https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская дуда дапаможа не згубіць саміх сябе!


Зміцер СасноўскіЛідар гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі — адзін з самых актыўных удзельнікаў беларускага дударскага руху.

Ён прадстаўнік таго самага сярэдняга дударскага пакалення, якое рыхтуе новую генерацыю. У моладзі дуда сёння выклікае насамрэч неверагодны інтарэс. Навучыцца іграць на гэтым інструменце мараць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты! Чым толькі яны не ўпрыгожваюць свае дуды! І гэта выдатна. Здаецца, мадэрнізуючы і пераасэнсоўваючы старадаўнюю традыцыю, мы паціху вучымся любавацца і ганарыцца сваім уласным. Бачылі б вы, колькі кожную другую сераду месяца ў мінскім клубе RЕ:РUBLІС прыходзіць народу, каб патанчыць пад дуду. І не проста патанчыць, а развучыць кракавяк, маразулю, дрымул-дракулі і іншыя беларускія старадаўнія танцы. Зміцер Сасноўскі распавёў "Звяздзе", як танцы пад дуду дапамагаюць не згубіць нацыю.

— Зміцер, дуда — старадаўні беларускі інструмент, але чаму так склалася, што мы не ўспрымаем яго як свой уласны, а знаходзімся ва ўладзе стэрэатыпаў, паводле якіх калі дуда, дык значыць, абавязкова шатландскія мужчыны ў спадніцах?


— Гістарычныя стэрэатыпы — такая магутная, непрабіўная рэч! Але часта тое, што раней здавалася аксіёмай, сёння развенчваецца. Беларуская дуда (валынка) уяўляецца нам як інструмент, уласцівы далёкаму шатландскаму народу. Наогул, стэрэатып адносна шатландскай дуды распаўсюджаны шмат дзе ў свеце. Дуда вядомая вельмі многім народам, нават зулусам. Але ў кожнага свае асаблівасці ў канструкцыі, выкарыстанні і рэпертуары. Гэта адрознівае нацыянальную дударскую школу любога народа. Таму, каб дуда кожнага народа ўзнікла аўтаномна, паспрыяла вось што. Самы просты язычковы інструмент — чаротавая жалейка. Калі адзін чалавек граў на дзвюх такіх жалейках або ігралі два чалавекі адначасова, з'явілася ідэя аб'яднаць гэтыя жалейкі ў адзін корпус, злучыць адным мехам з адным рэзервуарам. Прастата вырабу жалейкі і прастата пераходу ад жалейкі да дуды паспрыяла таму, што ўсе народы ведаюць гэты інструмент. Іншая справа, што масавая культура ХХ ст. "раскруціла" найбольш менавіта шатландскі інструмент. Гэты стэрэатып у сучаснай глабалізаванай культуры жыве і сёння.

Дакладна пра час узнікнення дуды на Беларусі казаць цяжкавата, таму што дуда ў беларускай традыцыі нават з самым крытычным стаўленнем з'яўляецца ці не самым старажытным інструментам. Гэтая думка грунтуецца на тым, што якраз дуда найбольш адлюстравана ў беларускай міфалогіі, казках, прымаўках. Няма больш ніводнага беларускага народнага інструмента, вакол якога створана столькі міфаў і гісторый, які б сімвалізаваў яшчэ дахрысціянскае ўяўленне пра свет. Здавён беларусы ўяўлялі дуду як жывую істоту. Было так: казу прыносілі ў ахвяру, з яе скуры выраблялі дуду і тут жа гралі на ёй. Да нашых часоў дайшло тэатралізаванае каляднае дзеянне прынясення казы ў ахвяру. Падчас калядавання дудар грае на дудзе, каза быццам ажывае і яднае той свет і гэты. Дуда ўключалася ў многія абрады. А дудар лічыўся чалавекам, які проста абслугоўвае дуду. Казалі нават: не дудар з дудой ідзе, а дуда ідзе. Дудар быў другаснай асобай, як праважаты гэтага сакральнага інструмента. І калі дуда пачынала гучаць, нашы продкі ўяўлялі, што гэта голас менавіта абрадавай ахвярнай казы, якая цяпер жыве на тым свеце, але размаўляе з намі. Спасылкі на старадаўнія абрады, прысутнасць дуды ў міфалогіі, шматлікія апісанні дуды Янам Баршчэўскім сведчаць пра тое, што інструмент гэты ўзнік на Беларусі ў дахрысціянскія часы. І настолькі ўвайшоў у побыт, быў гарманічна ўплецены ў міфалагічнае ўяўленне, што гэта ўяўленне дажыло да нашага часу, і можна сказаць, гэта самы асноўны сакральны беларускі інструмент. Што датычыць гістарычных крыніц, то першая згадка пра дуду на Беларусі адносіцца да ХV ст. — у перакладной аповесці пра трох каралёў-валхвоў. Першая выява дуды на тэрыторыі этнічнай Беларусі адносіцца да ХVІ ст. — на кафлі ў мястэчку Мельнік (Падляшскае ваяводства, Польшча). Там намаляваны дудар з дудой, у якой бурдон ляжыць на плячы. Альбо гэта нетрадыцыйная беларуская дуда, альбо прынесеная. У нас было вельмі шмат як нямецкай, так і шатландскай традыцыі. Шатландская дуда для Беларусі не чужая. Шатландцы жылі тут цэлымі анклавамі. Нюанс у тым, што ў іканаграфічных крыніцах да ХІХ стагоддзя (да часу ўзнікнення этнаграфіі як навукі) мы не бачым народнай дуды. На ўсіх гэтых выявах — дуда, прынесеная з Германіі. Гэта была вельмі моцная сярэднявечная і барочная мода па ўсіх краінах — двухбурдонная нямецкая дуда Dudеlzаk.

— Такім чынам, можна лічыць, што дуда звязвае Беларусь з Еўропай, з еўрапейскай музычнай традыцыяй?

— Так, наяўнасць дуды з'яўляецца пэўнай прыкметай еўрапейскасці таго ці іншага народу і звязвае Беларусь з астатняй часткай Еўропы. Гэта агульнаеўрапейская традыцыя, і яе прысутнасць у Беларусі сведчыць пра нейкую генетычную сувязь з Еўропай. Не культурную, бо ў культурным сэнсе інструменты распаўсюджваліся вельмі лёгка. Але чаму дуда не прыжылася на Усходзе, напрыклад, не зразумела. Дуда сустракаецца і ў народаў Малой Азіі, Пакістана, Афганістана, Ірана, Турцыі, вядома ж, усе еўрапейскія краіны маюць свае дуды, у спрошчаным выглядзе дуда сустракаецца нават у Афрыцы. Але там яна не прыжылася так, як на Беларусі. Ужо наколькі беларусы не былі "прыярытэтным" народам у даследаваннях Рускага геаграфічнага таварыства ў ХІХ ст., але любое згадванне Беларусі гэтым таварыствам уключае і згадванне дуды. Апошнія даследаванні інструментаў, выстаўленых у Рускім музычным музеі імя Глінкі, паказваюць, што гэтыя інструменты хутчэй за ўсё маюць беларускае паходжанне. Нікіфароўскі падрабязна апісаў двухбурдонную беларускую дуду, ідэнтычную з двухбурдоннай дудой, якая ёсць у чувашоў. Да іх яна, відавочна, прыйшла з Беларусі. Прычым ёсць шмат згадванняў пра тое, як у Чувашыю высылалі шляхцічаў пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. Шляхціч Бурнон Завадскі, быўшы ў высылцы, спяваў песню пра дуду, якая цешыла яго ў чужой старане. Такія ўскосныя звесткі могуць сведчыць не толькі пра тое, што дуда звязвала Беларусь з астатняй часткай Еўропы, але і пра тое, што сама беларуская дуда звязвала з Еўропай іншыя народы.

— Якія народныя абрады ладзіліся на Беларусі з удзелам дуды?

— Падчас Вялікадня адбываўся абрад валачобніцтва. У ХІХ ст. было высветлена, што гэта адзін з тых абрадаў, якія ўласцівы толькі беларусам. Валачобныя абрады амаль нічым не адрозніваюцца ад калядных. Шмат людзей збіраюцца, спяваюць мантрычныя спевы пра міфічных істот, абыходзяць дамы. Гэта ў дахрысціянскай традыцыі. Хрысціянскі Вялікдзень, як вядома, з'явіўся з даўняга валачобнага абраду. Акрамя рэфрэну "Хрыстос уваскрос, Сын Божы!" у велікодных валачобных спевах нішто не ўказвае на хрысціянства. На Каляды ўтвараецца новы свет. А на Вялікдзень нараджаецца Хрыстос і сама Прырода. У дахрысціянскім уяўленні ажыўленне прыроды ў гэтым нованароджаным свеце таксама трэба правільна сустрэць. Патрэбен абрадавы інструмент, і такім інструментам здавён была дуда. Наогул, дуда выконвала не толькі сакральную функцыю, але і забаўляльную. Мы ведаем апісаныя ўсімі на свеце этнографамі танцы пад дуду ў карчме. Падчас розных нагод у розных мясцовасцях дудары паводзілі сябе па-рознаму, карысталіся рознымі прыёмамі і тэхнікамі ігры на дудзе і нават рознымі відамі дуды. Дарэчы, вядома, што дудары перыядычна ўжывалі алкаголь. Прычым было такое народнае павер'е, што трэба яшчэ чарачку і ў сам мяшок, каб дуда весялей і складней іграла. У гэтым, праўда, ёсць тэхналагічны сакрэт, які нашыя продкі ведалі: калі алкаголь трапляе ў мяшок, ён знішчае цвіль, і мяшок не "цвіце" і не гніе. Што тычыцца абрадаў, то можна не без суму канстатаваць, што народныя дудары пасля 1960-х гг. больш не прысутнічалі на народных абрадах у Беларусі. З этнаграфічных экспедыцый вядома, што ў 1960-х гг. дудароў запрашалі на вяселлі. Старых дзядоў прасілі ўзяць дуду (бо маладыя ўжо не ведалі гэтай традыцыі) і проста пасядзець з ёй на вяселлі. Як сімвал... Увогуле, пасля Другой сусветнай вайны дуда не была прынята ў так званы негалосны рэестр беларускіх народных інструментаў. І ў выніку дажывала ў выглядзе народных рудыментаў у вёсках. На жаль, сёння ў абрадах, у якіх раней выкарыстоўвалі дуду, выкарыстоўваюцца іншыя інструменты (гэты працэс пачаўся ў пачатку ХХ ст., калі горад стаў актыўна пранікаць у вёску): цымбалы, гармонік, скрыпка, баян, акардэон. Скрыпка наогул з'яўляецца сімвалам у беларускай народнай культуры. Але гэта адбылося пасля замены дуды скрыпкай. Народная манера ігры на скрыпцы — гэта імітаванне гучання дуды. Таму выкарыстанне ў некаторых абрадах новых шырокадаступных інструментаў — гэта не зусім здрада традыцыі, гэта пераўтварэнне традыцыі, у якой усё роўна відавочны ўплыў і прысутнасць дуды.

— У свядомасці беларусаў дуда сёння, на жаль, не асацыюецца з народным нацыянальным інструментам. На яе месцы — цымбалы і гармонік родам з ХХ стагоддзя. Як вярнуць беларусам дуду?

— Зараз у Беларусі існуе вельмі шырокі грамадскі дударскі рух. Суседзі здзіўляюцца, як ён у нас развіўся! Але я лічу гэта заканамерным, адпаведным месцу дуды ў нашай культуры. Дуда сама да нас вяртаецца. Але што тычыцца нацыянальнага ўзроўню, то тут без падтрымкі дзяржавы абысціся цяжка. Дзякуй Богу, што канструкцыю дуды, ігру на ёй пачалі вывучаць ва Універсітэце культуры гадоў пяць таму. Там жа адбываюцца сустрэчы, прысвечаныя дудзе. Маштабы дударскага руху сёння выглядаюць вельмі аптымістычнымі. Дудар і майстар Тодар Кашкурэвіч узгадваў выпадак, калі паехаў у вёску на нейкі абрад, а мясцовыя хлопцы нападпітку слухалі цяжкую музыку ў машыне і паводзілі сябе агрэсіўна. Але як толькі дудар Юрый Панкевіч зайграў, яны адразу суцішыліся, задумаліся. Гэта спрацавала на нейкім генетычным узроўні. Значыць, ёсць пэўная звышсувязь, значыць, дуда абуджае розум. Гэты інструмент экспрэсіўны, падштурхоўвае да ўдумлівасці, валявых пачуццяў і актыўных дзеянняў. Цымбалы ж наадварот, супакойваюць, стрымліваюць эмоцыі. Замена аднаго інструмента другім у сярэдзіне ХХ ст., змяніла эмацыйны фон нашай нацыі. Калі мы вернемся да традыцыі, і вернем сабе аўтэнтычныя музычныя эмоцыі, зменіцца і эмацыйны фон, вернецца актыўнае стаўленне да свету, уласнай краіны, саміх сябе, нашых сем'яў.

Вольга Чайкоўская
Звязда, 31 сакавіка 2012 

 

Кoличество переходов на страницу: 1977


Комментарии