https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Выстаўка карцін Уладзіміра Сайко адкрылася ў Прэзідэнцкай бібліятэцы


У свае 25 Уладзіміру сапраўды ёсць чым ганарыцца: ён атрымаў добрую адукацыю ў Беларусі і Расіі, зладзіў некалькі персанальных выставак, заснаваў уласную майстэрню. Карціны маладога чалавека ўжо знаходзяцца ў прыватных калекцыях не толькі на радзіме, але і ў Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Швейцарыі, ЗША, Венесуэле, Кітаі, Іране, Ліване, Эквадоры і ПАР.

Сярод работ можна вылучыць тэматычныя групы, напрыклад, цыкл, прысвечаны беларускім жанчынам. Гераіні партрэтаў, сталыя і маладыя, намаляваны з натуры і ўвасабляюць беларускі жаночы тыпаж. Сярод іх — дзве выявы бабулі мастака Алімпіяды Ануфрыеўны. Адметна, што ўнук маляваў яе аж 26 разоў, нават правёў асобную выстаўку яе партрэтаў пад назвай «Алімпіяда».

Шмат месца займаюць пейзажы са знаёмымі гледачу беларускімі краявідамі. На выстаўцы прадстаўлены і маштабныя карціны, і эцюды, зробленыя ў парыве натхнення за некалькі гадзін. Разам з вучнямі Уладзімір Сайко выпраўляецца ў падарожжы па родных мясцінах, шукае маляўнічыя пейзажы сярод непралазнага гушчару. «Пленэр — гэта аснова і сэнс жывапісу, — кажа мастак. — Само паняцце «жывапіс» паходзіць ад слова «жыццё», і пленэр дае магчымасць пісаць сярод прыроды».


Адзін з важных напрамкаў творчасці Уладзіміра Сайко — батальны жывапіс. На карцінах ажываюць падзеі мінулых дзён. Ён стварае палотны і ў сваёй майстэрні, і ў «палявых» умовах, калі выязджае на рэканструкцыі баёў. Па адным з эцюдаў, зробленых падчас рэканструкцыі падзей у лістападзе 1812 года каля вёскі Студзёнка, мастак намаляваў карціну «Беларускія атланты». Вайну 1812 года для Беларусі можна лічыць грамадзянскай, бо жыхары нашага краю змагаліся тады як на баку Расіі, так і на баку Францыі.

Выстаўка ў Прэзідэнцкай бібліятэцы працуе да 31 жніўня.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Zviazda.By



 

Кoличество переходов на страницу: 619


Комментарии