https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Уладзімір Кірута: Любоў да песні ў мяне з дзяцінства


Дырэктар Палаца культуры Мінскага трактарнага завода Уладзімір Кірута мае шмат узнагарод — ён лаўрэат прафсаюзнай прэміі «За актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і аматарскай творчасці працоўных», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

А яшчэ ён праводзіць вялікую грамадскую работу. Ён — старшыня савета дырэктараў прафсаюзных і ведамасных устаноў культуры краіны, член праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў.

Прапануем чытачам бліжэй пазнаёміцца з гэтым незвычайным чалавекам.

______________________________________________________

— Уладзімір Іванавіч, кажуць, што выбар прафесіі чалавек робіць яшчэ ў школьныя гады. А як было ў вас?

— Не магу сказаць, што марыў стаць культработнікам з дзяцінства (смяецца). Я родам са Случчыны. Бацькі — простыя сяляне, калгаснікі. У нас шматдзетная сям'я. Акрамя мяне, самага малодшага, яшчэ двое братоў і дзве сястры.

Зімовымі вечарамі ўсе мы збіраліся на печы і спявалі песні. Бацькі гэтаму радаваліся, хаця самі не спявалі. Можа, адтуль у мяне любоў да песні, у тым ліку і народнай.

Адчуваючы гэту цягу, бацька з пятага класа аддаў мяне ў музычную школу ў Слуцку. Па класе баяна. І я правучыўся там чатыры гады. Пасля паступіў у Мінскае культасветвучылішча.

Пазней працаваў мастацкім кіраўніком сельскага Дома культуры на Случчыне. Адтуль мяне прызвалі ў армію. Але і ў войску я займаўся сваёй справай: быў удзельнікам ансамбля, іграў на альце ў ваенным духавым аркестры. Дэмабілізаваўшыся, паступіў у Мінскі інстытут культуры. Пасля яго заканчэння кіраваў вакальна-інструментальным ансамблем пры заводзе імя Вавілава.

Тут мяне заўважылі, прапанавалі пасаду ў рэспубліканскім міжсаюзным Доме самадзейнай творчасці. Але гэта была работа больш адміністрацыйная, чым творчая. І я трапіў у аматарскі калектыў «Бліскавіца», дзе і правёў шчаслівыя тры гады.

— І ўсё ж вы не пазбеглі чыноўніцкай, як вы кажаце, пасады. Я маю на ўвазе работу галоўным адміністратарам у Дзяржаўным аркестры сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Як гэта здарылася?

— Мы з Міхаілам Якаўлевічам знаёмы даўно. Яшчэ студэнтам я падпрацоўваў у цырку ўніфармістам — дапамагаў рыхтаваць арэну. Але і ў цыркавыя нумары мяне часам запрашалі. Я быў вельмі спартыўны юнак, у школе і ў інстытуце ўдзельнічаў ледзь не ва ўсіх спаборніцтвах. А Міхаіл Фінберг у той час кіраваў цыркавым аркестрам. Аднойчы на рэпетыцыі мы пазнаёміліся, і знаёмства доўжыцца ўжо многія гады. Неяк Міхаіл Якаўлевіч запрасіў мяне да сябе і запытаўся, ці не хацеў бы я папрацаваць у яго новым аркестры, які быў ужо шырока вядомы, папулярны ў краіне. Канешне, я з радасцю даў згоду. Ну а з 1998 года я — у Палацы культуры трактарнага завода. Спачатку працаваў намеснікам дырэктара, а з 2003 года — дырэктарам.

— Прызнаюся шчыра, я даволі кепска ўяўляю, чым займаецца ў наш час ведамасная культасветустанова.

— Вельмі многім! Дарэчы, некаторыя думаюць, што з распадам Савецкага Саюза распалася і ўся шматгранная работа ў палацах культуры. Але гэта не так. Мы, напрыклад, не толькі нічога не страцілі з таго, што было набыта, але, як кажуць, яшчэ прыдбалі. Стварылі пяць новых творчых калектываў, якія цяпер добра вядомыя ў горадзе і нават у краіне. Гэта — народны вакальны ансамбль «Белы птах», ансамбль народнай песні і цыганскага майстэрства «Ігрыца», узорная студыя эстэтычнага выхавання «Кляксы», шоу-група «Фламенка» і група брэйк-данса.

А ўсяго на сённяшні дзень пры Палацы культуры працуе дваццаць пяць творчых калектываў! Своеасаблівай візітоўкай нашага палаца з'яўляецца заслужаны аматарскі калектыў — студыя бальнага танца «Мара».

Гэта наш старажыл, яму летась споўнілася пяцьдзясят гадоў. Сённяшнія ўдзельнікі студыі пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры рэспублікі Лідзіі Кац-Лазаравай годна працягваюць лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў. Вельмі запатрабаваныя народны ансамбль песні і танца «Вязынка», народны драматычны тэатр «На Доўгім бродзе», тэатр гумару і сатыры «Карусель», узорны ансамбль народнага танца «Лянок», народны духавы аркестр, калектыў эстраднай песні і іншыя.

— І ўсе яны на ўтрыманні Палаца культуры?

— Нічога падобнага. Яны зарабляюць сродкі і для сябе, і для палаца.

— Якім жа чынам?

— У нас ёсць адпаведны сайт, на якім размешчана падрабязная інфармацыя пра кожны калектыў, умовы заказу канцэртаў. І заявак прыходзіць даволі шмат. Заробленыя грошы дзеляцца па-брацку: 50 працэнтаў забірае палац, усё астатняе ідзе на патрэбы калектываў.

— А якія яшчэ клопаты ў дырэктара такой буйной культасветустановы?

—Вельмі шмат. Іх можна нават згрупаваць па напрамках. Першарадная для мяне задача, зыходзячы з якой я будаваў і будую сваю работу, — гэта развіццё мастацкай творчасці, мастацкіх калектываў. Хачу падкрэсліць, што іх удзельнікі не толькі завадчане, але і ўсе жадаючыя жыхары горада. Канешне, адбор вядзецца на конкурснай аснове з улікам творчых здольнасцяў прэтэндэнтаў. Мая задача заключаецца ў тым, каб гэтым калектывам у нечым дапамагаць, а ў нечым не перашкаджаць (смяецца).

Другі напрамак маіх клопатаў — фестывальная і канцэртная работа. З 2005 года мы праводзім агляд-конкурс аматарскай творчасці сярод работнікаў трактарнага завода пад назваю «Спявай, Беларус!»

Менавіта так: з вялікай літары і з клічнікам. Зазначу, што мерапрыемствы конкурсу служаць станоўчым імпульсам для развіцця аматарскай творчасці сярод работнікаў прадпрыемства, разнастаяць і насычаюць асаблівым зместам вольны час трактаразаводцаў.

Шмат добрых слоў хочацца сказаць пра дзіцячы харэаграфічны конкурс «Брава, дзеці!», які сёлета прайшоў ужо чацвёрты раз. У ім могуць прымаць удзел аматарскія калектывы незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. Каб прадэманстраваць сваё майстэрства, да нас прыязджаюць дзеці з Брэста, Магілёва, Мазыра, Баранавічаў, Віцебска і іншых гарадоў краіны.

Надзвычай кранальна і эмацыянальна праходзіць заўсёды фестываль духавых аркестраў, які стартуе штогод майскімі святочнымі днямі і называецца «Мелодыі Перамогі».

Акрамя аркестра нашага палаца, удзел у фестывалі прымаюць дзясяткі духавых аркестраў горада. Музычны марш-парад пачынаецца каля палаца, рухаецца па бульвары Трактарабудаўнікоў, затым па вуліцы Алега Кашавога і завяршаецца на месцы старту.
Асобна трэба сказаць пра конкурс дуэтаў «Песні, якія нас аб'ядноўваюць». Упершыню такі конкурс пад назваю «Зорка + талент = любоў да мастацтва» адбыўся восем гадоў таму. На сцэну палаца разам з самадзейнымі спевакамі завода выйшлі артысты беларускай эстрады Вікторыя Алешка, Андрэй Хлястоў, Юліяна, Стэла, Юля Шыкунец, Анжаліка Макарава...

Для нашых завадчан гэта быў неацэнны майстар-клас. А ў 2010 годзе конкурс пашырыў сваю геаграфію і набыў статус міжнароднага.
Удзел у ім прынялі ўсе рэгіёны Беларусі, а таксама Расія, Арменія, Украіна, Казахстан, Літва, Польшча, Кітай, Румынія, Латвія, Эстонія. Яшчэ ў больш шырокім фармаце ён прайшоў сёлета, набыўшы сваю пастаянную назву «Песні, якія нас аб'ядноўваюць».

Садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню і развіццю нацыянальнай культуры закліканы і яшчэ адзін наш міжнародны форум — фестываль калектываў народнай песні «Моц славянскіх сэрцаў». Ідэя фестывалю нарадзілася ў выніку цеснага творчага кантакту Палаца культуры МТЗ і заслужанага калектыву рэспублікі ансамбля народнай музыкі «Бяседа».

Узнікла сумесная задума правесці творчую сустрэчу «Бяседа з сябрамі». Яе першымі ўдзельнікамі сталі ансамбль народнай песні «Світанак» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Партызанскага раёна Мінска, фальклорны тэатр-студыя «Оберіг» з Украіны, музычна-фальклорны ансамбль «Прымакі» з Беластока і ансамбль народнай песні «Славяне» са Смаленска.

Такія творчыя сустрэчы сталі традыцыйнымі. Сёлета фестываль прайшоў ужо чацвёрты раз. І зноў ярка і пераканаўча прадэманстраваў сілу славянскага адзінства, якое заключаецца ў высокай духоўнасці, роднасці душ, агульных этнагістарычных каранях.

Што тычыцца міжнародных мерапрыемстваў, то ў нас ёсць яшчэ два цікавыя і папулярныя форумы — фестываль гарманістаў «Гармонік збірае сяброў» і фестываль казачай песні «Гайда».

— Міжнародныя фестывалі — гэта, безумоўна, выдатна. Але ж вядома, што на іх правядзенне, акрамя вялікіх арганізацыйных намаганняў, патрабуюцца яшчэ і немалыя матэрыяльныя затраты.

— Так, харчаванне, пражыванне, а таксама сувеніры гасцям, экскурсіі, культурная праграма — усё гэта за наш кошт.

— І як вы, прабачце, выкручваецеся?

— Круціцца, канешне, даводзіцца шмат, не без гэтага. Але калі бачыш, што ўсё гэта ў рэшце рэшт дае вялікую духоўную, эстэтычную аддачу, то адчуваеш сябе шчаслівым. Зрэшты мы, работнікі культуры, дзеля таго і працуем, каб несці людзям радасць, узбагачаць іх душы святлом мастацтва, рабіць навакольны свет хоць крыху дабрэйшым.

Зіновій Прыгодзіч
1 снежня 2016, zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 671


Комментарии