https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пабачыў свет дыск беларускіх аўтэнтычных вясельных песень і мелодый


Іх запіс зроблены на Мёршчыне вядомым паэтам, даследчыкам Сяргеем Панізнікам у 1968—1969 гадах.

Ці марылі вы калі-небудзь перанесціся ў часе і хоць адным вокам зірнуць, як святкавалі вяселле вашы бабуля з дзядулем? Паглядзець, у якіх строях былі госці, як выглядала маладая, паслухаць, якія песні спявалі і пад якую музыку танцавалі? Натуральна, нешматлікія пажоўклыя фотаздымкі з сямейнага архіва, успаміны сваякоў дапамогуць скласці хоць нейкае ўяўленне пра тую знакавую падзею. А вось новы дыск, выдадзены музыкам Сержуком Доўгушавым з выкарыстаннем архіўных запісаў Сяргея Панізніка, яшчэ больш прыадкрые таямніцу і дасць магчымасць паслухаць, як тое далёкае вяселле «спявала і скакала» больш як паўстагоддзя таму.

Дыск «Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў» — сапраўды ўнікальны. Ён змяшчае тры дзясяткі вясельных песень і мелодый, якія спявалі і ігралі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на Мёршчыне. Адметна, што некаторыя з песень запісаныя на сапраўдным вяселлі Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, што адбывалася ў Лявонпалі 18-19 жніўня 1969 года. А танцы — полькі, вальсы, кракавяк і маршы для маладых «за стол», «як дораць маладую» змешчаны менавіта ў тым парадку, у якім яны гучалі на свяце. Яшчэ больш дэталёва адчуць атмасферу таго далёкага свята дапамогуць фотаздымкі, зробленыя Сяргеем Панізнікам у Лявонпалі і ваколіцах у жніўні 1969 года.

Цікава, што Сяргей Сцяпанавіч не проста запісаў вясельныя песні, але і зрабіў іх навуковае суправаджэнне. Так, мы ведаем, як завуць усіх спявачак і музыкантаў, у чыім выкананні гучаць песні і мелодыі на дыску. А ў буклеце, што суправаджае саму кружэлку, для зручнасці змешчаныя тэксты ўсіх спеваў. Гэтыя рысы музычнага выдання ператвараюць яго ў сапраўдны дапаможнік для аматараў беларускага фальклору, для тых, хто цікавіцца нашай мінуўшчынай і імкнецца працягваць традыцыі, ладзячы і ўласнае вяселле ў аўтэнтычным беларускім стылі. А гэта асабліва актуальна ў наш час, калі вяртаецца «мода» на традыцыі.

Адна з першых прэзентацый дыска прайшла на радзіме ўсіх гэтых вясельных песень і мелодый — у вёсцы Мілашова, што на Мёршчыне. У межах праекта «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні», арганізаванага пісьменніцай Аленай Масла, у мясцовым касцёле Маці Божай Шкаплернай пасля імшы адбылося выступленне выдаўца дыска, музыкі Сержука Доўгушава, спявачкі Юліі Літвінавай і гурта з Полацка «Варган».

Таксама падчас «Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў» адкрылася галерэя «Пуня» на сядзібе Стэфана Масла. Тут прадстаўлены мастацкія работы Аксаны Аракчэевай і Крысціны Баранавай.

Марына Весялуха
vesіaluha@zvіazda.by
Звязда, 22 верасня 2016



 

Кoличество переходов на страницу: 650


Комментарии