https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Песні, што ратуюць ад суму і дапамагаюць у працы


Выпраўляючыся ў вандроўку па Палессі, даследчык традыцыйнай культуры беларусаў можа быць упэўнены: з пустымі рукамі ён дакладна не вернецца. Гэты край — бясконцая крыніца песень, казак, тут жывуць таленавітыя людзі, здольныя здзіўляць сваімі неверагоднымі ўменнямі. Шыць, вышываць, вязаць, пячы смачныя пірагі любіць бадай кожная паляшучка, а паляшук — плесці кошыкі, гадаваць пчол, уладкоўваць хатнюю гаспадарку. А яшчэ ўсіх жыхароў Палесся аб'ядноўвае вялікая любоў да традыцыйнай песні і танца.

Вось і чарговая вандроўка карэспандэнта «Звязды» разам з камандай праекта «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» атрымалася надзвычай цікавай і плённай. Гэтым разам мы скіраваліся ў вёскі Восава, што на Салігоршчыне, і Чэрнічы Жыткавіцкага раёна. З гуртом «Палескія крыніцы» з Восава тэлегледачы ўжо маглі пазнаёміцца ў эфіры 3 ліпеня, таму ўспомнім толькі самыя яркія моманты той вандроўкі. Але сустрэча са «Спасаўкай» з Чэрніч яшчэ наперадзе (эфір праграмы запланаваны на нядзелю 10 ліпеня), таму запрашаю таксама на Жыткавіччыну.


На радзіме «Каваля»

— Не, «Каваля» мы спяваць не будзем! — у адзін голас адказваюць спявачкі «Палескіх крыніц» вёскі Восава на маё пытанне пра вядомую песню, некалі запісаную фалькларыстамі менавіта ў гэтай мясцовасці. Сёння гэты спеў — сапраўдны хіт гуртоў кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ, які гучыць на фестывальных пляцоўках Беларусі і замежжа. А спяваць яго для праекта «Наперад у мінулае» жанчыны адмовіліся, бо хацелі прадставіць не проста вядомыя песні, а рэдкія кампазіцыі, якія яшчэ не гучалі ў эфірах гэтай тэлепраграмы. І, думаецца, гэта ў іх лёгка атрымалася.

Фальклорны народны калектыў «Палескія крыніцы» існуе ў Восаве з 1973 года, ён складаецца з прадстаўнікоў розных пакаленняў. Самыя старэйшыя ўдзельніцы спяваюць у гурце з самага пачатку, а «новае пакаленне» жанчын, маладзейшае, далучылася да яго ў 1998 годзе.

Жанчыны кажуць, што ведаюць каля 200 песень, некаторыя з іх сапраўды ўнікальныя.

І гэта не дзіўна — яны пераняты спявачкамі ад мам, бабуль. У ліку адметных — песні пра каханне «Пара галубоў», «Далёка-далёка дарога»:

Далёка-далёка дарога,

Далёка чужая старана

Уехаў мой мілы далёка,

А я засталася адна...

«Палескія крыніцы» — пастаянныя ўдзельнікі многіх беларускіх і замежных фальклорных фэстаў. Гэта «Залатыя ключы», «Фальклорная талака», «Берагіня», колькі гадоў таму жанчыны прадстаўлялі нашу краіну ў польскім Любліне на фестывалі «Песні балот. Традыцыйная музыка Палесся», а таксама прымалі ўдзел у рэгіянальнай кансультатыўнай сустрэчы экспертаў краін СНД і трэнінгу ЮНЕСКА па выкарыстанні Міжнароднай канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Адметна, што ў склад гурта ўваходзяць не толькі жанчыны, але і мужчыны, напрыклад гарманіст-самавук Іван Каваленя. Дапамагае яму ў спевах кіраўнік мясцовага дома культуры Сяргей Каваленя.

Восава багатае і на майстроў. Так, Пётр Ганчар, які не так даўно адзначыў 90-годдзе, ужо шмат гадоў пляце кошыкі з лазы, навучыўся іх рабіць ад бацькі. Майстрыца Ніна Каваленя ўпрыгожвае вышыўкай уласны касцюм, прасціны, навалочкі і дываны на ложак і дапамагае аздабляць сарочкі іншых удзельніц і ўдзельнікаў гурта. Як вы ўжо заўважылі, у Восаве жыве многа Каваленяў. Спадар Сяргей расказаў, што ўсе яны маюць агульныя карані, а «распачаў» вялікі род пан Каваленя, які калісьці жыў у гэтай мясцовасці.

Жывё тут і выдатная майстрыца Надзея Паддубіцкая.

— Колькі сябе памятаю — столькі вышываю, — кажа яна. — Мы дзеці вайны, таму стараліся рабіць любую працу, карысную на вёсцы. Старэйшыя ішлі на ферму, у калгас, а малыя пасвілі гусей, свіней. Такі занятак дазваляў рабіць нешта яшчэ рукамі — вязаць, вышываць. Пасля вайны ўсе ў вёсцы жылі бедна, але наша мама на рукадзелле грошай не шкадавала: дзе ніткі ў краме пабачыць, дзе кавалачак тканіны, а я вышывала. Неяк сама навучылася. Рыхтавала пасаг не толькі для сябе, але і для сясцёр. Яшчэ ў дзяцінстве я заўважыла, што ў нашай вёсцы амаль усе жанчыны хадзілі ў аднолькавых вышытых кашулях і фартушках. Мне стала цікава, хто так хораша іх аздобіў. І мама распавяла, што неяк на Украіне быў вялікі голад, і адтуль жанчыны пайшлі па вёсках, каб пракарміцца. Прапаноўвалі вышыць адзенне, абрусы, прасціны. Пакуль ішла праца, яны жылі ў сем'ях на Палессі. Так і зіму перазімавалі, і ўсю вёску ўпрыгожылі аднолькавымі вышыўкамі. Вельмі ярка глядзелася — нашы жанчыны нават у поле на сенакос хадзілі прыбраныя, як на свята.

