https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Юбілеі класікаў як усенародныя святы беларускай літаратуры


У канцы гэтага года наша краіна шырока адзначыла 125-годдзе Максіма Багдановіча. Свята атрымалася сапраўды маштабным і ўсенародным. Не толькі літаратурныя музеі і афіцыйныя ўстановы далучыліся да ўрачыстасцяў. Многія людзі на сваіх асабістых старонках у сацыяльных сетках размяшчалі віншаванні паэту, дэкламавалі вершы падчас імпрэз, наведвалі памятныя канцэрты. У наступным годзе нас таксама чакае некалькі юбілеяў беларускіх класікаў. У іх ліку — 130-годдзе з дня нараджэння Цішкі Гартнага, 105-годдзе Максіма Танка, 100-годдзе Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Але, думаецца, найбольш яркімі могуць стаць святы ў гонар двух песняроў, асабліва знакавых у станаўленні нацыянальнай літаратуры і дарагіх беларускаму народу, — 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. І хоць самі святкаванні адбудуцца ўлетку і ўвосень, ужо сёння варта паклапаціцца пра тое, каб годна адзначыць дні нараджэння класікаў.

Ці можна неяк паўплываць на ўсенародную любоў? Якія імпрэзы варта запланаваць да юбілеяў? Што новага чакаецца ў працы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, куды нядаўна прыйшоў новы кіраўнік? На гэтыя і іншыя пытанні за «круглым сталом» у рэдакцыі «Звязды» шукалі адказы дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, загадчык сектара ўліку і захоўвання фонду Максіма Багдановіча Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алена Кніга і намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Кароткая.

Наш гонар, наша зорка

Зміцер Яцкевіч: — Пэўна, зоркі так склаліся, што юбілей паэта быў адзначаны ў нашай краіне надзвычай годна. Я лічу, што такія асобы, як Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас вартыя вялікай увагі і ўрачыстасцяў. Спадзяюся, наступны юбілейны год пройдзе на такім жа высокім узроўні. Бо чым больш праводзіцца такіх святаў у гонар нашых пісьменнікаў і паэтаў, тым больш упэўнена мы будзем адчуваць сябе на гэтай зямлі і ганарыцца сваёй Беларуссю.


Алена Кніга: — Максім Багдановіч, як вядома, пайшоў з жыцця ва ўзросце 25 гадоў. Таму і праца нашага літаратурнага музея скіравана на маладое пакаленне. Мерапрыемствамі, імпрэзамі, якія ладзяцца ў музеі, моладзь прывучаецца да таго, што Максім Багдановіч — гэта наш гонар, наша зорка. У гэтым годзе адкрылася новая экспазіцыя — і гэта таксама значная падзея ў грамадскім жыцці. Акрамя таго, сёлета ў фонды музея мы атрымалі вельмі каштоўны прадмет — брашуру «Беларускае відроджанне», што выйшла пры жыцці паэта ў 1916 годзе ў Відневе (Вена). Гэта пераклад яго артыкула «Беларускае адраджэнне» на ўкраінскую мову. Такое выданне маецца толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Славеніі, а таксама ў нас. Да таго ж у музей звярнуліся мастакі і падарылі свае работы да юбілею паэта, якія папоўнілі калекцыі графікі і жывапісу.

Алена Ляшковіч: — Адносна маштабнасці юбілею Багдановіча, мне здаецца, што тут супала адразу некалькі фактараў. Перш за ўсё, наша грамадства ўжо было падрыхтавана да гэтай урачыстасці, яно яе чакала. Быў спрыяльны час, і мы аказаліся гатовы належным чынам адсвяткаваць. Таму, калі гаварыць пра выхаванне патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, то пачынаць трэба найперш з сябе. Зараз нашы суайчыннікі акурат гэтым і займаюцца.

Новыя тэхналогіі як паказчык папулярнасці


Наталля Кароткая: — У інтэрнэце вельмі лёгка заўважыць, наколькі папулярная тая або іншая тэма. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што асоба Максіма Багдановіча выклікала на партале «Звязды» і сайце «Сугучча» вельмі вялікую цікавасць. Мы мяркуем аб гэтым па колькасці праглядаў матэрыялаў, звязаных з ім. Чаму? Па-першае, ён быў маладым чалавекам, ствараў такую пранікнёную лірыку. Да таго ж усё, што звязана з беларускасцю, сёння надзвычай папулярна ў моладзі.

