Днямі прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ заявіла, што дапускае сыход урада гэтай балтыйскай краіны ў адстаўку. «Я не выключаю такой магчымасці, магу прама сказаць пра гэта, — прыводзіць яе словы партал Літоўскага радыё і тэлебачання. — Калі дзейнасць урада выклікае так шмат пытанняў, то, напэўна, урад, калі не можа на іх адказаць, павінен завяршыць свае паўнамоцтвы, і нейкі новы ўрад мог бы прадоўжыць работу з нуля». Напярэдадні міністр камунікацый і транспарту Літвы Марус Скуадзіс паведаміў, што падаў прэм'ер-міністру заяву аб адстаўцы. 10 снежня заяву аб адстаўцы падаў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Чаму ў Літве разгарнуўся поўнамаштабны палітычны крызіс?
Страляюць у галаву
Як мы і прагназавалі, санкцыі па законе бумеранга вярнуліся да сваіх гаспадароў. Аб гэтым, дарэчы, раней папярэджвалі эксперты. Як вядома, 9 жніўня ЗША, Канада і Вялікабрытанія ўвялі эканамічныя санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, уключаючы ААТ «Беларуськалій». Вынік такіх дзеянняў відавочны. Дэфіцыт на рынку калійных угнаенняў прывядзе да павелічэння цаны на прадукты харчавання ў свеце, заявіў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Струнеўскі, паведаміла БелТА. «Пяты пакет санкцый толькі ў інтарэсах тых краін, якія іх увялі. І мы разумеем, што амерыканскія санкцыі прамой юрысдыкцыі ў ЕС не маюць», — сказаў Андрэй Струнеўскі.
Дэпутат растлумачыў, што санкцыі закранулі сусветную калійную галіну. «Калійныя ўгнаенні Беларусі — гэта 20 працэнтаў сусветнага рынку. Што гэта за сабой цягне? Натуральна, любы дэфіцыт, які ёсць на рынку калійных угнаенняў, пацягне за сабой павелічэнне цаны. А ў далейшым — павелічэнне цэн на прадукты харчавання ва ўсіх краінах свету. Вядома, Амерыка, Вялікабрытанія, Францыя, Германія выкруцяцца, але краіны, якія развіваюцца, атрымаюць вялікі ўдар з-за дэфіцыту харчавання, — адзначыў ён. — У нас ёсць магчымасць ва ўзаемадзеянні з Расіяй перанакіраваць свае патокі, скажам так, праз Мурманск па Паўночным шляху, Кітай, Індыя атрымаюць свае аб'ёмы. Літва пакуль ніякіх каментарыяў не дае. Яны кажуць, што амерыканскія санкцыі маюць рэкамендацыйны характар».
Андрэй Струнеўскі падкрэсліў, што Беларусь ва ўмовах санкцыйнай палітыкі Захаду можа нарасціць экспарт харчавання. «Экспарт нашага харчавання складае больш як $6 млрд. Па падліках эканамістаў, да 2025 года мы можам павялічыць экспарт прадукцыі да $7 млрд, — паведаміў дэпутат. — Некаторым краінам свету, якія ўводзяць санкцыі, трэба задумацца, для чаго яны гэта робяць, на якую харчовую іголку і чые дзяржавы жадаюць пасадзіць? Нашы абавязацельствы, якія мы трымаем перад спажыўцамі — Бразіліяй, Індыяй і Кітаем, — будуць выкананыя ў поўным аб'ёме. Ну а Літва, я сказаў бы, проста бярэ і «страляе сабе ў галаву», пазбаўляючыся шматмільённых кантрактаў з нашага боку».
На мяжы банкруцтва
Тым часам стала вядома, што дзяржаўная кампанія Lіetuvos gelezіnkelіaі (Чыгунка Літвы) можа сутыкнуцца з рызыкай банкруцтва ў выпадку судовых іскаў з боку беларускай кампаніі «Беларуськалій» за спыненне транзіту калійных угнаенняў праз Літву. Аб гэтым заявіў кіраўнік прадпрыемства Мантас Бартушка, паведаміла агенцтва BNS. Па яго словах, Lіetuvos gelezіnkelіaі не плануе і не будзе спыняць транзіт беларускіх калійных угнаенняў, паколькі гэта пагражае ёй банкруцтвам. Аднак прыняцце ўладамі Літвы закона аб забароне на транзіт «Беларусь-калія» магло б стварыць прававую падставу і абараніла б прадпрыемства.
«Калі гэта не будзе зроблена і Lіetuvos gelezіnkelіaі скасуе дагавор раней за тэрмін, іншы бок можа запатрабаваць кампенсацыі страчаных даходаў. Калі суд задаволіць хоць бы частку такога іску, Lіetuvos gelezіnkelіaі пагражае банкруцтва», — указаў ён. Мантас Бартушка мяркуе, што нават у тым выпадку, калі дзяржавай будзе прынятае рашэнне аб спыненні транзіту «Беларуськалія», цалкам верагодна, што беларускі бок усё роўна звернецца ў міжнародны арбітраж. «У любым выпадку мы апынёмся ў міжнародным арбітражы, таму для нас вельмі важна, каб было прынята цвёрдае ў прававых адносінах рашэнне», — адзначыў ён. Мантас Бартушка таксама заявіў, што санкцыі ЗША ў дачыненні да «Беларуськалія» не з'яўляюцца законнай падставай для якога-небудзь спынення аперацый літоўскімі чыгункамі.
Сітуацыю пракаментаваў і міністр транспарту і камунікацый Літвы Марус Скуадзіс. Паводле яго слоў, прымаць «безразважныя і імпульсіўныя» рашэнні ў гэтым пытанні недапушчальна. «Я маю на ўвазе магчымыя судовыя працэсы, іх маштаб, і таму мы не можам дазволіць сабе прымаць хуткія, безразважныя і імпульсіўныя рашэнні на дадзеным этапе. Але ёсць факт, што іскі будуць», — працытавала міністра Delfі.
Грузы «Беларуськалія» будуць праходзіць праз Літву да студзеня, заявіла кампанія Lіetuvos gelezіnkelіaі. Паводле яе даных, прадпрыемства грузавых перавозак LTG Cargo, якое ўваходзіць у групу, у снежні павінна перавезці каля 1 млн т угнаенняў. Па дамове з Lіetuvos gelezіnkelіaі беларускі бок ужо загадзя разлічыўся за правоз гэтых грузаў.
Ніякіх санкцый
Транзіт калійных угнаенняў «Беларуськалія» праз Літву не можа быць спынены, паколькі гэта ідзе ўразрэз з міжнароднымі пагадненнямі Літвы, Еўрасаюза і ЗША. Аб гэтым заявіў Ігар Удавіцкі, найбуйнейшы акцыянер тэрмінала Bіrіu Krovіnіu Termіnalas у Клайпедзе, што спецыялізуецца на перавалцы беларускіх угнаенняў, паведаміла Delfі. Тэрмінал насыпных грузаў Bіrіu Krovіnіu Termіnalas загружае на судны прыблізна 11 мільёнаў тон прадукцыі вытворцы ўгнаенняў «Беларуськалія» на год. Ігар Удавіцкі з'яўляецца асноўным акцыянерам тэрмінала, яму належаць 70 працэнтаў акцый.
«Ніякіх санкцый ЗША для транзіту беларускага калію праз Літву няма і быць не можа, таму што адносна транзіту як працэдуры прымяняць санкцыі нельга», — адзначаецца ў каментарыі Ігара Удавіцкага для агенцтва BNS. Паводле яго слоў, для ўсіх дзяржаў, у тым ліку і для ЗША, абавязковыя міжнародныя дагаворы — пагадненне Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Канвенцыя ААН па марскім праве. Яны гарантуюць свабоду транзіту для дзяржаў, якія не маюць выхаду да мора. «Зразумела, што і ЗША, і ЕС, якія ратыфікавалі гэтыя пагадненні, не могуць іх парушаць», — заявіў Ігар Удавіцкі.
Акрамя таго, паводле яго слоў, літоўскі Сейм ратыфікаваў тры двухбаковыя пагадненні паміж Літвой і Беларуссю, якія ўстанаўліваюць свабодны рэжым грузавога транзіту праз Літву і Клайпедскі марскі порт. Паводле слоў Ігара Удавіцкага, усе ўдзельнікі транзіту калійных угнаенняў, у тым ліку органы ўлады Літвы, кансультаваліся і з Дэпартаментам казны ЗША, і з Еўракамісіяй аб прымяненні санкцый. Ім было растлумачана, што беларускі калій можа транспартавацца праз Літву, калі разлікі ажыццяўляюцца ў еўра, а не ў доларах ЗША, сцвярджае прадпрымальнік. «Пры ажыццяўленні такіх аперацый, як продаж беларускага калію, фрахт суднаў, долары ЗША прадаўжаюць выкарыстоўвацца для ўзаемных разлікаў, амерыканскія кампаніі прадаўжаюць купляць беларускі калій, гэты прадукт прадаўжае пастаўляцца на амерыканскі рынак», — заявіў ён.
Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Дэпартамента казны ЗША выдала даччынаму прадпрыемству «Беларуськалія» — Беларускай калійнай кампаніі (БКК), якая гандлюе ўгнаеннямі, ліцэнзію, сапраўдную да 1 красавіка 2022 года. «Як мінімум да гэтага тэрміну любыя спекуляцыі на тэму амерыканскіх санкцый, што прымяняюцца да транзіту беларускага калію праз Літву, — гэта проста спекуляцыі», — адзначае Ігар Удавіцкі. Аднак, паводле яго слоў, і пасля 1 красавіка, нават калі БКК або «Беларуськалій» не атрымаюць новых ліцэнзій OFAC, гэта ніякім чынам не паўплывае на абавязацельствы Літвы ў адносінах да транзіту беларускага калію.
Сцэнарый скандалу
Літоўскі прэм'ер не змагла адразу растлумачыць, чаму яе дзяржава не выканала волю Вашынгтона. Яна цьмяна заявіла, што з-за некаторых «юрыдычных нюансаў» Літва пакуль не ведае, як у ёй будуць рэалізаваны санкцыі ЗША. «У санкцый ЗША ёсць некаторыя асаблівасці... Яны адрозніваюцца ад звыклых для нас санкцый Еўрасаюза, якія адпавядаюць ведамствам ЕС і накладваюць абмежаванні на кампанію, а не на прадукт. І цяпер ёсць такія юрыдычныя нюансы, якія неабходна спачатку цалкам растлумачыць», — унікліва сказала Шыманітэ.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заяўляў, што правядзенне ў жыццё санкцый ЗША ў дачыненні да «Беларуськалія» залежыць, маўляў, ад канкрэтных прадпрыемстваў. «Кожны юрыдычны суб'ект, які ўдзельнічае ў ланцужку паставак, павінен вызначыцца: будзе ён заключаць здзелкі ці не? Па сутнасці, правядзенне санкцый у жыццё залежыць ад рашэння самога суб'екта. Прамога юрыдычнага абавязацельства праводзіць у жыццё ўведзеныя ЗША санкцыі не ўзнікае», — сцвярджаў Ландсбергіс.
Паводле яго слоў, мясцовы бізнес, уключаючы дзяржаўныя прадпрыемствы «Літоўскія чыгункі» (ЛЧ) і порт Клайпеды, якія ўдзельнічаюць у транзіце беларускіх угнаенняў, «не абавязаны даваць справаздачу перад дзяржавай за прыняцце рашэнняў». Пры гэтым міністр неаднаразова падкрэсліваў, што ў Літвы ёсць магчымасць «у рамках сваёй кампетэнцыі шукаць выхады — як пачуць запрашэнне стратэгічных партнёраў да салідарнасці».
Аднак, відаць, пасля гэтае запрашэнне заакіянскія гаспадары выказалі, мякка кажучы, больш настойліва. Сябры Камітэта Сейма па замежных справах большасцю галасоў зрабілі адназначную заяву: мы з Амерыкай. І з'явіліся заявы аб звальненні адразу ад двух міністраў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заўважыў, што рэпутацыі дзяржавы, на яго думку, нанесены вялікі ўрон. «Мы не можам выклікаць ніякіх сумненняў у партнёраў. Дэкларацыі і нашы канкрэтныя дзеянні павінны адпавядаць», — сказаў ён. Тут варта мець на ўвазе пэўнае супрацьстаянне ўрада і прэзідэнта. «Не здзіўлюся, калі сцэнарый скандалу і пісаўся на плошчы Даўканта, 3 — у адміністрацыі прэзідэнта Літвы. Па маёй інфармацыі, каманда Наўседы даўно падтрымлівае сувязі з парламенцкай апазіцыяй, у тым ліку сацыял-дэмакратаў, якія традыцыйна звязаныя з Літоўскімі чыгункамі», — адзначыў vz.ru палітолаг Аляксандр Насовіч. Ён лічыць, што палітычнае жыццё ў Літве становіцца вельмі гарачым.
Мэта кіраўніцтва
Тым часам зноў навіны ад Інгрыды Шыманітэ, настрой якой зменлівы і непастаянны. Стала вядома, што ўрад Літвы працягне работу ў ранейшым складзе, міністры замежных спраў і транспарту Габрыэлюс Ландсбергіс і Марус Скуадзіс павінны застацца на сваіх пасадах, заявіла прэм'ер-міністр. Паводле слоў прэм'ера, яна не задаволіць заявы міністраў аб адстаўцы. «З улікам абвастрэння геапалітычнай сітуацыі, а таксама працягам выклікаў у сувязі з COVІD-19 і міграцыяй, было б безадказна рызыкаваць (і ствараць) нявызначанасць, якую выклікала б нават спроба фарміравання новай большасці або прыкметнай змены складу ўрада», — прыведзены словы Шыманітэ ў паведамленні ўрада.
«Цяпер у Сейме не відаць ніякай рэальнай альтэрнатыўнай большасці, якая магла б узяць на сябе лідарства і ініцыятыву і прапанаваць Літве сваю праграму», — сказала прэм'ер-міністр. Яна таксама адзначыла, што цэніць гатоўнасць Ландсбергіса і Скуадзіса ўзяць на сябе адказнасць. «Я не буду прадстаўляць прэзідэнту заявы міністраў аб адстаўцы, і я пераканала міністраў заявы забраць», — сказала прэм'ер. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што «ўдзячны прэм'еру за давер» і лічыць, што яна «правільна расставіла акцэнты», паведаміла агенцтва BNS. Адным словам, цырк на дроце, інакш і не скажаш.
А жыхары Вільнюса атрымалі рахункі за ацяпленне за лістапад — многім давядзецца плаціць удвая больш, чым за гэты ж перыяд мінулага года, паведаміў партал Delfі. Такая ж сітуацыя і ў іншых рэгіёнах краіны. Ці ведаюць пра гэта літоўскія ўлады? Мэта кіраўніцтва не ў служэнні Літве і яе нацыянальным інтарэсам, а ў выкананні дырэктыў вышэйстаячых структур калектыўнага Захаду, у першую чаргу ЗША. Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў палітолаг Аляксандр Шпакоўскі. «У залежнасці ад узроўню выканальніцкай дысцыпліны і складваецца будучыня кожнага асобна ўзятага літоўскага чыноўніка, — звярнуў увагу эксперт. — Добра сябе зарэкамендуеш — пойдзеш працаваць у Еўракамісію ці яшчэ кудысьці, а не — будзеш сядзець у маленькай сумнай Літве».
Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 15 снежня 2021
Звязда, 15 снежня 2021
Кoличество переходов на страницу: 236
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |