https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Якія мы?


Нацыянальны статыстычны камітэт усё падлічыў...

Беларусь па колькасці насельніцтва займае 87-е месца ў свеце. 54% жыхароў нашай краіны складаюць жанчыны. Тры чвэрці жыхароў Беларусі — гараджане. Узровень нараджальнасці ў краіне недастатковы для простага ўзнаўлення насельніцтва. На 1000 беларусаў у працаздольным узросце знаходзяцца 265 асоб маладзей за працаздольны ўзрост і 382 чалавекі старэй за працаздольны ўзрост... Такі, у агульных рысах, наш з вамі "партрэт", намаляваны Нацыянальным статыстычным камітэтам рэспублікі. А цяпер больш падрабязна...

У Беларусі не хапае мужчын

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч, на 1000 мужчын у нашай краіне прыпадае 1152 жанчыны. Пры гэтым нараджаецца больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак. І ва ўзроставай групе да 15 гадоў на 1000 прадстаўнікоў мужчынскага полу прыпадае 946 прадстаўніц жаночага полу; ва ўзросце 16-32 гады — 959. Але ў больш старэйшым узросце суадносіны мяняюцца: на 1000 мужчын ва ўзросце 33-49 гадоў прыпадае 1068 жанчын, ва ўзросце 50-64 гады — 1239 жанчын, ва ўзросце 65 гадоў і старэй — ужо 2159. Падобная дыспрапорцыя абумоўлена высокай смяротнасцю мужчын у працаздольным узросце.

У гарадской мясцовасці на 1000 мужчын прыпадае 1165 жанчын, у сельскай — 1113 жанчын.

Беларусы скасоўваюць шлюб часцей ва ўзросце 25-34 гады

У 2011 годзе ў Беларусі зарэгістравана 87 тыс. шлюбаў, або 9,2 шлюбу ў разліку на 1000 насельніцтва. Паводле статыстыкі, беларускі ўступаюць у першы шлюб пераважна ва ўзросце 24,5 года, беларусы — 26,6 года. Сярэдні ўзрост уступлення ў паўторны шлюб для жанчын складае 37,1 года, для мужчын — 40 гадоў.

Летась у Беларусі было скасавана 39 тыс. шлюбаў — амаль на 2 тыс. больш, чым у 2010-м. На 1000 жыхароў краіны прыпала 4,1 разводу. "Найбольш паказальнымі з'яўляюцца суадносіны ліку разводаў да ліку заключаных шлюбаў, якія знізіліся з 696 разводаў на 1000 заключаных шлюбаў у 2000 годзе да 445 у 2011-м", — заяўляе Алена Кухарэвіч.

Сельскія сям'і з'яўляюцца больш устойлівымі: у 2011 годзе ў горадзе на 1000 заключаных шлюбных саюзаў прыйшоўся 461 развод, а ў сельскай мясцовасці — 366 разводаў.

Найбольшая колькасць разводаў (чацвёртая частка ад агульнай іх колькасці) прыйшлося на сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе 5-9 гадоў. Сярод скасаваных шлюбаў найбольшая ўдзельная вага (больш за 40%) прыпадае на ўзрост 25-34 гады — гэта значыць на найбольш рэпрадуктыўны ўзрост. Такая тэндэнцыя захоўваецца ўжо на працягу многіх гадоў. Летась каля 57% сямейных пар пры разводзе мелі непаўналетніх дзяцей.

Нас нараджаецца менш, чым памірае

Летась у Беларусі нарадзілася 109 тыс. дзяцей (у 2010-м — 108 тыс.). Традыцыйна па гэтым паказчыку лідзіруе Брэсцкая вобласць, найменшы ўзровень нараджальнасці — у Віцебскай вобласці. Амаль палова ад гэтай колькасці звязана з нараджэннем жанчынай другога, трэцяга і наступных дзяцей. Сярод рэгіёнаў рэспублікі па нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей лідзіруе Брэсцкая вобласць, а другія дзеці часцей нараджаюцца ў горадзе Мінску.

Аднак узровень нараджальнасці, які існуе, недастатковы для простага ўзнаўлення насельніцтва і забяспечвае замяшчэнне пакаленняў толькі на 70%.

Мы — урбанізаваная краіна

За 2011 год колькасць гарадскога насельніцтва краіны ўзрасла на 53 тыс. чалавек і дасягнула 7 млн. 175 тыс. Найбольшае павелічэнне колькасці жыхароў адзначана ў Мінску, насельніцтва якога за 2011 год узрасло на 21 тыс. чалавек (з іх 18 тыс. чалавек склалі мігранты) . Прырост насельніцтва таксама быў адзначаны ў абласных цэнтрах і практычна ва ўсіх гарадах абласнога падпарадкавання.

Патокі ўнутранай міграцыі ў рэспубліцы на працягу многіх гадоў накіраваны з вёскі ў горад. Большасць тых, хто выязджае з вёскі ў горад — маладыя людзі. Мэта іх пераезду — працяг адукацыі або працаўладкаванне.

70% гарадскога насельніцтва засяроджана ў буйных гарадах рэспублікі з колькасцю жыхароў 100 тыс. чалавек і больш. Гэта горад Мінск, усе абласныя цэнтры, а таксама Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Салігорск, Наваполацк. Дарэчы, Наваполацк далучыўся да гарадоў-100-тысячнікаў у мінулым годзе.

Што тычыцца колькасці сельскага насельніцтва, то яна на 1 студзеня 2012 года склала 2 млн. 290 тыс. чалавек.

Беларусы адносяцца да старэючых нацый

Сёння сярэдні ўзрост жыхара Беларусі — 39,7 года, прычым у гарадской мясцовасці — 38,3 года, у сельскай — 44 гады. Самае "старое" насельніцтва — у Віцебскай вобласці (сярэдні ўзрост жыхара — 41,1 года), самае "маладое" — у Мінску (38 гадоў).

Сярэдні ўзрост беларускіх мужчын — 36,9 года, жанчын — 42,1 года.

Паводле звестак Белстата, доля насельніцтва ў працаздольным узросце па-ранейшаму дастаткова вялікая. На пачатак гэтага года ў рэспубліцы зарэгістравана 5,8 млн чалавек працаздольнага ўзросту (гэта 60% ад агульнай колькасці насельніцтва).

Але, па словах Алены Кухарэвіч, тэндэнцыя змяншэння колькасці працаздольнага насельніцтва захаваецца, паколькі ў гэты ўзрост будуць уступаць малалікія групы насельніцтва нараджэння пачатку 90-х гадоў, калі быў дастаткова нізкі ўзровень нараджальнасці. Разам з тым, з працаздольнага ўзросту паступова выходзіць пакаленне тых, хто нарадзіўся ў пасляваенныя гады, для якіх быў характэрны рост нараджальнасці.

Колькасць насельніцтва маладзей за працаздольны ўзрост (0-15 гадоў) склала на 1 студзеня гэтага года 1,5 млн чалавек, ці 16,1% ад агульнай колькасці жыхароў краіны. Яе павелічэнне за 2011 год на 9 тыс. чалавек звязана з тым, што ў дзетародны ўзрост уступілі жанчыны 80-х гадоў нараджэння, калі назіраўся досыць высокі ўзровень нараджальнасці.

***

Разам з тым, у Беларусі павялічваецца доля старэючага насельніцтва. Так, колькасць насельніцтва старэй за працаздольны ўзрост толькі за 2011 год павялічылася амаль на 30 тыс. чалавек.

У адпаведнасці з класіфікацыяй ААН, насельніцтва лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце старэй за 65 гадоў у ім складае 7%. Як паведаміла намеснік старшыні Белстата, яшчэ ў 50-я гады ХХ стагоддзя вышэйназваны паказчык у нашай краіне перавысіў гэты бар'ер і на пачатку 2012 года наблізіўся да 14%. На фоне нізкага ўзроўню нараджальнасці і павелічэння сярэдняй працягласці жыцця насельніцтва Беларусі будзе працягваць старэць.

Гэта, у сваю чаргу, аказвае ўплыў на змяненне структуры нагрузкі на працаздольнае насельніцтва. Так, у 2000 годзе на 1000 чалавек у працаздольным узросце прыпадала 356 асоб маладзей за працаздольны ўзрост і 370 асоб старэй за працаздольны ўзрост. Сёння на 1000 чалавек у працаздольным узросце прыпадае 265 асоб маладзей за працаздольны ўзрост і 382 чалавекі старэй за працаздольны ўзрост.

Толькі факты

— Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня гэтага года склала 9 млн 465 тыс. чалавек, на 1?сакавіка — 9 млн 461 тыс. За 2011 год колькасць жыхароў зменшылася на 16 тыс. чалавек. Гэта раўназначна таму, калі б з карты нашай краіны знік адзін з такіх гарадоў, як Ашмяны або Стоўбцы.

— У сярэднім, на 1 кв. км у нас пражывае 46 чалавек. Найменш шчыльна населенай з'яўляецца Віцебская вобласць (30 чалавек на 1 кв.км), а ў горадзе Мінску — 6 тыс. чалавек на 1 кв.км.

— Летась у Беларусі, паводле папярэдняй інфармацыі, чаканая працягласць жыцця склала 70,6 года. Чаканая працягласць жыцця ў беларускіх мужчын — 64,7 года, у беларускіх жанчын — 76,7 года.

Святлана Бусько
Звязда, 19 красавіка 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1538


Комментарии