Хто б мог выказаць здагадку ў сярэдзіне сакавіка (тады курс долара ў камерцыйных банках быў у раёне 4 рублёў), што літаральна праз два месяцы курс амерыканскай валюты апусціцца да адзнакі 2,5—2,6 рубля? Што не трэба шукаць замежную валюту, бегаючы па ўсім горадзе, а можна будзе проста, без чэргаў, купіць яе ў любым абменным пункце. Праўда, купіць не любую суму, а толькі тую, якую да цябе хтосьці прынясе і здасць. А людзі здаюць пастаянна.
Мы яшчэ тады казалі, у газеце, што не варта паддавацца паніцы і купляць «чужыя паперкі» ў той час, калі банкамі выстаўляецца максімальная маржа пры куплі-продажы. А розніца паміж купляй і продажам валюты тады даходзіла да 40—60 капеек. Менавіта дзякуючы нашай паніцы ў гэты час банкі і зараблялі шалёныя барышы. Але час усё расставіў на свае месцы. Цяпер цікава ведаць, што будзе далей з нацыянальнай валютай і якія перспектывы нашай эканомікі...
Прапанова валюты перавышае попыт на яе
Аналітыкі партала «Банкі Беларусі» лічаць, што беларускі рубель будзе і далей стаяць на моцных пазіцыях у адносінах да долара і еўра да таго часу, пакуль курсы гэтых валют зніжаюцца на Маскоўскай біржы. А гэта будзе адбывацца, пакуль улады Расіі не прымуць меры супраць умацавання рубля. Пакуль урад і Банк Расіі працягваюць проста назіраць за сітуацыяй, не спрабуючы спыніць умацаванне расійскага рубля, што прывяло да падзення курсу долара на Маскоўскай біржы 13 мая да 64,572 рубля за долар.
Як вядома, беларускі рубель ацэньваецца «ў звязцы» і ідзе за расійскім, таму курс долара на Беларускай валютна-фондавай біржы на мінулым тыдні апускаўся да 2,5008 рубля за долар (а сёння ён увогуле ніжэйшы, чым 2,5). Пры гэтым не толькі ў Расіі, але і на ўнутраным рынку нашай краіны прапанова валюты перавышае попыт на яе. Як паведамілі ў Нацыянальным банку, у красавіку жыхары Беларусі больш прадалі валюты, чым купілі, на 116,4 мільёна долараў. За 4 месяцы гэтага года насельніцтва рэалізавала валюты ў чыстым выражэнні на 429,3 мільёна долараў. Актыўна прадавалі валюту рэзідэнты, таксама банкі і нерэзідэнты.
У красавіку валюту прадавалі ўсе ці амаль усе
Абвал курсаў долара і еўра да значэнняў, якія назіраліся да дэвальвацыі рубля ў сакавіку, прывёў у красавіку да продажу валюты насельніцтвам, прадпрыемствамі і банкамі Беларусі ў суме на 0,5 мільярда долараў за месяц.
У першую чаргу пастараліся суб'екты гаспадарання — рэзідэнты краіны: яны рэалізавалі валюты больш, чым набылі, на 154,2 мільёна долараў (у сакавіку яны больш купілі валюты на 274,1 мільёна долараў). Пры гэтым валавы аб'ём продажу валюты беларускімі прадпрыемствамі вырас у параўнанні з сакавіком на 141,6 мільёна долараў — да 2,167 мільярда долараў. Максімальнае значэнне для гэтага паказчыка ў бягучым годзе.
Купілі ж валюты прадпрыемствы на 286,7 млн долараў менш, чым у сакавіку. Гэта мінімальнае значэнне з мая 2021 года і крыху ніжэйшае за пакупку ў красавіку таго ж года. Тым не менш па выніках студзеня—красавіка 2022 года юрыдычныя асобы — рэзідэнты краіны валюты купілі больш, чым прадалі, на 327,3 мільёна долараў.
У красавіку рэзка скараціліся куплі валюты суб'ектамі гаспадарання — нерэзідэнтамі краіны: у 2,6 раза ў параўнанні з сакавіком — да 127,5 мільёна долараў. Пры гэтым нерэзідэнты прадалі валюты прыкладна на траціну менш — 242,9 мільёна долараў. Такім чынам, і на рынку здзелак з нерэзідэнтамі сітуацыя стабілізуецца. У чыстым выражэнні нерэзідэнты рэалізавалі валюты ў красавіку на 115,4 мільёна долараў. Гэта прыкладна ў 2 разы больш за той аб'ём, які яны прадавалі ў сярэднім у месяц да лютага гэтага года. У студзені—красавіку гэтага года суб'екты гаспадарання — нерэзідэнты рэалізавалі валюты больш, чым набылі, на 141,7 мільёна долараў.
Беларускія банкі і фінансавыя арганізацыі ў красавіку таксама сталі чыстымі прадаўцамі валюты, рэалізаваўшы яе на 94,6 мільёна долараў. Да гэтага на працягу пяці месяцаў запар яны былі чыстымі пакупнікамі валюты. Па выніках студзеня—красавіка яны яшчэ застаюцца такімі з чыстымі пакупкамі ў памеры 393,8 мільёна долараў. Такім чынам, у красавіку ўсе ўдзельнікі валютнага рынку рэалізавалі валюты на 480,6 мільёна долараў больш, чым набылі.
Найбліжэйшае заўтра будзе не горшае
У маі сітуацыя наўрад ці прынцыпова змянілася. Да таго ж, мяркуючы па даных аб знешнім гандлі, у нашай краіне захоўваецца прыток валюты ад гэтай сферы дзейнасці. Як паведаміў міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў, сёлета ў першым квартале экспарт тавараў і паслуг вырас у гадавым выражэнні на 5 %, гэта значыць, на 500 мільёнаў долараў, а станоўчае сальда знешняга гандлю дасягнула максімальнай велічыні за ўсю гісторыю краіны і склала амаль 1 мільярд долараў.
Паводле ацэнак экспертаў Мінэканомікі, ВУП Беларусі ў студзені—красавіку бягучага года знізіўся не больш чым на 2 %, што ва ўмовах санкцый можна лічыць поспехам. Да таго ж, паведаміў міністр, Беларусь цалкам спыніла гандаль з Украінай. Але нашай краіне ўдаецца паступова перанакіраваць патокі тавараў у іншыя рэгіёны.
Пасол Беларусі ў Бразіліі Сяргей Лукашэвіч паведаміў, што наша краіна вядзе перагаворы аб аднаўленні паставак калійных угнаенняў на бразільскі рынак, дэманструючы гатоўнасць знізіць цану на ўгнаенні. Улічваючы, што цана на ўгнаенні цяпер на максімуме, ажыццявіць гэта будзе нескладана. Пры гэтым са студзеня да сакавіка бягучага года, гэта значыць, яшчэ да спынення экспарту, у Бразілію было пастаўлена 612 тысяч тон хлорыстага калію з Беларусі.
Мы таксама павялічваем экспарт сваіх тавараў у абыход прыбалтыйскіх краін і Украіны, у сувязі з чым растуць перавозкі грузаў па чыгунцы. Як паведамілі ў БЧ, па выніках студзеня—красавіка аб'ём экспартных кантэйнерных перавозак у краіне павялічыўся ў 1,3 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнуў больш за 50 тысяч кантэйнераў у дваццаціфутавым эквіваленце.
Такім чынам, пакуль прыток валюты ў краіну захоўваецца. Гэта азначае, што беларускі рубель па-ранейшаму будзе прытрымлівацца за расійскім. У Расіі сітуацыя з рублём застаецца нявызначанай. Кіраўніцтва суседкі пакуль не спрабуе спыніць умацаванне расійскай валюты, таму захоўваюцца перадумовы для працягу гэтай тэндэнцыі.
Да таго ж у нашай краіне экспарцёры пачынаюць прадаваць валюту для выплаты падаткаў. Гэта стане чарговым фактарам па ўмацаванні нацыянальнай валюты.
Беларусы здаюць менш валюты з-за праблем... з банкамі
Беларускі рубель умацоўваецца на працягу цэлага месяца, пры гэтым менавіта цяпер насельніцтва здаваць валюту не вельмі спяшаецца. Тым часам варта адзначыць, што ўсё роўна нашы грамадзяне прадаюць валюты больш, чым купляюць, ужо дзясяты месяц запар.
Статыстыка Нацыянальнага банка паказвае, што аб'ём продажу валюты беларусамі падае ўжо трэці месяц запар і ў красавіку дасягнуў гадавога мінімуму. Калі раней насельніцтва здавала прыкладна па 1 мільярдзе долараў штомесяц, то цяпер продаж валюты злёгку перавышае 730 мільёнаў долараў. У чым прычына такога зніжэння?
Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова лічыць, што на самай справе аб'ём продажу валюты ўпаў не так моцна. Асабліва на фоне моцных ваганняў курсу беларускага рубля ў лютым—сакавіку. Звычайная рэакцыя беларускага рынку ў такіх сітуацыях — хуткі рост куплі валюты і зніжэнне продажу. Тое, што сітуацыю ўдалося хутка купіраваць і беларускі рубель пачаў умацоўвацца, забяспечыла перавышэнне продажу валюты над купляй.
Што датычыцца падзення аб'ёмаў продажаў валюты, то тут іграе ролю некалькі фактараў. Цяпер істотная частка продажу валюты фізічнымі асобамі — гэта не столькі продаж валютных заначак, колькі паступленні валютных пераводаў з-за мяжы. Многія беларусы цяпер працуюць за мяжой і пераводзяць валюту сваякам. Але апошнім часам у банкаў пачаліся сур'ёзныя праблемы з такімі пераводамі. З часам людзі знойдуць альтэрнатыўныя спосабы пераводу сродкаў у краіну і сітуацыя ў гэтым кірунку будзе выраўноўвацца: продаж валюты будзе расці, лічыць аналітык.
Сыход замежных кампаній адкрывае нам нішы на дзясяткі мільярдаў долараў
Намеснік міністра эканомікі Беларусі Юрый Чабатар паведаміў, што наша краіна актыўна распрацоўвае праграмы па імпартазамяшчэнні.
Паводле яго слоў, сумесна з расійскім бокам быў складзены спіс перспектыўных для работы сфер. За мінулыя з пачатку рэалізацыі праграмы паўтара месяца ўжо з'явілася больш чым 10 інвестыцыйных праектаў у такіх галінах, як сельскагаспадарчае машынабудаванне, аўтамабільная прамысловасць, нафтахімія, прыборабудаванне і іншых. Новыя планы запатрабуюць прыкладна 2,5 мільярда долараў у выглядзе інвестыцый.
Юрый Чабатар адзначыў, што для такіх праектаў плануецца выдаваць ільготныя крэдыты — адпаведная работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца з банкамі. А неўзабаве будзе апублікаваны спіс імпартазамяшчальнай прадукцыі, пад якую і будуць вылучацца сродкі.
Намеснік міністра таксама пазначыў аб'ёмы імпарту з краін, якія па палітычных меркаваннях спынілі пастаўкі ў Беларусь, — гаворка ідзе пра тавары на суму каля 8 мільярдаў долараў. Аднак намеснік кіраўніка Мінэканомікі ўпэўнены, што дзякуючы гэтаму для айчынных вытворцаў адкрываюцца вялікія перспектывы.
«Паводле нашых ацэнак, толькі сыход кампаній па дрэваапрацоўцы і мэблевай прамысловасці адкрывае нішу ў 5—6 мільярдаў долараў, у харчовай прамысловасці — каля 17—20 мільярдаў долараў. Гэта значыць, на рынку маюцца неабмежаваныя магчымасці для разгортвання вытворчасцяў», — заявіў Юрый Чабатар.
Для таго каб заахвоціць беларускія прадпрыемствы і кампаніі больш актыўна асвойваць нішы, Мінэканомікі праводзіць спецыялізаваныя біржы, якія ўключаюць выезд на месца тэхнолагаў і канструктараў малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Такім чынам спецыялісты могуць абменьвацца інфармацыяй і прыходзіць да рэальных дамоўленасцяў.
У маі—чэрвені плануецца правядзенне падобных мерапрыемстваў і выстаў-кірмашоў на прадпрыемствах харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, а таксама на вытворчасці будматэрыялаў.
«Работу па імпартазамяшчэнні мы праводзім пастаянна, на сістэмнай аснове. Стаіць задача сёлета вырабіць імпартазамяшчальнай прадукцыі на 25 мільярдаў долараў, максімальна прыцягваем да гэтага ўсе катэгорыі прадпрыемстваў», — сказаў Юрый Чабатар.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 20 траўня 2022
Звязда, 20 траўня 2022
Кoличество переходов на страницу: 307
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |