https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


А.Ярашук: “$7-мільярдны экспарт можа цягнуць за сабой выдаткі і ў $10 млрд...”


У апошні час высокапастаўленыя чыноўнікі агучылі нямала вельмі амбіцыйных планаў па сельскай гаспадарцы. Але наколькі ўсе яны рэальныя?

На гэтую тэму "Тут і цяпер" распытала лідара Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.

"Да гэтай лічбы трэба ставіцца як да схаластыкі"

— На ўчарашняй прэс-канферэнцыі з расійскімі журналістамі кіраўнік дзяржавы зноў запэўніў: экспартны патэнцыял беларускага агракомплексу да канца 2015 года павінен скласці 7 мільярдаў долараў. Гэта многа ці мала?

— Я лічу, што да гэтай лічбы трэба ставіцца як да схаластыкі. Яна нічога не азначае. І я баюся, што яе будуць забяспечваць, любой цаной нарошчваючы аб'ёмы вытворчасці. Пры гэтым ніхто не кажа, колькі сродкаў будзе ўкладзена. А гэта можа быць і 10 мільярдаў долараў! Эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці сёння з'яўляецца вялізнай праблемай, і гаворка ідзе пра тое, што нельга валюнтарысцкім чынам ставіць такія задачы.

— Аляксандр Ільіч, калі слухаць афіцыйную прапаганду, то можна зрабіць безумоўную выснову, што сельская гаспадарка ў нас паспяхова развіваецца. А прыходзіш у краму і разумееш, што цэны на прадукты вышэйшыя, чым у суседніх краінах...

— Калі гаворка ідзе пра сельскагаспадарчую вытворчасць, то дзейнасць гэтай галіны павінна быць эфектыўнай. Прыбытковасць, зноў жа, у канчатковым выніку азначае канкурэнтаздольнасць. І калі нешта робіцца, то выручка павінна пакрываць усе выдаткі. Нармальнае канкурэнтнае асяроддзе ўнутры краіны і канкурэнцыя са знешнімі вытворцамі з'яўляюцца магутным стымулам для зніжэння выдаткаў. Наша дзяржава паставіла заслону ад знешніх вытворцаў аналагічнай прадукцыі (польскіх, літоўскіх і іншых) у выглядзе мытных пошлін, і ў замежнікаў няма аніякай магчымасці прарвацца сюды, таму нашы вытворцы адчуваюць сябе вольна і не вельмі турбуюцца наконт зніжэння сабекошту сваёй прадукцыі.

Эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці сёння з'яўляецца вялізнай праблемай, і гаворка ідзе пра тое, што нельга валюнтарысцкім чынам ставіць такія задачы.

— Але ўсё роўна ў нас прадаецца якая-небудзь бельгійская бульба або польскія яблыкі, якія каштуюць калі не менш, то прыкладна столькі ж, колькі і беларускія.

— Так, парадокс у тым і заключаецца, што нават на фоне гэтых мытных пошлін наша сельская гаспадарка ў асобна ўзятых напрамках часам настолькі неэфектыўная, што палякі і галандцы, нават выплаціўшы мытныя пошліны, будуць прадаваць тут сваю прадукцыю танней, чым беларусы. Гэта значыць, мы падыходзім да самага галоўнага — да таго, што ў аснове любой вытворчасці павінен ляжаць эканамічны інтарэс вытворцы.

У Беларусі ў сельскую гаспадарку ўкладваецца вельмі шмат сродкаў. Між тым усе гэтыя выдаткі не акупляюцца, і ў выніку мы прыходзім у крамы і бачым: у нас мяса разы ў два даражэйшае, чым у Польшчы!

Чыноўнікі па-ранейшаму ўпарцяцца ў сваім нежаданні даваць людзям эканамічную свабоду, прызнаваць прыватную ўласнасць, у тым ліку і на зямлю. З аднаго боку, можам казаць пра тое, што ў асобна ўзятых агменях, якія называюцца аграгарадкамі, пэўны марафет наведзены, палі засеяны (што часта замілоўвае гасцей, якія не надта разбіраюцца ў прадмеце гутаркі), а з іншага, калі казаць пра наступствы, мы атрымліваем вельмі дарагую прадукцыю ў крамах, якая часта недаступная для шараговага пакупніка.

"Толькі ўласнік можа эфектыўна кіраваць любой вытворчасцю"

— Сёння шмат кажуць пра тое, што ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы прыйдзецца істотна скарачаць прамыя датацыі АПК на адзінку вырабленай прадукцыі. Мы зможам зрабіць гэта?

— На самай справе, цалкам відавочна, што нас чакаюць няпростыя часы. Сельская гаспадарка датуецца ва ўсіх краінах, і ў значна большых маштабах. Але там дапамагаюць фермеру, прыватніку, які валодае зямлёй. У нас жа ўсё наадварот.

Сельская гаспадарка — асаблівая катэгорыя эканамічнай вытворчасці. І, верагодна, яшчэ доўгія гады аграрнікі будуць атрымліваць падтрымку, але тэндэнцыя такая, што гэтая падтрымка паменшыцца ў памерах. І ў рамках АЭП да 2017 года павінны быць выраўнаваны ўмовы гаспадарання для вытворцаў усіх трох дзяржаў – Беларусі, Расіі і Казахстана. І калі ў нас на сёння субсідыі з боку дзяржавы ў аграрны сектар складаюць 60 адсоткаў, то ў Расіі і Казахстане — каля 10. Значыць, усе краіны АЭП павінны выйсці на ўзровень 10 працэнтаў дзяржаўных субсідый. І можна толькі сабе ўявіць, наколькі гэта пагоршыць сітуацыю, таму што нам будзе складана канкурыраваць з іншымі вытворцамі, тым больш калі мець на ўвазе, што ў той жа Расіі і Казахстане сельская гаспадарка з пачатку 90-х гадоў з пераменным поспехам развіваецца ва ўмовах рынкавай эканомікі, канкурэнтнага асяроддзя і прыватнай уласнасці, у тым ліку і на зямлю.

— Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка не так даўно заўважыў, што «ў цэлым беларускія аграрыі дэманструюць нядрэнныя вынікі па многіх напрамках, у тым ліку па раслінаводстве і жывёлагадоўлі». Як вы ставіцеся да гэтых слоў?

— Справа ў тым, што ў нас такая рыторыка ў ацэнцы сельскай гаспадаркі адзначаецца яшчэ з савецкіх часоў. Яна мае на ўвазе савецкія крытэрыі (гаворка ідзе аб валавых паказчыках). Калі звярнулі ўвагу, заўсёды гаворыцца пра тое, што мы вырабім мільёны тон чаго-небудзь, не задумваючыся, эфектыўна гэта ці не. Дзе дзейнічае сапраўдны эканамічны інтарэс, ніхто ніколі не аперыруе такімі паняццямі. Зразумела, што ўсе хочуць атрымліваць як мага больш ураджаю з аднаго гектара і малака ад адной каровы. Але, зноў жа, да вядомых межаў. Бывае і так, што пры 5 тысячах кілаграмаў удою малако больш прыбытковае, чым пры 10 тысячах. Але гэтыя рашэнні можа прымаць толькі гаспадарнік. У нас надоі зараз павышаюцца, але, на мой погляд, гэта адбываецца таму, што няма сапраўднага гаспадара. І ў выніку карова праз тры гады "выходзіць са строю". Любы заходні фермер пры такім гаспадаранні збанкрутуе, а ў нас гэтая з'ява стала ўжо даволі масавай, і я не бачу нейкіх змен у сітуацыі. Я перакананы, што толькі ўласнік можа эфектыўна кіраваць любой вытворчасцю.

Марына Міт
Тут і цяпер, 16 кастрычніка 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1016


Комментарии