https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нацыянальнаму гістарычнаму музею споўнілася 60 год


Да 60-годдзя з дня заснавання ўстановы калектыву Нацыянальнага гістарычнага музея накіраваў віншаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У віншаванні гаворыцца: «Дзякуючы плённай працы некалькіх пакаленняў супрацоўнікаў у музеі сабрана многа артэфактаў, якія прадстаўляюць беларускую нацыю як неад'емную частку сусветнай супольнасці, адлюстроўваюць этапы развіцця краіны, мастацкія набыткі нашага народа, яго звычаі і традыцыі». Таксама кіраўнік дзяржавы адзначыў, што высокай ацэнкі заслугоўвае дзейнасць музея як сацыяльна-культурнага інстытута, скіраваная на выхаванне патрыятызму, вывучэнне і папулярызацыю гістарычнага мінулага Беларусі, у тым ліку за яе межамі.

15 снежня 1956 года быў падпісаны дазвол на «ўтварэнне групы для правядзення падрыхтоўчых работ да адкрыцця Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея». Менавіта гэтая дата традыцыйна лічыцца «днём нараджэння» музея, якому ў бягучым годзе споўнілася ўжо 60 гадоў. Мы даведаліся, чаму прыйшлося разабраць ужо ўсталяваную першую экспазіцыю, навошта лекцыі ладзілі ў цэхах і чым вядомы будынак, у якім месціцца галоўны корпус.


А пачалося ўсё з ткацкага станка

Таямніцы «за сямю пячаткамі» (дарэчы, дакументальнае пацвярджэнне паходжання гэтай фразы можна знайсці ў музейным сховішчы) нам раскрыла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ніна Калымага. На розных пасадах яна працуе тут ужо больш за 40 гадоў. Таму і пра лёс гэтай установы культуры яна расказвае як пра нешта вельмі асабістае.

Прататыпам «імянінніка» па праву можна лічыць Мінскі абласны музей, утвораны ў 1919 годзе пасля абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Пазней ён змяніў яшчэ дзве назвы, паспеў пабыць Беларускім дзяржаўным і Мінскім сацыяльна-гістарычным музеем. У гады вайны ўстанову спасцігла незайздросная доля: яе не змаглі эвакуіраваць, таму экспанаты былі раскрадзены. Доўгі час пра аднаўленне музея не было і гаворкі. Зрухі пачаліся ў 1956 годзе, калі была сабрана група з 10 экспертаў пад кіраўніцтвам Льва Міхайлоўскага. Маленечкі штат практычна цалкам быў вылучаны з супрацоўнікаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, таму нічога дзіўнага, што размясціўся ён у тым жа будынку — Доме прафсаюзаў на плошчы 8-га Сакавіка, цяперашняй — Свабоды. Дарэчы, Музей гісторыі ВАВ быў створаны яшчэ ў канцы верасня 1943 года і доўгі час неафіцыйна лічыўся галоўным у краіне.

Як толькі група экспертаў была сабрана, пачалася напружаная работа. Асноўнай крыніцай збору экспанатаў былі шматлікія этнаграфічныя экспедыцыі, акрамя таго пачаліся археалагічныя раскопкі, свой уклад у фарміраванне фондаў унеслі і ветэранскія арганізацыі, якія перадавалі ў музей архіўныя дакументы. У той перыяд установа змяніла «прапіску», пераехаўшы ў будынак былога кінатэатра «Родина», які і цяпер можна знайсці па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 2.

Першым афіцыйна зарэгістраваным экспанатам стаў ткацкі станок, які ўдалося здабыць падчас адной з этнаграфічных экспедыцый. Значная частка прадметаў была перададзена з Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, бо пасля яго з'яўлення менавіта туды неслі любую рэч, якая мела хоць нейкі намёк на гістарычную каштоўнасць. У канцы 1950-х быў створаны вучоны савет, куды ўваходзіла не толькі група экспертаў, але і выкладчыкі ўніверсітэтаў, а таксама прадстаўнікі Акадэміі навук і іншых музеяў. Тады пачалося абмеркаванне пабудовы будучай экспазіцыі.


«Захапіць» банк

Варта адзначыць, што ўжо ў 1957 годзе была прынята пастанова аб вылучэнні асобнага будынка для Гісторыка-краязнаўчага музея. І месца для яго было абрана адметнае — на галоўнай плошчы горада, па адрасе праспект Леніна, 25а (цяпер — Незалежнасці). Гэты ўжо зніклы з карты сталіцы будынак — нягледзячы на тое, што гістарычны музей там так і не працаваў для наведвальнікаў ні дня — добра вядомы кожнаму даросламу мінчуку. Будаўніцтва завяршылася ў 1964 годзе, пасля чаго пачаўся працяглы пераезд. Калі фонды музея размясцілі ў сховішчы новага будынка, супрацоўнікі ўладкаваліся на нязвыклым месцы і нават амаль цалкам была зманціравана экспазіцыя, нечакана паўстала неабходнасць чарговага «перасялення».

У 1965 годзе для таго, каб увекавечыць памяць герояў, было вырашана пабудаваць грандыёзны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак неўзабаве знайшлося менш затратнае рашэнне задачы — дастаткова было проста ўчыніць «ракіроўку». Так Музей ВАВ на доўгі час размясціўся на цэнтральнай плошчы, а Нацыянальны гістарычны музей знайшоў прыстанак па цяперашнім адрасе — Карла Маркса, 12.

Але свой след гістарычны музей пакінуць усё ж паспеў: за ім былі замацаваныя тры паверхі, а сховішча займалі яго фонды. Пасля адкрыцця Музея гісторыі ВАВ на аснове збору няўдалага «ўладальніка» будынка там прайшлі тэматычныя выставы: «Народная творчасць БССР» і «Народная гаспадарка Беларускай ССР за 1959—1965-я гг. і задачы новай пяцігодкі».

Будынак, у якім у выніку асталяваўся «музей-качэўнік», мае сваю багатую гісторыю. Ён быў узведзены ў 1903—1905 гг. і прызначаўся для аддзялення Расійскага дзяржаўнага банка. Праектная дакументацыя не захавалася, аднак атрымалася адшукаць перапіску мінскіх архітэктараў з пецярбургскімі заказчыкамі, кіраваў маштабнай будоўляй губернскі інжынер А.В. Нектар'еўcкі. На гэтай тэрыторыі размясціліся два цагляныя будынкі, гаспадарчыя адрыны і дзве альтанкі. Калі драўляная выкарыстоўвалася толькі па сваім прамым прызначэнні, то цагляная адначасова з'яўлялася яшчэ і сховішчам. Тыя, хто разлічвае падчас экскурсіі выпадкова адшукаць манеты, якія згубіліся ў нетрах умацаванага банкаўскага склепа, спадзяюцца дарма: сховішча знаходзілася ў надворным будынку, а не на месцы цяперашняга музея. У залах жa, якія цяпер сталі экспазіцыйнымі, раней былі канторы служачых, а таксама кватэры работнікаў банка.

Пасля рэвалюцыі ў розныя гады тут размяшчаліся ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ, народны камісарыят фінансаў БССР, рэдакцыя часопіса «Работница и крестьянка», выканаўчы камітэт гарсавета і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Каб павялічыць функцыянальнасць такога запатрабаванага будынка ў 1930-я ў ім быў дабудаваны трэці паверх.


Гісторыю — у масы

Афіцыйнае адкрыццё Дзяржаўнага музея БССР (такую назву тады насіў цяперашні Нацыянальны гістарычны музей) адбылося 2 лістапада 1967 г. У народзе ён атрымаў «мянушку» — музей з гарматай або проста краязнаўчы. Экспазіцыя была пабудавана па этапах гістарычнага развіцця: ад жыцця старажытнага чалавека да савецкага перыяду. Дарэчы, нягледзячы на шматлікія новаўвядзенні, прынцыпы падачы матэрыялу, напрыклад, у зале першабытна-абшчыннага ладу засталіся нязменнымі. А ўважлівы экскурсант нават зможа адшукаць уражальныя экспанаты, якія запалі яму ў памяць некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Значную частку наведвальнікаў у той перыяд складалі турысты з усяго Савецкага Саюза, якія прыбывалі ў Мінск цэлымі цягнікамі, а з вакзала групамі па 300—400 чалавек накіроўваліся наўпрост у Дзяржаўны музей Беларускай ССР. Дарэчы, цягнікі былі задзейнічаны і ў рабоце самога музея: яны са спецыяльна абсталяванымі вагонамі — выставачнымі заламі раз'язджалі па краіне, «прасвятляючы» яе жыхароў. Выязныя лекцыі былі распаўсюджанымі ў практыцы музея: іх праводзілі ў сельскіх клубах, на прадпрыемствах, прычым без адрыву ад вытворчасці — проста ў цэхах. Сярод тэм, напрыклад, «Помнікі Леніну ў Беларусі», «Мінск — горад-герой». Акрамя таго, у сферу дзейнасці ўстановы культуры таксама ўваходзіла арганізацыя розных гурткоў. На базе музея доўгі час існаваў «Клуб будучага ваяра».

Перад распадам СССР было прынята рашэнне аб змене назвы на Музей гісторыі Беларусі і Кампартыі Беларусі. Нягледзячы на падпісаную пастанову, новая назва так і не была выкарыстана, а большасць работнікаў нават не здагадваліся пра змены, якія павінны былі іх закрануць.

Інтэрактыў, квэсты і віртуальная рэальнасць

Зараз у склад музея ўваходзіць 5 філіялаў: Музей прыроды і экалогіі Беларусі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей гісторыі беларускага кіно, Дом-музей І з'езда РСДРП і Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Нядзіўна, што менавіта Нацыянальнаму гістарычнаму музею належыць самая вялікая колькасць экспанатаў у Беларусі: больш за 14% ад агульнага ліку ў краіне. У фондах музея знаходзіцца каля 50 буйных калекцый рознай скіраванасці і 118 скарбаў. Штогод у яго збор паступае 2 тысячы патэнцыйных экспанатаў, на цяперашні момант іх агульная колькасць перавышае 450 тысяч.

Аднак толькі багаццем музейных фондаў цяперашняга патрабавальнага наведвальніка ўжо складана здзівіць. У ход ідзе выкарыстанне сучасных тэхналогій. Напрыклад, з Мінска 2016 года, дзякуючы акулярам віртуальнай рэальнасці, можна перамясціцца ў сярэднявечны замак. На піку папулярнасці цяпер квэсты: падарожнічаючы па самім музеі і яго філіялах, неабходна разгадаць таямніцу.

Дарэчы, апошнім часам замест рэстарана хуткага харчавання многія бацькі ў дзень нараджэння прыводзяць дзяцей менавіта сюды: для імяніннікаў распрацавана спецыяльная праграма.

Усе новыя выставы будуюцца на прынцыпах інтэрактыўнасці: некаторымі экспанатамі можна карыстацца, самастойна правяраючы прынцып іх дзеяння. Выстава «Час цудаў. Зімовыя святы і забавы» і наогул прадугледжвае ўдзел у рухавых гульнях.

Як адзначыла Ніна Калымага, «Музей — гэта жывы арганізм: як толькі спыняецца развіццё, пачынаецца адміранне. Мы з такой перспектывай не згодныя, таму стараемся бесперапынна ўдасканальваць сваю працу».

Дар'я Каско
kasko@zvіazda.by
14 снежня 2016, zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 617


Комментарии