І нават цяпер, калі крызіс падкасіў пакупніцкія здольнасці многіх, за два тыдні да фэсту было прададзена каля 70 працэнтаў квіткоў на спектаклі.

Пра гэта паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага тэатра драмы Ларыса НАВІЦКАЯ. Можна дадаць, што гэтым разам у продаж было выпушчана больш за дзевяць тысяч білетаў.

Класіка ніколі не падводзіла брэсцкі фэстываль. Яна і цяпер карыстаецца папулярнасцю. Так, на адкрыццё — камедыю Уільяма Шэкспіра «Дванаццатая ноч», якую дае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, білеты ўжо раскуплены. Фактычна не засталося білетаў на пастаноўкі «Дзядзька Ваня» Наўгародскага акадэмічнага тэатра імя Ф. М. Дастаеўскага, «Ноч перад Раством» Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Т. Шаўчэнкі, «Язычнікі» нашых горкаўцаў і іншыя. Хутка раскупілі білеты і на спектаклі, запланаваныя для паказу ў малой зале. Маецца на ўвазе «Ксенія» тэатра з Польшчы «Чэрава», «Рэвізор» у пастаноўцы трупы з Грузіі. Дарэчы, у папярэднія гады работы грузінскіх тэатраў мелі ў нас сапраўдны поспех.

Кошт квіткоў цяпер можна назваць дэмакратычным. У сярэднім ён блізкі да 10 новых рублёў, адзін з самых дарагіх білетаў на «Дванаццатую ноч» каштуе 25 рублёў. І пры гэтых зусім не высокіх цэнах фестываль зарабляе крыху больш за 70 працэнтаў свайго бюджэту. Астатняе дабаўляюць спонсары і абласная казна.

Арганізатары «Белай вежы» на прэс-канферэнцыі з нагоды не без шкадавання адзначалі, што часам незаслужана падазрона глядач ставіцца да розных эксперыментальных пастановак. А тэатральны форум для таго і праводзіцца, каб адкрываць новыя напрамкі, новыя формы, нават новыя павевы развіцця мастацтва. Таму здараецца, што самабытныя, надзвычай цікавыя тэатры, якія на «Вежы» рэдкія госці, а то і наогул прыехалі ўпершыню, застаюцца па-за ўвагай. Так і цяпер — не сказаць, каб актыўна раскупляліся білеты на пастаноўку берлінскага тэатра «Руская сцэна», які называецца «Рудольф Нурыеў. 48 гадзін» пра славутага танцора, спектакль казахскага тэатра «А ў пустыні мёртвая цішыня» і «Мы абавязкова сустрэнемся» Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя А. С. Пушкіна з Ашхабада, некаторыя работы артыстаў з Бухарэста і Кракава. Не разабралі ў першыя дні і квіткі на мюзікл па Дастаеўскім «Раскольнікаў» Інстытута сучасных мастацтваў з Масквы...


Але ж трэба зразумець і гледача, які не спяшаецца рублём галасаваць за тэатральны эксперымент. Здаралася, падманвалі чаканні і вядомыя калектывы, і навічкі, калі падсоўвалі прадукт накшталт серыяльнай дзеі «на патрэбу» альбо проста сумныя маналогі. Таму варта дараваць гледачу пэўную насцярожанасць і спадзявацца на тое, што, паводле слова Аляксандра Козака, чалавек, які прыйдзе на фэст, зробіць адкрыццё нават там, дзе яго зусім не чакаў.

Такім адкрыццём, на думку аргкамітэта фестывалю, можа стаць эксперыментальны спектакль Дзяржаўнага акадэмічнага рускага тэатра драмы імя М. Горкага па п'есе Ганны Яблонскай «Язычнікі». Упершыню на «Вежу» прыедзе трупа з Туркменістана. Аказалася, што гэтая дзяржава будзе наогул першы раз прадстаўляць сваё тэатральнае мастацтва ў Беларусі. З Казахстана прыедуць ажно два тэатры. Калектыў «Жастар театры» акімата горада Астаны колькасцю больш за паўсотні акцёраў прадставіць традыцыйна нацыянальную п'есу па творы Чынгіза Айтматава «А ў пустыні мёртвая цішыня». Цікавай абяцае стаць танцавальная пастаноўка «Па-дэ-дэ: ад вальса да хіп-хопа» ліёнскай тэатральнай кампаніі De Facto. Інтрыгуе заяўка ў афішы на ўдзел вядомага англійскага драматурга і акцёра Піпа Утана з лірычнай монадрамай «Чаплін». У праграме таксама пазначаныя тэатры формы, гульня ў гатычны трылер, неверагодную прыпавесць, рок-оперу, мюзікл, вулічныя прадстаўленні.

Не будзе гэтым разам лялечнай праграмы. Будаўніцтва новага лялечнага тэатра зацягнулася, таму адпаведныя спектаклі прымаць няма дзе. А раней пастаноўкі лялечнікаў нярэдка выклікалі не проста апладысменты, станавіліся крыніцай захаплення, забіралі гран-пры... Цяпер, дарэчы, гран-пры прысуджаць не будуць, як і вызначаць тройку прызёраў. Журы на фэсце не прадугледжана. Найлепшыя работы назавуць экспертныя рады, якія ўтвараюць з крытыкаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Акрамя айчынных тэатразнаўцаў, на «Белую вежу» далі згоду прыехаць крытыкі з Эстоніі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Як і раней, пасля кожнага спектакля адбудзецца яго абмеркаванне — размова стваральнікаў, экспертаў, гледачоў, журналістаў. Паводле слоў Аляксандра Козака, гэтую «фішку» нашага тэатральнага форуму перанялі некаторыя іншыя фестывалі. У брэсцкага ёсць у гэтым сэнсе і некаторыя іншыя традыцыі. Напрыклад, у начным клубе гарадскога Дома культуры можна пагутарыць з акцёрамі і тэатраламі ў нефармальнай атмасферы.

Як паказвае практыка, прыезджыя ўдзельнікі тэатральнага свята прыязна адклікаюцца пра нашу гасціннасць, добрую арганізацыю, творчую і святочную атмасферу форуму. За гэтым стаіць вялікая работа гаспадароў фестывалю. Вось і сёлета ў горад прыязджае прыкладна паўтысячы гасцей. Па традыцыі ім прапаноўваецца грунтоўная экскурсійная праграма. Для таго, каб прадстаўнікі розных краін адчувалі сябе камфортна, кожную групу суправаджае акцёр брэсцкага тэатра і валанцёр з ліку студэнтаў з веданнем замежнай мовы.

Застаецца дадаць, што спектаклі пройдуць на пяці пляцоўках горада. 9 верасня над будынкам нашага тэатра ўздымецца 17 сцягоў — па ліку краін свету, якія прадставяць у Брэсце 26 калектываў. А ўрачыстае закрыццё сёлета ўпершыню пройдзе не ў зале, а на плошчы Леніна. 16 верасня ў 20.30 «Тэатр новага фронту» з Прагі пакажа спектакль «CAUSA FATALІS».

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Zviazda.By



 

Кoличество переходов на страницу: 615


Комментарии