...А «Каваля» «Палескія крыніцы» ўсё ж заспявалі: праўда, не на камеру, а проста для душы, як часта бывае на Палессі. Ды і чаму б не заспяваць, калі песня так хораша гучыць:

Выганяй, маці,

каваля з хаты,

Бо каваль малады

хоча начаваці...

Мы ж кіруемся далей, у Чэрнічы, што на Жыткавіччыне, дзе чакае знаёмства з адметным калектывам «Спасаўка».

Чарніцы ці манастыр?

Існуе некалькі версій паходжання назвы вёскі Чэрнічы. Адна сцвярджае, што раней непадалёк ад вёскі дзейнічаў жаночы манастыр, заснаваны ў ХІІ стагоддзі княгіняй Барбарай. І назва паселішча ўтварылася ад слова «чарнец» — манах. А вось мясцовы жыхар Мікалай Свораб кажа, што ў даўнія часы вакол вёскі было многа лясоў, якія давалі багаты ўраджай чарніц, адсюль і назва — Чэрнічы. Пагадзіцеся, абедзве версіі прыгожыя і лагічныя.

Першыя паселішчы людзей у гэтых мясцінах датуюцца археолагамі раннім жалезным векам, а самі Чэрнічы вядомыя з XVІІІ стагоддзя, у той час яны тэрытарыяльна належалі да Мазырскага павета. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У той час многія сядзібы і лясы, што былі побач, выкупіла ў графа Салагуба і генерала Сялябіна англійская кампанія, якая за тры гады высекла і вывезла шмат лесу. Тады імператар Павел І загадаў кампаніі вярнуць грошы за землі і спыніць знішчэнне лясоў.

Так Чэрнічы з іх багатымі на ягады і грыбы лясамі былі выратаваныя.

Без песні няма працы

Сёння ў вёсцы існуе адметны гурт «Спасаўка». Ён удзельнік самага першага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня». Тады, больш як 20 гадоў таму, гурт з Чэрнічаў заняў на гэтым фэсце першае месца. У калектыве ёсць жанчыны, якія маюць больш як шэсць дзясяткаў гадоў спеўнага досведу. Больш за тое, усе спявачкі самі шылі і вышывалі сабе касцюмы.

Кіраўнік гурта «Спасаўка» Кацярына Санец распавяла:

— Гэты калектыў існуе з 1962 года, калі я нарадзілася. Яго праца ніколі не спынялася. Кіраўнікі змяняліся, гурт папаўняўся новымі ўдзельнікамі. Мы выконваем старажытныя песні, якія спрадвек спявалі ў нашай мясцовасці. Іх рэдка можна пачуць у іншых мясцінах.

Сёння «Спасаўка» — актыўны ўдзельнік культурнага і грамадскага жыцця сваёй мясцовасці. Спадарыня Кацярына кажа:

— Мы і вяселлі сустракаем, вітаем маладых песнямі. Вельмі любім ездзіць з выступленнямі: выступалі ў Мінску, у нашым раёне і ў суседніх, удзельнічаем у фестывалях, у раённых дажынках, зажынках. Хто нас ні запросіць — на ўсе прапановы пагаджаемся, таму і назву «Спасаўка» можна патлумачыць па-рознаму: ад свята Спас і ад слова «спасаць» — ратаваць.

Старэйшыя ўдзельніцы гурта ўспамінаюць, што ў даўнія часы жанчыны гуртам збіраліся гуляць, усе разам спявалі песню за песняй. Маладзейшыя вучыліся ў старэйшых. Калі нехта прыйдзе з суседняга сяла — вучыць мясцовых сваім песням, а самі вучацца ў жыхароў Чэрнічаў. Так, пераймаючы адзін аднаго, вучыліся новым спевам. Часта спявалі, калі жалі, падчас сенакосу, без песні працы не было. Жанчыны кажуць, што сёння да песні ў вёсцы іншае стаўленне: калі заспяваеш на лавачцы каля хаты, скажуць: ці вяселле едзе, ці нехта п'яны крычыць. Але да «Спасаўкі» ў вёсцы прывыклі: часам ідуць жанчыны з клуба і дарогай дадому ўсе разам спяваюць. На жаль, адзначаюць спявачкі, моладзь не надта імкнецца пераймаць традыцыі і вучыцца народным песням.

На пытанне пра колькасць песень, якія ведаюць спявачкі са «Спасаўкі», яны адказваюць: мо і больш за сто. Часам сядуць спяваць з раніцы — і могуць выконваць іх да вечара, ні разу не паўтарыцца.

У гурце ёсць і мужчына. Сяргей Захаравіч і спявае, і грае на гармоніку. Ён расказвае:

— Спяваць мяне навучыла маці, якая калісьці хадзіла ў калектыў, а іграць на гармоніку навучыўся сам. З дзіцячых гадоў з калектывам хадзіў у клуб і сёння з ім працую. Спяваю часам і дома, калі цяжка на душы. А паспяваеш — і лягчэй становіцца.

І сапраўды, народная песня, нават самая сумная і трагічная, — выдатная нагода і адпачыць, і душу адвесці. Таму давайце іх спяваць разам, захоўваць і берагчы для наступных пакаленняў беларусаў.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота аўтара

vesіaluha@zvіazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 626


Комментарии