https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чым уразілі прэтэндэнты на "Еўрабачанне-2017" ад Беларусі


У апошні дзень восені Белтэлерадыёкампанія правяла чарговае музычнае тэсціраванне артыстаў, якія заявілі пра сваё жаданне прадставіць Беларусь у песенным конкурсе "Еўрабачанне-2017".

Сёлета, трэба нагадаць, паспрабаваць свае сілы маглі не толькі беларускія выканаўцы, але і легіянеры, чым і скарысталіся грамадзяне Расіі, Украіны, Латвіі, Туркменістана, Германіі, ЗША і нават Нігерыі.

Заяўкі на ўдзел у нацыянальным адборы даслалі 67 выканаўцаў і калектываў — дарэчы, гэта самая малая за апошнія 5 гадоў лічба (летась ахвотных было 84 чалавекі, у 2015 годзе — больш як 110, у 2013 — 2014 гадах — звыш 80). Магчыма, тут адыграў сваю ролю нашумелы ліст расійскага прадзюсара Максіма Фадзеева, які прапанаваў не каму-небудзь, а кіраўніку нашай дзяржавы, "у якасці падзякі" за ўчынак беларускіх паралімпійцаў у Рыа падрыхтаваць свайго артыста выступіць за Беларусь. Многія айчынныя выканаўцы сапраўды маглі палічыць, што плацдарм "загадзя падрыхтаваны" для фадзееўскага кандыдата, і вырашылі не распыляцца...

Хто судзіў?

У журы адборачнага тура ўвайшлі 9 чалавек з музычнай і медыйнай сферы, у тым ліку спявак і кампазітар Алег Аверын, кампазітар Дзмітрый Далгалёў, педагог па вакалу Людміла Куц, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Саламаха, прадстаўнік Міністэрства культуры Іна Мардусевіч, кіраўнік радыёстанцыі "Радыус-FM" Алена Трашчынская, тэлевядучыя Яўген Перлін і Міхаіл Равуцкі, РR-менеджар Сяргей Андрыянаў.

Пуцёўку ў фінал па выніках праслухоўвання атрымалі ўсяго 13 кандыдатаў, многія з якіх ужо добра вядомыя публіцы, а другія толькі-толькі заявілі аб сабе: гурты Nutеkі, NАVІ і Nароlі, праекты "РRОвокация", Lеrmоnt х Julіс, "Июль" (Юлія Каранюк), сольныя артысты Аляксандра Ткач, Kаttіе (Кацярына Рудніцкая), Уладзіслаў Курасаў, Анжаліка Пушнова, Анастасія Шавярэнка, Іsаас Nіghtіngаlе (Вадзім Капусцін) і Мікіта Ходас.

Зрэшты, выбіраць самага перспектыўнага з іх беларусы — па традыцыйнай формуле галасавання 50/50 гледачы і журы — будуць выбіраць толькі ў студзені наступнага года, таму часу пазнаёміцца бліжэй з прэтэндэнтамі ў нас больш чым дастаткова. Пакуль жа "Звязда", пабываўшы ў гушчы праслухоўвання, прадставіць тых, хто не заваяваў прыхільнасці журы, але так ці інакш вылучыўся і запомніўся падчас адбору.

Музычны інтэрнацыянал

Ураджэнец Нігерыі Аракпосім Оліса Эмека, хоць і выглядае як замежны рэпер, насамрэч беларусам далёка не чужы — ён шмат гадоў жыве ў нашай краіне і ўжо мае від на жыхарства, амаль прафесійна гуляе ў футбол, займаецца бізнесам і спявае. Між іншым, у адборы на "Еўрабачанне" ён удзельнічаў ужо трэці раз, проста першыя два былі ў складзе гурта "Thе Сhаmріоns". І, як на наш суб'ектыўны погляд, песня была прадстаўлена годна і з густам. Аднак судзейская калегія з намі не пагадзілася і зноў пакінула беларускага нігерыйца з яго чароўнай усмешкай і даўганогімі бэк-вакалісткамі па-за фіналам.

Не навічок на беларускай сцэне і спявак туркменскага паходжання Шырмурад Чарыеў, больш вядомы пад творчым псеўданімам Shіr. Ужо 10 гадоў ён працуе ў сталічным Моладзевым тэатры эстрады, дадаючы ў выступленні ўсходняга каларыту. Але для "Еўрабачання" артыст падрыхтаваў штосьці падобнае на стары хіт пра сцюардэсу па імені Жанна — і ў выніку застаўся ні з чым.

Не мела належнага эфекту і выступленне салісткі некалі вядомага гурта "Мантана" расіянкі Алесі Берулава. Дзяўчына парадавала хіба што яркім сцэнічным абліччам, але не сваёй новай песняй "Ёлачкі".

...Калі многія ўжо засумавалі ад мноства "прахадных" песень і падобных адзін на другі радыёхітоў, "дала дыхту" грамадзянка ЗША Яўгенія Аронава, якая выйшла на конкурсную сцэну пад псеўданімам Jеkа:

— Прывітанне з Амерыкі! — кінула яна адразу ўсім і парадавала прысутных песняй у стылі "ліхіх 90-х", калі на сцэну лезлі і "жук і жаба", незалежна ад наяўнасці голасу. Гэты шэдэўр трэш-культуры можна было б нават назваць забаўным, калі б у ім прасочвалася хоць кропля самаіроніі ад выканаўцы. Але, не дачакаўшыся такога шчасця, журы ледзь вытрымала палову песні і паспешліва развіталася з артысткай.

Стаўка на беларускасць

Тэндэнцыя, якая не магла нас не ўзрадаваць — даволі вялікая колькасць заявак на беларускай мове. Прычым традыцыйны стыль прыпевак і нацыянальных касцюмаў выкарыстаў толькі ансамбль "Спасаўка" з Жыткавіцкага раёна — гэтакі беларускі адказ "Буранаўскім бабулям", які ўжо другі раз рызыкнуў штурмаваць "Еўрабачанне".

— Мяркуеце, народныя традыцыі могуць скласці канкурэнцыю ўсім гэтым англамоўным дзяўчатам у кароткіх спадніцах? — пацікавіліся мы ў кіраўніка калектыву Кацярыны Санец.

— Я разумею, што моладзі падабаюцца сучасныя песні, але і пажылым людзям трэба ўдзяляць увагу, тады, ведаеце, колькі чалавек будуць гэты конкурс глядзець? — не разгубілася Кацярына Іванаўна. — А яшчэ мы перакананыя, што Беларусь павінна прадстаўляць на "Еўрабачанні" ўсё ж сваю мову і свае адметныя культурныя традыцыі!

Нібыта пагаджаючыся з бабулямі, гурт "Suреrbullz" на чале з вядомым у музычных колах вакалістам Алесем-Францішкам Мышкевічам прадставіў зусім іншую — жорсткую, брутальную і зусім нефарматную, затое яркую беларускамоўную песню "Адступіся!". Але, здаецца, хлопцы зусім не засмуціліся, атрымаўшы "ад варот паварот".

Акрамя вышэйзгаданых, беларускамоўныя песні ў розных жанрах і стылях прадставіў яшчэ дзясятак удзельнікаў, з якіх у фінал нацыянальнага адбору прабіўся толькі гурт "NАVІ".

Не той фасон

Можаце са мной не пагадзіцца, але на сёлетнім праслухоўванні не хапала... фрыкаў — неадназначных, дзівакаватых, якія прыўнеслі б крыху вар'яцтва ў манатонную плыню "фарматных" выступленняў. Асабліва відавочна гэта стала пасля выхаду ветэрана нацыянальнага адбору Аляксандра Бабарыкіна, больш вядомага як Алекс-Нармалекс, — калі раней артыст радаваў іміджам Элвіса Прэслі, ладзіў касцюмаваныя шоу і ўсяляк эпаціраваў публіку, то цяпер прадставіў пад імем Фёдара Іванова доўгую, затое нудную кан'юнктурную песню пра славянскае адзінства і мір ва ўсім свеце. У фінал не патрапіў.

Многія артысты, зламаўшы зубы аб гранітныя прыступкі адбору, у рэшце рэшт кідаюць гэту справу. Баяніст Віталь Варанко не з такіх — хто-хто, а ён прыходзіць на праслухоўванні, як выдатнік на экзамены, паспяваючы пры гэтым адзначыцца і ў замежных конкурсах. Напрыклад, сёлета ён паставіў на вушы брытанскае шоу "Brіtаіn's Gоt Tаlеnt", дзе ўмудрыўся пазнаёміцца з... беларускім жа клоўнам Вадзікам Ракетам. Пасябраваўшы, яны разам падрыхтавалі забаўны нумар — з роставай лялькай-мядзведзем, гуслямі і балалайкай! На жаль, журы балалайку і мядзведзя не ацаніла — але Віталь і яго каманда сталі безумоўным упрыгожаннем адбору.

Зрэшты, не будзем спяшацца: апошнім часам некалькі найбольш яркіх удзельнікаў праслухоўвання ўсё ж выступяць у фінальным канцэрце — у якасці спецыяльных гасцей. Таму чакаем студзеня — і выступлення, якое прымусіць запярэчыць Станіслаўскаму: "Верым!".

Вікторыя Целяшук
3 снежня 2016, zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 607


Комментарии