Яшчэ ў 2008 годзе я пісаў, што дэмакратыя і дэмакратычныя інстытуты ў заходніх краінах развіваюцца і захоўваецца стабільнасць у многім за кошт гнуткай сістэмы пераразмеркавання сродкаў паміж усімі зацікаўленымі бакамі. Мільярдэры і мільянеры занадта вольна абыходзяцца з дзяржаўнымі і прыватнымі фінансамі, не саромеючыся запусціць руку ў чужую кішэнь; прадстаўнікам бядноты, меншасцяў і беспрацоўным выплачваюцца шчодрыя дапамогі, каб пазбегнуць сутыкненняў на міжнацыянальнай і класавай глебе, а сярэдні клас становіцца асноўным донарам і для багатых, і для бедных.
Пры гэтым у выніку глабалізацыі самастойнасць ад сваіх урадаў багатых грамадзян заходніх краін усё больш узрастае і яны ўжо не жадаюць плаціць вялікія падаткі. Навошта ім гэта? Яны могуць лёгка перамясціцца ў іншую краіну Захаду з меншым падаткаабкладаннем, калі свой урад хоча ўзяць з іх вялікія падаткі. Заходнія дзяржавы ў выніку вымушаны ісці на ўступкі самым багатым грамадзянам, зніжаючы для іх падаткі, каб не дапусціць ад'езду.
Але працэсы глабалізацыі прыводзяць і да значнага змяншэння сярэдняга класа ў заходніх краінах. Я меркаваў, што можа скласціся сітуацыя, калі падаткаў з сярэдняга класа стане недастаткова для забеспячэння існуючай сістэмы пераразмеркавання сродкаў, а вышэйшы клас будзе абаронены ад павышэння падаткаў як за кошт пастаянна нарастальнага ўплыву на ўрад, так і за кошт лёгкага перамяшчэння ў іншыя дзяржавы. Пры гэтым ён зусім не адмовіцца ад звычак жыць за кошт чужых сродкаў.
Рэзкае скарачэнне сацыяльных праграм у спробе ўрэгуляваць бюджэт, які раздзіраюць на часткі, можа прывесці да росту пратэстнага патэнцыялу беднаты і нацыянальных меншасцяў, што ва ўмовах нарастальнай этнічнай разнароднасці і сацыяльнай палярызацыі краін Захаду можа справакаваць паўстанні і бунты, якія разбураць казку аб сацыяльнай гармоніі і будуць рэгулявацца зусім не дэмакратычнымі метадамі. Але гэта было напісана ў 2008 годзе ў якасці тэарэтычнага прадказання. А што адбываецца ў 2012-м?
Шакіруючай навіной для шматлікіх амерыканцаў сталі свежыя звесткі, прадстаўленыя ў справаздачы Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША "Survеу оf Соnsumеr Fіnаnсеs". Як высветлілася, дабрабыт сярэдняй амерыканскай сям'і ўпаў у 2010 годзе да мінімальнага ўзроўню з 1992 года. Пры гэтым асноўны ўдар прыйшоўся на сярэдні клас, прыбыткі якога толькі за тры гады ўпалі на 12,1 адсотка. Для параўнання: прыбыткі самых багатых сем'яў знізіліся ўсяго на 1,4%.
Калі падобны працэс не ўдасца спыніць і значная частка сярэдняга класа ЗША паступова трансфармуецца ў маламаёмных, глядзіш, справа можа дайсці і да прадказаных праблем з фінансаваннем бедных пластоў насельніцтва і сацыяльных хваляванняў.
На фоне гэтай навіны трывог дадае і свежы вынік судовага працэсу над вядомым амерыканскім мільярдэрам. Ален Стэнфард быў прыгавораны да 110 гадоў турэмнага зняволення за махлярства. На працягу 15 гадоў падпарадкаваны яму банк займаўся непрыкрытым махлярствам, выкраўшы больш як 7 мільярдаў долараў, падкупляючы кантралюючыя і правяраючыя органы, каб злачынныя схемы не выявіліся.
Не варта забываць і аб тым, што толькі сусветны фінансавы крызіс дазволіў выявіць і іншую аналагічную фінансавую піраміду, створаную амерыканскім мільярдэрам Бярнардам Мэдофам, якая паглынула 65 мільярдаў долараў за 20 гадоў, за што ён цяпер і пачаў адбываць тэрмін у 150 гадоў.
Ёсць сур'ёзныя падставы лічыць, што гэта толькі верх айсберга, і занадта вольна з дзяржаўнымі і прыватнымі фінансамі аперыруюць і дзясяткі іншых амерыканскіх мільярдэраў. Пры гэтым яны люта супраціўляюцца спробам Абамы абкласці іх больш высокімі падаткамі, абапіраючыся на Рэспубліканскую партыю. Так, 17 красавіка 2012 года спроба Абамы падняць падаткі для багатых праз спецыяльны законапраект была пры дапамозе рэспубліканцаў паспяхова правалена. І збяднелы сярэдні клас зноў застаўся асноўным донарам сацыяльных праграм.
Такім чынам, даходы сярэдняга класа зніжаюцца да дваццацігадовых мінімумаў, вышэйшы клас надзвычай вольна абыходзіцца з фінансамі і не хоча плаціць сур'ёзных падаткаў, у той час як дзяржаўны доўг расце нечуванымі раней тэмпамі, што можа вельмі сумна скончыцца для Амерыкі. Радавацца гэтаму не варта, паколькі, як пераканаўча паказаў 2008 год, любыя праблемы Амерыкі тут жа становяцца праблемамі ўсяго свету.
Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання
пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Звязда, 19 чэрвеня 2012
Кoличество переходов на страницу: 982
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |