https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


А.Лукашэнка патрабуе значнай разгрузкі складоў беларускіх прадпрыемстваў на працягу III квартала 2013 года


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе значнай разгрузкі складоў беларускіх прадпрыемстваў на працягу трэцяга квартала 2013 года і выхаду да канца года на зацверджаныя нарматывы. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў 11 чэрвеня на нарадзе па пытаннях развіцця прамысловага комплексу і рэалізацыі беларускай прадукцыі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
________________________

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна абмеркаваць найбольш вострыя пытанні развіцця прамысловага комплексу. Размова ў першую чаргу ідзе аб фактарах, якія стрымліваюць якасны эканамічны рост гэтага сектара эканомікі. "Мы сёння павінны знайсці ісціну. Факт ёсць факт - рост складскіх запасаў відавочны", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, уступленне Расіі ў СГА не апраўдвае зніжэнне беларускага экспарту.

"Указваць на тое, што Расія, наш асноўны партнёр, уступіла ў СГА або што Еўропа і тая ж Расія ахоплены крызісам, не трэба. Мы аб гэтым ведалі даўно, гэта ўсё старое як свет, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А спасылацца на тое, што мы не можам канкурыраваць у Расіі з таварамі ўсяго свету, проста смешна".

"Еўрасаюз сёння займае тую ж удзельную вагу па экспарту, што і Расія, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Але што, ЕС учора ўступіў у СГА? Мы туды прадавалі прадукцыю, канкурыруючы, столькі ж, колькі прадавалі ў Расію. Вось і ўсе вашы фактары і спасылкі на расійскае ўступленне ў СГА".

"Гонім аб'ёмы, павялічваючы тым самым склады. Гэта факт", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць яму аб тым, што адбываецца на фінансавым рынку ў сувязі з неспрыяльнай атмасферай у эканоміцы. "І як вынік, барані вас бог ад сацыяльнай напружанасці ў працоўных калектывах", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч далажыў, што ў мінулым годзе ўкладанні ў асноўны капітал у прамысловасці былі павялічаны да $3 млрд., аказана дзяржпадтрымка на $380 млн. У бягучым годзе аб'ёмы інвестыцый таксама вырастуць. Прэм'ер-міністр лічыць, што ў развіццё прамысловасці неабходна ўкладваць больш сродкаў, каб захаваць статус прамысловай краіны, якая ўстойліва адну трэць свайго валавога ўнутранага прадукту фарміруе за кошт індустрыі.

Разам з тым Міхаіл Мясніковіч прызнаў, што прамысловасць па выніках першых пяці месяцаў 2013 года спрацавала нездавальняюча, найбольшыя запасы нерэалізаванай прадукцыі назіраюцца ў машынабудаванні і часткова ў лёгкай прамысловасці.

"Па гэтых і іншых недахопах праводзіцца штодзённая сістэмная работа, прынцып якой такі: аператыўна вырашаць задачы, дапамагаць і прымушаць. Зацверджаны памесячныя графікі выхаду на запланаваныя тэмпы росту прамысловай вытворчасці і разгрузкі складоў", - сказаў прэм'ер-міністр. Ён дадаў, што па выніках года ў прамысловасці ёсць магчымасць дасягнуць запланаванага росту.

Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што ў чэрвені-верасні сітуацыя з затаваранасцю складоў павінна значна палепшыцца, плануецца павялічыць закупкі прадукцыі на ўнутраным рынку.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў буйнейшых беларускіх прамысловых прадпрыемстваў прадставіць інфармацыю аб дынаміцы складскіх запасаў за апошнія месяцы і канкрэтных мерах па іх зніжэнню.

Генеральны дырэктар ВА "Гомсельмаш" Аляксандр Камко далажыў, што складскія запасы прадпрыемства скарочаны на 20 працэнтаў да ўзроўню 1 мая 2013 года, вырасла валютная выручка, дасягнуты дамоўленасці па новых пастаўках, у прыватнасці ў Казахстан.

Генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" Віктар Асноўскі адзначыў, што прадпрыемства плануе прадоўжыць зніжэнне запасаў гатовай прадукцыі, у першую чаргу за кошт дыверсіфікацыі рынкаў.

Старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела таксама запэўніў, што ў бліжэйшы час склады прадпрыемстваў канцэрна, асноўныя запасы якіх складае цукар і алкагольная прадукцыя, будуць значна разгружаны.

Аляксандр Лукашэнка строга папярэдзіў аб недапушчальнасці механічнай разгрузкі складоў, калі прадукцыю накіроўваюць у дылерскія цэнтры або гандлёвыя дамы без разліку атрымаць за яе выручку. "Эквілібрыстыкі быць не павінна за гэтымі агульнымі лічбамі. Мяне цікавіць дынаміка", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт выказаў незадаволенасць работай па пошуку магчымасцей для нарошчвання экспарту прадукцыі, у тым ліку па асваенню новых рынкаў.

Міхаіл Мясніковіч паведаміў аб тым, што вядзецца значная работа па дыверсіфікацыі геаграфіі экспарту. Што датычыцца традыцыйнага расійскага рынку, то тут экспартная палітыка будзе праводзіцца з улікам існуючых змяненняў, у тым ліку звязаных з уступленнем Расіі ў СГА.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення лізінгавых схем, выкарыстання пры экспартных продажах такіх інструментаў, як адтэрміноўка плацяжу, што актыўна прымяняюць замежныя кампаніі. Пры гэтым каардынацыю лізінгавай дзейнасці плануецца перадаць Нацбанку. У бліжэйшы час на разгляд Прэзідэнта будзе ўнесены адпаведны праект указа. Акрамя таго, плануецца актывізаваць дзейнасць лізінгавых кампаній, у прыватнасці ААТ "Прамагралізінг". На думку ўрада, у сферы экспартнага страхавання неабходна зменшыць манаполію "Белэксімгаранта", прадастаўляць права страхавання і тым дзяржаўным кампаніям, якія маюць долю дзяржавы ў акцыянерным капітале 50 працэнтаў і больш. Пры гэтым не выключана стварэнне яшчэ адной страхавой кампаніі пад эгідай Банка развіцця Беларусі, што будзе садзейнічаць нарошчванню экспарту беларускай прадукцыі.

Міхаіл Мясніковіч далажыў, што да льготнага крэдытавання закупак беларускай тэхнікі ў Расіі, акрамя Ашчадбанка, Банка ЗГБ, праяўляе інтарэс і Знешэканамбанк. "Такім чынам, каналы пашыраюцца і па лізінгавых схемах, і па экспартнаму крэдытаванню", - канстатаваў ён.

Прэм'ер-міністр таксама лічыць, што неабходна павялічваць аб'ём крэдытавання рэальнай эканомікі, што будзе садзейнічаць аднаўленню плацежаздольнага попыту, у тым ліку на тэхніку.

У цэлым урад запэўніў, што за летні перыяд склады беларускіх прадпрыемстваў будуць значна разгружаны.

"Мы пачулі галоўнае: першы этап - верасень. Вы сказалі: за лета дынаміка будзе значная, у трэцім квартале вы практычна прыкметна ўжо знізіце складскія запасы з вяртаннем грошай у краіну, калі гэта па экспарту, і на 1 студзеня 2014 года выйдзеце на нарматыў. Пад асаблівы кантроль такое абяцанне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў персаніфікаваць адказнасць за разгрузку складоў. "Усе даручэнні павінны быць персаніфікаваны. Напрыклад, Мясніковіч адказвае за разгрузку складоў МАЗа, Якабсон - за тое, Сямашка - за гэта. Не забудзьце пры гэтым МЗС", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Пастаянна слухаць абяцанні ад прэм'ер-міністра, лічы ад урада, я не магу, яны павінны быць рэалізаваны", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, недапушчальны фальсіфікацыі і прыпіскі, гандаль сабе на страту. "Майце на ўвазе: у канцы года з вас запатрабуюць за эканоміку, таму любымі шляхамі разгрузіць склады, скінуць прадукцыю за капейкі не атрымаецца. Гэта будзе як злачынства. У першую чаргу павінна быць эканоміка, а потым рэалізацыя, аб'ёмы і ўсё іншае. Ашуканства і фальсіфікацыя недапушчальны! Гэта нікому не патрэбна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон канстатаваў, што, нягледзячы на меры, якія прымаюцца органамі дзяржаўнага кіравання, даручэнні Прэзідэнта па праблемных пытаннях прамысловага комплексу рэалізуюцца не ў поўным аб'ёме. Гэта датычыцца захавання тэрмінаў і планаў рэалізацыі інвестпраектаў, павышэння тэмпаў мадэрнізацыі, канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі і заваявання новых рынкаў збыту, развіцця айчыннай сыравіннай базы, зніжэння энергаспажывання, павышэння ўзроўню лакалізацыі вытворчасці, умацавання фінансавай устойлівасці прадпрыемстваў і выхаду на бясстратную вытворчасць, разгрузкі складоў. Паводле слоў Аляксандра Якабсона, на фоне зніжэння аб'ёмаў вытворчасці назіраецца значны рост складскіх запасаў. Вялікі аб'ём запасаў і іх рост склаўся ў арганізацыях Мінпрама, і значная іх частка прыпадае на флагманы машынабудавання. Вялікія аб'ёмы запасаў гатовай прадукцыі ёсць у лёгкай і харчовай прамысловасці. Па гэтай прычыне ў прадпрыемстваў прамысловага комплексу ўзнікае шэраг фінансавых праблем і ў першую чаргу вымывання абаротных сродкаў. Старшыня КДК адзначыў, што не выконваюцца патрабаванні кіраўніка дзяржавы па паляпшэнню фінансавага становішча арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Паводле слоў Аляксандра Якабсона, у такіх няпростых умовах асобныя вытворцы замест прыняцця дзейсных мер спрабуюць стварыць бачнасць разгрузкі складоў. Так, Аршанскі мясакансервавы камбінат у красавіку-маі па дакументах адгрузіў у адрас Віцебскага мясакамбіната кансервы на Br6,4 млрд., аднак фактычна прадукцыя засталася на складзе Аршанскага камбіната.

Аляксандр Якабсон звярнуў увагу на тое, што вывучэнне Камітэтам дзяржкантролю сітуацыі больш як на 50 прамысловых прадпрыемствах выявіла характэрныя прычыны росту складскіх запасаў, многія з якіх з'яўляюцца суб'ектыўнымі.

Так, паводле яго слоў, меры па павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі часта дэкларатыўныя. Яскравы прыклад таго - сітуацыя ў тэкстыльнай вытворчасці. Прадукцыя акцыянерных таварыстваў "Сукно" і "Камволь" не карыстаецца попытам нават сярод швейных арганізацый канцэрна "Беллегпрам". Запасы вылічаюцца дзясяткамі мільярдаў рублёў, а ў швейнай вытворчасці выкарыстоўваюцца ў асноўным імпартныя тканіны. Доля айчынных шарсцяных тканін у вытворчасці адзення не перавышае 5 працэнтаў з-за нізкіх спажывецкіх якасцей і высокага кошту. Старшыня КДК лічыць, што для змянення сітуацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі жыццёва неабходна паскорыць выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы па правядзенню комплекснай мадэрнізацыі прамысловай галіны. Паводле слоў Аляксандра Якабсона, пэўныя меры прымаюцца, аднак шмат праектаў, якія рэалізуюцца нават па даручэннях кіраўніка дзяржавы, не дасягаюць канчатковай мэты або правальваюцца. Як вынік - упускаецца час, страчваюцца пазіцыі на рынках збыту і неэфектыўна расходуюцца сродкі. У якасці прыкладаў ён прывёў ход мадэрнізацыі будаўнічай галіны, аб'ектаў энергетыкі, прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі.

Старшыня КДК акцэнтаваў увагу на тым, што асобныя прадпрыемствы наогул не спяшаюцца з мадэрнізацыяй, што вельмі негатыўна ўплывае на экспарт прадукцыі. Адным з прыкладаў прамаруджвання ў правядзенні мадэрнізацыі з'яўляецца шклозавод "Нёман", дзе растуць складскія запасы, зніжаецца доля экспарту, спынены пастаўкі на 7 замежных рынкаў. На яго думку, асноўнай прычынай гэтага з'яўляецца вялікі аб'ём пераважна ручной працы на дапаможнай вытворчасці хрустальнай і шкляной прадукцыі, што не дае магчымасці выпускаць канкурэнтаздольныя тавары, а таксама невыкананне даручэння Прэзідэнта па асваенню новай прадукцыі, у прыватнасці вытворчасці шклаваты.

Сярод прычын росту складскіх запасаў старшыня Камітэта дзяржкантролю назваў слабую работу прадпрыемстваў па асваенню новых рынкаў збыту прадукцыі. У некаторых буйных прадпрыемстваў назіраецца як спад экспарту, так і істотнае звужэнне яго геаграфіі. "Спадзяваючыся на падтрымку дзяржавы па збыту прадукцыі ўнутры краіны, асобныя прадпрыемствы не прымаюць усіх магчымых мер па пошуку альтэрнатывы на знешніх рынках", - сказаў ён. У прыватнасці, да 2012 года стабільнай рабоце аб'яднання "Гомсельмаш" у многім садзейнічала штогадовая дзяржаўная падтрымка аграпрамысловага комплексу. Скарачэнне гэтай падтрымкі адразу ж прывяло да ўзнікнення значных праблем са збытам прадукцыі.

Аляксандр Якабсон звярнуў увагу на тое, што не выканана і даручэнне Прэзідэнта, якое датычыцца забеспячэння ў 2012 годзе больш як трэці прыросту экспарту за кошт выкарыстання мясцовай сыравіны. Фактычна прырост экспарту такіх тавараў склаў толькі 1,9 працэнта.

Яшчэ адным негатыўным фактам з'яўляецца недастаткова выбудаваная на шэрагу прадпрыемстваў сістэма маркетынгу. У 2009 годзе кіраўнікам прадпрыемстваў была прадастаўлена магчымасць заахвочваць работнікаў, якія ўнеслі рэальны ўклад у павелічэнне збыту прадукцыі. Аднак, паводле слоў Аляксандра Якабсона, узровень аплаты працы работнікаў службы збыту не заўсёды звязаны з вынікам продажаў, што не стымулюе прыцягненне кваліфікаваных спецыялістаў і іх эфектыўную работу. Не заўсёды забяспечваецца і комплекснае вывучэнне попыту і рынкаў збыту. Так, асобныя віды выпускаемай Аршанскім ільнокамбінатам прадукцыі практычна ў поўным аб'ёме сёння асядаюць на складах. Пры гэтым урад не забяспечыў выкананне даручэння Прэзідэнта аб своечасовай мадэрнізацыі гэтага прадпрыемства, што гарантавала б выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Акрамя таго, шэраг прадпрыемстваў, маючы звышнарматыўныя запасы, праяўляюць недапушчальную пасіўнасць. Некаторыя буйныя мэблевыя прадпрыемствы канцэрна "Беллеспаперапрам" на працягу апошніх трох гадоў не прымалі ўдзелу ні ў адным з праведзеных у краіне конкурсаў на пастаўку мэблі, пры гэтым сістэматычна не выконваючы даведзеныя паказчыкі па аб'ёму запасаў прадукцыі. Паводле слоў Аляксандра Якабсона, прадпрыемствы канцэрна не заўсёды могуць прадаць нават прадукцыю, якая карыстаецца ўстойлівым штодзённым попытам. На папяровай фабрыцы "Спартак" асвоены выпуск сурвэтак, аднак прадукцыя знаходзіцца на складах, хоць магутнасці прадпрыемства загружаны толькі напалавіну. Пры гэтым ні ў адным з васьмі правераных у красавіку буйных магазінаў Магілёва гэтай прадукцыі не аказалася. Разам з тым аналагічная імпартная прадукцыя была прадстаўлена ў шырокім асартыменце. Падобная сітуацыя назіралася і ў дзевяці буйных гандлёвых аб'ектах Мінска.

У той жа час старшыня КДК лічыць, што, нягледзячы на націск аб'ектыўных знешніх фактараў, у краіне ёсць дастатковы патэнцыял для больш эфектыўнай работы прамысловага комплексу. Урад прыняў праграму развіцця гэтай галіны да 2020 года. На думку Аляксандра Якабсона, своечасовая і поўная рэалізацыя мерапрыемстваў праграмы дасць магчымасць дасягнуць патрэбных вынікаў, у тым ліку ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі на сусветным рынку і ўступлення Расіі ў СГА.

Прысутныя на нарадзе старшыня канцэрна "Беллегпрам" Міхаіл Сучкоў і дырэктар ААТ "Шклозавод "Нёман" Ігар Бацян у сваё апраўданне заўважылі, што яны праводзяць работу па разгрузцы складоў.

Так, паводле слоў Міхаіла Сучкова, сёння прадпрыемства "Сукно" на экспарт пастаўляе 97,4 працэнта прадукцыі, у асноўным у Расійскую Федэрацыю. У два разы зніжаны складскія запасы. У той жа час ён звярнуў увагу на тое, што попыт на прадукцыю прадпрыемства мае сезонны характар. Паводле яго слоў, значная яе частка будзе рэалізавана ў асенне-зімовы перыяд. Міхаіл Сучкоў таксама адзначыў, што прадпрыемству патрэбна мадэрнізацыя, каб забяспечыць прадукцыяй унутраны рынак.

Дырэктар ААТ "Шклозавод "Нёман" Ігар Бацян расказаў, што на заводзе распрацаваны мерапрыемствы па разгрузцы складоў, ідзе асваенне знешніх рынкаў, праводзіцца работа з аб'ектамі гандлю ўнутры краіны." У гэтым месяцы мы ўжо не дапускаем павелічэння складскіх запасаў і дадаткова кожны месяц будзем рэалізоўваць трэць прадукцыі са склада", - сказаў ён.

Міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч прызнаў, што складскія запасы былі значна павялічаны, аднак, паводле яго слоў, у маі тэндэнцыя змянілася. Акрамя таго, у другім паўгоддзі плануецца нарасціць продаж прадукцыі на расійскі рынак. У якасці прыкладу Дзмітрый Кацярыніч прывёў прадпрыемства "МАЗ", якое пачало пастаўляць прадукцыю на 17 новых замежных рынкаў, акрамя таго, у 3 разы нарасціла пастаўкі прадукцыі ў далёкае замежжа і ў 2 разы - у краіны СНД.

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу прысутных на тое, што да верасня павінен адбыцца значны рывок у разгрузцы складоў. "Трэці квартал - гэта значнае павелічэнне продажаў і другі этап разгрузкі складоў. Да 1 студзеня будучага года вы выходзіце на нарматыў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што гэты момант дае магчымасць сканцэнтраваць намаганні на якасці прадукцыі.

"Якасць - пытанне нумар адзін! Калі гэтай якасці няма - гэта як злачынства!" - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што дзяржава стварыла ўмовы для паспяховай работы ўсіх сектараў эканомікі, а таму мае права строга патрабаваць за рэзультат.

"Сёння што, прамыслоўцы, будаўнікі спажываюць прыродны газ, як Германія, па $400 за 1 тыс.куб.м? Не. У два разы, як мінімум, танней, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы што, сёння нафту па сусветных цэнах спажываеце? За паўцаны. Гэта ўклад дзяржавы. Вам далі добрыя ўмовы, вы чаго яшчэ чакаеце? Скажыце, што трэба для вас, каб вы заўтра пачалі працаваць у два разы лепш, чым у Германіі, або хоць бы ўпоравень з Германіяй!"

"Вы сёння ад дзяржавы атрымалі тое, чаго не мае ні Украіна, ні Еўрапейскі саюз, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Пачынайце працаваць. Усё ў вашых руках - руках кіраўнікоў прадпрыемстваў і міністраў".

Падводзячы вынік нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Лета - першы этап разгрузкі складоў з улікам вытворчасці ў гэты перыяд. Другі этап - канец трэцяга квартала. І выхад на нармальныя нарматывы на 1 студзеня 2014 года. Разгрузка складоў - гэта не значыць распіхванне фізічных адзінак па ўсіх кутах! Грошы павінны за гэта паступіць у краіну".

Прэзідэнт нагадаў аб дадзеным год таму даручэнні старшыні праўлення Нацбанка Надзеі Ермаковай кантраляваць паступленне ў краіну грашовых сродкаў ад экспарту. "Разам з міністрам эканомікі і міністрам фінансаў займіцеся гэтымі пытаннямі. Падключыце любога з урада, хто вам патрэбны", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на эканоміку прадпрыемстваў. "Ні мне, ні вам проста выпіхванне прадукцыі з Беларусі па дэмпінгавых цэнах не патрэбна", - папярэдзіў ён.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў бесперапынна інфармаваць яго аб дынаміцы сітуацыі: як ідзе продаж тавараў, як напаўняецца ўнутраны рынак.

Звяртаючыся да губернатараў і Мінгандлю, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх вырашыць пытанне з напаўняльнасцю магазінаў краіны айчыннай прадукцыяй. "У кожным магазіне павінен ляжаць беларускі прадукт: ад сурвэтак да мяса і малака. Больш размоў на гэту тэму быць не можа! Не дай бог хтосьці з кантрольных органаў зойдзе ў магазін і там не будзе беларускага - наракайце на сябе", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

"Мне вельмі хацелася б, каб мы праз пэўны час не мелі непрыемных сустрэч з членамі ўрада і іншымі. Няхай гэта будзе не нарадай, а нейкім узварушваннем з боку Прэзідэнта", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

12 чэрвеня 2013, Мінск
БЕЛТА


 

Кoличество переходов на страницу: 1149


Комментарии