Высокатэхналагічная дзяржава з высокім узроўнем даходу насельніцтва — такі стратэгічны план, па якім пойдзе далей Беларусь. Гэта будучыня краіны ўсур'ёз абмяркоўвалася падчас працы чацвёртага Усебеларускага сходу. На сходзе было аб'яўлена, у прыватнасці, пра тое, што ў рэспубліцы будзе працягнуты курс на лібералізацыю гаспадарчай дзейнасці, ліквідацыю залішніх неабгрунтаваных адміністрацыйных бар'ераў для развіцця дзелавой актыўнасці. А напрыканцы года кіраўнік краіны падпісаў Дырэктыву №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", якая, паводле слоў шэрагу экспертаў, надасць новы імпульс развіццю айчыннай эканомікі.
— Гэта Дырэктыва — дакумент, якога доўга чакалі і які доўга рыхтаваўся, — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам нашай газеты вядомы эксперт, загадчык кафедры Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ Георгій Грыц. — Яго рыхтавалі на працягу апошніх паўгода і органы дзяржкіравання, і бізнэс-асацыяцыі. На мэце Дырэктывы — актывізаваць дзелавую ініцыятыву, у асноўным, прыватнага сектару. На жаль, пра што казаў і кіраўнік краіны на чацвёртым Усебеларускім сходзе, патэнцыял постсавецкай эканомікі і адміністрацыйнага рэсурсу ўжо не дазваляе захаваць тую дынаміку, якая была і якая патрабуецца сёння для стварэння высокатэхналагічнай інавацыйнай дзяржавы з дастаткова высокім еўрапейскім узроўнем зарплаты. Мы часта ў якасці прыкладу ўзгадваем пра краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.
Але трэба разумець, што свой бізнэс, інавацыйную эканоміку яны будавалі на нізкіх зарплатах, якія не перавышалі 50 долараў. А мы ставім задачу — 1 тысяча долараў ужо да 2015 года. На гэта адназначна неабходна стварэнне эфектыўнай мадэлі дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта значыць, дзяржава павінна стварыць умовы для бізнэсу, а бізнэс павінен падтрымаць дзяржаву ў яе амбіцыйных планах. Вось, у прынцыпе, мэта Дырэктывы. Больш за тое, некаторыя палажэнні дакумента не з'яўляюцца навацыяй. Возьмем, напрыклад, тарыфную сетку аплаты працы. Ёсць шэраг нарматыўных актаў Мінпрацы, згодна з якім тарыфная сетка не з'яўляецца абавязковай для прадпрыемстваў недзяржаўнага сектару эканомікі — яна носіць рэкамендацыйны характар. Тое ж самае можна сказаць пра лібералізацыю, пра прыцягненне стратэгічных інвестыцый. Усё гэта ёсць. Таму Дырэктыву трэба разглядаць як глабальную дэкларацыю дзяржавы на стварэнне ўзаемавыгадных умоў з бізнэсам. Дзяржава заклікае бізнэс да партнёрства.
— Дырэктыва, па-першае, — гэта палітычны дакумент, — кажа эксперт нашай газеты, дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў. — Яго неабходна будзе ў бліжэйшы час пакласці на мову нарматываў, патрабаванняў і г.д. Але галоўнае, што палітычна ён істотна карэктуе эканамічны курс нашай краіны і паказвае, што ў гэтай пяцігодцы ў рэспубліцы будзе надавацца самая сур'ёзная ўвага прыватнаму бізнэсу, каб паралельна з дзяржаўным сектарам узнік дзесьці за дзве пяцігодкі такі ж па памерах прыватны сектар. І гэта, зразумела, вельмі добры напрамак.
Па-другое, важна, што ўжо нават у рамачнай Дырэктыве ёсць і некаторыя зусім канкрэтныя рэкамендацыі, накшталт далейшага спрашчэння падаткаабкладання для малога бізнэсу, мікрапрадпрыемстваў, патрабаванні пераходу на міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці, патрабаванні істотнага спрашчэння аплаты працы і фактычнай адмовы ад адзінай тарыфнай сеткі, асабліва ў прыватным бізнэсе.
Па-трэцяе, мне, як прадстаўніку сістэмы адукацыі, прыемна, што былі дадзены дакладныя рэкамендацыі па стварэнні нацыянальнай сістэмы дзелавой адукацыі. Складанай часткай гэтага павінен быць абавязковы ўвод у школе курса эканомікі і прадпрымальніцтва, таму што ў большасці развітых краін свету прадпрымальніцтву вучаць са школьнай парты, вучаць фінансавай і эканамічнай граматнасці літаральна з 5-6 класаў. І даўно наспела неабходнасць вылучыць асобна такі курс і навучаць школьнікаў. У ВНУ мы эканоміцы быццам бы вучым усіх — і фізікаў, і лірыкаў. Але вучым сёння, у асноўным, нейкім тэарэтычным абстракцыям. А ўяўляецца, калі правільна разумець дух Дырэктывы, вучыць мы павінны так, каб кожны выпускнік ВНУ мог адкрыць уласную справу, стварыць інавацыйную фірму і кваліфікавана ёй кіраваць. Гэта запатрабуе змен у выкладанні эканомікі для неэканамістаў.
Па-чацвёртае, былі дадзены вельмі істотныя рэкамендацыі па кантрольна-рэвізійнай дзейнасці, па больш памяркоўных адносінах да нязначных парушэнняў. Зразумела, што падатковае заканадаўства ў любой краіне свету дастаткова складанае, заблытанае. Мы яго будзем спрашчаць, Дырэктыва патрабуе гэтага. За ненаўмысныя парушэнні бухгалтарскага ўліку, парадку платы падаткаў павінны быць не карныя меры, якімі яны былі раней. І пра гэта дакладна сказана ў дакуменце.
Нарэшце, у дакуменце былі вылучаны сапраўды істотныя напрамкі ў змяненні механізмаў цэнаўтварэння і канкурэнцыі. Зразумела, што з ростам цэн можна змагацца рыначнымі метадамі толькі тады, калі ў краіне будзе арганізавана канкурэнцыя ўсюды, пачынаючы з маленькіх рынкаў і заканчваючы вялікімі супермаркетамі. Гэта для нас няпростая і новая справа. І ў Дырэктыве дакладна ўказана, што ёй неабходна надаваць вялікую ўвагу. Таму, мяркую, Дырэктыва паслужыць вельмі добрым сігналам для замежных інвестараў. Яна паказвае нашы напрамкі на наступную пяцігодку, што мы сапраўды ўсур'ёз маем намер стаць новым еўрапейскім Сінгапурам. Таксама яна будзе стымуляваць нацыянальны капітал займацца ўласнай справай. Да таго ж мы ведаем, што ў нашай краіне ўказы ці дырэктывы кіраўніка дзяржавы выконваюцца...
Пад Дырэктыву неабходна мяняць і структуру кіравання эканомікай краіны. Некаторыя міністэрствы, якія аджылі, канцэрны павінны быць ліквідаваны, а замест іх з'явяцца дзяржаўныя холдынгі. Дакумент у значнай ступені паказвае, што дзяржава павінна рэгуляваць рынкі, а рынкі будуць рэгуляваць прадпрыемствы. Ён паказвае, што нельга стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень — аднолькава падыходзіць да прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве (там дзяржава, сапраўды, як уласнік, можа і патрабаваць дадатковай справаздачнасці, дадаткова ўмешвацца ў якойсьці ступені ў гаспадарчыя рашэнні), і прыватных прадпрыемстваў. Апошнія на тое і ёсць прыватныя, каб дзяржава напрамую не ўмешвалася ў іх дзейнасць, а толькі ўскосна, рэгулюючы рынкі і канкурэнцыю.
— На Усебеларускім сходзе Прэзідэнт адзначаў, што нельга задавальняцца тым патэнцыялам, які быў: ён ужо вычарпаны — неабходна будаваць новую эканоміку, ствараць новыя тэхналогіі...
— У мяне няма сумненняў, што новы эканамічны штаб пад кіраўніцтвам вучонага-эканаміста (дарэчы, у нашай краіне ўпершыню прэм'ер-міністрам стаў член-карэспандэнт НАН, ён, я ўпэўнены, у бліжэйшы час стане і акадэмікам) надасць сапраўды новы імпульс нашаму эканамічнаму развіццю. Мы вельмі нядрэнна выціснулі з той эканомікі, якая краіне дасталася пасля перабудовы, максімум магчымага за тры папярэднія пяцігодкі. Тры наступныя пяцігодкі мы ўжо павінны кіраваць эканомікай па-новаму. І не столькі выціскаць з існуючых прадпрыемстваў, колькі ствараць новыя прыватныя прадпрыемствы.
Ігар Шчучэнка
Звязда, 5 студзеня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1438
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |