https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Славянскі базар у Віцебску» афіцыйна стартаваў


Учора вечарам у Летнім амфітэатры адкрыўся XXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Па традыцыі свабодных месцаў у глядзельнай зале не было. Цырымонія афіцыйнага адкрыцця «алімпіяды мастацтваў» прайшла на адным дыханні.


Тое, што фестываль — важная культурная падзея, пацвярджаюць прывітальныя тэлеграмы ад прэзідэнтаў Расіі, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі і іншых краін.

Учора ўпершыню ў ганаровай абстаноўцы каля галоўнай сцэнічнай пляцоўкі «Базару» паднялі сцяг фестывалю. У незабыўнай цырымоніі ўдзельнічалі больш за 200 (!) барабаншчыц, духавыя аркестры, артысты. У цэнтры ўвагі публікі былі два паветраныя шары. Гэтае мерапрыемства ў дырэкцыі плануюць зрабіць традыцыйным.

Зрэшты, стала вядома імя лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Сёлета гэтага гонару ўдастоіліся маэстра Міхаіл Фінберг і аркестр, якім ён кіруе.


— Ганаруся тым, што жыву ў Беларусі. Да «Базару» мы працавалі і на фестывалях польскай песні, якія да яго таксама праводзіліся ў Віцебску. Тут сапраўднае свята нацыянальных культур. Вельмі рады, што ў Беларусі захоўваюць песенныя традыцыі, — эмацыянальна падзяліўся радасцю знакаміты дырыжор.

У суботу, 16 ліпеня, на «Базары» — Дзень моладзі. Калі задумацца, то за 25 гадоў правядзення фэсту вырасла цэлае пакаленне. Што яго цікавіць, захапляе? Вось гэта і пакажуць хлопцы і дзяўчаты. У праграме парад маладзёжных субкультур «Беларусь у сэрцы маім!». На плошчы Перамогі на працягу ўсяго дня можна будзе з захапленнем паназіраць за выступленнямі скейтбардыстаў, ролераў, мастакоў бодзі-арту. Сваім мастацтвам падзеляцца барды, выхаванцы танцавальных школ краіны, удзельнікі маладзёжных аркестраў і музычных калектываў. Будзе прадстаўлены і фальклор. Вызначаць нават лепшага бармена.


Шмат цікавага будзе і на самым юным праекце — фестывалі вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Артысты пакажуць перформансы, спектаклі, у тым ліку і «тэатр ценяў».

Распачнецца XІV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2016». А ў дарослых выканаўцаў адбудзецца першы дзень фіналу конкурсу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Ад рэдакцыі

Карэспандэнт «Звязды» Аляксандр Пукшанскі стаў адным з чатырох журналістаў, якім учора ўручылі ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі за актыўную плённую працу па асвятленні мерапрыемстваў мінулага фестывалю. Гэта адбылося падчас адкрыцця Міжнароднага прэс-цэнтра.



 

Кoличество переходов на страницу: 614


Комментарии