"Вой, вы шукаеце мінулагодні снег, - усміхнулася яна. -- У Паланзе даўно зачынілі радзільню. Я паеду раджаць у Клайпеду. Туды цяпер едуць нараджаць жанчыны і з суседніх раёнаў".
Аказваеца, падобная сітуацыя склалася ва ўсёй Літве. У Вільнюсе вялікае радзільнае аддзяленне ў бальніцы Св. Якава (у савецкі час - Першая савецкая бальніца), якое было адкрыта яшчэ да вайны і дзе на свет з'явіўся не толькі я, але і мая будучая жонка, і наш сын, цяпер стаіць з безжыццёвымі вокнамі. Не тоўпяцца маладыя таты і ля вокнаў радзільнага аддзялення Вільнюскай бальніцы Чырвонага крыжа, у якой свет убачылі двое маіх унукаў. У вялікім сталічным горадзе засталіся толькі тры радзільныя дамы.
Прычына закрыцця раддамоў - рэзкае скарачэнне нараджальнасці. Ранней яны былі ва ўсіх райцэнтрах, цяпер - толькі ў вялікіх гарадах. Для жанчын гэта нязручна, даводзіцца доўга дабірацца. А ў такіх сітуацыях нярэдка і хвіліны маюць рашаючае значэнне. Ды і маладому бацьку цяпер ужо няпроста кожны дзень прыходзіць з букетам кветак да вокнаў раддома, які за паўсотні кіламетраў.
Але гэта пад увагу не бярэцца. Перамагае эканамічны фактар. Трымаць паўпустыя раддамы фінансава нявыгадна. Але і тут згубны ланцужок не рвецца: няма раддамоў - няма працоўных месцаў для медыцынскага персаналу, павялічваецца колькасць беспрацоўных.
Зрэшты, незапатрабаванымі ў Літве аказваюцца не толькі медыкі, але і педагогі. 1 верасня сёлета ў школы краіны прыйшло на 20 тысяч школьнікаў менш, чым год таму. Дзевяць школ перасталі існаваць. Больш за тысячу настаўнікаў папоўнілі рады беспрацоўных. Гэты працэс міністр асветы і навукі Гінтарас Сцепанавічус называе "аптымізацыяй" (ад слова - аптымальны). Яе старанна праводзіць ужо чацвёрты год, паспеўшы зачыніць 163 школы. Больш наўрад ці зачыніць: хутка выбары ў Сейм, будзе абраны і новы Урад.
Наступствы змяншэння школьнікаў адчулі і вышэйшыя навучальныя ўстановы. У гэтым годзе з імі падпісалі дагаворы 29,9 тысячы першакурснікаў, а летась ва ўніверсітэты і каледжы паступіла 31,3 тысячы маладых людзей.
Вялікія дэмаграфічныя праблемы выявіліся ў 2011 годзе пасля перапісу насельніцтва Літвы. Гэта быў другі перапіс пасля набыцця незалежнасці і першы - з моманту ўступлення Літвы ў Еўрапейскі Саюз у 2004 годзе. Засмучальная карціна вымалёўвалася адразу ж пасля публікацыі папярэдніх вынікаў. За міжперапісны перыяд насельніцтва краіны скарацілася з 3,48 млн у 2001 годзе да 3,058 млн у 2011-м, гэта значыць стала нават менш, чым было ў 1941-м. За дзесяць гадоў колькасц жыхароў краіны скарацілася на 440 600, або на 12,6%. (Для даведкі, насельніцтва Літвы дасягнула свайго гістарычнага піку ў 1989 г., калі склала 3,68 млн чал.).
А нядаўна генеральны дырэктар Дэпартамента статыстыкі Вілія Паленене паведаміла, што ў Літве ўжо няма і 3 млн жыхароў. На 1 верасня гэтага года зафіксавана толькі 2 988 000 жыхароў.
Як сцвярджае спадарыня Паленене, на скарачэнне колькасці жыхароў больш за ўсё паўплывала міграцыя (76,9%): за дзесяць гадоў з краіны з'ехалі 402 900 жыхароў, а прыехалі 64 200. З-за адмоўных натуральных страт, колькасць літоўцаў за дзесяць гадоў скарацілася на 101 900 (23,1%).
Негатыўная тэндэнцыя працягваецца. За першыя восем месяцаў гэтага года ў Літве нарадзілася 23,1 тыс. дзяцей або на 2 працэнты менш, чым за той жа перыяд мінулага. А памерла на 4,2 тыс. больш, чым нарадзілася.
Чаму літоўскія жанчыны не хочуць нараджаць? Асноўныя прычыны - эканамічнага і сацыяльнага характару. Больш за палову жыхароў Літвы (54,6%) сцвярджаюць, што з цяжкасцю або з крайнімі цяжкасцямі могуць пражыць на даходы, якія маюцца. Пра гэта сведчыць сацыялагічнае даследаванне, праведзенае Інстытутам дзяржаўнага кіравання і палітыкі Каўнаскага тэхналагічнага інстытута. Дзе тут думаць пра павелічэнен сям'і! Недахопу ў сродках не адчуваюць усяго 3,6% рэспандэнтаў.
Абнародаваныя вынікі ўсеагульнага перапісу насельніцтва паказваюць, што ў Літве становіцца менш людзей, якія жывуць у шлюбе. За дзесяць гадоў частка мужчын, якія ніколі не бралі шлюб, узрасла з 28,3% да 32,2%, жанчын - з 21,2% да 23,5%. За дзесяць апошніх гадоў павялічылася колькасць разведзеных, а таксама ўдаўцоў і ўдоў.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута дэмаграфічных даследаванняў Аушра Маслаўскайтэ сказала журналістам, што вынікі перапісу насельніцтва пацвярджаюць змяненні ў мадэлі фарміравання сям'і ў Літве, якія пачаліся з аднаўленнем незалежнасці. "Людзі спачатку ствараюць партнёрства не шляхам прамога шлюбу, а праз пазашлюбнае сумеснае жыццё (каабітацыю). Зразумела, калі мы задаём пытанне пра шлюбны статус, яны трапляюць у группу "якія пражываць не ў шлюбе", - сказала сацыёлаг.
Паводле яе слоў, пазашлюбнае сумеснае жыццё нікога не здзіўляе і гэта становіцца нарматыўна прыймальным ладам жыцця, моцны сацыяльны ціск грамадзягскага меркавання адсутнічае. Як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, 75% усіх партнёрстваў паміж мужчынай і жанчынай у Літве пачынаюцца з каабітацыі, а не са шлюбу. Тых, хто адразу бяруць шлюб, ужо меншасць". Жыццё па-за шлюбам, і як вынік - няўпэўненасць у будучыні такіх стасункаў, на жаль, таксама не садзейнічае нараджэнню дзяцей.
Але самае дрэннае, на мой погляд, гэта згубная палітыка цяперашняга Урада Літвы. Прэм'ер-міністр - кансерватар Андрус Кубілюс, развіваючы сваю палітыку эканоміі, вырашыў рэзка пагоршыць становішча будучых бацькоў. Былі скарочаны дапамогі па мацярынстве, зменшаны тэрмін "дэкрэтнага" водпуску.
Пачалося і "паляванне на ведзьмаў" - судовае пераследаванне цяжарных жанчын, якія, на думку ўладаў, "правініліся", атрымліваючы вялікія зарплаты перад родамі. Справа ў тым, што ад велічыні зарплаты залежыць велічыня дапамогі па мацярынстве. Кансерватары правялі шэраг судовых працэсаў па ўсёй краіне, пакаралі не адну маладую маму не толькі грашовымі штрафамі, але і тэрмінамі турэмнага зняволення. Мала таго, улады дадумаліся аб'явіць, што гэтыя "несумленныя" жанчыны вінаватыя ў тым, што стала не хапаць грошай для выплат пенсій.
"На працягу некалькі гадоў, пасля таго, як сістэма дапамогі маладым бацькам пачала зварочвацца, у Літве рэзка зменшылася нараджальнасць. У той час улады пераконвалі свой народ у тым, што пачаты ў 2009 годзе тэрор сямхі не будзе мець наступстваў. Наіўна было думаць, што пачатае супраць мацярок "паляванне на ведзьмаў", змяншэнне дапамог па мацярынстве, палітычная нестабільнасць, псіхалагічны ціск, унушэнне пачуцця непаўнацэннасці, і папраўкі да закона аб мацярынстве, якія абвяшчаліся ледзь не кожны тыдзень, ніяк не паўплываюць на нараджальнасць", - сказаў член Сейма Мечысловас Засчурынскас.
Парламентарый мае рацыю: жанчыны Літвы адразу далі зразумець уладам, як яны ацэньваюць сітуацыю, што ўзнікла. І нашы буслы, якіх літоўцы выбралі нацыянальынм сімвалам, тут зусім ні пры чым.
Вітаўтас Жэймантас, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве.
Вільнюс
Звязда, 6 кастрычніка 2012
Кoличество переходов на страницу: 927
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |