https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Валожынскім раёне прайшоў міжнародны велапрабег «BІKES4SDGS»


У Валожынскім раёне прайшоў міжнародны велапрабег «BІKES4SDGS» у падтрымку Мэт устойлівага развіцця ААН. У прабегу ўдзельнічала больш як 500 чалавек з 35 краін свету.

Адзін з натхняльнікаў і арганізатараў гэтага грандыёзнага мерапрыемства — кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Санака Самарасінха. Спіс партнёраў і спонсараў велапрабегу ўражвае. Сярод іх — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства спорту і турызму, Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, Глабальны экалагічны фонд, Мінскае веласіпеднае таварыства.

Іх прадстаўнікі адгукнуліся на запрашэнне Санака Самарасінха асабіста прыехаць у Пяршаі, актыўна падтрымаць прасоўванне ў Беларусі Мэты развіцця, а таксама палюбавацца ўнікальнай прыгажосцю Налібоцкай пушчы, якую гэты жыхар далёкай Шры Ланкі палюбіў усім сэрцам. Ён нават сказаў публічна ў Пяршаях, што пушчу лічыць сваім другім домам у Беларусі, прывозіць сюды сваіх замежных гасцей і сяброў. Таму не выпадкова фініш прабегу быў абраны па маляўнічым высокім беразе ракі Іслач у заказніку «Налібоцкі».

Санака Самарасінха, у прыватнасці, звярнуў увагу на змены клімату. «Калі мы нічога не будзем рабіць, то страцім нашу планету. Сёння падумайце аб тым, што нам трэба зрабіць у наступныя 15 гадоў, каб захаваць планету для нашых дзяцей».

Сярод удзельнікаў прабегу былі міністры, студэнты, журналісты, музычныя зоркі, людзі з інваліднасцю, вядомыя спартсмены, мясцовыя аматары спорту, прадстаўнікі міжнародных, дзяржаўных, грамадскіх арганізацый, бізнесу. Яны сабраліся ў гэты дзень на цэнтральнай плошчы ў вёсцы Пяршаі. Маршрут велапрабегу быў арганізаваны ў ашчадным рэжыме і падзелены на некалькі этапаў. Першы этап — 2 км асфальтаванай дарогі. Другі этап — 6 км. Треці — 10 км. На кожным этапе былі арганізаваны месцы прыпынку, дзе мелася магчымасць трохі адпачыць, выпіць чаго, перакусіць, а таксама прыняць удзел у конкурсах.

Паралельна праходзіў і 15-кіламетровы сплаў на байдарках па рацэ Іслач з фінішам у вёсцы Белакорац. Дарэчы, там жа фінішавалі ўдзельнікі веламаршруту.

Многія, як прынята цяпер казаць, медыйныя персоны прыбылі ў Пяршаі са сваімі веласіпедамі. Напрыклад, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко ахвотна расказаў аб сваім «жалезным» сябры, якому ўжо амаль 6 гадоў. Паводле яго слоў, гэта недарагі, надзейны і зручны веласіпед. І наогул, язда на веласіпедзе — гэта даступны для насельніцтва від спорту, які далучае моладзь да здаровага ладу жыцця.

Прызёр Алімпійскіх гульняў і васьміразовы чэмпіён свету па веласпорце Наталля Цылінская таксама прайшла маршрут на сваім веласіпедзе.

Але асаблівую ўвагу мясцовых жыхароў, якія назіралі за ходам прабегу, прыцягнуў упрыгожаны малюнкамі цюльпанаў двухмесны веласіпед. Яго прывезлі ў Пяршаі часовы павераны Нідэрландаў у Беларусі Паўль ван Ооствейн і яго жонка.

А скончыўся ў раёне вялікі спартыўны дзень вогнішчам Дружбы на краі пушчы і вячэрнім канцэртам.

Нагадаем, адносна нядаўна дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. Яна змяшчае шэраг мэт, накіраваных на ліквідацыю галечы, захаванне рэсурсаў планеты і забеспячэнне дабрабыту для ўсіх. Кожная з 17 мэт утрымлівае шэраг паказчыкаў, якія павінны быць дасягнутыя на працягу 15 гадоў.

Леанід Лахманенка
Звязда
23 верасня 2016



 

Кoличество переходов на страницу: 631


Комментарии