"Мы ўдзялялі і ўдзяляем асаблівую ўвагу развіццю галіны, не шкадуем сродкаў на яе мадэрнізацыю, таму што бачым перспектыву яе якаснага прарыву і ўмацавання экспартнага патэнцыялу. А гэта валюта. Адсюль строгае патрабаванне аддачы капіталаўкладанняў, эфектыўнай работы ўсіх арганізацый", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, няма такой галіны, якой апошнім часам удзялялася б столькі ўвагі, як прадпрыемствам канцэрна "Беллеспаперапрам" і асабліва дрэваапрацоўчай прамысловасці. "На жаль, галоўнай прычынай для гэтага сталі істотныя недахопы ў рабоце і зрывы працэсу мадэрнізацыі прадпрыемстваў. З-за значных парушэнняў фінансавай дысцыпліны, бескантрольнасці, адкрытай безгаспадарчасці давялося прымаць самыя строгія меры", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пастаянна падкрэслівае важнасць і перспектыўнасць лясной, цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, паколькі гэтыя галіны маюць добрую айчынную сыравінную базу і разгалінаваную вытворчую сетку. "Ніхто не спрачаецца, што нам трэба дыверсіфікаваць вытворчасць. Гэта працэс доўгі, пастаянны для нашай краіны з-за таго, што вельмі ўжо мы завязаны на рэсурсы і камплектуючыя па імпарце і слаба выкарыстоўваем сыравінныя рэсурсы ўласнай краіны. Мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі якраз павінна ліквідаваць гэтыя перакосы", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Беларусі на душу насельніцтва прыпадаюць 173 кубаметры лесу, што ў 2,5 раза вышэй за сусветны ўзровень. Тым не менш да нядаўняга часу ў беларускім экспарце гэтай прадукцыі пераважаў лес-кругляк і танныя паўфабрыкаты. "Вывозілі лес, а куплялі за валюту мэблю, якасную паперу і іншую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, замест таго каб вырабляць яе ў сябе", - заўважыў беларускі лідар.
Гэтым была абумоўлена неабходнасць кардынальна змяніць існуючыя падыходы і правесці маштабную мадэрнізацыю прадпрыемстваў як дрэваапрацоўчай, так і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. "Можна сказаць, кропкавая мадэрнізацыя ў краіне: узялі некалькі прадпрыемстваў і вырашылі іх мадэрнізаваць", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў інвестыцыйныя праекты ўкладзены вялікія бюджэтныя сродкі, прыцягнуты крэдытныя рэсурсы банкаў, забяспечана беспрэцэдэнтная дзяржаўная падтрымка. "Зразумела, павінен быць і дзейсны кантроль з боку дзяржавы за тым, як асвойваюцца ўкладзеныя сродкі і як акупляюцца затраты на мадэрнізацыю", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры назначэнні Юрыя Назарава старшынёй канцэрна "Беллеспаперапрам" былі пастаўлены дакладныя задачы наконт навядзення парадку на ўсіх прадпрыемствах і забеспячэння завяршэння мадэрнізацыі ў намечаныя тэрміны.
На нарадзе кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адказаць на пытанні, якія меры прымаюцца для паскарэння мадэрнізацыі прадпрыемстваў галіны, выхаду на праектную магутнасць, а таксама наколькі ўзрасце глыбіня перапрацоўкі сыравіны і будзе забяспечаны выпуск вырабаў з высокай доляй дабаўленай вартасці. "Акцэнтую ўвагу на гэтым аспекце, таму што насцярожвае намер адпраўляць на экспарт 60 працэнтаў пліт, якія вырабляюцца на абноўленай вытворчасці. Гэта значыць зноў паўфабрыкат будзем гнаць за мяжу. Ці па-гаспадарску гэта? Чаму б замест паўфабрыкату не прадаваць гатовыя вырабы з большай дабаўленай вартасцю, напрыклад, мэблю?", - паставіў пытанне Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся тым, якімі чакаюцца эканамічны эфект і важнейшыя вынікі мадэрнізацыі: рост аб'ёмаў вытворчасці і экспарту, імпартазамяшчэнне і павышэнне якасці тавараў.
"Наколькі прапрацаваны пытанні збыту гатовай прадукцыі, пашырэння геаграфіі яе паставак і пошуку новых партнёраў? Як улічваюцца патрабаванні ўнутранага і замежнага рынкаў? Як плануеце палепшыць работу сваёй гандлёвай сеткі, фірменных магазінаў, укараняць новыя формы гандлю? - паставіў пытанні беларускі лідар. - Задача ў тым, каб не проста прадаць прадукцыю, а рэалізаваць яе з высокай эфектыўнасцю, без пасрэднікаў, забяспечыўшы максімальнае паступленне выручкі ў краіну".
Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу і на мерах па паляпшэнні фінансавага стану арганізацый, вяртанні крэдытных рэсурсаў.
У пачатку нарады Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта мерапрыемства планавалася правесці ў канцы мінулага або ў самым пачатку бягучага года ў Віцебску, каб даць ацэнку чарговаму этапу ходу мадэрнізацыі і вызначыцца па некаторых кадравых пытаннях. "Як бачыце, сённяшняя сустрэча праходзіць у Мінску", - канстатаваў беларускі лідар. Пытанне, чаму так адбылося, кіраўнік дзяржавы па чарзе адрасаваў чыноўнікам, якія на розных узроўнях адказваюць за праводзімую мадэрнізацыю.
Губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец адзначыў, што завод пабудаваны, але ёсць праблемы. Гэта, у прыватнасці, нізкая эфектыўнасць вентыляцыйнай сістэмы фармовачнага прэса. У выніку ўзровень фармальдэгіду ў цэху ў два разы перасягае дапушчальную канцэнтрацыю, таму там магчыма знаходзіцца толькі ў рэспіратарах. "Працуем разам з праекціроўшчыкамі, каб палепшыць вентыляцыйную сістэму", - сказаў губернатар.
Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка паведаміў, што на "Віцебскдрэве" працуе лінія фармавання і прасавання, вырабляецца пліта.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў нагадаў, што адносна "Віцебскдрэва" даваліся шматразовыя даручэнні кіраўніка дзяржавы. Апошні раз тэрміны ўводу ў эксплуатацыю былі вызначаны датай 1 снежня 2013 года з улікам завяршэння будаўніча-мантажных і пусканаладачных работ. Паводле яго слоў, будаўніча-мантажныя работы былі ў асноўным завершаны ў канцы лістапада - пачатку снежня мінулага года, у адпаведнасці з кантрактам тэрмін завяршэння пусканаладачных работ пасля ўстаноўкі абсталявання складае 3 месяцы. Такім чынам, на гэты момант ідзе тэхнічная работа па наладцы абсталявання. "Дакладваць, што прадпрыемства ўведзена ў эксплуатацыю і дае прадукцыю, пакуль нельга. Яно працуе ў паўаўтаматным рэжыме з тымі выдаткамі, аб якіх гаварыў Косінец. Прадпрыемства не гатова, ваша даручэнне не было выканана", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Памочнік Прэзідэнта Беларусі - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч нагадаў, што ў свой час кіраўніцтва рэгіёна абяцала запусціць мадэрнізаванае прадпрыемства калі не да 1, то да 15 жніўня, у той час як ужо тады можна было прагназаваць, што такія аптымістычныя тэрміны не будуць выкананы.
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч далажыў, што ўрад браў на сябе абавязацельствы запусціць вытворчасці на "Віцебскдрэве" ў снежні. "Гэта тры заводы: фармавання пліты, яе шліфоўка і ламінаванне. У сярэдзіне снежня была атрымана першая пліта. Цяпер ідзе наладка тэхналагічных рэжымаў. Трэба ўвязаць цяпер усе тры вытворчасці ў аўтаматычным рэжыме, і прадпрыемства будзе працаваць", - расказаў ён.
Што датычыцца пытання Прэзідэнта аб прычынах невыканання абяцання, прэм'ер-міністр выказаў меркаванне, што сістэмных недахопаў пры вырашэнні гэтых задач дапушчана не было. "Гэта новая тэхналогія, і яна цяпер наладжваецца ў атаматычным рэжыме. Было жаданне зрабіць гэта ў снежні, але ёсць усе падставы для таго, каб у лютым работа была забяспечана", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Сваё бачанне праблемы і прычын невыканання дадзеных даручэнняў кіраўнік дзяржавы запатрабаваў выказаць і генеральнага дырэктара ААТ "Віцебскдрэў" Анатоля Юхнаўца. "Пліта атрымана, шліфуецца, але, вядома, шмат нюансаў. Зіма, мароз вялікі, шмат цяжкасцей", - сказаў кіраўнік прадпрыемства.
"Пры чым тут зіма? Вы мне абяцалі да зімы гэта зрабіць. Цяпер зіма ў вас ударыла!? Вы што, не ў Віцебску жывяце, не ведаеце, якія зімы бываюць? - рэзка адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. - Я не кажу аб тым, што дзясяткі разоў пераносілі ўсе гэтыя тэрміны. Чаму вы не выканалі абяцанне?"
"Былі пралікі і праектнага інстытута, і будаўнікоў, недастаткова было людзей на пляцоўцы, працавалі ў адну змену", - паспрабаваў апраўдаць недапрацоўкі Анатоль Юхнавец.
"А чаму не ў дзве змены, чаму не было больш людзей, чаму не мабілізавалі Віцебскую вобласць, каб выканаць даручэнне Прэзідэнта? Рашэнне ж Прэзідэнта - гэта закон. Ці вы гэтага не разумееце?" - падкрэсліў беларускі лідар.
"Запрасіце генеральнага пракурора і даручыце ў рамках крымінальнай справы разгледзець усе пытанні і падлічыць страты. Са мной узгадняць не трэба. Калі трэба за кімсьці сачыць аператыўна, саджаць у следчы ізалятар - саджайце", - даручыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова.
Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў далажыў аб выніках работы прадпрыемстваў галіны за 2013 год. Ён адзначыў, з 4 даведзеных прагнозных паказчыкаў выкананы толькі 2 - па сальда знешняга гандлю і суадносінах экспарту і аб'ёму прамысловай вытворчасці. Паказчык рэнтабельнасці продажаў склаў 3,9 працэнта пры гадавым заданні 8 працэнтаў. 11 арганізацый канцэрна працавалі са стратамі, пры гэтым 30 арганізацый маюць рэнтабельнасць продажаў меншую за 5 працэнтаў. Такім чынам, работа арганізацый вельмі неэфектыўная.
Запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый на 1 студзеня 2014 года склалі амаль Br600 млрд, або 81,2 працэнта сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Сярэднямесячная заработная плата за снежань была каля Br5 млн, або больш як $500. Дэбіторская запазычанасць утварылася ў памеры Br3,5 трлн, крэдыторская - амаль Br3,2 трлн. Юрый Назараў ацаніў такія вынікі работы як нездавальняючыя. На яго думку, адной з прычын такой сітуацыі стала зніжэнне каардынуючай ролі апарату кіравання канцэрна як у бягучай дзейнасці, так і ў правядзенні мадэрнізацыі базавых арганізацый.
Старшыня канцэрна заўважыў, што ўплыў на эфектыўнасць работы арганізацый аказала і тое, што мадэрнізацыя праводзіцца ў асноўным ва ўмовах дзеючых вытворчасцей. У прыватнасці, у ААТ "Барысаўдрэў" была вымушана спынена фанерная і запалкавая вытворчасць, мадэрнізацыя фанернай вытворчасці ў ААТ "Гомельдрэў" ва ўмовах дзеючай вытворчасці прывяла да зніжэння вытворчасці на 40 працэнтаў, на РУП "Мазырскі ДАК", у ААТ "Мастоўдрэў", ААТ "Рэчыцадрэў" былі спынены вытворчасці ДСП з наступным дэмантажом.
Акрамя таго, Юрый Назараў выказаў незадаволенасць тым, што за апошні час канцэрн і яго арганізацыі набылі выключна негатыўны імідж у СМІ, "за якім страчваюцца вынікі работы амаль 40-тысячнага калектыву галіны, дзе большасць работнікаў - добрасумленныя працаўнікі, якія балеюць за справу і за прадпрыемствы".
"Хто стварыў гэты імідж? - слушна заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Вы што хацелі, каб я за закрытымі дзвярамі з вамі размаўляў без журналістаў? Больш за мільярд еўра мы ўкладваем у дрэваапрацоўку, і вы хочаце, каб гэта было моўчкі?! Вы ж не разумееце спакойнай размовы. Вы ж прывыклі наабяцаць на кожным кроку штосьці і думаеце: пройдзе, пранясе. Не пранясе!"
Старшыня канцэрна заўважыў, што неабходна мяняць шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў, аднак цяжка знайсці жадаючых там працаваць.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым прапанаваў накіраваць на прадпрыемствы работнікаў канцэрна: "І няхай яны імідж паправяць! Потым, не выключана, што і Мясніковіча з Сямашкам. Вопыт ужо ёсць. А калі ў іх будзе ўсё нармальна, вернем назад ва ўрад".
Гаворачы аб завяршэнні работ па мадэрнізацыі базавых арганізацый, Юрый Назараў запэўніў, што ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта выкананне гэтай задачы будзе забяспечана ў 2014 годзе. Пры гэтым ён дадаў, што завяршэнне мадэрнізацыі ў намечаныя тэрміны магчыма толькі пры рытмічным фінансаванні інвестыцыйных праектаў банкамі ва ўстаноўленых аб'ёмах. Паводле яго слоў, на 1 студзеня астатак нявыкарыстаных крэдытных рэсурсаў складае 164,4 млн еўра, або амаль 16 працэнтаў прадугледжаных аб'ёмаў.
Старшыня канцэрна акцэнтаваў увагу на такім праблемным пытанні, як няхватка ў базавых арганізацый абаротнага капіталу. Паводле яго слоў, гэта сума складае амаль 57 млн еўра. З-за высокай крэдытнай запазычанасці прыцягненне крэдытных рэсурсаў для фінансавання бягучай дзейнасці прадпрыемстваў, у тым ліку пад запуск новых вытворчасцей, на рыначных умовах немагчыма, паколькі гэта прывядзе да рэзкага пагаршэння фінансавага стану, адзначыў Юрый Назараў. Ён папрасіў узгадніць магчымасць крэдытавання базавых арганізацый у замежнай валюце з прадастаўленнем прадпрыемствам магчымасці праводзіць плацяжы з канверсацыяй, у першую чаргу за лесаматэрыялы і энергетыку.
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова ў сваю чаргу адзначыла, што пытанне прадастаўлення крэдытаў у замежнай валюце вырашальнае, аднак, на яе думку, гэта не выйсце са становішча. "Крэдыты - гэта не паратунак. Надыдуць тэрміны іх пагашэння, і яны стануць праблемнымі", - сказала Надзея Ермакова. У якасці варыянта вырашэння праблемы яна прапанавала выдаваць прадпрыемствам пазыкі ўрада пад 1-3 працэнты.
Паводле слоў прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, для вяртання плацяжоў па крэдытах неабходна накіроўваць ад 18 працэнтаў да 25 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і каля 60 працэнтаў аб'ёму вытворчасці павінна ісці на экспарт. Ён адзначыў, што, паводле праведзеных разлікаў, пры продажы 60 працэнтаў прадукцыі на экспарт будуць забяспечаны акупнасць і вяртанне як інвестыцыйных крэдытаў, так і абаротнага капіталу.
Звяртаючыся да старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам", Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб адказнасці за несвоечасовае вяртанне крэдытных сродкаў. "Калі вы, паабяцаўшы да канца 2015 года (за межы пяцігодкі мы не выходзім, я нават не падпісваю такія дакументы), толькі ў гэты прамежак вы на штосьці можаце разлічваць, і калі вы не возьмеце гэтыя грошы ва ўласныя рукі і пад гарантыі кожнаму дырэктару, гледзячы ў вочы, не дадзіце і не абавяжаце іх вярнуць сродкі своечасова, вы ведаеце, што з вамі будзе. Я вас не палохаю. Я вам гэта кажу, таму што ў мяне іншага выйсця не будзе. Гэта народныя грошы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад кожнага кіраўніка пачаць актыўныя дзеянні для вываду прадпрыемстваў на нармальны ўзровень работы.
Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" узняў яшчэ адно праблемнае пытанне - забеспячэнне прадпрыемстваў лесасыравіннымі рэсурсамі ў абход біржавых таргоў. На яго думку, з набыццём часткі лесаматэрыялу ў неабходных аб'ёмах і па ўзгодненых цэнах непасрэдна ў Міністэрства лясной гаспадаркі гэта працэдура значна спросціцца і патаннее. Прэм'ер-міністр у сваю чаргу прапанаваў стварыць планавую сістэму, дзе будзе вызначана, у якіх аб'ёмах ідзе лес на канкрэтнае прадпрыемства, і формулу цаны. Паводле яго слоў, размова вядзецца аб рабоце па такой схеме для 9 прадпрыемстваў.
Юрый Назараў адзначыў, што ў рамках мадэрнізацыі вытворчасцей кропкава абнаўляюцца і дзеючыя мэблевыя лініі. У 2015 годзе ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы будзе завершаны інвестпраект па стварэнні вытворчасці мэблевых дэталей у ААТ "Івацэвічдрэў". Аднак, на думку кіраўніка канцэрна, гэтага недастаткова, і ў краіне неабходна выпрацаваць комплекс мер наконт далейшага развіцця мэблевай вытворчасці для больш глыбокай перапрацоўкі плітнай прадукцыі.
Нараўне з мадэрнізацыяй прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі праводзіцца не менш маштабная мадэрнізацыя цэлюлозна-папяровай прамысловасці, разлічаная на перыяд да 2015 года, з аб'ёмам інвестыцый $1,4 млрд. Вынікам рэалізацыі інвестпраектаў будзе асваенне выпуску новага віду прадукцыі - сульфатнай беленай цэлюлозы, вытворчасць якой дасць магчымасць поўнасцю забяспечыць цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы краіны высакаякаснай валакністай сыравінай і віскознай цэлюлозай, якая пасля далейшай перапрацоўкі на хімічных прадпрыемствах будзе з'яўляцца адным з асноўных відаў сыравіны для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.
Юрый Назараў адзначыў, што палепшыць фінансавае становішча прадпрыемстваў канцэрна і забяспечыць гарантаванае вяртанне крэдытаў магчыма толькі шляхам наладжвання эфектыўнай сістэмы продажаў. Паводле яго слоў, прадукцыя, якая вырабляецца прадпрыемствамі канцэрна, запатрабавана. Асноўнымі экспартнымі рынкамі для новай прадукцыі будуць Расія, Казахстан, Узбекістан, Арменія, Азербайджан і Турцыя. Патрэбнасць рынкаў краін толькі Мытнага саюза ў плітных матэрыялах перасягае ўсе магутнасці беларускіх прадпрыемстваў. Напрыклад, з улікам вытворчасці ў 2014 годзе базавымі прадпрыемствамі драўняна-стружкавых пліт у аб'ёме 620 тыс.куб.м патрэбнасць краін МС у якаснай пліце складае да 2,5 млн. куб.м. Аналагічная сітуацыя і па іншых плітных матэрыялах. У той жа час ён падкрэсліў, што нельга не прымаць пад увагу і жорсткую канкурэнцыю на таварных рынках.
Старшыня канцэрна падкрэсліў, што ў цэлым неабходны ўдасканаленне існуючай сістэмы продажаў з выключэннем унутранай канкурэнцыі паміж прадпрыемствамі канцэрна на ўжо асвоеных рынках, а таксама выхад на новыя рынкі збыту. Паводле яго слоў, 2014 год для базавых прадпрыемстваў з'яўляецца ключавым з пункту гледжання асваення вытворчасці і напрацоўкі партфеля заказаў як для экспарту, так і на ўнутраным рынку.
Што датычыцца перспектыў развіцця арганізацый канцэрна, то Юрый Назараў адзначыў, што рэалізацыя ўсіх праектаў дасць магчымасць да 2017 года значна павялічыць штогадовы выпуск прадукцыі, да канца 2017 года яе экспарт плануецца на ўзроўні $1,4-1,5 млрд, што перасягне ўзровень 2013 года больш як у 2,4 раза. Чакаецца, што дадатнае сальда знешняга гандлю дасягне $810 млн, выручка ад рэалізацыі на аднаго сярэдняспісачнага работніка складзе $67,7 тыс., а глыбіня перапрацоўкі драўніны - амаль 81 працэнт. Такім чынам будзе створана практычна новая дрэваапрацоўчая прамысловасць краіны, рэзюмаваў Юрый Назараў.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон далажыў аб праблемных пытаннях работы прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам". У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы міжведамасная рабочая група правяла дэталёвы аналіз ходу мадэрнізацыі арганізацый канцэрна, што рэалізуюць важнейшыя інвестыцыйныя праекты, і прапанавала меры па аздараўленні сітуацыі. Акрамя таго, абследаваны тэрыторыі прадпрыемстваў і вытворчыя памяшканні.
Рабочая група прыйшла да высновы, што на пачатковым этапе ў галіне не было выверанай стратэгіі мадэрнізацыі, што прывяло да "шарахання ад адной канцэпцыі інвестпраекта да другой", неапраўданага зацягвання тэрмінаў іх рэалізацыі, а таксама павелічэння фінансавых выдаткаў.
На працягу ўсяго перыяду рэалізацыі інвестыцыйных праектаў мела месца вельмі нездавальняючая работа непасрэдных выканаўцаў: дрэваапрацоўчых, праектных і будаўнічых арганізацый. У многім гэта было абумоўлена адсутнасцю каардынуючай ролі канцэрна практычна на ўсіх этапах мадэрнізацыі. Толькі пасля ўмяшання кіраўніка дзяржавы знайшліся і сілы, і сродкі для фарсіравання работ, якія сёння праводзяцца даволі актыўна.
Паводле слоў Аляксандра Якабсона, дапушчаныя на пачатковай стадыі пралікі значна павялічыліся ў выніку прыцягнення не маючых вопыту праектных арганізацый, што на гады зацягнула распрацоўку праектнай дакументацыі. На тэрміны праектавання негатыўна паўплывала і нядбайнасць саміх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія несвоечасова падавалі зыходныя даныя і дапускалі іх шматлікія змяненні. Такія факты мелі месца ва ўсіх без выключэння базавых арганізацыях канцэрна.
Амаль на кожным мадэрнізуемым прадпрыемстве мела месца нездавальняючая арганізацыя будаўнічага працэсу. "Кіраўнікі прадпрыемстваў замест таго, каб прымушаць нядобрасумленных падрадчыкаў выконваць дагаворныя абавязацельствы, змянялі іх, ішлі на ўступкі, згаджаючыся на прадаўжэнне тэрмінаў выканання работ. На большасці прадпрыемстваў тэрміны будаўніцтва пераносіліся дзясяткі разоў", - адзначыў старшыня КДК.
Аляксандр Якабсон рэзюмаваў, што і кадры ў галіне аказаліся не гатовымі да правядзення маштабнай мадэрнізацыі і былі няздольныя суправаджаць буйныя будаўнічыя праекты. Паводле яго слоў, аб гэтым сведчыць шматлікая змена кіраўнікоў мадэрнізуемых прадпрыемстваў. На асобных з іх у перыяд правядзення мадэрнізацыі дырэктары змяняліся 4 разы, пры гэтым кожны з іх бачыў мадэрнізацыю па-свойму.
Сваю лепту ў зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі галіны ўнеслі і банкі, некаторыя з іх не выконвалі або несвоечасова выконвалі абавязацельствы па крэдытаванні арганізацый.
Гаворачы аб сітуацыі з навядзеннем парадку на тэрыторыях і вытворчых плошчах мадэрнізуемых прадпрыемстваў, Аляксандр Якабсон адзначыў, што на абсалютнай большасці наведзены парадак, засталіся толькі асобныя пытанні са зносам будынкаў і ўтылізацыяй адходаў. Разам з тым практычна ўсюды мелі месца факты парушэння патрабаванняў прамысловай бяспекі, проціпажарных, прыродаахоўных і санітарных норм. "Гэта сведчыць аб тым, што на месцах работа наглядных службаў Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя і МНС патрабуе ўзмацнення і строгага кантролю над выкананнем сваіх жа прадпісанняў", - сказаў старшыня КДК.
Паводле слоў Аляксандра Якабсона, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 12 службовых асоб наглядных органаў, з іх трое вызвалены ад займаемых пасад. Праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальныя справы адносна былога кіраўніцтва будтрэста нумар 21 Барысава, інстытута "Барысаўпраект", дырэктара мінскай кампаніі СААТ "Энергатэхпрам", былога дырэктара ААТ "ФанДАК" Бабруйска. "І гэты пералік яшчэ не закрыты. Цяпер праваахоўныя органы даюць прававую ацэнку выяўленым Камітэтам дзяржкантролю фактам неэфектыўнага выкарыстання сродкаў на прадпрыемствах ААТ "Гомельдрэў", ААТ "Івацэвічдрэў", ААТ "Рэчыцадрэў", ААТ "Віцебскдрэў".
Аляксандр Якабсон адзначыў, што аналіз ходу мадэрнізацыі іншых прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны і арганізацый цэлюлозна-папяровай прамысловасці паказаў, што ў іх таксама ёсць праблемы з невыкананнем тэрмінаў праектавання, будаўніцтва, пастаўкі абсталявання, навядзеннем парадку.
Старшыня КДК прапанаваў шэраг мер, накіраваных на безумоўнае завяршэнне ў 2014 годзе мадэрнізацыі базавых арганізацый канцэрна, а таксама на павышэнне эфектыўнасці іх работы. У прыватнасці, ён лічыць, што ўраду неабходна вызначыць крыніцы сродкаў для падтрымання фінансавага стану мадэрнізуемых прадпрыемстваў на пачатковым этапе выпуску новай прадукцыі. Цяпер практычна ўсе базавыя арганізацыі канцэрна, нягледзячы на маштабную дзяржаўную падтрымку, якая склала за апошнія 6 гадоў больш як 240 млн еўра, маюць складанае фінансавае становішча і няхватку абаротных сродкаў. Сем з дзевяці базавых арганізацый стратныя.
Мясцовым органам улады трэба паскорыць вырашэнне пытання аптымізацыі плошчаў, што заняты прадпрыемствамі дрэваапрацоўкі. Кіраўнікам канцэрна і прадпрыемстваў неабходна задумацца аб забеспячэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі ў сувязі з маючым адбыцца ростам кошту сыравіны, арганізацыям канцэрна - выпрацаваць дакладную сістэму рэалізацыі новай прадукцыі: куды, каму і па якой цане прадаваць. У той жа час старшыня КДК падкрэсліў, што прадпрыемствам неабходна быць гатовымі да жорсткай канкурэнцыі.
Аляксандр Якабсон лічыць мэтазгодным перагледзець напрамкі ў рабоце канцэрна, сканцэнтраваўшы ў большай ступені яго дзейнасць на рэалізацыі экспартнай стратэгіі, каардынацыі продажаў і забеспячэнні эканамічнай эфектыўнасці работы падведамных арганізацый.
"Уклаўшы ў мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны ў эквіваленце каля 1 млрд еўра, што ў 1,5 раза перасягае гадавы аб'ём вытворчасці па ўсёй сістэме канцэрна, дзяржава мае права чакаць яго рэзкага павелічэння", - падкрэсліў Аляксандр Якабсон.
На нарадзе размова ішла не толькі аб развіцці галіны ў цэлым, але і аб рабоце канкрэтных арганізацый. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў губернатара Магілёўскай вобласці Пятра Рудніка, як ідуць справы на прадпрыемстве "Шклоў Форэст", створаным з удзелам замежнага капіталу. Кіраўнік дзяржавы ўжо двойчы наведваў гэта прадпрыемства і кожны раз кіраўніцтва і іншыя адказныя асобы абяцалі паглыбіць перапрацоўку драўніны, запусціць новыя лініі аж да стварэння невялікай мэблевай вытворчасці. Аднак, як далажылі Прэзідэнту, з абяцанага мала што зроблена і вытворчасць практычна не працуе. Аляксандр Лукашэнка даручыў прынцыпова разабрацца з гэтым пытаннем. "Даравання тут быць не павінна, - сказаў Прэзідэнт. - Калі яны не працуюць, трэба разарваць з імі ўсялякія адносіны".
Урэшце, ужо можна гаварыць і аб пазітыўных выніках мадэрнізацыі. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар ААТ "Івацэвічдрэў" Уладзімір Шульга. Па выніках 2013 года аб'ём вытворчасці на прадпрыемстве павялічыўся больш як у 2 разы, а экспарт вырас на 300 працэнтаў. Кошт закупленага абсталявання для новай вытворчасці склаў амаль 80 млн еўра, а экспарт толькі за адзін год - $60 млн.
Прыкладна 70 працэнтаў выпускаемай прадукцыі ААТ "Івацэвічдрэў" ідзе на экспарт. Нягледзячы на тое, што адным з галоўных рынкаў збыту застаецца Расія, ёсць добрыя перспектывы для паставак у краіны Сярэдняй Азіі. Ужо ў бягучым годзе на прадпрыемстве плануюць асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі, якія адпавядаюць самым высокім сусветным стандартам.
Што датычыцца тэрыторыі, дзе размяшчаюцца старыя цэхі прадпрыемства, Уладзімір Шульга лічыць неабходным у будучым рэалізаваць там новы праект, каб яшчэ больш павысіць эфектыўнасць вытворчасці. "Маё глыбокае перакананне, і гэта паказваюць вынікі работы: грошы трэба ўкладваць у новую вытворчасць, новы завод. І спыняцца нельга. Заўсёды змяняюцца тэхналогіі, падыходы", - сказаў ён.
"Галоўная ваша задача, калі хочаце, дзяржаўная, - дакладна вызначыцца на месцы, што будзем рабіць на старой пляцоўцы, каб поўнасцю загрузіцца. Вы павінны ўнесці прапановы як чалавек вопытны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю з прыцягненнем неабходных структур падрыхтаваць нарматыўна-прававы акт, у якім будуць вызначаны канчатковыя тэрміны мадэрнізацыі ўсіх прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці. "Асабліва гэта падкрэсліваю: зыходзячы з таго, што яны абяцалі да сённяшняй нарады. Значыць, гэта 2014 год, за выключэннем пары прадпрыемстваў, дзе тэрміны таксама вызначаны, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы самі вызначылі для сябе гэтыя тэрміны. Яны будуць прапісаны ў адпаведным дакуменце".
Прэзідэнт дадаў, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе дэкрэт, і паставіў задачу прадугледзець у ім, калі гэта не прадпісана законам, крымінальную адказнасць за парушэнні гэтых тэрмінаў з персанальнай адказнасцю - ад прэм'ер-міністра, губернатараў да кіраўнікоў прадпрыемстваў. "Іншага выйсця ў мяне няма!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы даручыў прэм'ер-міністру і старшыні праўлення Нацбанка вырашыць усе абазначаныя фінансавыя пытанні, але пад строгія абавязацельствы вяртання. "Тут не павінна быць нават размовы на гэту тэму. І сведчанне таго, што гэта можна зрабіць, - выступленне Шульгі. Таму думайце, як вы будзеце вяртаць, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Калі трэба дзесьці дапамагчы па сыравіне і патрэбна маё ўмяшанне і якія-небудзь рашэнні, калі ласка, давайце будзем вырашаць. Але я хачу, каб вы разумелі: без жалезнай дысцыпліны вы ніводнага пытання не вырашыце. За строгасць з вас ніхто патрабаваць не будзе, калі будзе вынік".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў дырэктараў прадпрыемстваў актыўна дзейнічаць і прымаць неабходныя рашэнні. "Арыентуйцеся на кіраўніка свайго ведамства. Калі трэба, ён узгодніць непасрэдна са мной тыя ці іншыя вашы дзеянні. Але ў плане вытворчасці і продажаў, тэхналогій і іншага - вы там гаспадары. Дзейнічайце і нясіце адказнасць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
3 лютага 2014, Мінск
БЕЛТА
Кoличество переходов на страницу: 1091
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |