https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Алег Хаменка: Мы — праўда, за якой гісторыя


Ёсць музыка, якую ствараюць музыканты. Прафесійна і якасна. А ёсць музыка, за якой — музыкі. Яны не толькі прафесіяналы, якія жывуць сваёй працай, яны працягваюць справу Музыкі для Беларусі.

Той, якая ад каранёў і дзякуючы традыцыям. Той, якою мала жыць і якую мала іграць ці спяваць. У яе трэба ўвайсці аднойчы, паглыбіцца цалкам, каб з глыбіні выцягнуць перліны і паказаць, як яны зіхацяць, калі належным чынам аформленыя людзьмі.

Такой справай 25 гадоў займаюцца музыкі гурта «Палац» (якія засталіся ў ім сёння, і якія прайшлі праз яго ў мінулыя гады).

За сваю справу, зробленую за гэтыя гады, яны будуць трымаць справаздачу 4 красавіка падчас канцэрта для сяброў і новых слухачоў, якія цікавяцца асаблівай беларускай песняй, — як яна гучыць у выкананні саліста і музыкі Алега Хаменкі. І гэта яго свята — 50-годдзе, з якога палова жыцця прайшла з «Палацам». Беларуская музыка (і наогул культура) такая: трымаецца за тых, хто аднойчы яе зразумеў і палюбіў.
____________________________________________________

— Так сышліся зоркі, што разам з адкрыццём гурта «Палац» людзі, грамадства рабілі для сябе адкрыццё беларускай культуры: гэта быў канец 80-х — пачатак 90-х...

— А можа, для грамадства гэта пачалося ў сярэдзіне 20-х ці яшчэ раней — у часы Дуніна-Марцінкевіча...

— Але чарговая хваля здарылася для нашага пакалення. Каб узляцець на ёй, вы павінны былі зрабіць адкрыццё для сябе. Што аб'яднала вас у гурт, але не толькі як музычны калектыў, а як калектыў аднадумцаў? Няўжо толькі тое, што вучыліся ў адной ВНУ?

— І гэта паўплывала... Я шмат разоў імкнуўся сам для сябе знайсці адказ на гэтае пытанне, і дакладнага яго ў мяне няма дагэтуль. Сышліся адразу столькі складнікаў, але ніводзін не можа быць вылучаны як вырашальны. Сукупнасць усяго, якая прывяла да жадання засяродзіцца ў нейкі момант на тым, што гэта ж важна! Мала таго, гэта можа быць і цікава, і паспяхова.

Бацькі ўсіх з гурта — вельмі простыя людзі. Калі ўдавалася здабыць якасную гітару — гэта была перамога над абставінамі жыцця. Мы дамовіліся з дзяўчынай, якая працавала ў краме «Музыка», каб яна нам паведаміла, калі з'явяцца чэшскія гітары ў продажы. Як яна патэлефанавала, то грошай, каб набыць, не хапала, у бацькоў пазычалі. У нейкі момант мы купілі сабе гітары, на якіх больш-менш можна было іграць...

Можа вось гэты момант, жаданне перамагчы абставіны, зрабілі сваю справу: добрыя, якасныя музычныя інструменты падштурхнулі не кідаць гэта. Ды яшчэ бацькі далі апошнія грошы...

— Яны, відаць, верылі, што сын займаецца вартай справай.

— Я не прасіў ніколі нічога. Калі вучыўся ў школе, не меў ні джынсаў, ні дыпламата, у 80-я ўсе ў школу хадзілі з дыпламатамі. Мяне бацькі вельмі любілі, яны казалі: мы табе харошы партфельчык купім. Праўда, купілі, дарагі харошы скураны партфельчык у школу хадзіць, міністэрскі. Але ўсе ходзяць з дыпламатамі, а я з гэтым партфельчыкам... Я яго як папку насіў, у яго пры неабходнасці яшчэ ўкладаліся кеды.

— Магчыма, гэта быў пачатак загартоўкі: вылучацца з натоўпу і ўсталёўваць сваю моду, свой кірунак, нават калі ўсе робяць інакш. Хто можа падтрымаць у такіх умовах? Найперш блізкія людзі. Ці знаходзіць водгук тое, што вы робіце, у вашых бацькоў?

— Памятаю, як аднойчы мама сказала: «Ох, Алег, як хораша ты пяеш... А працуеш ты дзе?» Гэта была выдатная ацэнка маёй творчасці... Яна прыняла, сказала, што ёй падабаецца. Але тое, што гэта можа быць працай, ёй не ўяўляецца і сёння.

— Сёння ў Беларусі з музыкі жыць магчыма?

— Магчыма. Немагчыма жыць толькі з канцэртна-гастрольнай дзейнасці. І з аўтарскіх таксама сёння не пражывеш. Гэта можа быць нейкае падсілкаванне, але для таго, каб жыць з канцэртна-гастрольнай дзейнасці, павінна быць арганізаваная сітэма шоу-бізнесу, а яго пакуль няма. Наогул для той прадукцыі, якую мы прадстаўляем, у нас не надта шырокая прастора на рынку. Па-першае, сама песня асаблівая, а яшчэ і на беларускай мове, рынак звужаны да некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек.

— Некаторыя разважаюць: гэта такая мясцовая экзотыка...

— Гэта жудасна, калі беларускі фольк так успрымаецца, што для мяне крыўдна: гэта не мы, а яны — экзотыка. А мы — праўда, за якой гісторыя.

— Сярод замежных арганізатараў фестываляў ці студый можа быць цікавасць да такой асаблівай беларускай музыкі?

— На жаль, мы не можам даць той прадукт, які мог бы быць прыцягальны для сур'ёзнай сістэмнай працы. Гэты прадукт павінен быць запатрабаваны, таму сінхранізаваны згодна з іх падыходамі, ён павінен адпавядаць стандартам, якія неабходныя для музычнага прадукту, каб яго ўключылі ў маркетынг.

Прадукт — і «Палаца», і большасці беларускіх музыкаў — не адпавядае стандартам, каб яго рэалізоўваць на заходнім рынку. Таму супрацоўніцтва хутчэй за ўсё можа быць абмежаванае фестывалямі.

Калі цяпер беларускія музыканты выходзяць на замежныя шоу-кейсы, то рэакцыя такая: што датычыцца самой музыкі — выдатна!

А потым уступаюць у гульню роўт-менеджары... І вердыкт: прадукт неканкурэнтаздольны. Ім патрэбны прадукт, які яны змогуць прадаць на заходнім рынку для той аўдыторыі. Што ім нашы высокія мэты як адраджэнне мовы?

Вось валійскую за чатыры гады адрадзілі, а ў значна большай Беларусі, якая да таго ж мае незалежнасць, чамусьці гэта так важна. Ім цяжка гэта зразумець.

— Можа быць гэта на карысць беларускай культуры, што мы не ўключаны ў заходні рынак, — мусім рабіць адмысловы прадукт для сябе?

— Тады наш адмысловы прадукт, калі ён будзе развівацца ў закрытай прасторы, не будзе высокага ўзроўню, не стане канкурэнтаздольны з тым прадуктам, які прыйдзе звонку. У адасобленым стане мы здольныя прапанаваць артэфакты, якія здараюцца, нарастаюць гурты, якія прадстаўляю я ў тым ліку на фолк-фэсце «Камяніца».

Ёсць артэфакты, якія могуць быць высока ацэнены, але сістэмны прадукт так і не створыцца. Бо цяпер беларускай рок-музыцы, фольк-музыцы трэба спаборнічаць за слухача з амерыканскай шоу-індустрыяй, з расійскай шоу-індустрыяй, еўрапейскай.

Супрацьстаяць нам складана, можам браць толькі арыгінальнасцю. І яшчэ тым, што калі трэба, то здолеем сыграць канцэрт, нават калі пад рукамі ёсць нейкія падручныя матэрыялы. А яны тым часам забіраюць каласальныя грошы для развіцця сваёй індустрыі, а для нас застаецца выпаленае поле.

— І самаахвярная праца на энтузіязме дзеля высокіх ідэалаў?

— Высокімі ідэаламі і самаахвярнасцю мы самі сябе падштурхоўваем. Паняцці высакароднасці справы таксама адыгрываюць сваю ролю ў творчым працэсе. Таму што яшчэ далёка не кожны ў грамадстве асэнсаваў нашу незалежнасць. Я часта сутыкаюся з неразуменнем таго, што такое нацыянальная культура, што гэта за зямля, чым мы адметныя.

Што за песні такія асаблівыя ў беларускім фальклоры? Чаму гэта грунт для нацыянальнай культуры? Часам за фальклор выдаюць штосьці псеўданароднае. Ці наогул не тое, ды зусім не адсюль: вось, маўляў, мы Кадышаву спяваем...

— Але складваецца ўражанне, што ў Беларусі стала больш цікавасці да сваёй музыкі.

— Гэта цікавасць умоўная, несістэмная. Гэта ілюзія, што ў нас ёсць прага да чагосьці нацыянальнага, альтэрнатыўнага, несістэмнага (у сэнсе па паходжанні не з той савецкай сістэмы). Таму я б не сказаў, што цікавяцца. Не адмаўляюць.

— Таму працягваем асветніцтва?..

— На шмат гадоў. І гэта праца такая няўдзячная. Бо кожны ўпэўнены, што ведае правільна. А задумацца і перагледзець свае веды — складана. Жаданне ўспрымаць інфармацыю, якая не ўкладаецца ў даўнішняе меркаванне, рэальна вельмі балючы працэс, таму за сваё меркаванне некаторыя людзі трымаюцца ўпарта.

Новая інфармацыя можа не ўпісвацца ў іх канцэпт. І што тады — яго ламаць? Гэта значыць, што ўсё жыццё пражыў дарэмна. А гэта прызнаваць не захоча ніхто. Ёсць такія веды, якія трэба даводзіць і ўкараняць праз жыццё некалькіх пакаленняў. Асабліва, калі вынішчаліся яны стагоддзямі.

Але і дагэтуль не вынішчана ўсё... Аднаўленне — больш складаны шлях, чым разбурэнне.

Ларыса Цімошык
tsimoshyk@zviazda.by
Крыніца, 1 красавіка 2017 года


 

Кoличество переходов на страницу: 568


Комментарии