https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Таямніцы лёсу самай старажытнай беларускай бібліятэкі


Ужо менш чым праз год мы будзем святкаваць 500-годдзе пачатку айчыннага кнігадрукавання. А ўжо сёлета адзначаецца яшчэ адзін адметны юбілей — 950 гадоў бібліятэцы Полацкага Сафійскага сабора. Менавіта гэты кнігазбор лічыцца самым старажытным на беларускіх землях.

Яго напаткаў лёс мноства іншых старадаўніх бібліятэк — яны былі вывезены за мяжу, расцярушаны на асобныя выданні, што цяпер знаходзяцца ў розных краінах і гарадах. Пазнакі, зробленыя на старонках кніг у розныя стагоддзі, дапамагаюць даследчыкам ідэнтыфікаваць няпросты шлях кніжных вандровак... Мы можам толькі марыць пра тое, што аднойчы хоць якая-небудзь з манастырскіх ці шляхецкіх бібліятэк цалкам вернецца ў Беларусь.

Пакуль жа — як спроба віртуальнага дакранання да страчанай кніжнай спадчыны — часам удаецца атрымаць лічбавыя копіі арыгіналаў. Пагадзіцеся, дух мінулай эпохі ў камп'ютарнай версіі старадрука не надта адчуваецца. Затое, відаць, цікавыя яны для даследчыкаў, што будуць іх расчытваць...

Днямі атрымана дакладная лічбавая копія рукапісу, які першапачаткова захоўваўся ў бібліятэцы Полацкага Сафійскага сабора, але цяпер атрымаў прытулак у бібліятэцы Львоўскага ўніверсітэта. Гэта, бясспрэчна, важная падзея для кнігазнаўцаў. У будучыні чакаецца плённае супрацоўніцтва і з Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы, што ў Варшаве, — ужо атрымана папярэдняя згода на атрыманне лічбавых копій.

Вялікую перспектыву мае даследаванне кнігазбораў у Расіі — Санкт-Пецярбургу і Маскве. Там маюцца вялізныя сховішчы старых кніг. Але знайсці, якія з іх калісьці належалі Полацку, досыць няпроста. Трэба літаральна з лупай разглядаць пазнакі на старонках кожнай з іх, каб убачыць знаёмыя знакі.

У Маскве «кніжны след» можа быць звязаны з дзейнасцю Івана Грознага — яго войскі захапілі Полацк у сярэдзіне XVІ стагоддзя. А ў Пецярбургу ў калекцыі Замойскіх таксама захоўваліся некаторыя рукапісы з Полацка. Таму шлях у справе пошуку і вяртання кніг першай беларускай бібліятэкі наперадзе яшчэ доўгі.

Некаторыя кнігі са старажытнай бібліятэкі больш позняга часу — XVІІ, XVІІІ, XІX стагоддзяў — цяпер можна ўбачыць на выстаўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Бо яны захоўваюцца акурат у яе фондах.

— Дакладная дата пабудовы Полацкага Сафійскага сабора невядомая. Час з'яўлення першай бібліятэкі на беларускіх землях, натуральна, таксама не зафіксаваны. Належала яна полацкім князям або манастырскаму кнігазбору?.. Але самай славутай і вялікай бібліятэкай старажытнасці акурат з'яўляецца бібліятэка Сафійскага сабора ў Полацку. У далейшым яна фарміравалася з розных крыніц, таму стала адной з самых каштоўных, — адзначае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — Полацкі кнігазбор фактычна выконваў функцыю дзяржаўнага.

З іншага боку — епархіяльнага і царкоўнага збору. Ён выкарыстоўваўся непасрэдна для літургіі і іншых службаў. Там захоўваліся шматлікія жыціі святых, не толькі мясцовых, але і з усяго свету. Змяшчаліся і летапісныя крыніцы. Дакладна вядома, што падчас Лівонскай вайны менавіта адтуль быў вывезены першы пскоўскі летапіс (ствараўся ён у Пскове, а захоўваўся менавіта ў Полацку), які сёння знаходзіцца ў Польшчы. Увогуле ж рукапісы з гэтага кнігазбору разышліся па ўсім свеце... Дакладна кнігі з яго ёсць у Польшчы і Украіне.

Адносна таго, якім чынам кнігі былі страчаны з полацкай бібліятэкі, ёсць самыя розныя меркаванні. Некаторыя з іх лічацца даследчыкамі больш праўдзівымі. Іншым яны не схільныя давяраць. Але ўсё магчыма! Раптам адна з версій неяк дапаможа ў справе вяртання страчанай кніжнай спадчыны?..

Пра тое, куды і якім чынам маглі трапіць кнігі з бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора на «круглым стале», прысвечаным 950-годдзю найстарэйшага кнігазбору, расказваў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

Ён адзначыў, што, згодна з «рускім кірункам» даследаванняў, кнігі маглі трапіць у бібліятэку Івана Грознага пасля заваявання ім Полацка. Пра вялікую ўвагу да мясцовай Сафіі сведчыць, напрыклад, той факт, што, ад'язджаючы з Полацка, рускі цар даў наказ, як праводзіць службы ў саборы, каго і як туды пускаць...

— Але зборы бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора не адпавядалі профілю камплектавання бібліятэкі Івана Грознага, — удакладняе Раман Матульскі. — Бо полацкі фонд быў скамплектаваны ў асноўным еўрапейскімі кнігамі, якія ствараліся на падставе заходніх каштоўнасцяў. Нават кнігі праваслаўнай скіраванасці ў гэтым сэнсе мелі пэўныя нюансы. Таму такія кнігі маглі быць не проста непатрэбнымі, але шкоднымі для маскоўскага царства і царквы таго часу. З гэтай прычыны іх, магчыма, і не кранулі. Але адкрытым застаецца пытанне, ці займаўся ў той час хтосьці адборам, аналізам кніг для бібліятэкі Івана Грознага?.. Адказ мы маглі б атрымаць толькі ў тым выпадку, калі б была знойдзена бібліятэка цара. Ёсць і такія даследчыкі, што схільныя сумнявацца ўвогуле ў існаванні царскай бібліятэкі. Тым не менш пошукі працягваюцца.

Згодна з «польскай версіяй», бібліятэка трапіла ў рукі салдат Рэчы Паспалітай, якія штурмавалі Полацк. Але далейшы лёс кніг невядомы...

Ёсць версія ўдзелу манахаў у знікненні (а дакладней зберажэнні) кніг. У той час, калі войскі Івана Грознага наблізіліся да сцен горада, манахі маглі спрабаваць схаваць самае каштоўнае, што было ў саборы, у тым ліку бібліятэку. І калі не ўсю цалкам, то хаця б яе частку. І калі тое, што засталося, маглі забраць і вывезці, то самае каштоўнае засталося і надзейна схавана! Гэта версія лічыцца амаль фантастычнай. Але калі дапусціць яе верагоднасць, то кнігі і дагэтуль могуць знаходзіцца ў сутарэннях Полацка... Чым не тэма для рамана ці экранізацыі?.. Між іншым, гэтыя сутарэнні да нашага часу амаль нікім так і не былі даследаваны.

Маецца і яшчэ адно меркаванне, якое ўмоўна называюць «познім». Кажуць, што бібліятэка была вывезена з Полацка ўжо пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Кім і чаму?.. Малаверагодна, але нехта сцвярджае, быццам кнігі прадаваліся для таго, каб хоць неяк аднавіць полацкую Сафію. З іншага боку, пасля вайны быў час пэўнай няўвагі да культурных каштоўнасцяў, таму нейчая «рука» магла прысвоіць каштоўныя кнігі.

Дакладна вядома, што частка рукапісаў апынулася ў Кракаве, дзе месцілася рэзідэнцыя польскіх каралёў, і знаходзілася там да XVІІ стагоддзя. Потым след яе губляецца. Яшчэ частка кніг (даследчыкамі дакладна ўстаноўлена іх колькасць — 11) цяпер знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Яны з'яўляюцца непасрэдным дакументальным пацвярджэннем той першай бібліятэкі, якая дзейнічала на беларускіх землях 950 гадоў таму... Яшчэ частка кніг была перададзена праваслаўнай царкве і трапіла ў бібліятэку Львоўскага ўніверсітэта.

Супрацоўнікамі нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вяліся перамовы аб тым, каб прывезці «Пролаг», які знаходзіцца там, на часовае экспанаванне. Аднак рукапіс з'яўляецца вялікай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму дамоўленасці дасягнуць не ўдалося. Была перададзена электронная копія. Таму праца па зборы бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора — у алічбаваным ці рэальным выглядзе — яшчэ працягваецца.

Ніна Шчарбачэвіч
nina@zviazda.by
Звязда, 20 верасня 2016



 

Кoличество переходов на страницу: 545


Комментарии