https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Да "атакі" на беларускі рубель не ўсе аказаліся падрыхтаванымі...


Пасля таго, як Нацыянальны банк краіны аб'явіў пра тое, што не будзе прымяняць дадатковых абмежавальных захадаў у сферы валютнага рэгулявання і валютнага кантролю, як падаецца, напружанне, выкліканае чаканнем усё новых рашэнняў галоўнага банка рэспублікі, спала, — з'явілася хоць нейкая пэўнасць. Бадай, самае галоўнае, што цяпер па-ранейшаму хвалюе большасць насельніцтва, дык гэта тое, калі замежная валюта перастане быць дэфіцытам у абменных пунктах і якім будзе курс таго ж долара.

 Разам з тым, эксперты сёння па-рознаму падыходзяць да ацэнкі апошніх падзей, што адбываюцца на валютным рынку. У прыватнасці, эксперт "Звязды", дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў выказаў у гутарцы меркаванне, што зробленых захадаў яўна недастаткова і яны пакідаюць сітуацыю на рынку няпэўнай.
_______________

— Фактычна ёсць сектар эканомікі, павязаны на імпарце, які знаходзіцца ў напалову нявызначаным стане: закупляць ці не закупляць, завозіць ці не завозіць, па якім курсе, — кажа наш суразмоўца. — Знайшліся імпарцёры, якія выстаўляюць курс замежнай валюты істотна вышэйшы чым 10-працэнтная надбаўка да афіцыйнага курсу на міжбанкаўскім рынку, і, наогул, рыначная раўнавага, якой мяркуецца дасягнуць. Складваецца ўражанне пасіўнай рэакцыі і адаптацыі да таго, што адбываецца, замест актыўнага ўмяшальніцтва ў працэсы.

На жаль, гэтая сітуацыя паказала, што сістэмы прагназавання і апярэджання праблем, якія ўзнікаюць, мы так і не стварылі. Хоць сітуацыя на самай справе не настолькі крытычная, як спрабуюць яе ўявіць некаторыя. І гэта ў тым ліку было заяўлена і міжнароднымі арганізацыямі, якія пацвердзілі, што дэфолт Беларусі не пагражае, што праблем выплаты па знешніх даўгах няма. Проста мы дрэнна падрыхтаваліся да сітуацыі, якая была ўзмоцнена бясконцымі закупкамі аўтамабіляў за мяжой. Студзень-люты прадэманстравалі, што мы ў кожны з гэтых месяцаў можам купіць тавараў на 1 мільярд долараў больш, чым прадаць за мяжу. І колькі б тут ні казалі пра крытычны імпарт, ільвіная доля сёння ў імпарце аўтамабіляў і іншых спажывецкіх тавараў, купленых на крэдыты, якія выдалі банкі.

— Між іншым, шэраг банкаў прыпыніў выдачу спажывецкіх крэдытаў і крэдытаў на куплю аўтамабіляў. Магчыма, гэта не толькі мера перасцярогі саміх банкаў ад рызыкі, але і адзін з захадаў, які здольны станоўча паўплываць на сітуацыю?


— Для стабілізацыі сітуацыі неабходна часова наогул прыпыніць выдачу спажывецкіх крэдытаў (за выключэннем крэдытаў на жыллё).

Нават неабходна — таксама часова — замарозіць пакупкі за кошт сродкаў бюджэту любога імпарту (за выключэннем вельмі невялікага спіса лекаў). І, па-трэцяе, трэба перагледзець імпартаёмістыя дзяржаўныя праграмы і, магчыма, частку з іх наогул закрыць. Пасля гэтага, я ўпэўнены, што не будзе неабходная і 10-працэнтная надбаўка да курсу. Зразумела, курс павінен быць адзіным і на біржы, і на міжбанку, і ўстанаўліваць яго павінны попыт і прапанова, аднак гэта не выключае макраэканамічнае рэгуляванне і таго і другога. Жыць трэба па сродках і на заробленую валюту. Зразумела, тыя, хто прадае валюту на біржы, павінны быць упэўненыя, што заўтра да іх не прыйдзе дзяржкантроль высвятляць, наколькі яны законна зарабілі гэтую валюту.

Плацежны баланс краіны паказвае, што крытычнай сітуацыі няма. Ёсць, і гэта таксама не трэба ўтойваць, "атака" на беларускі рубель, да якой не ўсе аказаліся падрыхтаванымі. Упэўнены, што праз месяц-другі сітуацыя стабілізуецца, хоць гэты год не будзе лепшым для імпарцёраў, якіх у краіне занадта — аж да рыдлёвак з Аўстраліі. Я не прыхільнік імпартазамяшчэння і ўпэўнены, што ў 21 стагоддзі замяшчаць тое, што лепш робяць іншыя, не трэба — відавочныя сектары, якія ў Кітаі развіваюцца лепш, чым у Беларусі. Аднак усю энергію дзяржавы неабходна б накіраваць на задавальненне попыту насельніцтва, які расце. Адміністратыўнымі захадамі гэтага не зробіш. Аднак дакладна бачна, што там, дзе ёсць канкурэнцыя, там, дзе прыватны сектар дынамічна развіваецца, няма праблем. Неабходна даць яму свабоду — і не толькі ў планах мерапрыемстваў. І ён сам і накорміць, і з дапамогай кітайцаў апране насельніцтва. Іншая справа, што даходы насельніцтва — і гэта яно само павінна разумець — павінны быць адэкватныя таму, якую прадукцыю яно робіць, і ці купляюць яе на радзіме і за мяжой.

— Не прыгадаю, каб у апошнія гады "бакс" на працягу такога доўгага часу быў дэфіцытнай валютай у абменных пунктах. Як мяркуеце, наколькі зацягнецца валютны ажыятаж?

— Зразумела, што ва ўмовах панікі ніякай валюты не хопіць, патрэбны час, каб сітуацыю змяніць. Але я ўпэўнены, што Нацыянальнаму банку ўдасца вырашыць праблемы, і амаль упэўнены, што не пройдзе і месяца, як валюта ў "абменніках" будзе. Важнае толькі адно пытанне: па якім курсе? Ад прафесіяналізму Нацыянальнага банка і ў цэлым улад залежыць, якім будзе курс, пры якім попыт будзе роўны прапанове.

— Аднак ёсць калідор хістання курсу рубля да валютнага кошыка, які на год вызначаны ў межах плюс/мінус 8 працэнтаў?

— Усё залежыць ад таго, наколькі рашучымі будуць дзеянні па абмежаванні рублёвай грашовай прапановы. Можна дабіцца, што курс будзе нават ніжэйшым, чым ён быў на пачатку года. Іншая справа, як пры гэтым захаваць баланс інтарэсаў. Валюты ў краіне стане істотна больш — хоць бы ў сілу таго, што ў рамках Мытнага саюза экспарт беларускіх тавараў істотна павялічваецца і хутка валютная выручка пачне вяртацца ў краіну. І экспарцёры зразумеюць, што чакаць больш нельга, трэба прадаваць валюту — хоць бы для таго, каб выплаціць зарплаты. Самыя радыкальныя дзеянні дзяржавы могуць быць падобныя на тыя, што прымаліся ў Чылі, у Кітаі, — стопрацэнтны продаж валюты экспарцёрамі. Але, мяркую, да гэтага справа не дойдзе.

— Сёння мы нібы вяртаемся ў 90-я гады, калі ў краіне існавала множнасць курсаў. Афіцыйны курс, іншы курс на міжбанку, інтэрнэт-магазіны закладваюць пры продажы тавараў яшчэ вышэйшы курс СКВ, а на "чорным рынку" наогул даходзіць да абсурду, калі пакупнікам прапануюць набываць тыя ж аўто за СКВ — у пераліку 4 500 рублёў за 1 долар. На ваш погляд, які курс у цяперашніх умовах найбольш рэальны?

— Няма большай бяды для эканомікі, як множныя курсы. Гэта напісана ў любым падручніку эканамічнай тэорыі. Яны шкодныя хоць бы таму, што нават самых сумленных прадпрымальнікаў і чыноўнікаў спакушаюць купіць па адным кошце, прадаць па іншым. Калі б не было панікі, то курс павінен бы быць тым, які запланаваны. Нават золатавалютныя рэзервы Нацыянальнага банка размешчаныя так, што іх у адзін дзень не дастанеш. Упэўнены, што паніка пройдзе, і курс стабілізуецца, але яшчэ раз падкрэслю, што гэта адбудзецца пры прыняцці рынкавых захадаў па стрымліванні імпарту.

Ігар Шчучэнка
Звязда, 5 красавіка 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1221


Комментарии