https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Інтэграцыя праз карпарацыі


Беларусь і Расія рыхтуюцца да распрацоўкі і рэалізацыі шэрагу буйных сумесных праектаў, якія стануць першым крокам да стварэння беларуска-расійскіх транснацыянальных карпарацый (ТНК).

Пра гэты намер было заяўлена на нядаўна праведзенай сустрэчы прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгорам Рапотам. Абмеркаванню пытання стварэння сумесных беларуска-расійскіх ТНК быў прысвечаны візіт і віцэ-прэм'ера ўрада Расійскай Федэрацыі Аркадзя Дварковіча, які адбыўся 12 лютага.

Вядома, што такія прадпрыемствы, як МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, МТЗ, "Беларуськалій", "Нафтан", "Гродна Азот", Мазырскі НПЗ, прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) і інш. даўно цікавяць расійскі бок. Але найбольш прымальнай формай еўразійскай інтэграцыі для Беларусі з'яўляецца не "інтэграцыя праз прыватызацыю", а "інтэграцыя праз стварэнне ТНК".

Калі зыходзіць з таго, што Адзіная эканамічная прастора і будучы Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) будуць мець поспех толькі ў выпадку накіраванасці на стварэнне новага грамадскага багацця, а не на перадзел старога, тады галоўным арыенцірам эканамічнай палітыкі Беларусі, Расіі і Казахстана павінна стаць менавіта стварэнне еўразійскіх ТНК. Фармат інтэграцыі праз стварэнне ТНК дазволіць, з аднаго боку, пазбегнуць няплённай канкурэнцыі паміж сабой у межах АЭП, а з другога — павысіць канкурэнтаздольнасць на знешнім глабальным рынку.

Зусім нядаўна Цэнтр інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця (ЦІД ЕАБР) выдаў аналітычны даклад пад назвай "Тэхналагічная кааперацыя і павышэнне канкурэнтаздольнасці ў АЭП", які таксама прысвечаны пытанню стварэння еўразійскіх ТНК. У ім разглядаецца стан тэхналагічнай кааперацыі і карпаратыўнай інтэграцыі на тэрыторыі АЭП і фармулююцца прапановы па іх паглыбленні. Акрамя таго, дадзены прапановы па распрацоўцы агульнай гандлёва-прамысловай палітыкі, накіраванай на павышэнне навукаёмістасці прамысловай вытворчасці краін — удзельніц інтэграцыйнага аб'яднання, фарсіраванае ўваходжанне эканомікі АЭП у новы (шосты) тэхналагічны ўклад і павышэнне яе сукупнай канкурэнтаздольнасці.

Але гэтая задача не простая, яна патрабуе ўдасканалення інстытутаў, праз якія ажыццяўляецца дзяржаўнае (і наддзяржаўнае — для АЭП) заахвочванне тэхналагічнай і навуковай кааперацыі, карпаратыўнай інтэграцыі, стымуляванне інавацыйнай дзейнасці эканамічных суб'ектаў, а таксама выкарыстанне адпаведных інструментаў бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, стварэнне перспектыўных стратэгічных канцэпцый, распрацоўка і рэалізацыя палітыкі асваення эканомікамі краін Мытнага саюза вытворчасці, заснаванай на пятым і шостым тэхналагічных укладах.

Сёння аб'ектыўныя ўмовы эканамічнага развіцця АЭП патрабуюць павышэння ролі прамысловага комплексу ў гаспадарчых сістэмах краін — членаў інтэграцыйнага аб'яднання. Асаблівасць АЭП у цэлым заключаецца ў тым, што прамысловы і кадравы канкурэнтны патэнцыял тут існуе. Страчаныя з савецкіх часоў звёны патрабуюць аднаўлення, што больш рэальна, чым стварэнне за кароткі час гэтага патэнцыялу наноў. Але для рэалізацыі гэтай задачы патрабуецца глабальная канкурэнтная макрастратэгія АЭП на ўзроўні тэхналогій і кааперацыі, а таксама ўзгодненай карты высокіх і навукаёмістых тэхналогій, якія падлягаюць засваенню і развіццю ў Адзінай эканамічнай прасторы. Важнейшымі элементамі прамысловай палітыкі АЭП павінны стаць спецыялізацыя, кааперацыя, карпаратыўная інтэграцыя і праектны падыход.

Пры гэтым гаворка павінна ісці не толькі пра ўзгодненую прамысловую палітыку краін — удзельніц АЭП, але і пра агульную гандлёва-прамысловую палітыку. Для гэтага трэба стварыць адзіны орган АЭП у галіне планавання прамысловага развіцця, размяшчэння вытворчых сіл, рэгулявання цэн і цэнаўтварэння, галіновых асацыяцый і саюзаў АЭП, якія прадстаўляюць узгодненыя інтарэсы вытворцаў, міждзяржаўныя кампаніі на аснове дзяржпакетаў акцый, выпрацаваць працэдуры фарміравання і рэалізацыі адзінай гандлёва-прамысловай палітыкі і экспартнай стратэгіі ў рамках АЭП.

На сённяшні дзень, паводле даследавання "Маніторынг узаемных інвестыцый у краінах СНД", якое праводзілася ў 2012 годзе ЦІД ЕАБР і Інстытутам міжнароднай эканомікі і міжнародных адносін Расійскай акадэміі навук, стан карпаратыўнай інтэграцыі ў АЭП мае нізкія паказчыкі. Яны сведчаць аб нязначнай карпаратыўнай інтэграцыі Расіі з Казахстанам і Беларуссю ў галіне апрацоўчай прамысловасці і машынабудавання. Супрацоўніцтва сканцэнтравана ў асноўным у галіне нетраспажывання і нафтахіміі, якія не патрабуюць развіцця новых прарыўных тэхналогій.

Між тым, асаблівы інтарэс з пункту гледжання рэальнай інтэграцыі ўяўляе кааперацыя і інтэграцыя дзяржкампаній або кампаній з дамінуючай доляй дзяржавы, бо канкурэнцыя паміж імі ў АЭП далёка не заўсёды апраўдана, як, напрыклад, у выпадку канкурэнцыі МАЗа з КамАЗам (бо цягне дадатковыя выдаткі і не дазваляе рэалізаваць эфект маштабу). Патрабуецца выпрацоўка такога падыходу, пры якім канкурэнцыя ўнутры АЭП заахвочваецца толькі там, дзе яна сапраўды мэтазгодная.

Рэалізацыя планаў стварэння аб'яднанай кампаніі "Расбелаўта" на аснове інтэграцыі МАЗа і КамАЗа магла б паслужыць першым прыкладам сур'ёзнай прамысловай інтэграцыі на тэрыторыі АЭП. Лёс і поспех еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў будзе залежаць ад здольнасці бакоў дамовіцца аб такім фармаце аб'яднання. У іншым выпадку (напрыклад, прымусу да прыватызацыі) стане зразумела, што пад шыльдай еўразійскай інтэграцыі расійскі капітал вырашае свае задачы па ўзмацненні сваіх бізнэс-імперый.

Акрамя агульнай гандлёва-прамысловай палітыкі, неабходнай умовай з'яўляецца таксама фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай палітыкі АЭП, арыентаванай на паскоранае станаўленне (даганяючае развіццё) вытворчасцяў пятага тэхналагічнага ўкладу, у аб'ёме, дастатковым для фарсіраванага ўваходжання (прарыўныя тэхналогіі) у шосты тэхналагічны ўклад. Дзеля гэтага трэба стварыць міждзяржаўную арганізацыю (ці трансфармаваць Цэнтр высокіх тэхналогій ЕўрАзЭС) — Еўразійскае агенцтва высокіх і навукаёмістых тэхналогій. Такая арганізацыя павінна стаць свайго роду тэхналагічным банкам АЭП, мець самастойны бюджэт, узаемадзейнічаць з венчурным капіталам, адбіраць прыярытэтныя і сістэмна неабходныя высокатэхналагічныя праекты, фінансуючы іх на першым этапе.

На сённяшні дзень у Расіі і Беларусі ў галіне прамысловасці самым вялікім патэнцыялам высокатэхналагічнага развіцця валодае ВПК. Магчыма, дзеля паскарэння тэхналагічнага і інавацыйнага развіцця ў межах АЭП трэба стварыць еўразійскі аналаг Агенцтва перспектыўных абаронных і навукова-тэхнічных праектаў (DАRРА), як у ЗША.

Гісторыя стварэння Еўрапейскага саюза пачыналася з утварэння ў 1950 годзе Еўрапейскага аб'яднання вугалю і сталі, гэта значыць, тых галін прамысловасці, якія былі звязаны з ВПК. Па аналогіі, мажліва, і стварэнне ЕАЭС трэба пачынаць якраз з аб'яднання ВПК Беларусі, Расіі і Казахстана?! Але ўсё роўна гаворка ідзе пра "інтэграцыю праз стварэнне ТНК", а не прыватызацыю...

Арсеній Сівіцкі
палітычны аглядальнік "Звязды"
16 лютага 2013


 

Кoличество переходов на страницу: 1128


Комментарии