https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Зубы на паліцу. Чаму разгарнуўся глабальны дэфіцыт?


Свет амаль прызвычаіўся да ковіду і падрыхтаваўся нагнаць упушчанае. Але аднаўленне аказалася пад пытаннем. Аказалася, што сусветная эканоміка не гатовая да бурнага росту. У крамах пустыя паліцы, месяцамі даводзіцца чакаць заказаную мэблю, машыну ці халадзільнік. Бум заспеў бізнес знянацку. Не хапае ўсяго: сыравіны і чыпаў, фур і кантэйнеравозаў, а галоўнае — работнікаў, гатовых вярнуць эканоміку да жыцця пасля паўтара года летаргічнага ковіднага сну, заўважае «BBC». Татальны дэфіцыт стрымлівае эканамічны рост, разганяе інфляцыю і перашкаджае выйсці з крызісу ўсім: і прышчэпленаму Захаду, і краінам, якія развіваюцца, дзе са смяротнасцю і вакцынацыяй па-ранейшаму ўсё складана. Чаму разгарнуўся глабальны дэфіцыт, калі вырашыцца гэтая праблема?

Попыт і прапанаванне

Паўтара года пандэміі прарэдзілі армію работнікаў на планеце. Хтосьці памёр, хтосьці не давучыўся, хтосьці перагледзеў жыццёвыя арыенціры. Прапанаванне працоўнай сілы скарацілася. Попыт на работнікаў таксама зменшыўся: за час пандэміі былі страчаны сотні мільёнаў працоўных месцаў, і да гэтага часу іх прыкладна на 110 млн менш, чым да ковіду. Аднак адно другое не кампенсуе: дызайнер, які страціў работу, не заўсёды гатовы замяніць санітарку, якая з'ехала з краіны. У выніку ўнушальныя кагорты спецыялістаў папаўняюць шэрагі беспрацоўных або зусім выбываюць з працоўнай сілы, а цэлыя галіны, накшталт гасцінічнага бізнесу або транспарту, сутыкаюцца з дэфіцытам работнікаў. Гэта значыць, адначасова скарачаюцца і даходы насельніцтва, і прыбытак бізнесу, і падаткі, і спажыванне, і зберажэнні — эканоміка тармозіць.

Кампаніі вымушаны павышаць заробкі і выплачваць бонусы: напрыклад, сеткі супермаркетаў Tesco і электронікі Dіxons Carphone абяцаюць па 1,5 тысячы фунтаў тым кіроўцам, якія прыйдуць да іх працаваць, і сваім, каб не сыходзілі да канкурэнтаў. Amazon плаціць тысячу фунтаў пры найме работнікаў у некаторыя размеркавальныя цэнтры.

Выдатна, радуюцца чыноўнікі: нарэшце зарплаты вырастуць, а з імі — дабрабыт насельніцтва і падаткі ў казну. Нічога добрага, парыруюць крытыкі — колькасць работнікаў ад гэтага не павялічваецца, кампаніі проста перакупляюць існуючых адна ў адной, заўважыла «BBC». Гэта новыя выдаткі на падтрыманне, а не пашырэнне бізнесу, і ўслед за выдаткамі непазбежна вырастуць цэны, папярэджваюць яны. Тым больш што, акрамя працоўнай сілы, бізнесу даводзіцца больш выдаткоўваць яшчэ і на сыравіну, камплектуючыя, перавозку і складаванне.

Дастаўка пад пытаннем

Мала вырабіць запатрабаваную прадукцыю — яе трэба перш спакаваць, каб прадаць. А цяпер гэта дорага ці недаступна, паколькі ўслед за попытам узляцелі цэны на макулатуру, кукурузны крухмал і іншую сыравіну, якая ўжываецца ў пакаванні. І гэта толькі адзін прыклад. Іншы, які на слыху, — чыпы. Паўправаднікоў не хапае да такой ступені, што вядучы сусветны аўтавытворца Toyota скараціў выпуск машын на 40 працэнтаў і закрыў 14 заводаў непасрэдна ў Японіі. На дэфіцыт чыпаў наракаюць усе: ад амерыканскіх Ford і GM да кітайскай Geely і Jaguar Land Rover, брытанскага аддзела індыйскай Tata Motors. Пандэмія агаліла залежнасць Еўропы і ЗША ад паставак чыпаў з Азіі. Цяпер яны спрабуюць узнавіць уласную мікраэлектроніку. Справа не толькі ў павышаным попыце, але і ў перабоях з прапанаваннем, паколькі магутнасці ў Тайландзе, В'етнаме, Малайзіі, на Тайвані і Філіпінах прастойваюць з-за перыядычных лакдаўнаў.

За апошні год цэны на перавозку кантэйнера — галоўнай адзінкі сусветнага гандлю — па самым запатрабаваным у свеце маршруце з Кітая ў ЗША праз Ціхі Акіян узляцелі ў шэсць разоў, а ў Еўропу — у дзесяць! Сітуацыя ўскладняецца перыядычным закрыццём кітайскіх партоў на каранцін. Так, у жніўні ўлады КНР на два тыдні апячаталі кантэйнерны порт Нінбо-Чжоушань, які ўваходзіць у тройку найбуйнейшых у свеце, як толькі там дыягнаставалі першы і адзіны выпадак «дэльты» — варыянта каранавіруса. Не ўсе аптовыя пакупнікі гатовыя аплачваць дарагую дастаўку, паколькі не ўпэўнены, што змогуць павысіць уласныя рознічныя цэны і адбіць выдаткі. Таму тавары, якія не псуюцца, ляжаць на складах, што і без таго забітыя пад завязку.

Вырашыць праблему за кошт павелічэння прапанавання хутка не ўдасца: нават на пашырэнне складскіх памяшканняў сыходзяць месяцы ўзгадненняў і будаўніцтва. Што ўжо казаць пра пашырэнне гандлёвага флоту — гэта наогул справа многіх гадоў, і ахвотных рызыкнуць закласці дзясятак-другі кантэйнеравозаў у разліку на захаванне павышанага попыту да моманту, калі іх спусцяць на ваду, пакуль не відаць. «Праблема затораў у сусветных таварных ланцужках наўрад ці вырашыцца ў найбліжэйшы час, асабліва ў момант, калі ключавыя экспарцёры накшталт В'етнама і Інданезіі спрабуюць утаймаваць распаўсюджванне «дэльты», — кажа галоўны азіяцкі аналітык Bloomberg Economіcs Чанг Шу. — Пастаўкі зрываюцца, цэны ўзрастаюць».

Ежы не хопіць

Галоўны вынік дэфіцыту — рост цэн. Ён стрымлівае аднаўленне і тым, што душыць попыт, і тым, што прымушае цэнтрабанкі і ўлады скарачаць грашовае стымуляванне эканомікі за кошт танных крэдытаў і казённых субсідый. Даражэе ўсё, асабліва ежа. Растуць цэны на пальмавы алей, каву, цукар, апельсіны, зерне. І гэта толькі пачатак. «Вельмі верагодна, што інфляцыя спажывецкіх цэн на прадукты харчавання паскорыцца напрыканцы 2021-га і ў 2022-м», — мяркуюць эканамісты Міжнароднага валютнага фонду. Паводле іх прагнозаў, сёлетняе павышэнне аптовых цэн на чвэрць прывядзе да росту рознічных прыкладна на 5 % у найбліжэйшыя два гады, і яшчэ каля 1 % да кошту ежы ў крамах дададуць падаражэлыя перавозкі.

Павелічэнне цэн на прадукты будзе асабліва моцным у краінах, якія развіваюцца, папярэджваюць аналітыкі МВФ. І гэта пры тым, што галоўная праблема — пандэмія — зусім не рассмакталася. За вуглом чакае новая пагроза — мутацыі віруса і зіма — сезон рэспіраторных інфекцый у паўночным паўшар'і. Апытанні бізнесу і спажыўцоў на Захадзе паказваюць, што аднаўленне тармозіць там, дзе яно пачалося на хвалі вакцынацыі, — у ЗША і Вялікабрытаніі, паколькі яны ўжо сутыкнуліся з дэфіцытам. У Японіі і Аўстраліі таксама няпроста з-за «дэльты».

Сусветныя цэны на харчовыя сыравінныя тавары ў верасні зноў выраслі на 1,2 % у параўнанні са жніўнем і амаль на трэць — больш чым на 32 працэнты — з адпаведным часам летась. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў распаўсюджаным Харчовай і сельскагаспадарчай Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый (FAO) індэксе харчовых цэн, які адлюстроўвае памесячныя змены міжнародных цэннікаў на асноўныя віды прадуктаў харчавання.

Рост значэння індэкса ў верасні абумоўлены галоўным чынам павелічэннем кошту большасці збожжавых і алеяў. Цэны на малочную прадукцыю і цукар таксама павысіліся. Акрамя таго, прагназуецца, што, нягледзячы на дасягненне гістарычнага максімуму, сусветны аб'ём вытворчасці збожжавых акажацца ніжэйшы за ўзровень спажывання. Па апошніх даных FAO, адпаведны паказчык складзе рэкордныя 2,8 мільярда тон (у тым ліку рыс у шліфаваным выглядзе), што на 1,1 працэнта больш, чым на канец мінулага года. «Аднак нават на такім узроўні вытворчасць не зможа цалкам пакрыць аб'ём спажывання, які чакаецца ў сезоне 2021—2022 гадоў, што прывядзе да скарачэння запасаў збожжавых у свеце», — адзначаюць эксперты FAO.

Падаражэнне энергарэсурсаў і праблемы з пастаўкамі многіх тавараў могуць прывесці да глабальнага крызісу гэтай зімой. Пра гэта напісаў журналіст Bloomberg Майкл Уінфры. На фоне харчовага крызісу амерыканцы запусцілі ў сацсетках чэлендж з заклікам да ўлады звярнуць увагу на праблему. Хэштэг #EmptyShelvesJoe (пустыя паліцы, Джо) збірае ў інтэрнэце тысячы публікацый. Мясцовыя жыхары лічаць, што дэфіцыт прадуктаў пагражае эканоміцы краіны і можа сарваць калядныя святы. Вінавацяць у сітуацыі, якая склалася, прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Ахвяры санкцый

У эканоміку бесцырымонна ўмешваецца палітыка. Дзякуючы гандлёвым абмежаванням дзяржавы шантажуюць адна адну, патрабуюць ад суседзяў змяніць заканадаўства, караюць геапалітычных апанентаў, заўважыў брытанскі часопіс The Economіst. Як адзначыла выданне, наогул увесь свет пераходзіць ад глабальнага мыслення да эканамічнага нацыяналізму. Адзін з яскравых прыкладаў — сітуацыя на калійным рынку. Санкцыі супраць «Беларуськалія», аднаго з найбуйнейшых у свеце экспарцёраў угнаенняў, выклікалі сур'ёзныя праблемы ў еўрапейскіх аграрыяў. Менавіта яны, а таксама спажыўцы прадуктаў харчавання мімаволі становяцца ахвярамі санкцый, паведаміў аналітычны партал RuBaltіc.ru.

На долю Беларусі прыпадае прыкладна пятая частка сусветнага экспарту калійных угнаенняў. Нават мяккія санкцыі супраць гэтага сектара прывядуць да сур'ёзнага ажыятажу і паўсюднага росту цэн на ўгнаенні. Вырастуць выдаткі фермераў і буйных аграхолдынгаў — пачнуць расці цэны на прадукты харчавання, прагназуюць эксперты. Прычым не выключана, што гэта адбудзецца ў самы непадыходны момант. Напрыклад, падчас чарговай хвалі пандэміі каранавіруса.

Цэны на ўгнаенні стабільна раслі на працягу ўсяго гэтага года, але за апошні месяц яны здзейснілі неверагодны скачок. Гэта наглядна дэманструе свежая публікацыя кампаніі DTN, якая аналізуе інфармацыю аб надвор'і, сельскай гаспадарцы, энергетыцы і таварных рынках у рэжыме рэальнага часу. Найбольш імкліва даражэе карбамід: за тыдзень ён вырас у цане 26 працэнтаў. Калі казаць аб каліі, то яго сярэдні рознічны кошт складае $710 за тону — гэта на 19 % (або на $112) даражэй, чым у мінулым месяцы, ці ў два-тры разы даражэй, чым у пачатку года. Такіх высокіх цэн на калійныя ўгнаенні рынак не бачыў больш за 12 гадоў.

«Выпадальныя» аб'ёмы беларускіх угнаенняў з задавальненнем выкупяць кітайскія, індыйскія, бразільскія фермеры. Але дзе Еўропа знойдзе альтэрнатыўных пастаўшчыкоў?» — адзначыла RuBaltіc.ru. Як заўважае партал, еўрапейскія сельгасвытворцы знаходзяцца ў вельмі цяжкіх умовах. Угнаенняў не хапае, цэны кусаюцца. Істотнае падаражэнне прадуктаў харчавання — гэта самае бяскрыўднае, што можа пагражаць Старому Свету ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў.

Захар Бурак
Звязда, 24 кастрычніка 2021


 

Кoличество переходов на страницу: 223