Хачу спыніцца на адным праекце. На сайце sozvuchіe.by мы зрабілі цэлы раздзел «Максім Багдановіч», дзе групаваліся ўсе матэрыялы пра Багдановіча. У тым ліку пераклады верша паэта «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы ...» на розныя мовы свету. Але хутка мы зразумелі, што з гэтага можа атрымацца мультымедыйны праект. «Максіма Багдановіча чытаюць на мовах народаў свету» мы зрабілі сумесна з вядомым літаратуразнаўцам Міколам Трусам. Менавіта ён з'явіўся ідэйным натхняльнікам задумы. Носьбітаў мовы мы шукалі па дыяспарах, у сацыяльных сетках, спрацавала і народнае радыё: нашы чытальнікі тэлефанавалі сваім знаёмым і прапаноўвалі прыняць удзел. Усяго мы зрабілі 19 відэасюжэтаў: пераклады на азербайджанскую, італьянскую, арабскую, японскую, партугальскую, польскую, эстонскую, літоўскую, англійскую, украінскую, іспанскую, татарскую, харвацкую, рускую, туркменскую, чачэнскую, кітайскую і карацінскую мовы. Мы вельмі ўдзячны Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча і бібліятэцы-філіялу №8 імя Максіма Багдановіча, якія выдзелілі нам пляцоўку для здымак.

Праект аказаўся рэзанансным: яго прагледзелі болей за 6,5 тысячы чалавек, ідэю падхоплівалі іншыя, напрыклад, нашых чытальнікаў запрашалі ў бібліятэкі для таго, каб яны прачыталі верш Багдановіча на сваёй мове дзецям. У нас з'явілася шмат прапаноў, у тым ліку зрабіць у наступным годзе аналагічныя праекты, звязаныя з Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Практыка работы ў інтэрнэце паказвае, што моладзь цікавіцца беларускай літаратурай і культурай. Але для іх прасоўвання трэба шукаць цікавыя формы падачы, выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі.

Купала, Колас і замежжа

Алена Ляшковіч: — 135-годдзе Купалы і Коласа ўжо не за гарамі. Каб гэтыя даты былі адзначаны належным чынам, каб яны не прайшлі афіцыйна-наменклатурна, мы таксама павінны пачаць з сябе, прааналізаваць усю нашу дзейнасць. Важна самім зразумець, чаго мы хочам і што плануем у гэты год? Думаю, святкаванні пройдуць на высокім узроўні, мы ўжо маем пэўныя задумы. Напрыклад, распачынаем выставачны праект «Янка Купала ў дыялогу культур». Прааналізаваўшы творчасць Купалы, мы прыйшлі да высновы, што яго многае звязвае і з бліжэйшымі суседзямі, і з краінамі Каўказа, і з еўрапейскімі краінамі. Ужо падрыхтаваны экспазіцыі да гэтага праекта, што паказваюць сувязь Янкі Купалы і Арменіі, а таксама Грузіі, Туркменістана, Славакіі, Францыі. Спадзяюся, што, калі мы арганізуем гэтыя выставы за мяжой, то абудзім цікавасць не толькі да нашага класіка, але і да Беларусі.


Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: — Музей Якуба Коласа даволі плённа супрацоўнічае з роднаснымі музеямі Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы. Мы маем доўгатэрміновыя сумесныя распрацоўкі — як выставачныя, так і агульнаадукацыйныя.

Толькі сёлета музей-запаведнік «Міхайлаўскае» прадоўжыў цікавы праект «Пушкін у гасцях у Коласа» і парадаваў школьнікаў Мінска агульнаадукацыйнай праграмай «Музейны дэсант». Музеямі Санкт-Пецярбурга ладзіліся выставачныя форумы «Дастаеўскі ў гасцях у Коласа», «Блок у Доме Коласа».

У наступным годзе чакаем працягу нашай працы з літаратурным музеем імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Якуб Колас «пагасцюе» там са сваёй «Новай зямлёю», ён «завітае» і ў музей Бранеўскага ў Варшаве, а таксама ў музей Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу. Такой сумеснай працай мы падкрэсліваем адкрытасць, якую меў Колас, яго прыязнасць да ўсіх, хто завітваў у дом, жаданне ладзіць і сябраваць з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, у прыватнасці літаратарамі. У 2017 годзе спаўняецца 100 гадоў з таго часу, як Якуб Колас аказаўся падчас вайны ў Курску, — плануецца і там правесці ўрачыстасці сумесна з мясцовым кіраўніцтвам.

Ужо адзначалі, што сённяшняя моладзь скіравана да беларускасці — і я пагаджуся з гэтым. Літаральна днямі ў Дом Коласа завітала група школьнікаў, і было прыемнай нечаканасцю паслухаць песню на словы паэта, напісаную вучнем 7-га класа, — яго так натхніў верш «Ручэй».

Нагода ўзгадаць

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: — У нас асаблівы музей — ён мемарыяльны — тэхнічныя сродкі ўводзім вельмі ашчадна. Таму вырашылі задзейнічаць дадатковыя пабудовы. Сёлета адкрылася вельмі добрая экспазіцыя ў былым гаражы Якуба Коласа. У калекцыі — аўтамабілі, якімі ў розныя часы карыстаўся паэт.

Сёлета завершана музеефікацыя сядзібы «Альбуць» у філіяле музея. У гаспадарчай пабудове створана стацыянарная выстаўка «Прырода роднага краю» з інтэрактыўнымі зонамі па матывах паэмы «Новая зямля», якая дапамагае вывучаць навакольны раслінны і жывёльны свет.

Сумесна з Літаратурным музеем Пушкіна ў Вільні ўжо распрацоўваецца экскурсія, якая называецца «Вандроўкі з Коласам па Вільні». А мы прапаноўваем гасцям і жыхарам сталіцы пешую экскурсію «Коласавы мясціны ў Мінску».

Алена Ляшковіч: — Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, якія запланаваны на наступны год. Скажу толькі, што юбілеі — гэта нагода для грамадства ўзгадаць пра класікаў. Як бы мы ні любілі нашых песняроў, людзі ведаюць пра іх недастаткова... Дарэчы, ёсць дамова з чатырма гарадамі Славакіі аб усталяванні памятных дошак, прысвечаных Янку Купалу. Цяпер шукаем фінансы на рэалізацыю праекта. Гэта будзе ўнікальны выпадак нават у гісторыі сусветнай культуры — калі імя класіка адной краіны так пачэсна ўшанавана ў іншай. Спадзяюся, спонсары знойдуцца.


Зміцер Яцкевіч: — У наступным годзе нас чакаюць і 100-гадовыя юбілеі Пімена Панчанкі і Янкі Брыля — запланаваны адпаведныя выставы. Таксама будзе адзначацца 90-годдзе Алеся Адамовіча. На сённяшні дзень актывізавана праца па стварэнні музея пісьменніка ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна. Разам з калегамі будзем планаваць, як сумесна адзначыць юбілеі Купалы і Коласа. Бо ў фондах нашай установы маюцца музейныя прадметы, звязаныя з гэтымі класікамі: 359 прадметаў, датычных Янкі Купалы, і 451 прадмет, які мае сувязь з Якубам Коласам. Сярод гэтых матэрыялаў ёсць і надзвычай цікавыя — рукапісы, лісты, дакументы, кнігі з аўтографамі.

Набыццё аўтэнтычных рэчаў

Зміцер Яцкевіч: — Што датычыцца галаўнога музея, то ў наступным годзе мы паспрабуем распрацаваць архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі і адкрыць хаця б яе частку. Канцэпцыя пастаяннай экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі развіцця беларускай літаратуры заканчваецца 90-мі гадамі ХХ стагоддзя. Аднак беларуская літаратура на гэтым не спыніла сваё існаванне. Яна працягвае жыць і развівацца. Ужо сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, мы маем нобелеўскага лаўрэата. Гэта ганаровае званне прысуджана нашай суайчынніцы Святлане Алексіевіч. І гэтую падзею мы, безумоўна, не можам не адлюстраваць у нашых экспазіцыйна-выставачных праектах. На гэты конт у нас таксама ўжо ёсць пэўныя задумы. Такім чынам, перад намі стаіць вельмі няпростая задача — стварыць экспазіцыю, змястоўную, цікавую і, галоўнае, адпаведную ўсім патрабаванням сучаснага наведвальніка.

