Прапануем асноўныя фрагменты гэтай размовы.
Пра сутнасць місіі пасла
Місія пасла ў любой краіне вызначаецца асноўным зместам даверчай граматы, якую ён уручае кіраўніку дзяржавы: пасылаю табе чалавека, вер яму, як мне, тое, што сказаў ён, сказаў і я. Таму дыпламат пасля ўручэння даверчай граматы (гэта значыць, яму паверылі) з'яўляецца Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у гэтай краіне. У сваім жыцці я папрацаваў на розных пасадах, цяпер вось паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. І магу сказаць, што праца пасла асаблівая. Пасол павінен усяляк садзейнічаць збліжэнню народаў, грамадстваў і дзяржаў, а не іх раз'яднанню.
На жаль, гэтага не скажаш аб дыпламатычнай практыцы некаторых паслоў Еўрасаюза ў Мінску. Не назіраецца іх зацікаўленасці працаваць на збліжэнне. Нават нягледзячы на рознагалоссі па тым або іншым пытанні, на супярэчнасці, якія могуць быць вельмі сур'ёзнымі, пасол павінен працягваць працаваць над іх згладжваннем, мінімізацыяй, паступовым вырашэннем. Пасол не павінен хаваць свае сапраўдныя думкі і намеры за прыгожымі словамі і агульнымі фразамі. Сутнасць усёй дыпламатычнай працы, паўтаруся, у паляпшэнні адносін паміж народамі.
Пра Расію да і пасля выбараў
Вынікі выбараў прэзідэнта для мяне былі чаканыя, я не сумняваўся ў тым, што ўся інтрыга вырашыцца ў першым туры на карысць Уладзіміра Пуціна. Гэтая наша галоўная выбарчая кампанія шырока і неадназначна асвятлялася ў прэсе. У расійскіх і замежных СМІ было моцнае пераацэньванне значэння тых пратэстных маскоўскіх маніфестацый і акцый пасля выбараў у Дзяржаўную Думу. Напрыклад, у сталіцы на Балотнай плошчы. Я сказаў бы, было вельмі моцнае пераацэньванне. Але далёка не факт, што Масква і перыферыя маюць аднолькавы погляд на палітычную сітуацыю ў краіне. На гэты конт у грамадстве ёсць розныя, часта супрацьлеглыя пункты погляду. Адны выступаюць за большую свабоду, у тым ліку і палітычную, а іншых цікавіць у першую чаргу паляпшэнне ўзроўню іх жыцця. Гэты роскід меркаванняў выбары і пацвердзілі.
Масква больш сытая, вобразна кажучы, у параўнанні з астатнімі расійскімі гарадамі і тэрыторыямі, насельніцтва якіх нярэдка змагаецца за існаванне, за справядлівасць і г. д. Таму федэральнай уладай былі зроблены сур'ёзныя высновы на будучыню. У гэтай сувязі варта чакаць хуткіх змен у палітычным жыцці краіны, бо без дэмакратызацыі грамадства не будзе і эфектыўнай мадэрнізацыі эканомікі. Яна, асабліва ў рэгіёнах, нярэдка заглушаецца федэральным пунктам гледжання. Ужо пачалася рэалізацыя новых падыходаў. Скажам, па спрашчэнні рэгістрацыі невялікіх партый, іх допуску да ўдзелу ў выбарным працэсе. У палітычнае жыццё краіны вяртаецца выбарнасць губернатараў. Але тут трэба зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць прыходу ва ўладу рознага роду прайдзісветаў, крыміналу. Такое, на жаль, здаралася ў 90-х гадах, што і прывяло да прыпынення губернатарскіх выбараў. Усё гэта, упэўнены, дазволіць таксама актывізаваць інтэграцыю Расіі і Беларусі. Далёка не вычарпала свой патэнцыял Саюзная дзяржава, якая па сваёй глыбіні ідзе наперадзе ўсіх інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Прычым, хачу падкрэсліць, размова не ідзе пра якое-небудзь паглынанне адной дзяржавы другой, ні пра страту суверэнітэту.
Пра барацьбу з карупцыяй
Я не зусім згодзен са сцвярджэннямі аб тым, што ў Расіі буйныя хабары бяруць толькі ў доларах. Іх бяруць і ў еўра, і ў рублях, і ў іншай валюце, а таксама натурай. Так, карупцыя — адна з нашых бед, захады, якія прымаюцца па яе ўтаймаванні, пакуль не прынеслі жаданага эфекту. Таму ў барацьбе з карупцыяй будуць зроблены дадатковыя радыкальныя крокі. Напрыклад, чыноўнікаў абавяжуць рабіць справаздачу не толькі аб даходах, але і аб выдатках сваіх сем'яў. Намаганні будуць сканцэнтраваны на падаўленні карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады. Як толькі пачнуцца "пасадкі" чыноўнікаў высокага рангу, то будзьце ўпэўнены, па ўсёй уладнай вертыкалі варта чакаць значнага скарачэння карупцыйных злачынстваў. А пакуль саджаюць радавых міліцыянераў, вайсковых інтэндантаў, дробных службоўцаў муніцыпалітэтаў, а на версе ўсё спакойна, часам нават вельмі ціха, карупцыя будзе непераможная. Вось і паўсталі прапановы спытаць у празмерна заможных чыноўнікаў, адкуль у іх яхта або віла на Канарах? Як здолелі назапасіць сродкі?
Наогул тэма барацьбы з карупцыяй будзе абвастрацца, бо яна і ў Расіі, і ў Беларусі набывае такія маштабы, што пагражае эканамічным і маральным асновам грамадства. У нас, напрыклад, прыкметнай з'явай стала цяга моладзі ўладкавацца на працу ў чыноўніцкі апарат нават на дробную пасаду. А ўсё таму, што месца, як той казаў, хлебнае. Амаль як пры Іване Грозным атрымліваецца: зарплата маленькая, затое чалавек на "кармленні" знаходзіцца.
Пра Еўразійскі саюз
Адказ на ваша пытанне аб тым, чаму сёння стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза займаюцца ў асноўным прэзідэнты, а народы знаходзяцца як бы ўбаку, просты. Пакуль пра гэты саюз усе гутаркі, у тым ліку і перамовы на вышэйшым узроўні, вядуцца на ўзроўні намераў. Але іх абмяркоўваюць абраныя народам прэзідэнты, што нармальна само па сабе. Каб намеры аб саюзе рэалізаваліся, трэба парламентам сінхранізаваць заканадаўствы Расіі, Беларусі і Казахстана, каб мы жылі па адзіных нормах і правілах. Магчыма, пытанне аб Еўразійскім саюзе будзе вынесена на рэферэндум грамадзян трох краін з мэтай даведацца іх думку аб тым, ці гатовыя яны жыць у новым міждзяржаўным аб'яднанні.
Пра ўступленне Беларусі ў СГА
Расія прыкладна ў сярэдзіне будучага года стане паўнапраўным членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). У нас шлях туды заняў 18 гадоў. Спадзяюся, што ў Беларусі ён будзе карацейшым. Мы з вамі дамовіліся, што ў сілу сваіх магчымасцяў будзем дапамагаць уступленню Беларусі ў СГА. Ужо сфарміравана сумесная група перагаворшчыкаў, адной з мэт якой з'яўляецца садзейнічанне далучэнню вашай краіны да СГА. Гэтая група толькі пачынае разгортваць сваю працу, спадзяюся, што яна будзе паспяховай. Але колькі гэта запатрабуе часу, мне цяжка сказаць.
Пра зборку кітайскіх аўтамабіляў
Мне часта задаюць пытанне: чаму Расія выступае супраць адкрыцця пад Мінскам кітайскай вытворчасці па выпуску легкавых аўтамабіляў, хоць у самой Расіі працуюць зборачныя вытворчасці самых вядомых аўтамарак у свеце.
Хачу ўдакладніць: ні я, ні іншыя афіцыйныя расійскія асобы ніколі не казалі, што "Расія супраць". Я паўтару яшчэ раз сказанае мною: Расія не можа вітаць зборку кітайскіх аўтамабіляў у Беларусі. Пазіцыя Расіі па гэтым пытанні наступная. Мы з Беларуссю і Казахстанам стварылі Мытны саюз, у тым ліку і для абароны сваіх рынкаў ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку іншых краін. У гэтай сувязі адкрыццё Кітаем з нуля зборачнага аўтамабільнага прадпрыемства ў Беларусі стане праявай нядобрасумленнай канкурэнцыі на тэрыторыі Мытнага саюза. Кітай, як вядома, не ўваходзіць у яго. У Кітаі надзвычай нізкія падаткі, адсутнічае сістэма дзяржаўнай аховы здароўя, вельмі малыя выдаткі на сацыяльныя выплаты, сярэдняя зарплата ў межах 100 долараў. Усё гэта дазволіць Кітаю выпускаць самы танны легкавы аўтамабіль у Мытным саюзе, што будзе падаўляць выпуск легкавых аўтамабіляў у Расіі. Што тут незразумелага? Таму мы і гаворым: не можам вітаць выпуск кітайскага аўтамабіля ў вашай краіне.
Пра адмову ІТЭРЫ ўзводзіць Мінск-Сіці
Я не надаваў бы столькі значэння гэтаму выпадку. Мы, Расія і Беларусь, у эканамічнай інтэграцыі стварылі пакуль толькі Мытны саюз. А валютнага саюза яшчэ няма. Гэта не дазваляе расійскім кампаніям у поўнай меры асвойваць валюту вашай краіны. ІТЭРА разлічвала на адны выдаткі і прыбыткі па будаўніцтве Мінск-Сіці, але леташняя істотная дэвальвацыя беларускага рубля падкарэктавала гэтыя планы і абмежавала фінансавыя магчымасці кампаніі. Бо крэдыты на ўзвядзенне аб'ектаў гэтага грандыёзнага праекта ІТЭРА брала ў доларах у іншых краінах. А з-за таго, што ў вас курс долара да рубля значна вырас, будаўніцтва Мінск-Сіці стала пагражаць ІТЭРЫ вялікімі стратамі. Таму яна часова прыпыніла ўдзел у праекце, але не адмовілася канчаткова. Бізнэс ёсць бізнэс, у яго свае правілы і падыходы.
Пра пераход на расійскі рубель
Увогуле нядрэнна мець сваю ўласную нацыянальную валюту. Гэта дае магчымасць дзяржаве самой ажыццяўляць манетарную палітыку, кіраваць грашовай эмісіяй, валодаць эканамічнымі механізмамі кіравання і г.д. Аднак ня дрэнна мець і агульную валюту, накшталт еўра ў Еўрапейскім саюзе, тут ёсць свае плюсы. Але апошнія падзеі ў еўразоне, у прыватнасці, вакол Грэцыі, наводзяць на разважанні аб неабходнасці жорсткай адказнасці кожнага члена валютнага саюза. І ўсё ж рызыкі пры агульнай валюце менш. Пакуль яе ўвядзенне на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Казахстана сур'ёзна не абмяркоўвалася, гэта і зразумела. Мы яшчэ нават не стварылі паўнацэнны Еўразійскі эканамічны саюз, таму рана казаць пра валютны саюз.
Што тычыцца адзінай валюты Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы, то тут усе дакументы ў свой час былі падрыхтаваны і падпісаны. Нагадаю, яна, агульная валюта, павінна была быць запушчана ў абарачэнне ў 2005 годзе.
Але паўсталі спрэчкі аб эмісійным цэнтры, якія і затармазілі пераход на адзіную валюту. Гэтая тэма не закрыта канчаткова, яна перыядычна абмяркоўваецца бакамі. Фінансавая сітуацыя ў вас няпростая, таму адзін са шляхоў яе надзейнай стабілізацыі — пераход на расійскі рубель, які ў апошнія гады дэманструе зайздросную ўстойлівасць у свеце. Гэты пераход да таго ж дазволіць актыўней збліжаць узровень жыцця беларусаў і расіян.
Пра смяротнае пакаранне
Мая асабістая думка: пакаранне смерцю павінна быць за асабліва цяжкія злачынствы, як супраць асобы, так і супраць чалавецтва. Скажам, за тэрарызм з масавымі ахвярамі і страшнымі разбурэннямі. Інакш што атрымліваецца: ён забіў маю маці (кажу ўмоўна), а я яго да смерці кармлю. Непарадак. У Расіі смяротнае пакаранне прысутнічае ў заканадаўстве, але на яго выкананне накладзены мараторый.
Пра членства ў Савеце Еўропы
Моцна сумаваць аб тым, што Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы, не варта. Членства ў гэтай міжнароднай рэгіянальнай арганізацыі ніякіх пераваг не дае. Ну, можа быць, удзел у дыскусіях і дэбатах у Еўрапарламенце. У Савеце Еўропы законаў не прымаюць, эканамічныя праблемы не вырашаюць, субсідыі не выдаюць. Гэтым займаецца Еўрасаюз.
Пра жыццё ў Мінску
Я звычайна раніцай устаю без пятнаццаці шэсць. Гэта мая даўняя звычка. Зарадку раблю каля гадзіны. Працоўны дзень у мяне досыць загружаны: багата руціннай працы, розных неадкладных бягучых пытанняў, шмат таксама вячэрніх пратакольных мерапрыемстваў. У вольны час па выхадных люблю пагуляць па Мінску, заходжу ў крамы, на рынкі, напрыклад, нярэдка наведваю Камароўку. Адчуваю сябе камфортна ў вашай сталіцы. Многія мінчане мяне пазнаюць, падыходзяць, завязваюць гутарку. Нярэдка выказваюць цікавыя думкі і слушныя палітычныя пажаданні. Бывае, я даю суразмоўцу візітоўку з тэлефонам пасольства і прашу для працягу размовы запісацца да мяне на прыём.
Цяпер разам з калегамі з вашага МЗС наша пасольства рыхтуецца да 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін Расіі і Беларусі. Гэта добрая дата, і адзначыць яе трэба годна. Юбілейная праграма будзе насычанай і цікавай. Бо ў апошні час беларуска-расійскія адносіны развіваюцца з дадатнай дынамікай у розных сферах, нашы краіны паспяхова ўзаемадзейнічаюць на міжнароднай арэне. Не выключаю, што да юбілею прымяркуе свой візіт у Мінск прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Са святам, сябры!
2 красавіка мы будзем адзначаць агульнае для нашых народаў свята. З гэтай нагоды хачу павіншаваць усіх расіян і беларусаў са знамянальнай падзеяй, пажадаць упэўненасці ў тым, што створанае намі ў фармаце Саюзнай дзяржавы інтэграцыйнае аб'яднанне будзе і далей паспяхова развівацца на карысць кожнага беларуса і кожнага расіяніна. Зычу таксама непахіснай веры ў тое, што сяброўства нашых народаў моцнае і непарыўнае.
Запісаў Леанід Лахманенка
Звязда, 31 сакавіка 2012
Кoличество переходов на страницу: 1149
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |