___________________________________________________________
— Алена Анатольеўна, дзякуючы вашай грамадскай ініцыятыве, на Дзяржыншчыне нададзены новы імпульс краязнаўчай рабоце.
— Штуршком да гэтага стаў лёс маёй роднай вёскі Навасады. Калі археолагі даследавалі навакольныя мясціны, знайшлі ляпную штрыхаваную і ганчарную кераміку, якая адносіцца да ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі. Гэта значыць, што людзі жылі тут 2000 — 2400 гадоў таму. Па афіцыйных звестках, вёска вядомая з ХVIII стагоддзя.
Карусь Каганец, вядомы прадстаўнік беларускага адраджэння, часта бываў у Навасадах, дзе жылі сваякі яго жонкі, Ганны Пракаповіч. Да таго ж, ён увогуле захапляўся жыцём вёскі. Пра ўзровень свядомасці яе жыхароў сведчыць той факт, што яшчэ ў 1885 годзе тут была адкрыта школа граматы. Паездкі сюды садзейнічалі фарміраванню ў Каруся Каганца рэвалюцыйнага светапогляду. Дарэчы, у 1905 годзе ён трапіў у Мінскую турму за агітацыйную дзейнасць сярод сялянства Койданаўшчыны.
У савецкі час вёска была цэнтральнай сядзібай калгаса, уваходзіла ў склад Навасадскага сельсавета. У гады вайны ў тутэйшых лясах актыўна дзейнічалі партызанскія атрады. Навасады ледзьве не напаткаў лёс суседніх спаленых вёсак. Перажыўшы вялікае гора, людзі асабліва цанілі жыццё.
Казалі, раней з вясковай гары быў бачны будынак опернага тэатра ў Мінску. Агні сталіцы нібы магнітам прыцягвалі моладзь.
Навасады прыціхлі: не сысці б у нябыт…
А сёлета 1 чэрвеня тут адбылося вялікае свята, якое ператварылася ў своеасаблівы рух вёсак на Дзяржыншчыне…
— Працягам краязнаўчых пошукаў стала адзначэнне 145-годдзя з дня нараджэння Каруся Каганца. Як гэта адбылося?
— Карусь Каганец, пры ўсёй павазе да яго, застаецца асобай па-сапраўднаму не раскрытай, недаацэнены яго ўклад у нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі. Ён быў сярод першых беларускіх мысліцеляў, асэнсоўваў грамадскія працэсы, якія адбываліся на мяжы двух стагоддзяў, выказваў уласнае стаўленне да іх як праз асветніцкую дзейнасць, так і праз літаратурныя вобразы. Дарэчы, сюжэт яго камедыі “Модны шляхцюк” папярэднічаў купалаўскай “Паўлінцы”. Вядома, што значную частку жыцця Карусь Каганец правёў сярод працоўнага сялянства і меў пры гэтым узровень вучонага-мовазнаўцы, фалькларыста, мастака, скульптара.
Хто, як не землякі, будзе ў поўны голас гаварыць пра спадчыну Каганца, адкрываць новыя старонкі ў дзейнасці рознабаковага творцы? Так нарадзіўся яшчэ адзін краязнаўчы праект, вынікам якога стаў літаратурны маршрут па койданаўскіх мясцінах Каруся Каганца. Ён пачынаецца з могілак у Вялікіх Навасёлках, дзе знайшоў апошні прытулак нястомны змагар. У музеі мясцовай школы сабраны багаты матэрыял пра ўвесь род Кастравіцкіх. Тут жа, у Навасёлках, можна агледзець будынкі былога панскага маёнтка. Затым — шлях на Юцкі, побач з якімі, ва ўрочышчы Лісія Норы, знаходзілася сядзіба Каганца. Час знішчыў яе. Таму далей — у Навасады, дзе расце трохсотгадовы дуб і стаіць такая ж старадаўняя хата — сведкі часоў Каганца.
— Адзін з апошніх праектаў — ушанаванне памяці Адольфа Янушкевіча. Што значыць гэтая асоба для Дзяржыншчыны?
— Магчыма, пакуль па-сапраўднаму не ацэнена роля і значнасць асобы Адольфа Янушкевіча не толькі на Дзяржыншчыне, але і наогул у краіне. Ён з ліку тых беларусаў, хто праявіў сябе на чужыне. Таму такім доўгім аказаўся шлях да асэнсавання зробленага ім.
