https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У адрозненне ад людзей, грошы працуюць круглыя суткі


Аб ролі грашовых зберажэнняў і месцах іх захоўвання, а таксама аб карысці фарміравання новых фінансавых інстытутаў карэспандэнт Звязды гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.

— Гэтай вясной, як ніколі раней, банкі апынуліся ў цэнтры ўвагі шырокіх пластоў насельніцтва. Многія раптоўна захацелі перавесці рублёвыя ўклады ў валютныя. Каля большасці абменных пунктаў можна бачыць "дзяжурных па красавіку" — людзей, якія чакаюць, калі нехта здасць так званую "зеляніну" — долары, а можа, і еўра. Няўжо банкі пачалі іграць у жыцці значнай часткі нашых суайчыннікаў выключную ролю, што трэба дняваць каля іх?

— Думаю, што банкі не заслугоўваюць такой гіпертрафаванай увагі, каб дняваць і начаваць каля іх абменнікаў. Ды і іх саміх, думаю, такі ўсплёск шумнай і празмернай "народнай любові" толькі засмучае. Як вядома, грошы любяць цішыню. А з іншага боку, банкі, няхай даруюць мне іх кіраўнікі і супрацоўнікі, усё ж учарашні дзень грашова-фінансавых адносін у сучасным свеце, які імкліва глабалізуецца. Банкі ўзніклі яшчэ ў Сярэднявеччы. Сэнс іх дзейнасці заключаецца ў тым, каб браць грошы ў тых, каму яны сёння не вельмі патрэбныя, і выдаваць іх пад працэнты тым, хто мае ў іх патрэбу. Нездарма ў эканамічнай навуцы роля банкаў вызначаецца як інстытут фінансавых пасрэднікаў.

— А сёння якія яшчэ сучасныя фінансавыя інстытуты нам неабходныя?

— На мой погляд, у першую чаргу інстытуты зберажэння. Гэта могуць быць розныя фонды: інвестыцыйныя, пенсійныя, страхавыя, фінансавыя кампаніі і г.д. Увогуле разнастайных суб'ектаў фінансавага рынку ў краіне павінна быць шмат — тады яны лепш працуюць, бо вымушаны канкураваць паміж сабой за грошы ўкладчыкаў. І дрэнна, што большасць нашых суайчыннікаў не разумее гэтага. Насельніцтва не мае досведу ды і, па вялікім рахунку, тых магчымасцяў (скажам, як у краінах з развітай фінансавай структурай) і адпаведнай школы працы па кіраванні сваімі свабоднымі грашовымі рэсурсамі. Падкрэслю, менавіта працы. Бо грошы павінны працаваць на карысць канкрэтнага чалавека ў прыватнасці і на эканоміку краіны ў цэлым. У адрозненне ад людзей, грошы, калі яны не ляжаць пад спудам, працуюць круглыя суткі, без выхадных і свят. Гэта трэба мець на ўвазе кожнаму з нас.

— Леанід Фёдаравіч, адкрыйце сакрэт: як ідзе працэс працы грошай на карысць краіны?

— Нічога складанага і тым больш сакрэтнага. Вось элементарны прыклад. Вы адкрываеце дэпазітны ўклад у банку і тым самым садзейнічаеце павялічэнню яго рэсурсаў. Удзячны банк выплачвае вам за гэтую паслугу гадавыя працэнты згодна з заключаным вамі дагаворам. У сваю чаргу банк выдае крэдыты, таксама пад працэнты, прадпрыемствам на будаўніцтва новых цэхаў, мадэрнізацыю вытворчасці і г.  д. Скажам, пакладзеныя вамі ў банк грошы ўзяў у якасці часткі вялікага крэдыту Салігорскі калійны камбінат для набыцця новага высокапрадукцыйнага землепраходчага камбайна. З пачаткам яго эксплуатацыі ў шахце павялічылася здабыча калійных угнаенняў і іх экспарт, а значыць, вырасла і валютная выручка. Такім чынам вы садзейнічалі прытоку валюты ў краіну. Вашы грошы ўжо выступаюць у ролі інвестыцый. Таму кожны рубель вашых банкаўскіх зберажэнняў — гэта рэальны інвестыцыйны рубель.

— Перш чым працаваць з уласнымі грашыма, трэба іх займець: зарабіць, выйграць у спортлато, атрымаць у спадчыну, нарэшце, назбіраць вялікую суму. Аднак апошняе ў нас, калі не памыляюся, не ў пашане ў пераважнай большасці насельніцтва?


— Не памыляецеся. Я неаднойчы звяртаў увагу і зраблю гэта яшчэ раз: нашы людзі не хочуць зберагаць грошы, у нас вельмі нізкая схільнасць адкладваць частку заробку на будучыню. Сярэднестатыстычны працуючы грамадзянін Беларусі, паўтаруся, зберагае толькі 4,6 працэнта ад сваіх даходаў. Пры такой вельмі нізкай норме зберажэнняў даволі істотна тармозіцца эканамічнае развіццё краіны. Гэта вялікая праблема, якая нараджае іншыя праблемы і пытанні. Між іншым, яны потым істотна ўплываюць на абменны курс валют. Прыклад — цяперашняя грашова-фінансавая сітуацыя.

— Ці не перабольшваеце вы значэнне звычайных укладаў насельніцтва?

— Не перабольшваю. І вельмі шкада, што такая простая і звыклая за мяжой практыка зберажэння свабодных сродкаў у банках ігнаруецца яшчэ значнай часткай насельніцтва. Больш за тое: сярэднестатыстычны беларус па-ранейшаму знаходзіцца ў палоне спажывецкіх захапленняў. І, здаецца, не збіраецца па добрай волі ўтаймаваць іх пыл. Скажу шчыра: мне часам здаецца, што ў сэнсе спажывецкай прагнасці нашы людзі пераплюнулі заходніх еўрапейцаў і нават амерыканцаў. Праўда, у апошніх куды больш шырокія фінансавыя магчымасці, але ў нашых куды больш моцны драйв спажываць (ці імпэт, па-беларуску кажучы).

— І як вы гэта падлічылі? Ці карэктна параўноўваць нашы зарплаты і заробкі амерыканцаў?

— Не я падлічыў, а статыстыка. Мушу заўважыць, што мы цяпер у сярэднім атрымліваем прыкладна столькі, колькі зараблялі ў сярэднім амерыканцы ў 1969 годзе. Але тады ў іх норма зберажэнняў была большая за 10 працэнтаў. Хоць яны актыўна набывалі новыя аўтамабілі, будавалі дамы і кватэры. Японцы, у якіх узровень дабрабыту і спажывання да нядаўняга землятрусу і цунамі быў адзін з самых высокіх у свеце, таксама аказаліся не апошнімі транжырамі. У 60-х гадах, калі яны пачалі ствараць свой "эканамічны цуд", Японія ўжо выпускала лепшую ў свеце электроніку, якасныя аўтамабілі і г.д. Зразумела, усе гэтыя тавары актыўна набывалі ў першую чаргу самі жыхары Краіны ўзыходзячага сонца. Але дзіўная рэч: у ахопленых спажывецкай ліхаманкай японцаў, тым не менш норма зберажэнняў тады складала 30 працэнтаў!

— Цікавы факт. У чым асаблівасць досведу зберажэнняў па-японску?


— Увогуле імкненне зберагаць стала нацыянальнай ідэяй японцаў, якая вывела потым іх краіну ў сусветныя эканамічныя і фінансавыя лідары. У Японіі, ды і не толькі там, ужо стала традыцыяй размяшчаць свабодныя грошы (а гэта многія мільярды ў доларавым эквіваленце) у буйных інвестыцыйных фондах, фінансавых кампаніях. Потым гэтыя грошы ўкладваюцца ў выгадныя міжнародныя праекты, якія прыносяць немалыя дывідэнды. І нядзіўна, што з часам увесь свет пачаў працаваць на беражлівых японцаў. Вось бы і нам гэтаму навучыцца.

— Нашы банкі ў імкненні павялічваць свае рэсурсы ўсё актыўней працуюць з пенсіянерамі — усяляк пераконваюць іх пералічваць пенсіі на банкаўскія рахункі, прапаноўваюць розныя паслугі. Пріорбанк нават можа застрахаваць за свой кошт пенсіянера на адзін мільён рублёў. Адкуль такая ўвага да гэтай катэгорыі насельніцтва?

— Я разумею банкіраў. У нас недзе 2 600 000 пенсіянераў. Кожны з іх у сярэднім атрымлівае прыкладна 200-доларавую пенсію. Агульная выплата ўсім пенсіянерам складае паўмільярда долараў. Частку гэтай вялізнай сумы сталыя людзі, асабліва працуючыя, зберагаюць. Вось за гэтыя грошы банкі і змагаюцца, прыцягваюць рознымі шляхамі да сябе ўвагу пенсіянераў. І правільна робяць, бо так надзейней і для людзей, чым захоўваць грошы ў шафе пад бялізнай. Ужо ў нас пачалі ўзнікаць прыватныя пенсійныя фонды, з часам трэба чакаць узмацнення канкурэнтнай барацьбы з банкамі за пенсійныя грошы. А калі ў краіну прыйдуць замежныя пенсійныя фонды (гэтага нельга выключаць), то мы станем сведкамі новых формаў метадаў працы з пенсіянерамі.

Дарэчы, цікавы факт. Больш за два гады назад — яшчэ да пачатку сусветнага фінансавага крызісу, аўтарытэтныя міжнародныя эксперты рэкамендавалі амерыканскім пенсійным фондам укладваць сродкі ў акцыі вядучых расійскіх кампаній "Газпрам" і "Расійскі нікель". Як вы думаеце, што б гэта значыла?

— Відаць, высокую ступень даверу да флагманаў вялікага расійскага бізнэсу...


— Не зусім так.

— Тады рэальныя шанцы атрымаць значны прыбытак.


— Цяплей, але зноў не.

— Здаюся, што нарэшце?

— Гэта значыла, што расійскія інжынеры, спецыялісты і рабочыя сталі зарабляць грошы для павелічэння пенсій амерыканцаў.

— І чым скончылася гэтая гісторыя?

— Яна мела станоўчы працяг для амерыканскіх пенсійных фондаў. Тыя ўсё ж уклалі значныя сродкі ў гэтыя расійскія кампаніі — так званыя "блакітныя фішкі".

— А колькі прыкладна ў нашага насельніцтва назапашана свабоднай валюты ў доларавым эквіваленце?

— Яшчэ зусім нядаўна на банкаўскіх рахунках было ад чатырох да пяці мільярдаў долараў. Увогуле рэальную суму з улікам укладаў у "панчоху" вам ніхто не назаве. У нашых людзей, як і ў многіх краінах былога Савецкага Саюза, няма звычкі, традыцыі і, калі хочаце, культуры працы са сваімі грашовымі зберажэннямі. Прычын гэтаму шмат. Галоўная — у нядаўнім нашым савецкім мінулым. Тады захоўвалі свабодныя сродкі ў лепшым выпадку на ашчадных кніжках, у панчохах, а самыя "дальнабачныя" і прасунутыя скуплялі ювелірныя залатыя і брыльянтавыя вырабы. Сёння ёсць большы выбар. Праўда, ён не такі шырокі, як хацелася б.

— А як старым і даверлівым людзям часам не нарвацца на "піраміду"? Скажам, прайдзісветы наабяцаюць казачныя прыбыткі ад распрацоўкі залатых радовішчаў у Перу ці здабычы алмазаў у Паўднёвай Афрыцы, а потым гэты "інвестыцыйны фонд" ці "фінансавая кампанія" паспяхова ляснецца. Такое неаднойчы здаралася ў найноўшай гісторыі.

— Самім укладчыкам трэба быць абачлівымі, параіцца спачатку са спецыялістамі, перш чым некуды несці грошы. Па-другое, думаецца, што Нацыянальны банк і ўрад будуць стаяць на абароне інтарэсаў грамадзян Беларусі, не дапусцяць злачыннай дзейнасці чарговай фірмы "Рогі і Капыты". Але баяцца ваўкоў — у лес не хадзіць. Калі ў чалавека будуць зберажэнні ў надзейным інвестыцыйным фондзе, акцыі фінансавай кампаніі, а частка грошай ляжаць у пенсійным фондзе, то ён не будзе паддавацца панічным чуткам і бегчы ў банк закрываць свой дэпазіт, вартаваць каля абменных пунктаў. Яго грошы будуць дыверсіфікаваныя і тым самым абароненыя ад непрыемных сюрпрызаў.

Леанід Лахманенка
Звязда, 27 красавіка 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1306


Комментарии