https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


А цяпер — сусветны патоп, калі ласка...


Ад стваральніка «Гамлета»-супергероя: мадэль магчымай будучыні разыгрываюць лялькамі.

Галава павісла ніжэй за калені — таму што го-о-орка жыць на свеце. Без горкай. Паводле Горкага — «На дне», адкуль не ўзняцца. Можа таму, што не надта хочацца?

Начлежка, дзе збіраюцца жыхары, што апынуліся на ўзбочыне грамадства. Гэта само чалавечае грамадства, дзе ёсць персанажы самыя розныя: слесары і акцёры, бароны і злодзеі, закаханыя дзяўчаты і вулічныя дзеўкі... Ёсць гаспадары, якім усе плацяць за магчымасць жыць. Але і першыя, і другія не здагадваюцца, што насамрэч існуюць як мошкі ў шкляным слоіку, за паводзінамі якіх назіраюць збоку: вылезуць ці не?

Залежыць ад іх: ёсць шлях, адкуль ідзе прыток паветра, каб істоты маглі мець жыццёва неабходны кісларод. Яны дыхаюць і працягваюць поўзаць па дне слоіка, а пра магчымасць вылезці на паверхню не здагадваюцца, так прывыклі. Ім даюць падказку: аднекуль у начлежцы з'яўляецца дзядок Лука... У яго асаблівая місія, паводле беларускага рэжысёра-лялечніка Ігара Казакова.

П'есу Максіма Горкага «На дне» ён узяў за аснову пастаноўкі Магілёўскага абласнога тэатра лялек, каб засведчыць: чалавек — не гучыць горда.

Нават слоў такіх у яго спектаклі няма. Да нейкага моманту іх яшчэ чакаеш, а потым разумееш: не той выпадак. Ад пачатку дзеяння сябе адчуваеш назіральнікам за жыццём істот, што поўзаюць па сцэне, пакуль не прыходзіць разуменне: тыя, хто назіраюць, у той самы момант самі з'яўляюцца для кагосьці прадметам назірання. Не новае, не арыгінальнае, чамусьці ўсе спектаклі гляджу, нібыта яны пра мяне. Але такой брыдкай сябе яшчэ не бачыла.

Тут суцэльны беспрасвет. Спектакль не для слабанервовых, нават пазначаны ўзроставым абмежаваннем 18+. Жудасныя лялькі са скрыўленымі грымасамі прыкрываюць палову тулава акцёраў (дапамагала ўвасобіць ідэю рэжысёра мастак Таццяна Нерсісян) — у такім выглядзе персанажы ўспрымаюцца як гібрыдныя пачвары, у якіх яшчэ застаецца нешта чалавечае. Яно часам рвецца вонкі, і тады артыст скідвае штучную галаву і становіцца сабой, чалавекам. Вось у чым перавага лялечнага тэатра: ён адкрывае магчымасці сказаць нешта метафарычна, але гэта не азначае, што меней драматычнага накалу. Наадварот.

Калі бачыш перад сабой рэальнага акцёра, які прамаўляе словы, то разумееш: які ж прыгожы чалавек, калі можа быць сам сабой. Калі ў ім прачынаюцца светлыя пачуцці. Ці нехта да іх падштурхоўвае. Правакатар-Лука ўвесь час круціцца пад нагамі, ён узнікае нечакана кожны раз тады, калі ў некага сумненні і выбар. Такі белы і пухнаты анёльчык з крылцамі. Стараецца абудзіць добрае і светлае — і вось ужо прарастае са шчылін кветкавымі галінкамі любоў, вось-вось спраўдзіцца каханне... І трэба ж гэтым людзям самім усё сапсаваць. Лука апускае крылцы, знікае. Нехта, хто паслаў яго сюды, вычарпаў магчымасці выцягнуць і ўратаваць чалавецтва ад той прорвы, у якую яно імкліва коціцца з-за ўласнай ляноты ці абыякавасці да свайго ж лёсу. Нехта — дакладна не Горкі.

Шмат што нават супярэчыць галоўнай задуме аўтара п'есы, сам сэнс спектакля Казакова прынцыпова іншы. Дасягнуць гэтага ўдалося, паставіўшы кропку значна раней, згодна з воляй стваральніка, Казакова (як і ў любой тэатральнай пастаноўцы аўтар — рэжысёр). П'еса — толькі сродак, праз які ён хоча пра нешта пагаварыць з іншымі. І яму можна быць у гэтым розным: не такім добрым, як Лука, не сацыяльна скіраваным, як аўтар п'есы. Наогул паміж імі адлегласць у стагоддзе. Максім Горкі пісаў пра дно, маючы на ўвазе, што ёсць не толькі яно, імкнучыся абудзіць лепшае ў чалавеку (сто гадоў таму можна было на гэта спадзявацца). Але аўтар спектакля можа не быць гуманістам, калі для гэтага няма падстаў. Ён як стваральнік свайго мікрасвету можа не верыць у будучыню такой істоты, як чалавек. Грызня, забойствы, здрада, бруд. Час ад часу ў начлежках трэба прыбіраць.

Санслужба прыходзіць і працуе з халодным разлікам, каб вызваліць прастору. Адкрываецца шлюз, і на начлежку абрынаюцца патокі вады, змываючы ўсё, што ў ёй было. Апакаліпсіс: апошняе папярэджанне.

Даволі жорсткае, бязлітаснае. Але мякка і пяшчотна ўжо спрабаваў Лука ў гэтым жа спектаклі. Яго правільныя словы выклікалі ўсмешку. Калі напрыканцы агаломшыў халодны вадаспад, кожны, прынамсі, здрыгануўся. Калі верыць лекарам, то падобныя аднамомантавыя стрэсы для жывога арганізма карысныя, бо актывізуюць імунную сістэму. А што да пяшчоты, то яе і так занадта ў нашых тэатрах.



 

Кoличество переходов на страницу: 595


Комментарии