Паралельна будзем пашыраць дзейнасць і пералік паслуг, якія прапаноўваюць сёння наведвальніку нашы філіялы, раскіданыя па розных кутках краіны.

Асаблівая ўвага будзе нададзена камплектаванню музейных фондаў. У межах падрыхтоўкі да стварэння пастаяннай экспазіцыі музея ў першую чаргу плануецца набываць прадметы музейнага значэння, якія будуць папаўняць ужо існуючыя калекцыі і адлюстроўваць літаратурны працэс на Беларусі ад старажытных часоў да ХІХ стагоддзя ўключна. Менавіта такіх матэрыялаў бракуе ў нашых фондах, аднак гэта натуральна, паколькі ўжо сёння ад тых часоў нас аддзяляюць стагоддзі. Акрамя гэтага, такія нашы філіялы, як музей Адама Міцкевіча ў Завоссі, Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, таксама могуць быць дапоўнены рэчамі таго перыяду, калі там жылі гэтыя творцы, каб стаць яшчэ больш адметнымі і знакавымі.

Ужо вядзецца праца ў кірунку набыцця аўтэнтычных рэчаў. Але пакуль не будзем раскрываць таямніц, каб удалося здзейсніць усё задуманае (натуральна, гэта будзе залежаць і ад нашых фінансавых магчымасцяў). Важна мець не муляжы, а знакавыя прадметы ў экспазіцыях, каб наглядна бачыць, як развівалася наша пісьменства і літаратура.

У планах пашырыць і навукова-даследчую працу па шэрагу кірункаў, у тым ліку і па стварэнні радаводаў класікаў беларускай літаратуры.

Паміж класікамі і сучаснымі аўтарамі

Зміцер Яцкевіч: — У нас штотыдзень праводзяцца імпрэзы, якія закранаюць не толькі класікаў, але і сучасных літаратараў — абсалютна розных па сваіх светапоглядах, успрыняцці рэчаіснасці, бачанні і разуменні мастацкага слова. Часам прыходзіцца звяртацца ў Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі для атрымання рэцэнзій на кнігі некаторых аўтараў. Спадзяюся, што і надалей будзем працягваць супрацоўніцтва з сучаснымі творцамі.

Алена Ляшковіч: — Калі сучасны аўтар напісаў верш, прысвечаны Янку Купалу, мы з задавальненнем возьмем у нашы фонды яго рукапіс. Але больш стасуемся з аўтарамі па лініі культурна-адукацыйнай працы. Мы паставілі сабе задачу стаць эксперыментальнай пляцоўкай для маладых творцаў — гэта музыканты, мастакі, паэты і празаікі, якія могуць зрабіць прэзентацыю сваёй творчасці ў нашым музеі. Думаю, прадстаўленне свайго мастацтва ў Літаратурным музеі — пэўная адказнасць для аўтара. Працуючы з моладдзю, мы думаем аб тым, што папулярызуем нашага Янку Купалу.

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: — У нас даволі актыўна праходзяць літаратурныя чацвяргі, прэзентуюцца кнігі, ушаноўваюцца пісьменнікі-юбіляры. Зараз карыстаецца попытам «Кватэрнік у дзядзькі Якуба» — нязмушаная сустрэча творчай моладзі. Там і бардаўскія песні спяваюць, і чытаюць уласныя вершы. Згодна, што прэзентаваць сваю кнігу ў літаратурным музеі — вялікі гонар для маладога аўтара. Таму можна сказаць, што і класікі, і сучасныя творцы ў пэўным сэнсе добра «супрацоўнічаюць».



Ніна Шчарбацевіч
nina@zviazda.by
27 снежня 2016, zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 711


Комментарии