Як прыязнае стаўленьне да беларусаў у Расеі перасякае мяжу адэкватнасьці.
Днямі гасьцяваў на адной з маскоўскіх радыёстанцыяў. Запрасілі на праграму пра падарожжы. Гутарылі пра Менск. Выйшаў са студыі бы салодкім сыропам абліты з галавы да ног камплімэтамі. Гучалі яны не асабіста ў мой бок, ясная справа. Тычыліся ўсіх беларусаў. Вы прыблізна разумееце пра што я: і спакойныя мы, і шчырыя, і спагадлівыя, і добразычлівыя, і сьмецьце па вуліцах не раскідваем, і гатуем смачна. Карацей, мы, беларусы, амаль што богі. Ды і чаму «амаль»? Мяркуючы па актуальных настроях расейскага грамадзтва, слова «амаль» тут відавочна лішняе.
Бо нават нашыя недахопы раптам ператвараюцца ў вартасьці. «А ці бяруць беларускія даішнікі хабар», — пытаецца вядучы ў слухачоў з вопытам падарожжаў? І я нават прыўздымаюся — няўжо на сонцы зьявяцца плямы? «Бяруць, бяруць, — адказвае слухач. — Езьдзілі ў Беларусь, на адваротным шляху прыйшлося даць хабар. Дык аддалі рэшту! Са словамі: «Зь Беларусі ўсе мусяць вяртацца з добрым настроем». Не плямы на сонцы зьявіліся, а сьлёзы замілаваньня ледзьве не пацяклі...
Так нас любяць, што ня могуць паверыць у сваё шчасьце, правяраюць. «Ехаў па менскім МКАД, — узгадвае яшчэ адзін слухач. — Спэцыяльна стаў у левы шэраг і скінуў хуткасьць да 60-ці, правяраў. І што думаеце? Ніхто ані разу не прасыгналіў, не запатрабаваў саступіць дарогу». Ён правяраў...
Не, ёсьць канешне ж дзіўныя людзі. Выбіваюцца з шэрагу. Адзін з такіх некалькі разоў езьдзіў празь Беларусь зь Нямеччыны ў Маскву. Заначаваў неяк у Менску і «больш не паўтарыў тае памылкі». А ў чым справа? Бо стомлены быў як той сабака, а ў гатэлі пяць хвілінаў выслухоўваў пра найлепшыя рэцэпты засолкі гуркоў. Не яму распавядалі, а цёткі-адміністратаркі між сабой гутарылі, на яго ўвагі не зьвяртаючы. «Дык гэты ж так міла, няўжо не?», — толькі і змог адрэагаваць вядучы. Уяўляю сабе якую-небудзь Турэччыну, і расейскага турыста, які толькі з самалёту і імкнецца ў мора, а яго прымушаюць чакаць засяленьня тыя пяць хвілінаў, абмяркоўваючы рэцэпты кебабу... Не было б ужо таго гатэлю на мапе сьвету.
Да чаго я гэта ўсё? Любоў — цудоўнае пачуцьцё. Пакуль яе не становіцца зашмат. Узгадваю, некалькі год таму галяндзкі суд ухваліў судовую забарону, якая не дазваляла дзяўчыне набліжацца да свайго былога хлопца. Бо за год тая пакінула на ягоным тэлефоне 65 тысяч паведамленьняў...
Расейскаму грамадзтву зараз цяжка. Яму няма каго любіць. Хто не сярод ворагаў? Вэнэсуэльцы? Іншы кантынэнт, ды й якія яны блізкія людзі — так, на адным сонцы анучы сушылі. Кітайцы? Іх баяцца хутчэй трэба — вунь як на сыбірскія абшары заглядваюцца. Сырыйцы? Ніводнага жыўцом ня бачылі. Вось і дастаецца беларусам уся тая любоў нерастрачаная, што паціху ператвараецца ў дакучліваю...
На завяршэньне праграмы падводзілі вынікі анлайн-апытаньня. «Ці гатовыя вы паехаць ў Менск?» «Так, гатовы» — 92%. «Не, я лепш куды-небудзь у Эўропу» — 8%. 92 адсоткі — гэта, здаецца мільёнаў 130? Не патануць бы ў моры той любові, не задыхнуцца б у тых прыязных абдымках...
Віктар Дзятліковіч, Радыё Свабода
24 сакавіка 2015, Менск
24 сакавіка 2015, Менск
Кoличество переходов на страницу: 888
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |