https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прах Магдалены Радзівіл могуць перанесці ў Мінск


Прах мецэнаткі Магдалены Радзівіл можа быць перанесены са швейцарскага Фрыбура ў Мінск.

Пра такую задумку падчас нядаўняга візіта ў Беларусь расказалі князі Мацей і Мікалай Радзівілы.


— Магдалена Радзівіл лічыла сябе беларускай, цягам свайго жыцця яна падтрымлівала беларускія школы, беларускую культуру, палітычныя рухі, якія ў гады Першай сусветнай вайны імкнуліся да незалежнасці краіны. Для яе гэта было няпроста, бо такая пазіцыя не была папулярнай у колах польскай, літоўскай арыстакратыі, якая думала пра ўваскрэсенне Рэчы Паспалітай у выглядзе федэрацыі народаў, што раней жылі ў гэтай дзяржаве. Але Магдалена выхавала сябе беларускай, — кажа Мацей Радзівіл.

Магчыма, цікавасць да беларускай культуры і мовы Магдалене прывіў яе другі муж Мікалай Вацлаў Радзівіл, афіцэр царскай арміі. Ён быў амаль на дваццаць гадоў маладзейшы за жонку, глыбока цікавіўся беларускім фальклорам. На жаль, ён загінуў у пачатку Першай сусветнай вайны.

Пра мецэнацкую дзейнасць Магдалены Радзівіл можна распавядаць шмат. Яна падтрымлівала выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства. Дзякуючы яе фінансаваму спрыянню пабачылі свет кнігі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло. А прыбытак ад продажу аднаго з самых каштоўных яе брыльянтавых калье — а гэта 15 тысяч долараў (на той час — вельмі вялікія грошы) — быў перададзены кляштару айцоў- марыянаў у Друі.

Лёс склаўся так, што ў 1918 годзе Магдалена Радзівіл вымушана была эміграваць з Беларусі. Жыла ў Польшчы, Літве, Германіі. З 1932 года — у швейцарскім Фрыбуры, дзе і памерла ў 1945 годзе ва ўзросце 83 гадоў.

— Яшчэ жывыя праўнукі Магдалены Радзівіл, якія яе памятаюць. Яны ведаюць пра стаўленне прабабулі да Беларусі, пра яе мару жыць і памерці тут, — распавядае Мацей Радзівіл, — Яна марыла жыць у Мінску, але не мела такой магчымасці. Пакінула тэстамент, але ён не змяшчае інструкцый, дзе Магдалена хацела б быць пахаванай. Варта ўлічваць, што дакумент складаўся ў 1943 годзе, і ў той час ніхто нават не думаў пра магчымасць быць пахаваным у Мінску ці Нясвіжы.

Дарэчы, у Фрыбуры Магдалена мела вельмі добрую сяброўку з Германіі, яны захварэлі амаль у адзін час і марылі быць пахаванымі ў адным склепе. Так і сталася. Сёння прах Магдалены, яе дачкі Марыі Красінскай і сяброўкі захоўваецца побач. Радзівілы жадаюць выканаць гэтую волю Магдалены і ў Мінску пахаваць сябровак таксама разам. А прах дачкі Магдалены можа быць перанесены ў Сіняву (Польшча), дзе знаходзіцца фамільная крыпта, бо сёння ніхто з яе нашчадкаў у Швейцарыі не жыве.

Ёсць верагоднасць, што прах Магдалены Радзівіл будзе перанесены ў Чырвоны касцёл у Мінску, цяпер ідуць перамовы з кіраўніцтвам касцёла Беларусі і гарадскімі ўладамі. І ў гэтым бачыцца досыць лагічнае рашэнне: мецэнатка жыла ў Мінску непадалёк ад касцёла, нават захаваўся яе дом на плошчы Незалежнасці. Таксама Чырвоны касцёл сёння становіцца пантэонам духоўнасці Беларусі: дзесяцігоддзе таму тут быў перазахаваны прах фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча, знайшоў апошні спачын у гэтым храме і прах даследчыка беларускай культуры, англійска-французскага адваката Гая Пікарда.

Сёлета споўнілася 155 гадоў з дня нараджэння Магдалены Радзівіл. Да гэтай важнай даты была прымеркавана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага — апора беларускай дзяржаўнасці, асветнікі і фундатары беларускай культуры». Форум, арганізаваны Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж» і Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь, прайшоў у Мінску і Нясвіжы.

Падчас пленарнага і секцыйных пасяджэнняў навукоўцы разважалі пра ролю мецэнацтва ў развіцці культуры Беларусі, гаварылі пра ўнёсак Магдалены Радзівіл, значнасць яе асобы. Але, думаецца, нас яшчэ чакаюць адкрыцці. Нават напрыканцы жыцця Магдалена не адпачывала, займалася дабрачыннасцю. Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс выказаў думку, што ў архівах Фрыбура могуць захоўвацца ўспаміны мецэнаткі, таму варта правесці больш падрабязнае даследаванне. Цалкам верагодна, што ў лёсе Магдалены Радзівіл нам адкрыюцца новыя старонкі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 582


Комментарии