https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Якія мясціны памятаюць Максіма Багдановіча?


Праз тры дні, 9 снежня, мы будзем адзначаць 125-годдзе з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча. Бадай ніхто іншы не паспеў так шмат зрабіць для Беларусі за такі кароткі час, як гэты творца. Ён памёр, калі яму было ўсяго 25. Пры гэтым амаль 20 гадоў ён жыў па-за межамі Радзімы. Шлях паэта быў пакручастым. Таму многія мясціны і сёння захоўваць пазнакі прысутнасці майстра.

Карэспандэнт «Звязды» разам з малодшым навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Валянцінай Кароткінай паспрабавалі скласці геаграфічную карту жыцця паэта.

Мінск

З беларускай сталіцай звязаны два моманты жыцця паэта — нараджэнне і перыяд апошняга прыезду ў Беларусь, які адбыўся роўна 100 гадоў таму.

З'явіўся на свет Максім Багдановіч у Траецкім прадмесці, на вуліцы Аляксандраўскай, 25. Сёння вуліца носіць імя самога паэта — на адным з дамоў вісіць шыльда, якая пра гэта сведчыць. У суседнім дворыку ўсталяваны па-сучаснаму аформлены мемарыяльны знак. Ён знаходзіцца на тым самым месцы, дзе стаяў дом. Калісьці гэты будынак здаваўся ў арэнду мінскаму прыходскаму вучылішчу, у якім выкладаў бацька паэта Адам Ягоравіч Багдановіч. На першым паверсе размяшчалася школа, а на другім былі кватэры настаўнікаў.

Для тагачаснай архітэктуры будынак быў тыповым, але сёння ён выглядаў бы досыць арыгінальна. Першы паверх — мураваны, другі — зроблены з дрэва. Менавіта там 9 снежня 1891 года на свет з'явіўся Максім Багдановіч.

Забудова не захавалася — яна была страчана ў савецкі час. Затое поруч і сёння стаіць дом-сусед. Яго можна пазнаць па размешчаным побач указальніку Старавіленская, 6 і стрэлцы да суседняга дома.

Будынак у аварыйным стане, але па яго архітэктуры, па знешнім абліччы можна ўявіць вуліцу Аляксандраўскую XІX стагоддзя. Гэты дом з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Праз паўгода пасля нараджэння Максіма сям'і давялося з'ехаць з горада, бо ў бацькі выявілі сухоты — з такой хваробай вучыць дзяцей было нельга. Таму з ранніх гадоў успамінаў пра Мінск у паэта захавацца не магло.

Шукаючы іншыя пазнакі славутага творцы ў беларускай сталіцы, варта завітаць да тэатра оперы і балета. Побач стаіць помнік Багдановічу, усталяваны ў 1981 годзе. Позірк Максіма скіраваны акурат у бок роднага дома...

Да ад'езда сям'і з Мінска адбылася яшчэ адна важная падзея — хрышчэнне Максіма ў Петрапаўлаўскім саборы ў 1892 годзе. На той момант саборам з'яўлялася былая ўніяцкая царква. А сёння мы ведаем гэты будынак, нядаўна адноўлены на сваім месцы, як канцэртную залу «Верхні горад», або дзіцячую філармонію.

Другі прыезд у сталіцу

Наступнае знаёмства паэта з родным горадам адбываецца толькі праз 25 гадоў. У 1916 годзе, скончыўшы яраслаўскі ліцэй, Максім не забірае нават атэстат, а хутчэй рвецца на Беларусь. Ён ужо цяжка хворы. І, прыязджаючы на радзіму, разумее, што будзе дажываць тут век, які наканаваны.

У Мінску яго чакалі сябры, з якімі ён вёў актыўную перапіску, — тагачасная мінская інтэлігенцыя — Змітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч, Зоська Верас і іншыя. Гэта людзі з суполкі, што абралі сабе назву «Беларуская хатка».

Яны чыталі творы Багдановіча, якія друкаваліся ў «Нашай Ніве», добра яго ведалі і вельмі чакалі прыезду.

Аркадзь Смоліч сустрэў Багдановіча на Віленскім чыгуначным вакзале — у будынку, які стаяў на месцы сучаснага вакзала, і адвёў у «Беларускую хатку». Яна знаходзілася на вуліцы Захар'еўскай (раён сучаснай плошчы Незалежнасці).

У 1915 годзе ў Мінск з Вільні пераехаў Змітрок Бядуля і заняў дом Сцяпана Рэдзькі, які ў яго арандавала «Беларуская хатка» пад сталоўку для бежанцаў. У той час ішла Першая сусветная вайна. Ад Мінска да лініі фронту было рукой падаць — не больш за 60 кіламетраў. Але калі ў канцы 1916 года бежанцы з'ехалі, дом аддалі пад кватэры. У адным пакоі пасяліўся Змітрок Бядуля, у другім — яго сёстры, а ў трэці засялілі Максіма Багдановіча.

Дом знаходзіўся на вуліцы Малагеоргіеўскай (сёння Талстога). У 1980-я гады ён быў перанесены і пастаўлены бліжэй да Універсітэта культуры. Цяпер знаходзіцца на вуліцы Рабкораўскай (№19) — там працуе філіял музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка».

Сябры ўладкавалі Максіма працаваць у Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны (знаходзіўся на рагу вуліц Скобелеўскай і Падгорнай — сучасныя Чырвонаармейская і Карла Маркса, будынак не захаваўся). У пасёлку Ратамка Мінскага раёна размяшчаўся прытулак для дзяцей-бежанцаў. На лета іх вывозілі адпачываць у Карпілаўку да Ядвігіна Ш, а ўвосень забіралі назад. Таму і Ратамку, і Карпілаўку таксама наведваў Багдановіч.

Часта бываў ён і ў публічнай бібліятэцы — сёння гэта будынак №31 на вуліцы Інтэрнацыянальнай (у той час вуліца Хрышчэнская). Паэт прыходзіў туды амаль кожны дзень. Сябры прыгадвалі, што ён заўсёды пасля працы спяшаўся ў бібліятэку, праседжваў там гадзінамі, да самага позняга вечара, — у той час яна працавала да 22 гадзін. Багдановіч імкнуўся знайсці кнігі па тэмах, звязаных з Вялікім Княствам Літоўскім, гісторыяй беларускіх зямель, этнаграфіяй. Цяпер будынак здаецца ў арэнду пад офісы, але вонкава ён застаўся такім жа, як і раней.

Паэт вельмі любіў спыняцца каля Чырвонага касцёла Святых Сымона і Алены, падоўгу стаяў і глядзеў на чырвоную цэглу, пакрытую інеем. Гэта месца было адным з улюбёных у Багдановіча. Зосьцы Верас даводзілася ісці на хітрыкі — казаць, што ёй холадна ці яна спозніцца на працу. Бо хвораму Максіму заставацца доўга на холадзе было нельга.

Гродна

Дзяцінства Максіма прайшло ў Гродне. Дом, у якім жыла сям'я будучага паэта, захаваўся і сёння — цяпер там працуе Гродзенскі музей Максіма Багдановіча.

У гэтым горадзе прайшлі бадай самыя шчаслівыя яго гады. Маці ўвесь свой час аддавала выхаванню дзяцей, якіх вельмі моцна любіла. Для іх навучання яна выкарыстоўвала самыя сучасныя методыкі. Хлопчык на ўсё жыццё запомніў, як прыгожа мама іграла на фартэпіяна...

З Гародні ездзілі адпачываць у вёску Вяззе (цяпер у Асіповіцкім раёне), да старэйшай сястры маці. Дом, у якім яны спыняліся, не захаваўся. Але на мясцовай школе вісіць шыльда, на якой напісана, што ў 1894 годзе там гасцяваў Максім Багдановіч разам з маці.

Калі дома ў Багдановічаў ужытковай мовай была руская, то ў Вяззі малы Максім акунуўся ў свет жывой беларускай гаворкі.

Адтуль Марыя Апанасаўна пісала мужу: «Усё добра, дзеці здаровыя. Адзінае дрэнна, сталі размаўляць па-беларуску. Часам такое слова выгукнуць, што хоць скрозь зямлю правальвайся...»

Калі хлопчыку было 5 гадоў, маці памерла. Таму яшчэ адно знакавае месца, звязанае з паэтам, — гарадзенскія старыя могілкі. Справа ад уваходу ў Свята-Марфінскую царкву, якая размешчана паблізу, пахавана яго маці.

Ніжні Ноўгарад і Яраслаўль

Моцна перажываючы смерць жонкі, да таго ж маючы на руках чатырох дзяцей, якіх трэба было гадаваць, Адам Багдановіч прыняў рашэнне пакінуць Гародню. Ён атрымаў прапанову па службе і накіраваўся ўглыб Расійскай Імперыі, у Ніжні Ноўгарад.

У пэўным сэнсе Багдановічы жылі ў гэтым горадзе беларускай калоніяй. Адам Ягоравіч не толькі прыехаў разам з чатырма дзецьмі, але пасля перавёз да сябе абедзвюх сясцёр, якія неўзабаве там пабраліся шлюбамі. Утварыўся своеасаблівы беларускі анклаў. Яны адзначалі беларускія святы, Максім з дзяцінства памятаў, як цёткі спявалі песні на Купалле або на Каляды. Ад іх ён чуў беларускую мову. Да таго ж у бацькі мелася вялікая бібліятэка, у якой былі, у тым ліку, кніжкі па-беларуску. Менавіта па іх Максім сам пачаў вучыць мову.

З пераездам бацькі па службе з Ніжняга Ноўгарада ў Яраслаўль Максім Багдановіч перавёўся ў 1908 годзе ў Яраслаўскую гімназію. Сёння побач з будынкам Яраслаўскага ўніверсітэта стаіць помнік беларускаму паэту. Таксама ў Яраслаўлі ёсць музей Максіма Багдановіча. Захаваліся і некаторыя кватэры, якія здымала іх сям'я ў гэтым горадзе.

Ракуцёўшчына

Фактычна 20 гадоў Максім Багдановіч не жыў у Беларусі. Ён прыязджаў сюды толькі аднойчы — у 1911 годзе. У той час паэт ужо актыўна друкаваўся ў «Нашай Ніве», ліставаўся з Вацлавам Ластоўскім і братамі Луцкевічамі, завочна сябраваў з імі. Ён пісаў, што было б добра адпачыць дзесьці ў «жывой» вёсцы (відаць, моцнымі былі ўспаміны дзяцінства). Дзядзька Луцкевічаў меў фальварак у Ракуцёўшчыне (блізу Краснага, цяпер у Маладзечанскім раёне), куды яны і запрасілі паэта.

Дабіраючыся ў Ракуцёўшчыну, некалькі дзён паэт правёў у Вільні. Наведваў рэдакцыю «Нашай Нівы», дом, у якім жылі Луцкевічы і які пазней стане музеем старажытнасцяў. Там Багдановіч убачыў знакамітыя слуцкія паясы, старадрукі Францыска Скарыны, шмат іншых рэчаў з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Паэт вельмі натхніўся ўбачаным і напісаў верш «Слуцкія ткачыхі».

Ён прыехаў у Ракуцёўшчыну і правёў там лета 1911 года. Гэта быў вельмі плённы час — Багдановіч шмат хадзіў па ваколіцах, многа пісаў. Тут ён стварыў славутую «Вераніку», паэму «У вёсцы», дапрацаваў ці напісаў многія вершы.

У Ракуцёўшчыне захаваўся падворак фальварка, некалькі будынкаў — адноўленых і аўтэнтычных. Там маецца пакой, аформлены так, як ён мог выглядаць у часы Багдановіча. Гумно, памятныя камяні... Гэта вельмі маляўнічыя мясціны. Правесці там такое ж лета, як правёў Максім, было б вельмі файна, упэўнена Валянціна Сяргееўна.

Ужо вярнуўшыся ў Яраслаўль, Багдановіч даслаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» сшытак і папрасіў, каб яго выдалі як кніжку. Менавіта «Вянок» стаў адзіным зборнікам Багдановіча.

Ялта

Здароўе Максіма Багдановіча ўсё пагаршалася. Таму сябры за свае грошы выправілі паэта ў Ялту. Цяпер вуліца, на якой стаяў дом, дзе некалькі месяцаў жыў паэт, носіць імя Максіма Багдановіча. Сёння ў гэтым будынку (№5) размешчана канцэртнае памяшканне ваенна-марскога флоту. Цалкам дом не захаваўся — толькі падмуркі і сцены — у пазнейшы час быў перабудаваны.

Калі паэт памёр, яго адпявалі ў ялцінскай царкве Аляксандра Неўскага, што і сёння стаіць у цэнтры горада.

Багдановіч пахаваны на старых ялцінскіх могілках. Пазней на магіле быў усталяваны бюст — паэт трымае раскрытую кнігу...
_________________________________________________-

Дарэчы

Капсулу з зямлёй з магілы Максіма Багдановіча закладуць у Храме-помніку Усіх святых у Мінску 9 снежня, паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Урачыстая цырымонія «Вяртанне» па закладцы капсулы з зямлёй з магілы паэта ў крыпце храма-помніка адбудзецца з 11.30 да 13.00. У Белай зале храма запланавана мемарыяльная «літаратурная раніца», дзе будуць гучаць вершы Максіма Багдановіча.

Яшчэ адно мерапрыемства пройдзе ў рэканструяваным Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі. Літаратурная акцыя «Расцём разам з Максімам» пройдзе каля помніка Максіму Багдановічу, дзе затым адбудзецца мітынг «Пакланіся Максіму». Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі вечарам запрашае гледачоў на спектакль «Дзённік паэта».

Ніна Шчарбачэвіч
nina@zviazda.by
5 снежня 2016, zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 585


Комментарии