https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тэмпы росту беларускай эканомікі вышэйшыя за сусветныя паказчыкі


Звычайна на пачатку года розныя міжнародныя арганізацыі агучваюць свае прагнозы наконт развіцця эканомік тых ці іншых краін. І іх ацэнкі традыцыйна палітызаваныя. Вось і ў дачыненні да Беларусі з 2022 года тыя ж заакіянскія так бы мовіць эксперты рабілі апакаліптычныя прагнозы. Маўляў, беларуская эканоміка будзе ў заняпадзе, і жыхарам амаль не будзе на што жыць. Але, як гаворыцца, супраць фактаў нічога не зробіш. І днямі той жа міжнародны валютны фонд прызнаў: Беларусь аказалася на трэцім месцы ў рэйтынгу краін Еўропы па прагназаваным росце ВУП у 2024 годзе. Згодна з іх ацэнкамі, рост ВУП складзе 3,6 працэнта.

Гэта, дарэчы, амаль супадае з прагнозам беларускага ўрада. Нагадаем, згодна з устаноўленымі планамі развіцця беларускай эканомікі, гэты паказчык павінен скласці 3,8 працэнта. І гэта вышэй за сусветныя тэмпы. У чым сакрэт поспеху беларускай мадэлі, разбіраўся наш карэспандэнт.

Выйсці на траекторыю росту

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2024 год. Галоўная мэта — забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва. Прырост валавога ўнутранага прадукту прагназуецца на 3,8 працэнта за кошт маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграм, рэалізацыі беларускай прадукцыі на знешніх рынках і пашырэння ўнутранага попыту. А вось інфляцыя не павінна перавысіць узровень 6 працэнтаў. Чакаецца і рост рэальнай зарплаты. Станоўчыя эканамічныя прагнозы зацверджаны і на наступны год. Рост ВУП Беларусі ў 2025 годзе запланаваны вышэй за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі. Пазітыўныя вынікі чакаюцца за кошт нарошчвання аб’ёмаў экспарту, інвестыцыйнага развіцця і кантролю за інфляцыяй. Яна не павінна перавысіць 5 працэнтаў. Што датычыцца гэтага года, то вынікі 10 месяцаў паказваюць: ёсць усе перадумовы не толькі выйсці на зададзены арыенцір, але і перасягнуць яго.

— ВУП Беларусі ў студзені — кастрычніку 2024 года вырас на 4,2 працэнта — гэта па-ранейшаму вышэй за прагнозныя і сярэднесусветныя значэнні, — паведамілі ў Міністэрстве эканомікі. — Прамысловасць працягвае працаваць з высокімі тэмпамі: за 10 месяцаў — 106,2 павялічаны выпуск легкавых аўтамабіляў, грузавікоў, аўтобусаў, вагонаў, матацыклаў, акумулятараў. Прадукцыя беларускіх вытворцаў запатрабавана: існуючы ўзровень запасаў ніжэйшы за яго сярэдняе значэнне за апошнія 10 гадоў.

Рознічны тавараабарот за студзень — кастрычнік таксама захаваў высокія тэмпы — 111,8 працэнта, што звязана з апераджальным ростам рэальных даходаў насельніцтва, а таксама стрыманым ростам індэкса спажывецкіх цэн. Пры гэтым штомесяц прырастаюць інвестыцыі ў асноўны капітал.

— Прадпрыемствы працягваюць актыўную мадэрнізацыю: паскоранымі тэмпамі растуць затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў, — дадалі ў эканамічным ведамстве. Беларуская прадукцыя запатрабавана на знешніх рынках. Пра гэта яскрава сведчыць статыстыка знешнегандлёвага абароту краіны. У студзені — кастрычніку 2024 года ён павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 6,1 працэнта — да 82,8 млрд долараў.

— Мы ўзмацняем сваю прысутнасць на рынках дружалюбных дзяржаў, нарасцілі пастаўкі ў Афрыку — у 3,7 раза. Экспарт паслуг вырас на 10 працэнтаў, — расказалі ў Міністэрстве эканомікі.

І яшчэ адна важная лічба. Устойлівая работа эканомікі дазволіла забяспечыць у студзені — верасні 2024 года сярэдні ўзровень зарплаты — больш за 2,2 тысячы рублёў, а рэальны рост пенсій па ўзросце склаў 109,7 працэнта.

Заканамерны рост

Эксперты звяртаюць увагу: дасягнутыя вынікі прадказальныя. Эфектыўная мадэль кіравання з арыенцірам на грамадзян дае свой плён. Нават нягледзячы на няспынную санкцыйную палітыку Захаду ў адносінах да Беларусі, эканоміка не проста выйшла з зоны аднаўленчага росту, а актыўна ўвайшла ў фазу развіцця, звярнуў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Дзяніс Карась.

— Адзін з асноўных драйвераў развіцця эканомікі — прамысловасць, якая паказвае найвялікшыя тэмпы росту сярод краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Станоўчыя тэндэнцыі дэманструе і знешні гандаль. Павелічэнне спажывання хатніх гаспадарак падтрымана ростам рэальных грашовых даходаў насельніцтва і пашырэннем спажывецкага крэдытавання. Беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль развіцця сёння многія ставяць у прыклад. Нягледзячы на невялікую тэрыторыю, мы вялізная краіна ў інавацыйным плане. Беларусь цэняць замежныя партнёры за прадказальнасць і празрыстасць. Плюс мы валодаем унікальным кадравым патэнцыялам. Пасля распаду СССР мы не пайшлі шляхам павальнай прыватызацыі, а захавалі калектывы і актыўна развівалі галіны, якія сёння выступаюць драйверамі росту. І, безумоўна, нашу прадукцыю любяць за нязменна высокую якасць. Усё гэта дае магчымасць нам дынамічна развівацца і нарошчваць дабрабыт нашых грамадзян. 

Ва ўмовах няпростай геапалітычнай сітуацыі мы актыўна займаемся дыверсіфікацыяй экспарту. Нарошчваюцца пастаўкі ў Азію, Афрыку і Кітай. Комплексная мадэрнізацыя прадпрыемстваў дазваляе выходзіць на рынак з канкурэнтаздольнай і запатрабаванай прадукцыяй. Своечасова пачалася рэалізацыя імпартазамяшчальных праектаў з Расійскай Федэрацыяй. Вынікі сумеснай работы ўжо ёсць. Усе гэтыя праекты накіраваны на ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы. Важна, што да нас у краіну прыходзяць інвестары, якія жадаюць рэалізаваць буйныя праекты. Беларусь — краіна прадказальная. І тут працаваць можна і трэба.

Прагноз са знакам плюс

Паводле прагнозаў Еўразійскага банка развіцця, тэмпы росту эканомікі Беларусі ў 2025 годзе застануцца на павышаным узроўні. Пра гэта паведаміла кіраўнік Цэнтра краінавага аналізу Дырэкцыі па аналітычнай рабоце ЕАБР Марына Сабалеўская. Спецыялісты банка лічаць, што рост эканомікі Беларусі ў 2024 годзе складзе 4,3 працэнта і паб’е папярэднюю лічбу.

— Мы прагназуем захаванне павышаных тэмпаў росту ў наступным годзе. Паводле нашай ацэнкі, у 2025-м ВУП Беларусі вырасце. Сярод асноўных драйвераў будзе павелічэнне экспарту ў Расію, рост даходаў насельніцтва і пашырэнне інвестыцый, — сказала Марына Сабалеўская.

Што датычыцца інфляцыі, паводле ацэнак ЕАБР, у 2024 годзе яна складзецца паблізу мэтавага арыенціра 6 працэнтаў. На наступны год банк прагназуе ўмеранае павышэнне інфляцыі да 6,6 працэнта.

— Мы чакаем, што Нацыянальны банк Беларусі захавае стаўку рэфінансавання на бягучым узроўні 9,5 працэнта гадавых, — дадала Марына Сабалеўская.
---------------------------------------------
У тэму

У Беларусі зафіксаваны самы высокі рост рэальнай заработнай платы сярод краін Еўразійскага эканамічнага саюза па выніках студзеня — верасня 2024 года. Пра гэта паведамілі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі. Эксперты ЕЭК адзначылі, што за 9 месяцаў года ва ўсіх краінах ЕАЭС вырасла зарплата ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Самыя высокія тэмпы росту сярэднямесячнай рэальнай заработнай платы зафіксаваны ў Беларусі (113 працэнтаў) і Расіі (109 працэнтаў). У Кыргызстане рэальная зарплата вырасла на 6,7 працэнта, у Арменіі — на 6,6 працэнта, у Казахстане — на 2,9 працэнта. Найбольшы рост намінальнай зарплаты за гэты перыяд зафіксаваны таксама ў Беларусі — на 19,6 працэнта. У Расіі яна вырасла на 18 працэнтаў, у Казахстане і Кыргызстане — на 11,8 працэнта, у Арменіі — на 6,6 працэнта.

Валянцін Паўловіч
Звязда, 14 снежня 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 10