Кітайска-беларускі сімпозіум, прысвечаны тэме дзяржаўнага кіравання, адбыўся ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі следам за прэзентацыяй кнігі старшыні КНР Сі Цзіньпіна «Аб дзяржаўным кіраванні», якая намаганнямі беларускай «Мастацкай літаратуры» і кітайскага Выдавецтва літаратуры на замежных мовах пабачыла свет у перакладзе на беларускую мову. Дарэчы, на самым пачатку размовы пра навукова-практычную імпрэзу хацелася б зазначыць, што перакладчыцкую працу ажыццявіў беларускі паэт, перакладчык, мовазнавец Дзмітрый Пятровіч, які, на вялікі жаль, не так даўно пайшоў з жыцця ад ковіда, а рэцэнзентамі беларускага выдання выступілі вядомы беларускі культуролаг, філосаф, спецыяліст у галіне беларуска-кітайскіх стасункаў Барыс Святлоў і кітайскі спецыяліст Лі Мэнья.
Колькі слоў з гісторыі пытання. Працы Сі Цзіньпіна «Аб дзяржаўным кіраванні» ўжо былі надрукаваны ў верасні 2014 года на кітайскай, англійскай, французскай, рускай, арабскай, партугальскай, нямецкай, японскай і іншых мовах. Выданне атрымала самае шырокае распаўсюджванне не толькі, зразумела, у Кітаі, але і па ўсім свеце. Выданне гэтых прац, як гаворыцца ў прадмове да першага тома «Аб дзяржаўным кіраванні» (напісана гэтае ўступнае слова ў студзені 2018 года, а цытуем мы яго па беларускім выданні першага тома) «...адыграла важную ролю для вывучэння ідэй сацыялізму з кітайскай спецыфікай новай эпохі сярод кадравых работнікаў і насельніцтва Кітая, прадставіла важныя дакументы, якія знаёмяць міжнародную супольнасць з сучасным становішчам у нашай краіне і ў Кампартыі Кітая. Пасля XІX з’езда КПК у лістападзе 2017 года быў выдадзены другі том прац Сі Цзіньпіна „Аб дзяржаўным кіраванні“, каб дапамагчы кітайскім і замежным чытачам сістэматызавана азнаёміцца з насычаным зместам ідэі Сі Цзіньпіна аб сацыялізме з кітайскай спецыфікай новай эпохі, скласці ўяўленне аб яе духоўнай сутнасці». І яшчэ — з уступнага слова: «... У гэтых працах прадстаўлены распрацаваны КПК кітайскі сцэнарый стварэння супольніцтва адзінага чалавечага лёсу, увасоблена мудрасць кітайскага народа, якая павінна стаць укладам у высакародную справу міру і развіцця чалавецтва».
З дакладамі на сімпозіуме перад акадэмічнай, навуковай і творчай грамадскасцю краіны выступіла вялікая каманда людзей, даследчыкаў, якія прычыніліся не толькі да выдання першага беларускага тома «Аб дзяржаўным кіраванні», але і імкнуцца ўплываць на агульны стан спраў у развіцці беларуска-кітайскіх выдавецкіх і літаратурных стасункаў у апошняе дзесяцігоддзе. Уступным словам адкрыў семінар дырэктар аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Упраўлення КНР па справах выдання і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах Лю Шуаньян. Далей выступіў дырэктар Кітайскага выдавецтва літаратуры на замежных мовах Ху Каймінь, следам — дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, затым — дырэктар комплекснага дзелавога аддзела Упраўлення КНР па справах выдання і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах Сінь Фэн, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» вядомы ў Беларусі паэт і празаік, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Бадак, генеральны дырэктар фінансавага аддзела ААТ «Кітайская карпарацыя інжырнірынга САМС», намеснік генеральнага дырэктара СЗАТ «Кампанія па развіцці Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка» Вэй Цзяньхуа, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Саверчанка.
Кіраўнік кітайскага выдавецтва Ху Каймінь распавёў даволі падрабязна пра асноўныя прыярытэты, якімі кіравалася і кіруецца іх выдавецкая ўстанова (яна, дарэчы, выпускае некалькі тысяч назваў кніг у год літаральна на дзясятках моў народаў свету) пры выданні твораў лідара КНР. Асноўны клопат складае жаданне зрабіць яго думкі і меркаванні пра ўладкаванне ва ўсіх сферах жыцця ў Кітаі і памкненнях мірнага кітайскага народа да добрасуседства з блізкімі і далёкімі краінамі даступнымі іншым народам на іх родных мовах. «Будучы вышэйшым кіраўніком КПК і КНР, Сі Цзіньпін неаднойчы закранаў у сваіх выступленнях пытанні кіравання дзяржавай. Ён вылучыў шмат новых ідэй, поглядаў і вывадаў, даў паглыбленыя тлумачэнні па шэрагу найважнейшых тэарэтычных і практычных пытанняў, якія датычацца развіцця партыі і дзяржавы ў новых гістарычных умовах, коратка акрэсліў канцэпцыю кіравання дзяржавай і палітычны курс, якіх прытрымліваецца новы кіруючы калектыў ЦК партыі. Адгукаючыся на шырокі інтарэс міжнароднага супольніцтва і маючы на мэце садзейнічанне яму ў паглыбленым разуменні канцэпцыі развіцця Кітая, яго шляхаў развіцця, а таксама ўнутранай і знешняй палітыкі...»
У сваім грунтоўным выступленні на сімпозіуме дырэктар «Мастацкай літаратуры» Алесь Бадак звярнуў увагу на вопыт падначаленай яму выдавецкай структуры ў выданні ўвогуле кітайскай літаратуры на беларускай і рускай мовах. «... У 2018 годзе ў час міжнароднай кніжнай выстаўкі ў Пекіне паміж выдавецтвам „Мастацкая літаратура“ і Пекінскім Выдавецтвам па выкладанні і даследаванні замежных моў падпісана пагадненне аб выданні серыі кніг пад агульнай назвай „Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры“ ў перакладзе на беларускую мову. З 2018 па 2021 гады выйшла сем кніг гэтай серыі. І вось цяпер мы рэалізуем чарговы сумесны кніжны праект: пераклад на беларускую мову і выданне кнігі Сі Цзіньпіна „Аб дзяржаўным кіраванні“. На першы погляд можа падацца, што тэма дзяржаўнага кіравання не ўваходзіць у лік прыярытэтных тэм нашага выдавецтва. Але гэта, вядома ж, не так. Сёння ўвага ўсяго свету прыкавана да Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яе шлях развіцця, яе ідэйныя асновы ўнутранай і знешняй палітыкі выклікаюць зацікаўленасць далёка не толькі ў спецыялістаў-кітаязнаўцаў. Гэта шлях развіцця, падтрыманы ўсімі складнікамі кітайскага грамадства, шмат гаворыць пра сам народ, яго менталітэт, яго традыцыі і духоўныя памкненні. А гэта ёсць першасны аб’ект даследавання літаратуры. Тым болей калі размова ідзе пра міжнароднае літаратурнае ўзаемадзеянне і ўзаемаразуменне». Алесь Мікалаевіч адзначыў, што ў першым томе Сі Цзіньпіна "Аб дзяржаўным кіраванні«вялікае месца надаецца пытанням культуры як аб’екта нацыянальнага дасягнення і сродка выхавання, што, канешне ж, заўсёды было і застаецца ў полі зроку і беларускага выдавецтва мастацкай літаратуры. Беларускі літаратар нагадаў, што Сі Цзіньпін акрэсліў і наступнае перакананне: у адносінах да традыцыйнай культуры краіны і да культуры іншых краін варта прытрымлівацца такога прынцыпу — паставіць старажытнасць на службу сучаснасці, паставіць замежнае на службу нашай краіне, атрымаць, узвысіць сапраўднае, адкінуўшы ўбок падманлівае. Старшыня КНР лічыць — і з гэтым нельга не пагадзіцца, — што, абапіраючыся на канцэпцыі каштоўнасцяў і маральна-этычныя нормы, якія завяшчалі нам прашчуры, «мы павінны прытрымлівацца прынцыпу — выкарыстоўваць іх ва ўмовах сучаснасці, прыладжваць іх да нашай эпохі, наследаваць, узнаўляць і развіваць з улікам таго, каб усе культурныя багацці нацыі былі скіраваны на асвету і выхаванне народа».
На прыхільнасць Сі Цзіньпіна да захавання старажытнага, традыцыйнага, яго памкненне паставіць гістарычны і шматвекавы кітайскі вопыт на службу сучаснасці звярнуў увагу ў сваім выступленні і дырэктар Інстытута літаратуразнаўства доктар філалагічных навук Іван Саверчанка. Вучоны і кіраўнік аўтарытэтнага даследчыцкага цэнтра беларускай літаратуры расказаў пра тое, што робіцца ў нашым беларускім інстытуце, увогуле ў нашай краіне ў гэтым кірунку. У прыватнасці, за апошнія гады выдадзены поўныя зборы твораў класікаў нацыянальнай літаратуры — народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, народнага паэта Беларусі Максіма Танка (дарэчы, творы Коласа і Танка не аднойчы выходзілі асобнымі кнігамі і ў Кітаі), завяршаецца Збор твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, выйшаў Збор твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Паспяхова выдаецца «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» ў 50-ці тамах. Пабачылі свет 25 тамоў, у якіх надрукаваны шэдэўры нацыянальнай класічнай паэзіі і прозы. Актыўна развіваецца гістарычная проза, відавочны росквіт дзіцячай літаратуры і дзіцячага кнігавыдання. «Вучонымі-лінгвістамі краіны, — заўважыў Іван Васільевіч, — падрыхтаваны ўнікальны „Беларуска-кітайскі і кітайска-беларускі слоўнік“. Ён дапаможа беларусам і кітайцам наладжваць стасункі, а таксама спасцігаць старажытную кітайскую мудрасць і чытаць працы сучасных аўтараў у арыгінале...»
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч падрабязна распавёў пра развіццё беларуска-кітайскіх літаратурных і кнігавыдавецкіх сувязяў і з беларускага, і з кітайскага бакоў менавіта ў апошняе дзесяцігоддзе. Алесь Мікалаевіч адзначыў, што высокі плён, выданне каля дваццаці кніг кітайскіх класікаў і сучасных пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову было б немагчымым без супольнай працы выдаўцоў, кітаістаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — найперш з факультэта міжнародных адносін і філалагічнага факультэта. Менавіта падрыхтаваныя ў Беларусі маладыя перакладчыкі ў добрым сэнсе слова справакавалі росквіт, новы этап у перакладзе кітайскай паэзіі на беларускую мову з арыгіналаў мастацкіх твораў. Шмат дапамаглі ў гэтых клопатах і стасункі з кітайскімі даследчыкамі, літаратуразнаўцамі, перакладчыкамі. Выдавецкі дом "Звязда«па-сапраўднаму пасябраваў з класікам кітайскага мастацкага пераклада Гаа Манам, доктарам філалагічных навук Чжан Хуэйцінь, літаратуразнаўцам Ся Чжунсянь, дэканам філалагічнага факультэта Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Хань Сяае, перакладчыкам беларускай паэзіі на кітайскую мову прафесарам Гу Юем... Зробленае гэтымі асобамі, іх прыязнасць да Беларусі, да беларускай літаратуры і культуры аказалі і працягваюць аказваць значны ўплыў на развіццё беларуска-кітайскіх гуманітарных і культурных, літаратурных стасункаў, на пашырэнне прасторы ведання пра Беларусь у Кітаі.
...У дачыненні да краін Азіі яшчэ дзесяць гадоў назад Сі Цзіньпін выказаў такую думку: «У чалавецтва толькі адна планета, адзін свет, у якім існуе мноства краін. Агульнае развіццё з’яўляецца важнай асновай устойлівага развіцця, адпавядае доўгатэрміновым карэнным інтарэсам усіх народаў. Мы жывём у адной глабальнай вёсцы, аб’яднаныя агульным лёсам; мы павінны ісці ў нагу з часам, прытрымлівацца правільнага курса, праяўляць салідарнасць, каб вывесці развіццё Азіі і ўсяго свету на новы ўзровень...» Гэтыя словы з’яўляюцца актуальнымі для ўсяго свету. Пра агульнасць лёсаў, пра тое, што ў нас адна планета, адзін свет, не аднойчы гаварыў добры сябар Сі Цзіньпіна — Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. Яго стасункі, яго сяброўства з Сі Цзіньпінам, яго даўняе разуменне маштабаў кітайскага будаўніцтва ў свеце і трывалы грунт для новых, для будучых супольных прац з Кітаем. А на сімпозіуме гаварылася і пра працяг выдання, пра новыя тамы «Аб дзяржаўным кіраванні». Па-ранейшаму ажыццяўленне гэтага праекта — за выдавецтвам «Мастацкая літаратура», за Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Аўтар: Мікола Берлеж
Звязда, 22 снежня 2023
Звязда, 22 снежня 2023
Кoличество переходов на страницу: 417
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |