https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Эканоміка і паства


Размова з багасловам і святаром Георгіем Роем
пра эканамічную сітуацыю ў Беларусі
______________________________

 — Айцец Георгій, як асабіста вы адчуваеце эканамічныя праблемы, якія зараз перажывае Беларусь? Ці закранулі яны вашу сям'ю? Ці прыйшлося пераглядзець якія-небудзь планы ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля і павышэннем цэн?


— Так, праблемы адчуваюцца, і па некаторых пазіцыях дастаткова востра. З гэтай нагоды сапраўды прыйшлося цалкам перагледзець некаторыя доўгатэрміновыя планы і скарэктаваць бягучыя. Гэта тычыцца як сямейнага бюджэту, так і тых спраў, якія планавалася ажыццявіць у маім прыходзе: рамонт храма, добраўпарадкаванне царкоўнай тэрыторыі, выданне кнігі па гісторыі храма вёскі Накрышкі і іншыя.

У пачатку года думалі сям'ёй з'ездзіць на мора, бо дзеці часта хварэлі сёлета на прастудныя захворванні, але, мяркуючы па ўсім, гэтую паездку прыйдзецца адкласці да лепшых часоў. З жонкай часта абмяркоўваем рост цэн, які часта здаецца зусім неапраўданым, часам нават неверагодным. Але пакуль на стале ёсць хлеб і да хлеба, сітуацыю не назавеш крытычнай. Хочацца верыць, што сённяшнія праблемы — часовы спад, і рана ці позна сітуацыя ўсё адно выраўняецца. Горш за ўсё перажываецца няпэўнасць эканамічнага становішча.

Нам, як абывацелям, вельмі складана зразумець сутнасць і логіку таго, што адбываецца. Відавочна, што некаторая разгубленасць прысутнічае і ў спецыялістаў — прамыславікоў, эканамістаў, чыноўнікаў. І вельмі важна, каб цяпер, у час вострага крызісу, наша грамадства, народ Беларусі, знайшлі ў сябе сілы кансалідавацца, па-першае, для асэнсавання і, па-другое, для вырашэння гэтых праблем.

Узаемныя абвінавачванні, пошук вінаватых, нежаданне ісці на кампрамісы, нежаданне падзяляць разам праблемы, імкненне нажыцца на праблемах сваіх блізкіх — усё тое, што непазбежна пагаршае наша і без таго нялёгкае становішча. Бо чыннікі любога эканамічнага крызісу хаваюцца не толькі ў эканоміцы самой па сабе. Кожны крызіс мае прычыны больш глыбокія, якія караняцца ў сферы чалавечай маралі. Можна вінаваціць кіраўніцтва краіны, мясцовых чыноўнікаў, і яны, дарэчы, сваю адказнасць за сітуацыю, якая склалася, не адмаўляюць, але ў гэтым крызісе ў нейкай меры вінаваты ледзь не кожны з нас.

Чаму будаўнікі робяць няякасны рамонт за вялікія грошы? Хто падахвочвае прадпрымальнікаў пастаўляць за вялікія грошы няякасны тавар? Хто прымушае гандаль прадаваць гэты тавар спажыўцу або ўсталёўваць не апраўданыя нічым нацэнкі? Чаму падае ўзровень адукацыі і аховы здароўя? Чаму СМІ часам замоўчваюць вострыя праблемы? Чаму адбываюцца фінансавыя спекуляцыі? Чаму, зрэшты, служыцелі хрысціянскіх цэркваў часта не паказваюць прыклад высокай маральнасці і духоўнасці? Куды ні паглядзі, усё можна было б зрабіць лепш, больш шчыра, адказна. (Гэты папрок я адношу і да сябе асабіста). А на ўсіх жа гэтых больш або менш адказных работах працуюць не нехта збоку, а мы з вамі — грамадзяне Беларусі.

Так, ні шчырасць, ні маральнасць, ні адказнасць, ні салідарнасць рукамі не памацаеш і вачамі не ўбачыш — гэта толькі маральна-этычныя паняцці. Але яны рэальныя настолькі, што без іх літаральна руйнуецца ўсё тое, што відавочнае і адчувальнае. Вельмі важна цяпер усім нам асэнсаваць нашы праблемы і разам, сумесна вырашаць іх. Па-мойму, на кон пастаўлена будучыня нашай краіны і нашага народа.

— Ваша меркаванне як святара: наколькі звязаны дабрабыт чалавека і яго духоўнае здароўе? Наколькі рэзка павялічваецца колькасць абортаў, разводаў, сацыяльных сірот падчас эканамічнай нестабільнасці? Мяркую, што святары павінны адчуваць гэта раней за статыстыкаў.


— Дабрабыт чалавека і яго духоўнае здароўе звязаны, па-мойму, непасрэдна. Патлумачу. Вядома, галоўная задача Царквы — не зямны дабрабыт чалавека, а дасягненне Царства Божага. Але нельга забываць пры гэтым, што мы кажам пра чалавека, які жыве ў канкрэтным грамадстве, канкрэтным часе, канкрэтных умовах сацыяльна-культурнай рэчаіснасці. Грамадская і эканамічная сітуацыя могуць або дапамагаць, або ўскладняць дзейнічаць маральна. Часта адбываецца так, што чалавек, знаходзячыся пад цяжарам сацыяльнай несправядлівасці або эканамічных праблем, пачынае маральна і духоўна дэградзіраваць, адхіляецца ад тварэння дабра і падштурхоўваецца да зла.

Усё гэта і шмат іншага мы можам вызначыць як умовы, якія перашкаджаюць нармальнаму развіццю чалавечай асобы і яго выратаванню ў Хрысце. Гэта тыя праблемы, якія могуць прывесці грамадства да сацыяльных і гуманітарных катастроф. Хрысціянскі доўг —змагацца за годнасць чалавека і справядлівасць у грамадстве супраць хлусні, заганы, голаду, хвароб, бяды і нястачы. Адмова загадзя ад барацьбы была бы не хрысціянскім падпарадкаваннем волі Божай, а фаталізмам, за што хрысціянскую веру справядліва маглі б папракнуць у тым, што яна з'яўляецца "опіумам для народа"

На жаль, праўда нашага жыцця такая, што, хутчэй за ўсё, крызіс негатыўна паўплывае на сем'і. Думаю, упадзе нараджальнасць, а, з іншага боку, павысіцца колькасць абортаў і разводаў. Сучасная сям'я і без якіх-небудзь знешніх узрушэнняў вельмі слабая. Нават пры больш-менш стабільнай сітуацыі ў нас фіксавалася 7 разводаў на 10 сужэнскіх пар. Але нам трэба згадаць вопыт нашых продкаў, якія перажылі страшныя спусташальныя войны і якія знаходзілі, тым не менш, сілы і дзяцей нараджаць, і краіну аднаўляць. Чаму ж нам цяпер гэта не пад сілу? У нас, напэўна, няма таго трывалага маральнага стрыжня, які быў у нашых дзядоў і прадзедаў. Пры самай нязначнай нязручнасці або праблеме мы пасуем. Праблем не трэба баяцца, іх трэба вырашаць, з імі трэба змагацца. Гэта і ёсць спосаб выхаду з усіх крызісаў: і асабістых, і сямейных, і агульнадзяржаўных.

— Ці сталі людзі ў апошнія месяцы менш ахвяраваць на храм?


— Я служу ў вясковым храме. Даходы маіх прыхаджан ніколі не былі вялікімі. Большасць прыхаджан жыве на сціплую пенсію. Але тым не менш, людзі Накрышскага прыходу заўсёды трапятліва клапоцяцца пра свой храм. І за 10 гадоў на іх ахвяраванні зроблена вельмі шмат. За апошнія 2 месяцы ахвяраванні на храм не зменшыліся. Але цяпер на сродкі, якія ёсць, не атрымаецца зрабіць усё тое, што спярша планавалася. Будзем чакаць лепшых часоў. Акрамя таго, у нас на прыходзе заведзена было штогод збіраць мэтавыя ахвяраванні на рамонт і добраўпарадкаванне храма, на нейкія канкрэтныя мэты. Сёлета мы гэтага рабіць не будзем, бо відавочна, што цяпер у сем'ях кожная тысяча рублёў на ўліку.

— Якія настаўленні духоўнікі даюць вернікам, калі тыя аказваюцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы?

— Некаторыя людзі крайне балюча перажываюць згубу сваіх даходаў, упадаюць у дэпрэсію, зацыкліваюцца на праблеме. Вядома, мы перажываем сітуацыю, якая склалася, але гэтыя перажыванні не павінны прыводзіць да смутку. Недзе чытаў, што кітайскі іерогліф, які азначае слова "крызіс", складаецца з двух іерогліфаў: адзін азначае праблему, а другі — перспектыву. Сапраўды, важна памятаць, што крызіс — з'ява часовая, і, калі нават зараз вельмі цяжка, праблемы не павінны задавіць нас. Чалавек заўсёды павінен быць мацнейшы за свае праблемы. А калі адчуеш, што не спраўляешся, памятай: побач Бог. Падзяліся сваім болем з Ім, прасі дапамогі і парады ў свайго Нябеснага Айца, памятай, што табе могуць дапамагчы твае любімыя і сябры. Самы сур'ёзны надлом, як правіла, адбываецца ў тых, для каго камфорт і багацце сталі свайго роду ідалам. Але ж, акрамя грошай і камфорту, у нас ёсць іншыя, больш важныя каштоўнасці, якія не здольныя падарваць ніводны крызіс. Гэта — Бог, любоў, сям'я, сяброўства, узаемапаразуменне, духоўнасць. Вядома, калі чалавек гнаўся толькі за грашыма і грэбаваў усім гэтым, то эканамічны крызіс для яго будзе надта і надта цяжкім іспытам. Але калі мы "інвесціруем" у вечныя каштоўнасці, то гэта тое, што заўсёды застанецца з намі, і тое, у канчатковым выніку, што дапаможа перажыць самыя цяжкія жыццёвыя іспыты.

Пытанні задавала Вольга Мядзведзева
Звязда, 10 чэрвеня 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1300


Комментарии