https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Звязда» распачынае серыю публікацый, прысвечаных юбілею Марка Шагала


Сёлета мы будзем адзначаць 130-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала. Ён з'явіўся на свет 7 ліпеня 1887 года (па новым стылі). «Звязда» распачынае серыю публікацый, прысвечаных юбілею Майстра.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі з'явіліся копіі ўнікальных фота, якія захоўваюцца ў Нацыянальным упраўленні архіваў і дакументацыі ЗША. Фотаздымкі, зробленыя ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны з нямецкага самалёта, даюць уяўленне, паміж іншым, і пра тое, як выглядаў дом сям'і Шагала.

Дар Беларусі з-за акіяна

Здымкі — падарунак замежных мецэнатаў.

— Музей вельмі ўдзячны Віталю Гарадзецкаму з Лос-Анжэлеса (ЗША). Пяць сканаў фотаздымкаў вельмі высокай якасці. Самастойна нашай музейнай установе было б у разы складаней атрымаць здымкі. Напэўна, давялося б прасіць дапамогі ў дыпламатаў. А потым — вырашаць за акіянам шматлікія бюракратычныя, фінансавыя і тэхнічныя нюансы, — расказвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый ШЫШАНАЎ.

Спадар Гарадзецкі — актыўны ўдзельнік «шагалаўскай» ініцыятыўнай групы. Яна яднае прыхільнікаў творчасці вядомага мастака — жыхароў былога СССР, якія эмігрыравалі ў ЗША.

— Група мае назву «Шагал 2012» (лічба сімвалізуе год, калі святкавалася 125-я гадавіна з дня нараджэння Майстра). Энтузіясты актыўна ўдзельнічалі ва ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі, прысвечанай вядомаму мастаку, на доме, у якім ён жыў з 1915 па 1918 год у Пецярбургу (да вяртання ў Віцебск), — працягвае музейны работнік. — Бацькі гэтых людзей нарадзіліся ў Віцебску, Гомелі, Рагачове і Жлобіне. Вось дзеці і падтрымліваюць сувязі з віцебскай інтэлігенцыяй, дораць цікавыя экспанаты. І мы ім вельмі ўдзячныя за дапамогу.

Яшчэ не разбураны горад

Суразмоўца падкрэслівае: здымкі каштоўныя тым, што на іх можна ўбачыць Віцебск з вышыні птушынага палёту ў першыя дні вайны. Горад яшчэ не быў разбураны падчас бамбардзіровак. На фота, зробленых з самалёта нямецкай паветранай разведкі, можна ўбачыць «контуры» кварталаў, дамоў. На жаль, многія з іх не захаваліся да нашых дзён.

Здымкі, зразумела, можна будзе выкарыстоўваць і пры планіроўцы забудовы «Шагалаўскага квартала».  Размова ідзе пра турыстычны комплекс (з кавярнямі, гатэлямі, дамамі рамеснікаў) каля дома-музея Марка Шагала — на вуліцы Пакроўскай. Асаблівасць квартала ў тым, што ён будзе адпавядаць «шагалаўскаму часу» — стане прыкладна такім, як ён выглядаў у дарэвалюцыйныя гады.

Здымкі часоў пачатку вайны стануць падказкай для праекціроўшчыкаў, архітэктараў, гісторыкаў, якія будуць працаваць над незвычайным горадабудаўнічым праектам. Асаблівую цікавасць уяўляе адзін здымак. На ім можна разгледзець участак, які належаў сям'і Марка Шагала, з забудовай, што захавалася да акупацыі горада.

Усё больш падарункаў

«Звязда» ўжо пісала пра аналагічны падарунак з Германіі.

— Навіна тады выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Марына Сайлер, наша зямлячка, якая працяглы час жыве ў Германіі, спрыяла набыццю 7 фота. Але іх зрабілі 24 ліпеня 1941 года, калі горад ужо быў заняты фашыстамі і значна разбураны. На здымках: тэатр, праваслаўныя, каталіцкія храмы і сінагогі, цырк... Дарэчы, цырк знаходзіўся на сучаснай вуліцы Леніна. У тым месцы цяпер жылы дом, на 1-м паверсе яго некалькі кавярняў, турыстычная фірма, — удакладняе Валерый Шышанаў.

На жаль, у музея не так шмат грошай, каб набыць, напрыклад, на інтэрнэт-аўкцыёнах здымкі перыяду Другой сусветнай вайны. Звычайна яны застаюцца ў прыватных калекцыях. І няма магчымасці зрабіць хаця б копіі.

Цяпер, сведчаць захавальнікі каштоўнасцяў, уваходзіць у моду дарыць музеям рарытэты. Сярод апошніх ахвяраванняў прадметы дамашняга быту даваеннага часу, фота, зробленыя ў 1920—1930-я гады. Часам цяжка нават устанавіць, хто на здымках, але яны даюць уяўленне пра «дух мінулага». Пра адзенне, упрыгожванні, якія насілі 80—90 гадоў таму.

Аляксандр Пукшанскі
pukshanskі@zvіazda.by
zviazda.by4 студзеня 2017



 

Кoличество переходов на страницу: 568


Комментарии