https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Перакладчык Багдановіч заўсёды прыносіў у творы роднае, беларускае


Некалі прафесар Вячаслаў Рагойша прыгадаў вельмі шчымлівы выпадак. Неўзабаве пасля палёту Юрыя Гагарына ў космас па рэспубліканскім радыё чыталі вершы, прысвечаныя «касмічнай тэме». Вядома, большасць радкоў былі залішне пафаснымі, дэкаратыўнымі, напісанымі на заказ. І раптам — родная класіка, «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» Багдановіча!

Навошта ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор? —

прамаўляе прачула голас дыктара. І гэта, безумоўна, наводзіць на думку аб тым, што інтэлектуал Багдановіч меў глабальнае, сусветнае мысленне, якое апярэджвала час. Ён бачыў любую «краіну-браначку» Беларусь, быццам з космасу, у атачэнні блізкіх і далёкіх суседзяў. «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць», — напіша значна пазней Алесь Ставер. А Максім Багдановіч прыйшоў да гэтага на старце творчага шляху, у пачатку мінулага стагоддзя. І калі і не пабываў у многіх краінах фізічна, але духоўна здзейсніў, нібы экскурсавод, падарожжа для беларусаў па вялікім свеце.

Малады паэт з гонарам пісаў: «У мяне на Беларусі народ!». Але народ, які, на жаль, на той час яшчэ быў знаёмы з дасягненнямі суседніх народаў недастаткова... І не праз цемрашальства, глухату ды слепату. Такімі былі палітычныя ды сацыяльныя ўмовы існавання, што стрымлівалі культурнае развіццё. Дык хто як не Багдановіч-кніжнік адкрые новыя далягляды, падорыць мове гнуткасць і здольнасць да эксперыментаў-перастварэнняў? «Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала светавая (найчасцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры», — пісаў у артыкуле «Забыты шлях» (1915) Максім Багдановіч.

Але не толькі ў крытычных развагах развіваў гэтую думку, а прагна, з неймавернай стараннасцю і несумненным прафесіяналізмам, перакладаў сусветную спадчыну. Нядзіўна, што і сёння пераклады творцы з лацінскай, нямецкай, украінскай, рускай ды многіх іншых моў лічацца ўзорнымі, кананічнымі. Таму, што паэт не толькі сачыў за моўнай дакладнасцю і адпаведнасцю, але і намагаўся заўсёды перадаць дух эпохі, народа, радзімы твора-арыгінала. Напрыклад, калі гэта наследаванні з японскай паэзіі (танка), то верш выразна па-філасофску разважлівы, сузіральны. З іспанскай — палкі, пачуццёвы, рытміка-інтанацыйны яго малюнак незвычайна насычаны. А яшчэ паэт арыгінальна прыўносіў у творы роднае, беларускае. «Славутую сасну ў Гейнэ, што «расла на голай вяршыні», Багдановіч пераносіць ... на курган. <...> Перакладаючы другі верш Гейнэ («Закон жыцця») і сутыкнуўшыся з думкай пра тое, што чалавеку, калі ён бедны, «аддаць нават малое прыйдзецца», Багдановіч піша так: «Усё вазьмуць, ні скарынкі не аставяць». Як пры канфіскацыі за сялянскія нядоімкі», — адзначаў Рыгор Бярозкін у сваім славутым «расказе пра М. Багдановіча» — «Чалавек напрадвесні».

Асноўнае ж месца ў перакладчыцкай спадчыне Багдановіча належыць французскай паэзіі (22 творы П. Верлена і адзін санет А. Ф. Арвера). Цікава, што паэт вельмі даражыў сваімі перастварэннямі славутых французаў і часам ставіў іх нават вышэй за сваю арыгінальную творчасць. Пра гэта сведчыць ліст Максіма ад 29 ліпеня 1912 г. у «Нашу ніву»: «Надумаўся я памясціць у зборніках і пераклады з Верлена, каторыя раней надаслаў у Піцер. Пераклады да арыгінала блізкія і, калі я магу іх справядліва ацаніць, — добрыя... Ва ўсякім разе пераклады Верлена больш вартыя друку, чым гэтыя трафарэты, да ліку каторых трэба прыпісаць і верш «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог...»

Да таго ж, спасцігаючы мудрасць замежных паэтычных крыніц, Максім Багдановіч звяртаў вялікую ўвагу і на форму. У жаданні «прышчапіць да беларускай пісьменнасці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда» паэт распрацоўваў так званыя цвёрдыя формы верша — санет, рандэль, рандо. І вельмі паспяхова!

Пасля такога называць беларускую мову выключна сялянскай ды мужыцкай было вельмі складана...

Гарманічна спалучаючы ў сабе гарачы патрыятызм з разумным інтэрнацыяналізмам, Багдановіч паказаў беларускаму чытачу галерэю творчых партрэтаў літаратурных талентаў іншых краін. Пісаў ён пра М. Ламаносава, А. Пушкіна, А. Талстога, М. Лермантава, К. Рылеева, У. Адоеўскага, М. Някрасава, А. Чэхава, В. Брусава, У. Самійленку, І. Франко, У. Віннічэнку, Г. Чупрынку, Т. Шаўчэнку, М. Ажэнцкага. Уражваюць і этнаграфічныя нарысы Максіма Багдановіча «Червонная Русь», «Угорская Русь», «Галицкая Русь», «Украинское казачество» і іншыя.

Цікава, радаваўся ці засмучаўся б Максім Багдановіч актыўным глабалізацыйным працэсам, што адбываюцца сёння? Невядома. Але, пэўна ж, нагадваў бы нам, што засваенне далёкага, экзатычнага мае галоўную мэту — лепш зразумець саміх сябе.

Максім Багдановіч

Японскія песні

* * *

Ах, як спявае

Сінявокая птушка

Ў муках кахання.

Сціхні, птушачка, сціхні,

Каб не тамілася я.

* * *

Мілая, згадай:

Веяла цёплай вясной,

І вішні цвілі.

Калыхнуў я галіну, —

Белы цвет асыпаў нас.

* * *

Дзіўна кволыя,

Ірдзяныя, жоўтыя,

Сіняватыя

Лісточкі асеннія

Крыюць ядвабам шляхі.

* * *

Ўсё знікае

І следу нат не кіне,

Як шэры попел

Ад чорнага агнішча,

Развеяны вятрыскам.

Юлія АЛЕЙЧАНКА



 

Кoличество переходов на страницу: 665


Комментарии