https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Старажытнае смецце — скарбніца для сапраўднага гісторыка


Лаўрэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама "Чалавек года" — Ігар Марзалюк, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар.

Ігар Марзалюк родам з Краснапольшчыны. Яго бацька — настаўнік гісторыі. Уплыў яго быў настолькі вялікі, што будучы прафесар ужо з пачатковай школы ведаў, што будзе гісторыкам.

Першым крокам да любімай прафесіі сталі кнігі: "Замкі Беларусі" Міхаіла Ткачова, "Ажываюць сівыя стагоддзі" Георгія Штыхава (які, дарэчы, пазней стане навуковым кіраўніком Марзалюка, калі той пісаў кандыдацкую дысертацыю). Назіранні на летніх канікулах за археолагамі, якія працавалі ў Мірскім замку, умацавалі памкненні хлопчыка дакрануцца да старажытных таямніц.

Падлеткам яго цягнула ў бок мікрабіялогіі, потым астраноміі, лесазнаўства, але ўсё ж наступныя гады пераканалі, што Марзалюк — прыроджаны гісторык.


Не стагнаць, а рабіць

— Ледзь не ўсе скардзяцца на складаны мінулы год з яго праблемамі. А вось у вас летась былі адны поспехі. Як гэта ўдалося?

— Калі казаць пра прафесійныя набыткі, то 2011 год быў надзвычай удалым. Па-першае, былі буйныя, маштабныя археалагічныя даследаванні. Напрыклад, у Старым Шклове, дзе мы сабралі велізарную калекцыю ў некалькі тысяч прадметаў. Вось паглядзіце: прыйшлі манеты з рэстаўрацыі. Гэтая маленькая манетка з "Пагоняй" — дынарый. Яму чатыры стагоддзі.

— Прыгожы гэты старажытны дынарый. А сучасных грошай вам было дастаткова?

— Гэта, сапраўды, была праблема — выехаць на раскопкі. Фінансавання не хапала, але мы выкручваліся, як маглі. І перажылі, адолелі. Я мяркую, што людзі ўвогуле дзеляцца на дзве катэгорыі: тыя, хто робяць, і тыя, хто стогнуць. Я і сёлета буду працаваць.

— Якія-небудзь новыя праекты?

— Так. Хачу тут падзякаваць за дапамогу аднаму са знакавых беларусаў у расійскай іерархіі ўлады — пісьменніку Валерыю Казакову, які родам з Чавускага раёна. У нас з ім ёсць сумесны праект, які будзе рэалізаваны сёлета. Я стаў галоўным рэдактарам Беларускага гістарычнага альманаха, і ўжо амаль што сабраў першы выпуск, які мы прэзентуем увосень. Гэта будзе тоўсты прафесійны часопіс на розных мовах, у стварэнні якога будуць браць удзел калегі з іншых краін. Архіўныя тэксты, сярэднявечная Беларусь, археалагічныя раскопкі... Гэта ўжо рэальная справа. Зразумела, сёлета таксама будзе не вельмі проста, але той, хто стаіць, застаецца на месцы. Я бягу, і іначай не ўмею.

Захаваць скарб беларусаў

— Вы аднойчы сказалі, што гісторыя Беларусі — гэта скарб, які нельга даць разрабаваць.

— Я маю на ўвазе, у першую чаргу, археалагічную спадчыну. Гэтая праблема ўсім ужо нагнала аскому: у нас сёння няма нармальнай аховы помнікаў археалогіі, а таму практычна беспакарана на ўсёй тэрыторыі Беларусі вядзецца варварскае знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны. Людзі робяць на гэтым бізнэс. Праз празрыстыя межы нашы каштоўнасці лавінай перапраўляюцца ў Расію і там рэалізуюцца.

— Няўжо ўсё так дрэнна?

— Выйдзіце ў інтэрнэт ды паглядзіце, колькі рэчаў, якія знайшлі ў нашай зямлі, цяпер выстаўлены на продаж. Колькасць "чарнушнікаў" проста велізарная! Цяпер ад гэтых капальнікаў асабліва церпяць помнікі эпохі бронзы, жалеза, сярэднявечча. Бо там ёсць рэчы, якія можна прадаць, і зрабіць гэта вельмі выгадна.

Ведаеце, нават у невялікім Ізраілі ёсць археалагічная паліцыя, а ў нас — няма. Няхай тады аховай археалагічных помнікаў зоймецца інспекцыя аховы прыроды — няхай пільнуюць і штрафуюць. Чаму ж не?

Тысячагадовае каханне

— Якая самая каштоўная і самая дзіўная археалагічная знаходка ў вашым жыцці?

— Ну, я пастаянна з крыкам "Банзай!" вылятаю са сваіх раскопаў. Самая дзіўная для мяне гісторыя здарылася, калі мы раскрылі курган і знайшлі пахаванне, у якім ляжала жанчына. Яна была брунеткай — гэта высветлілася, калі я знайшоў пасму валасоў. Альбо іншае пахаванне — ваяра. Як мае быць — па абрадзе, з поясам. А побач з ім ляжыць жаночы дар: маленькая абламаная частка скроневага кальца, якую жанчына паклала ў магілу. Адламала і паклала...

— Гэта, напэўна, быў знак адданасці каханаму мужчыну, якія пайшоў з жыцця...

— І ўсё гэта адбылося шмат стагоддзяў таму. Гэта быў курганны магільнік непадалёк ад Магілёва. А здараецца, што і ў абдымку ляжаць у магіле...

А калі пра каштоўнасці, то самай фантастычнай знаходкай стаў крыж-энкалпіён (з часткамі мошчаў святых унутры) у Шклоўскім раёне. Такая ўнікальная знаходка, ды яшчэ ў ідэальным стане, — гэта ў маёй практыцы здарылася ўпершыню.

Але самае радаснае адкрыццё звязана не з канкрэтнай рэччу, а з гістарычным фактам. Адкрыццё старажытнага гарадзішча, з якога пайшоў Магілёў, стала для мяне велізарным прафесійным шчасцем. Гэта адбылося на пачатку 1990-х гадоў.

Яшчэ да мяне ўмацавалася перакананне, што ў Магілёве не было ранніх паселішчаў, напластаванняў XІІ-XІІІ стагоддзяў. А мы на тэрыторыі парка імя Горкага, дзе быў дзядзінец, знайшлі старажытныя ўмацаванні і культурны слой таго часу, шмат прадметаў. Напрыклад, бранзалет з кірылічным надпісам, са словам "жэод" — што па-грэчаску азначала "зямля". Так што кабета, якая насіла той сціплы бранзалет, трохі ведала грэчаскую мову, і гэта вельмі паказальна. Асноўная частка тых знакавых знаходак цяпер знаходзіцца ў музеі гісторыі Магілёва.

У пошуках старажытнага сметніка

— Археалагічная ўдача — капрызная дама, так?

— Аднойчы мы капалі там, дзе ў Магілёве драматычны тэатр: усё было сумна, корпацца надакучыла, і я зусім не спадзяваўся на нешта цікавае. І раптам — "вылазіць" з зямлі пячная кафля (сярэдзіны XVІІ стагоддзя) з элементамі гарадскога герба і выявамі рыцара! Гэта, напэўна, быў стары калодзеж, куды выкідалі ўсё непатрэбнае. Я не мог паверыць, што так пашанцавала. Гавораць жа, што кожны археолаг марыць знайсці свой старажытны сметнік, і той быў мой.

— А што адчуваеш, калі знаходзіш артэфакт, дзякуючы якому мяняецца ўяўленне пра нейкія гістарычныя падзеі?


— Каласальнае маральнае задавальненне. Калі на невялікім гарадзішчы пачынаеш збіраць элітарныя рэчы — візантыйскае шкло і ювелірныя вырабы, калі пад тваімі пальчыкамі заблішчыць вельмі ранні скандынаўскі крыжык канца Х стагоддзя, — гэта не параўнальныя ні з чым адчуванні.

— Вы расказваеце пра Стары Шклоў?

— Тое, што ў Шклове ёсць культурны слой Х стагоддзя, высветліў задоўга да мяне Георгій Штыхаў. Але менавіта наша каманда знайшла важныя рэчы для разумення статусу старажытнага паселішча. Пярсцёнкі з выявай прарочай птушкі гамаюн, якая на райскім дрэве з вінаградам сядзіць! А асартымент гаршковай кафлі! Знайшлі нават каменны нож, які сведчыць, што ў трэцім тысячагоддзі да нашай эры на тым пагорку ўжо былі людзі.

Новыя Альгерды гісторыі

— Вашага сына завуць Альгердам. Прызнайцеся, гэта вы далі яму знакавае імя? Каб атрымаў у спадчыну вашу апантанасць гісторыяй?

— Не, назвала жонка — яна таксама гісторык. Паводле традыцыі ў нашай сям'і імя хлопчыку дае маці. Ну і добра атрымалася: я не да ўсіх літоўскіх князёў стаўлюся з сімпатыяй, але якраз Альгерд — добры і разумны, ніколі не піў хмяльныя напоі, быў лёгкі на паходы, марыў зрабіць дзяржаву цэнтрам аб'яднання ўсходнеславянскіх зямель.

— А якая ў вашага Альгерда мара?

— Самая запаветная — каб маці адпускала на археалагічныя раскопкі. Яму 10 гадоў, і ён ужо ездзіў, махаў рыдлёўкай. Нават першы раз хлопчыку пашанцавала: мы знайшлі пахаванне воіна, ён расчышчаў касцяк, і гэта былі незабыўныя ўражанні.

— Як вам падаецца, увогуле моладзь цягнецца сёння да гісторыі і археалогіі? Гэта па-ранейшаму модна?

— За ўсю моладзь не скажу. Але мяне радуе, што сярод тых, хто прыходзіць да нас атрымліваць адукацыю, многія хочуць звязаць свой лёс з навукай. Вельмі добра быць настаўнікам, але важна, каб і навука развівалася.

Часам бывае такое стаўленне, нават у масцітых мужоў, што гуманітарныя навукі — не самыя важныя. Аднак на самай справе, як любіў паўтараць вялікі польскі гісторык Юзэф Шуйскі, фальшывая гісторыя — маці фальшывай палітыкі. Для таго, каб людзі пайшлі забіваць адзін аднаго, трэба толькі стрэліць словам. І потым са зброяй у руках пачнуць высвятляць, хто каго пакрыўдзіў і хто тут жыве не па праве. На жаль, гэта існуе і да сённяшняга дня. Таму зараз важнае значэнне мае прафесійнае вывучэнне гісторыі. Каб зразумець, чаму мы ёсць такія, трэба ведаць рэальнае гістарычнае мінулае.

— Але ў ім будзе не толькі пазітыўнае, але і адмоўнае.

— Горкая праўда карысная для разумення сітуацыі, а значыць — і для далейшых крокаў наперад. Гэта элементарна: калі ведаеш праблему — разумееш, як з ёй разбірацца. І гісторык ніколі не з'яўляецца пракурорам, ён — адвакат: не навешвае ярлыкі і не падганяе мінулае пад сённяшнія стэрэатыпы. Ён нібыта выслухоўвае продкаў і імкнецца зразумець матывацыю іх паводзін.

Google і археалогія — хто каго?

— Ці пераможа, на ваш погляд, інтэрнэт археалогію і гісторыю?

— Чым будзе жывіцца той жа Google, калі ніхто не будзе ствараць прафесійныя тэксты, у тым ліку і гістарычныя?

Працэс пазнання чалавека бясконцы. Анатамічна развіццё чалавека скончылася ў каменным веку, але развіццё грамадства, навукі і культуры — у гэтым сэнсе мы пастаянна эвалюцыяніруем. Вядома, здараюцца і тупіковыя варыянты, але я тут стрыманы аптыміст. Гісторык, як і доктар, ведае, што ў нейкі прамежак часу не ўсялякая хвароба можа быць вылечана. У кожнага пакалення сваё мінулае. Мяняецца стаўленне да свету, з'яўляюцца новыя тэмы і рэчы.

— А як вы думаеце, па якіх рэчах археолагі будучага змогуць меркаваць па нашым часе?

— У будучых археолагаў будзе фантастычная крыніца для даследаванняў. Пра нас будуць сведчыць бітыя шкляныя бутэлькі, слоікі ад кансерваў і ўсё іншае, што мы цяпер раскідваем, не задумваючыся пра гэта.
Увогуле, што такое гісторыя і археалогія? Гэта дыялог дзвюх культур. Мяне, як гісторыка, цікавяць многія пытанні: як мае продкі жылі, як кахалі, як харчаваліся, як будавалі дамы. Што імі кіравала, што было добра і дрэнна, і чаму. Археолагаў будучага не менш будзе цікавіць наша штодзённасць.

Дарэчы:

Ігар Марзалюк з'яўляецца адным з аўтараў (разам з літоўскімі і ўкраінскімі калегамі) міжнароднага выдання "Грунвальдская бітва — бітва народаў". Ілюстраванае даследаванне прысвечана 600-годдзю бітвы і з'яўляецца сумеснай працай спадчыннікаў Вялікага Княства Літоўскага. Кніга выйшла ва ўкраінскім і літоўскім варыянтах, а вось пераклад на беларускую мову пакуль застаецца праектам. Між тым, гэтае выданне стала ва Украіне кнігай года ў намінацыі "За садзейнічанне ў выхаванні маладога пакалення".


Гутарыла Ілона Іванова
Звязда, 19 красавіка 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1530


Комментарии