https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Спалучаць у сабе міліцыянера і паэта


Калі б у беларускай міліцыі выяўлялі самага творчага праваахоўніка, ён, без сумневу, стаў бы першым. За амаль трыццацігадовую службу ў МУС Кастусь ЦЫБУЛЬСКІ ўдала спалучаў у сабе міліцыянера і паэта, чые песні спяваюць Валерый Дайнека, Леанід Барткевіч і іншыя беларускія выканаўцы.

«На пяцігоддзе бацька падарыў нямецкі акардэон»

— Спадар Кастусь, растлумачце, як паэт-пачатковец, выпускнік філфака БДУ стаў міліцыянерам. Ператварэнне, насамрэч, незвычайнае.

— Абставіны бываюць мацнейшыя за нас. Максім Горкі калісьці добра сказаў, што лёс нельга гвалтаваць — ён сам гвалтуе вельмі добра. У свой час я займаўся каратэ і неяк даў адпор зламыснікам. Аб гэтым даведаліся ў міліцыі і прапанавалі мне весці секцыю адзінаборстваў для праваахоўнікаў. Спачатку, пасля навучання на філфаку, я быў інструктарам па спорце ў Слуцку, адкуль родам мая жонка, а пасля перайшоў працаваць у інспекцыю па справах непаўналетніх. Калектыў у нас быў добры. Прынялі мяне, як у сваю сям'ю. У выніку міліцыі аддаў 25 гадоў.

— Але любоў да слова ў вас з самага дзяцінства?

— Так. Зіна, мая старэйшая сястра, была вельмі артыстычнай, імпазантнай дзяўчынай. Спявала пастаянна. Збірала вершы, песні. Пасля таго як вярталася дадому з маладзечанскага кінатэатра, а жылі мы на хутары, так падрабязна, выразна пераказвала кіно па ролях, што мне нават і глядзець не хацелася. І так яна мяне малога захапіла, што мог адразу ісці вучыцца ў трэці клас. Бо пісаць і чытаць умеў ужо да першага класа. Дзякуючы ёй у мяне з'явілася прага да чытання.

— Чуў, што бацька вам зрабіў на тыя часы раскошны падарунак — нямецкі акардэон «Weltmeіster».

— Спачатку я іграў на маленькім, дзіцячым, а потым, калі мне споўнілася пяць гадоў, тата падарыў «Weltmeіster». Купіў яго, напэўна, у Вільнюсе. Ноты я не ведаў, але інструментам авалодаў. Выконваў тады ўсё, што гучала па радыё. Праўда, потым акардэон адклаў і актыўна заняўся спортам: цяжкай атлетыкай, рукапашным боем, падымаў гіру... Калі мне было дзесяць гадоў, бацька кінуў сям'ю. Маці працавала ў меліярацыі. Ёй патрэбны быў памочнік. Са словамі «ты ж мужчына» яна дала мне касу, і я пачаў дапамагаць. Працы было вельмі шмат. Памятаю, калі праходзіў медыцынскую камісію ў ваенкамаце, зняў кашулю і адразу пачуў пытанне ад доктара «А вы майстар спорту?». Думалі, што барацьбой займаўся. Але мая фізічная падрыхтоўка мне дапамагла. У арміі на спаборніцтвах займаў пастаянна першыя і другія месцы.

— А дзе вы служылі?

— У Карпатах, у спецыяльных войсках. У гарах тады выраблялі ядзерныя боегалоўкі. Аднойчы нават сядзеў на сапраўднай ядзернай бомбе.

— Як так?!

— Калі боегалоўкі грузілі па вагонах, іх змяшчалі ў капсулы. Ужо потым з гэтых капсул іх даставалі і закручвалі ў ракету. Мы маладыя былі. Рамантыкі. Ты сядзіш на бомбе, а па-над табой начное неба, зацягнутае сеткай — каб амерыканскія спадарожнікі не запеленгавалі. Некаторыя з хлопцаў нават палілі. Небяспекі ніхто не адчуваў.

«Ніл Гілевіч паставіў чацвёрку за курсавую»

— На філфаку вучыліся на беларускай філалогіі?

— Менавіта, і ў Ніла Сымонавіча Гілевіча пісаў курсавую, якая пасля стала асновай для маёй дыпломнай работы. Паставіў чацвёрку, але ідэю пахваліў. Гілевіч наогул быў вельмі добрым выкладчыкам. Ніколі на студэнтаў не павышаў голас. У аўдыторыю заўжды заходзіў з усмешкай. Ён мог разважаць на любую тэму. Трымалі з ім сувязь і пасля завяршэння навучання.

— Першая ваша кніга была выдадзена ў «Бібліятэцы часопіса «Маладосць» у пачатку 1990-х. Хто вам адкрыў акно ў беларускую літаратуру?

— Мабыць, Алег Антонавіч Лойка і філфакаўскае аб'яднанне «Узлёт». Як стаў студэнтам-першакурснікам, так і апынуўся ў гэтай літаратурнай сямейцы. Алег Лойка вазіўся з намі, як з дзеткамі. Пастаянна тлумачыў памылкі, падказваў з выбарам тэмы... Нашы вершы друкавалі ў «Мінскай праўдзе» і «Чырвонай змене». Гэта была добрая школа і вельмі цікавы час. А з літаратурай мяне блізка пазнаёміла класная кіраўніца Вера Іванаўна Шупляк, якая ў дзявятым класе падарыла мне зборнічак Ясеніна. Я быў пад такім уражаннем, што не мог заснуць. Вырашыў спрабаваць пісаць свае вершы.

У Слуцку я хоць і служыў у міліцыі, але паралельна кіраваў літаб'яднаннем «Случ». Мы выступалі па ўсёй вобласці, і нас вельмі добра ведалі. А ў 1995 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў. Што цікава, на адзін са з'ездаў саюза я яшчэ патрапіў студэнтам — як фатограф. Нядаўна пераглядаў архіў і заўважыў, што ёсць фотаздымкі з Уладзімірам Караткевічам, Яўгеніяй Янішчыц, Анатолем Грачанікавым, Янкам Брылём, Рыгорам Семашкевічам. Збіраюся выдаць кнігу ўспамінаў.

— Вы напісалі даволі шмат песень, якія і цяпер у рэпертуары беларускіх выканаўцаў. З чаго гэта пачалося?

— У тым жа Слуцку мы стварылі вакальна-інструментальны ансамбль. Мяне папрасілі напісаць некалькі песень. Ну а калі «Сябры» прыехалі да нас з канцэртам, я наўпрост пайшоў да Анатоля Ярмоленкі, паведаміў, што пішу вершы і песні. Ён толькі і сказаў, каб нешта прапанаваў, бо не хапае ў рэпертуары беларускага твора. Адзін верш узяў Мікалай Сацура, клавішнік, аранжыроўшчык «Сяброў», а другія прапанаваў кампазітару Валерыю Іванову. Я прыехаў да яго на лецішча і за адзін вечар мы напісалі «Бацькоўскі зруб» і «Зямлю бацькоў».

— Верш «Бацькоўскі зруб», напэўна, стаў для вас вызначальным творам.

— Так і ёсць.

«Мой галоўны падарунак — унучачка Даша»

— У 1999 годзе пад Слуцкам адбылося рэзананснае забойства — зламыснікі застрэлілі супрацоўніка міліцыі Уладзіміра Барысаўца...

— Добра ведаў яго, жонку, дзіця. На той час я ўжо працаваў начальнікам прэс-цэнтра Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. З відэакамерай ездзіў у вёску, дзе адбылося забойства. Нават здымаў тых падонкаў, што забілі Валодзю. Яны са слязьмі на вачах казалі, што не хацелі гэтага. Маўляў, спужаліся, так атрымалася. Дагэтуль за імі ўжо значылася адно забойства. Яны ўкралі машыну, якую хацелі прадаць у Расіі, і хаваліся спачатку ў Слуцку, потым — у Семежаве. У той момант сустрэліся дабро і зло. Валодзю з абрэза стрэлілі ў галаву. Зламыснікаў тады абясшкодзіў напарнік Барысаўца Эрнест Шэлег. Кожны з іх атрымаў пажыццёвае. Пасля Барысаўцу я прысвяціў паэму.

— Акрамя песень вы пішаце яшчэ і гімны для розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Справа, як мне падаецца, прыбытковая.

— Але без натхнення ўсё роўна не напішаш. Гімн БелАЗа, які стварылі разам з Дзмітрыем Даўгалёвым, ужо амаль дзесяць гадоў сустракае на прахадной работнікаў завода і праводзіць іх дадому. У нас добра кажуць, мала чэсці аднаму быка з'есці, многа чэсці — разам з людзьмі з'есці. Напісаць песню, гімн — не праблема, аднак зрабіць якасную аранжыроўку, запісаць вакаліста — гэта ўжо калектыўная праца. Сімбіёз. Агулам запісалі 10 гімнаў.

— Днямі вы адзначалі сваё шасцідзесяцігоддзе. Які падарунак лічыце самым галоўным?

— Найлепшы мой падарунак — мая ўнучачка Даша, якой тры з паловай годзікі. Спецыяльна, каб расказаць дзядулю на свята, вучыла верш, песню. Малайчынка. Яна — будучая наша зорачка.

taras@zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 664


Комментарии