Адольф Янушкевіч, як нямногія ссыльныя, адбыў тэрмін пакарання да апошняга дня. Весткі з дому ад родных, блізкіх надавалі яму сілы. Сам ён адправіў у Дзягільна больш як 600 лістоў. Адсюль, напрыклад, яму пасылалі насенне, якому ён вельмі радаваўся, бо ў Сібіры змог закласці сваю бахчу.
Вярнуўся нястомны вандроўнік на бацькоўскую сядзібу ў Дзягільна ў 1856 годзе. Але лёс наканаваў яму толькі год жыцця на Радзіме…
— Хто спрычыніўся да мемарыялізацыі імя Адольфа Янушкевіча ў першую чаргу?
— Цікавасць да даследвальніка гісторыі казахскіх качэўнікаў узнікла ў 1966 годзе, калі Фаіна Сцяклова ў Алма-Аце пераклала на рускую мову яго падарожныя “Дзённікі”.
Крыху пазней на Дзяржыншчыне рабіўся шэраг захадаў з боку мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея, археолагаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, проста неабыякавых людзей па пошуку на сямейных (старых Панскіх) могілках месца пахавання знакамітага земляка. Пра Янушкевіча пісала рэспубліканская і мясцовая прэса.
Пераклад з польскай мовы кнігі “Жыццё Адольфа Янушкевіча”, зроблены Ганнай Суднік-Матусевіч, таксама паспрыяў росту цікавасці казахаў да выхадца з Беларусі.
— Мерапрыемствам, звязаным з памяццю пра Адольфа Янушкевіча, нададзены міжнародны статус. Наколькі вядомы беларус Янушкевіч у свеце?
— Навіна пра тое, што ў Дзяржынску будзе ладзіцца свята у гонар Янушкевіча, уразіла маштабнасцю яе ўспрымання. Першым адгукнуўся казахстанскі рэжысёр Сяргей Шафір, які жыве ў Ізраілі,. Асобная частка яго дакументальнага фільма “Урокі польскай” прысвечана Адольфу Янушкевічу. Цяпер творца мае матэрыял для стварэння асобнай кінастужкі.
Сваю павагу да Адольфа Янушкевіча выказалі госці з Казахстана, якія прыехалі, каб узяць удзел ва ўрачыстасцях. Яны падкрэслілі пра значнасць ролі знакамітага падарожніка, этнографа, пісьменніка не толькі для захавання культурнай спадчыны свайго народа. Казахскі пісьменнік Хакім Амар перакананы, што Янушкевіч, праявіўшы талент вялікага цюрколага, у сваіх працах пакінуў унікальнае сведчанне пра значэнне качэўнікаў у развіцці сусветнай цывілізацыі.
— Што, на ваш погляд, трэба яшчэ зрабіць дзеля захавання памяці пра Янушкевіча ў Беларусі?
— Ёсць прапанова стварыць спецыяльны фонд імя Адольфа Янушкевіча. Яе агучылі прадстаўнікі Казахстана, на гэтым настойваў у час Койданаўскіх чытанняў і наш шаноўны прафесар Адам Мальдзіс. Фонд сапраўды можа стаць каардынацыйным цэнтрам розных кірункаў работы. Напрыклад, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Мікалай Крывальцэвіч плануе прадоўжыць археалагічныя пошукі на сямейных могілках Янушкевічаў. Супрацоўнікі Дзяржынскай цэнтральнай бібліятэкі мяркуюць выдаць зборнік па выніках Койданаўскіх чытанняў.
Гучнасць імені могуць надаць і вуліцы, установы адукацыі, культуры, названыя ў гонар Янушкевіча, як гэта ўжо зроблена ў галоўных гарадах Казахстана. На маю думку, лагічна пачаць з Дзяржынска, Нясвіжа.
— Ці можа так стацца, што некаторыя вашы краязнаўчыя ініцыятывы знойдуць працяг у кнігах?
— У творах Каруся Каганца знайшла шмат спасылак на навасадскія краявіды, тутэйшыя мясціны. Атрымалася своеасаблівае даследаванне “Я-то, у Навасады паджагаў” — вёска ў жыцці і творчасці Каруся Каганца. Калі пасяджу яшчэ ў архівах, можа скласціся кніга. Выдаць яе лічу сваім абавязкам перад краем, дзе з’явілася на свет. Мару такім чынам прыцягнуць да Навасадаў увагу дзелавых людзей. Лепшых умоў для развіцця агратурызму не знайсці.
Гутарыў Кастусь Лешніца
Звязда, 23 снежня 2013
Кoличество переходов на страницу: 1056
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |