https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Праблема наркатызацыі застаецца адной з самых актуальных


Праблема наркатызацыі нашага грамадства працягвае па-ранейшаму заставацца адной з самых актуальных. Штогод у Беларусі рэабілітацыйныя цэнтры прымаюць многіх нарказалежных, дзясяткамі судзяць наркадылераў і іх хаўруснікаў.

Вось і зараз у Мінскім гарадскім судзе ідзе працэс над 17 удзельнікамі буйнога наркасіндыката, лідар якога трымаў амаль увесь рынак псіхатропаў у краіне і ў лепшыя часы зарабляў па сем тысяч долараў у дзень. Пры гэтым, як адзначыў Васіль Лосіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС, ёсць у нас падставы і для аптымізму.

Інтэрнэт-распаўсюджвальнікі атрымалі па заслугах

Па-першае, на думку Васіля Лосіча, за 2015 год у Беларусі атрымалася стабілізаваць сітуацыю з крымінальнымі справамі, звязанымі з незаконным абарачэннем наркотыкаў. Па-другое, зменшылася колькасць пацыентаў з перадазіроўкамі псіхатропных рэчываў і лятальных канцоў, а па-трэцяе, прыняцце і дзейнасць антынаркатычнага дэкрэта, які зрабіў больш жорсткай адказнасць за нарказлачынствы, садзейнічала зніжэнню аб'ёмаў псіхатропаў на беларускім наркарынку.

— Летась, дзякуючы дэкрэту №6, нам удалося падарваць фінансавы складнік гандлю наркотыкамі, — кажа Васіль Лосіч. — Нормы законапраекта прадугледжваюць ідэнтыфікацыю нумароў электронных кашалькоў. І з 600 тысяч зарэгістраваных на буйным аператары EazyPay перарэгістрацыю прайшло менш за пяць працэнтаў уласнікаў. Можна ўявіць, колькі з кашалькоў выкарыстоўвалі ў супрацьпраўнай дзейнасці. У тым ліку, звязанай з распаўсюджваннем наркотыкаў. Лічу, што мы часткова вырашылі праблему распаўсюджвання наркотыкаў з дапамогай інтэрнэту. Не ўсе сайты мы можам закрыць, але летась абмежаваны доступ да 18 парталаў, на якіх былі паведамленні альбо матэрыялы, скіраваныя на незаконнае абарачэнне наркотыкаў. Некаторыя крамы працягваюць прадаваць наркотыкі, але іх не так шмат і пра ўсе мы ведаем, паступова закрываем. За год дзейнасці дэкрэта мы стабілізавалі сітуацыю. Яна, магчыма, яшчэ не пачала кардынальна паляпшацца, але не пагаршаецца тымі тэмпамі, якія былі дагэтуль.

Краінай, з якой у Беларусь пераважна ўвозяць наркотыкі, працягвае заставацца Расія. З суседняй тэрыторыі да нас дастаўляюць гашыш, амфетамін, марыхуану. З Заходняй Еўропы — усё той жа амфетамін, буйныя лабараторыі па вырабе якога знаходзяцца па суседстве — у Польшчы. Усё часцей у нашу краіну трапляе гашыш, прызначаны Расіі, з... Марока. І як лічыць Васіль Лосіч, гэта можа быць абумоўлена ў тым ліку няпростай палітычнай абстаноўкай у Еўропе.

Некаторыя наркотыкі адпраўляюць па пошце і, дзякуючы суправаджэнню карэспандэнцыі, летась у 78 адпраўленнях знайшлі насенне каноплі, грыбніцы са спорамі галюцынагенных грыбоў і кактусаў.

У нас наркотыкі яшчэ не з'явіліся, але іх ужо забаранілі

Унікальнасць беларускага антынаркатычнага заканадаўства адзначае Генадзь Шаўлюкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Працэдуру забароны аналагаў наркотыкаў праводзяць максімальна хутка — за суткі, а ў дачыненні да новых наркотыкаў — на працягу 5-7 дзён.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз таксама пастаянна вывучаюць наркатычную сітуацыю ў суседніх краінах. Звесткі прыносяць плён.

— Па выніках маніторынгу мы ініцыіруем забарону новых наркотыкаў яшчэ да іх з'яўлення ў нашай краіне, — кажа Генадзь Шаўлюкевіч. — І ў 2015 годзе мы такім чынам выявілі 22 новыя небяспечныя рэчывы (зараз у забаронным спісе больш за 300 назваў. — Аўт.)

Хто ён, наркаман?

Нягледзячы на пэўныя поспехі, ёсць рэчы якія прымушаюць не толькі задумацца, але і аператыўна дзейнічаць. Як адзначылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, тэндэнцыя да амаладжэння наркаспажыўцоў нікуды не знікла. Падлеткі працягваюць даволі часта здзяйсняць нарказлачынствы. Закон цяпер дазваляе садзіць «за краты» за распаўсюджванне наркотыкаў нават 14-гадовых.

— На жаль, у гэту злачынную дзейнасць даволі часта залучаюць непаўналетніх, — заўважае Васіль Лосіч. — На сайтах, якія рэкламуюць наркотыкі, часта вярбуюць школьнікаў. Асабліва гэта было заўважна напярэдадні навагодніх канікулаў. Змест паведамленняў быў прыкладна наступны: вам за гэта нічога не будзе, але вы заробіце грошы. І мы сумесна з другімі ўстановамі працавалі, каб падобнае не дапусціць. Аднак, на жаль, такія факты былі.

Але сярэднестатыстычны нарказалежны ўсё ж такі больш сталага ўзросту. Іван Канаразаў, галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя, агучыў псіхалагічны партрэт звычайнага наркамана. Гэта найчасцей мужчына. Яму ад 22 да 24 гадоў. Мае сярэднюю альбо сярэднюю спецыяльную адукацыю. Часцяком жыве адзін ці разведзены. Без пастаяннай працы. Звычайны наркаспажывец мае некалькі адміністрацыйных правапарушэнняў, схільны да агрэсіўных паводзінаў...
________________________________________

P.S. Падобны пералік гучыць так, як сухія лічбы статыстыкі, але за імі стаіць мноства зламаных наркадылерамі лёсаў, тых, хто назаўжды саступіў у гэтай барацьбе і ўжо не вернецца да нармальнага, адэкватнага жыцця. Вынікі, якія агучылі ў МУС, безумоўна, усцешваюць. Але ўсё роўна хочацца, каб дзеянні ў дачыненні да наркараспаўсюджвальнікаў заставаліся рашучымі, а пакаранні — больш жорсткімі. Можа хоць сумны прыклад «калег» у кагосьці адаб'е жаданне займацца такой паскуднай справай.

Тарас Шчыры 
taras@zviazda.by
(Звязда) 2 сакавіка 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 779